У Лідскім раёне абрынуўся пралёт неэксплутаванага моста праз раку Нёман. Пацярпелі два чалавекі, паведамляе прэс-служба МНС.
Інцыдэнт здарыўся сёння, 8 студзеня, у 10.23 паблізу вёскі Тосіна Лідскага раёна. У выніку падзення пліты атрымалі траўмы два чалавекі, якія праводзілі дэмантаж моста, таксама ў вадзе аказаўся экскаватар з машыністам.
Ратавальнікі транспартавалі двух пацярпелых, а група выратавання на водах дастала рабочага з экскаватара. Усе выратаваныя шпіталізаваныя.
Прычына здарэння высвятляецца.
Пазней у Міністэрстве аховы здароўя ўдакладнілі, што ў выніку абвальвання часткі моста праз Нёман пацярпелі тры чалавекі. Усім траім тры брыгады хуткай медыцынскай дапамогі аказалі першасную медыцынскую дапамогу, а потым шпіталізавалі ў Лідскую цэнтральную раённую бальніцу.
«Спецыялісты дыягнаставалі ў пацярпелых траўмы рознай ступені цяжкасці, у тым ліку чэрапна-мазгавыя, пераломы, пашкоджанні ўнутраных органаў і грудной клеткі», — расказалі ў ведамстве.
Двое пацярпелых шпіталізаваныя ў аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, аднаму пацыенту праводзіцца шэраг дадатковых даследаванняў.