Як правяраюць на чытарства? Што ядуць падчас партый? Колькі плацяць? Інтэрв'ю з беларускім гросмайстрам, які выступае за Літву
28 верасня 2023 у 1695904200
«Зеркало»
Летась беларус Валерый Казакоўскі стаў міжнародным гросмайстрам. Сёння з 2558 ачкамі ён ідзе 343-м (у класічнай версіі) у рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі шахмат (FIDE) і другім у Літве, пад сцягам якой выступае з 2019 года. У вялікім інтэрв'ю «Люстэрку» 23-гадовы спартовец расказаў пра асаблівасці прафесіі шахматыста, матывацыю, перамогі, стрэсы, чытарства і трэніроўкі. Таксама мы пагаварылі пра навучанне Казакоўскага ў ЕГУ і ролю беларускай мовы.
Алімпіяда, сэндвічы, Карлсэн
- Многія спартоўцы мараць пра алімпійскі медаль ці проста пра ўдзел у Гульнях. Але шахматы - не алімпійскі від спорту. Да чаго імкняцеся вы?
- Летась упершыню выступіў на Сусветнай шахматнай алімпіядзе. Таму адна мэта дасягнутая, хай від спорту і не ўключаны ў агульную праграму Гульняў. Да таго ж згулялі паспяхова. Зборная Літвы заняла дзясятае месца (удзельнічалі 188 каманд. - Заўв. рэд.) - гэта найвышэйшы вынік для краіны пасля здабыцця незалежнасці ад СССР. Але ў асабістых выступах ёсць да чаго імкнуцца. Набраў 6,5 ачка з 9 магчымых (за перамогу ў партыі даецца адно ачко, за нічыю - 0,5; то-бок шэсць партый Валерый выйграў, адну згуляў унічыю і дзве прайграў. - Заўв. рэд.). Здаецца, вельмі нядрэнны паказчык, аднак магло быць лепш.
Калі казаць пра шахматы ў цэлым, то ў мяне дзве галоўныя мэты. Па-першае, падняцца ў асабістым рэйтынгу і хаця б дасягнуць адзнакі 2600 [балаў у рэйтынгу]. Па-другое, рэалізавацца ў якасці трэнера. Напрыклад, нядаўна скончыўся чэмпіянат Еўропы сярод юнакоў і дзяўчат, і мой вучань трапіў у топ-15 у класіцы.
- Вашыя самыя памятныя перамогі?
- Іх некалькі. Усе так ці інакш уплывалі на развіццё кар'еры. Перш за ўсё назваву перамогу чорнымі над вядомым беларускім гросмайстрам Віктарам Купрэйчыкам. Мне тады было гадоў дзесяць. Адзначу яшчэ выйгрыш на чэмпіянаце свету да 18 гадоў у 2017 годзе ў Грэцыі (у бліцы). Таксама ў апошнім туры згаданай алімпіяды мы нечакана адолелі моцную зборную Украіны. І я выйграў партыю, і ўся каманда Літвы дамаглася поспеху ў матчы, што дазволіла трапіць у дзясятку.
Акрамя таго, у 2021-м на чэмпіянаце Еўропы я перамог майстра з Ірландыі. Партыя доўжылася каля пяці гадзін. Поспех быў адметны тым, што, як высветлілася пазней, зафіксаваў апошнюю норму для заваёвы тытула гросмайстра. Хай і афіцыйна я стаў ім толькі ў 2022-м.
- Шахматыстам можна есці падчас матчаў?
- Так. Арганізатары звычайна прапануюць ваду, гарбату-каву, снэкі. Дазваляецца прыносіць перакус. Пра паўнавартаснае харчаванне, вядома, гаворкі няма - арганізму патрэбнае тое, што хутка засвойваецца: шакалад, банан, арэхі. Курыцу з бульбай ніхто есці не стане - максімум сэндвічы.
- Бывае, што супернікі дэманстратыўна жуюць над вухам?
- Невялікія правакацыі сустракаюцца. Усё залежыць ад вашага цярпення. Можна паскардзіцца арбітру, калі апанент не дае сканцэнтравацца. Але звычайна спартоўцы паводзяцца далікатней і адыходзяць ад стала, калі хочуць перакусіць.
- Самы моцны супернік, якога перамагалі?
- У анлайн-турнірах абыгрываў і былога чэмпіёна свету Уладзіміра Крамніка, і знакамітага нарвежца Магнуса Карлсэна. З партыяй з лідарам рэйтынгу наогул звязаная смешная гісторыя. За перамогу на тым турніры плацілі біткоінамі. Заявілася столькі ўдзельнікаў, што сервер платформы не вытрымаў. Спаборніцтвы перазапусцілі, увёўшы абмежаванні па рэйтынгу. Трапляю на Карлсэна, перамагаю яго. І бачу, што на галоўнай старонцы турніру стаіць нічыя, а не правільны вынік. Карацей, сервер зноў не вытрымаў. Матчы аднавілі толькі на наступны дзень - ужо з улікам маёй перамогі. Канкурэнцыя там была вельмі жорсткая.
Прызавыя, чытарства, алкатэстары
- Колькі можна зарабіць у шахматах?
- Часам у спаборніцтваў ёсць буйны спонсар, таму прэміруецца не толькі першая тройка, але і, скажам, найлепшыя 20 гульцоў. Дзесьці, як ва Узбекістане, шахматы маюць статус ледзь не нацыянальнага віду спорту, і там добрыя прызавыя вылучае дзяржава. Перамога на турніры можа прынесці тысяч 10 еўра.
- А ў Літве?
- За траплянне ў топ-10 на Сусветнай алімпіядзе федэрацыя нас узнагародзіла, але не ўпэўнены, ці маю права агучваць суму. А самыя буйныя прызавыя атрымаў, напэўна, пасля выступлення на турніры ў Маскве пад эгідай «Аэрафлота» - 4000 еўра. Натуральна, гэта было да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
- У шахматах правяраюць на допінг?
- Выбарачна. У мяне пакуль не бралі пробы. Але правяралі на чытарства.
- Як гэта выглядае?
- Залежыць ад таго, у якім фармаце праводзіцца турнір. Калі анлайн, то трэба ўключаць камеру, каб было ясна, што знаходзішся адзін у памяшканні - раней мелі месца сітуацыі, калі гульцы выкарыстоўвалі падказкі. Ну і сістэма аналізуе хады, ці няма супадзення з камп'ютарнымі праграмамі. Таксама падставай для праверкі могуць стаць скаргі суперніка, калі яму нешта падасца ненатуральным. Расіянін Крамнік так нядаўна западозрыў у чытарстве амерыканца Ханса Німана і ў выніку зняўся з анлайн-турніру.
Калі ж спаборніцтвы праходзяць афлайн, то стандартны кантроль уключае пошук электронных прыладаў. Праходзіш як праз металадэтэктар у аэрапорце. Але заўважу, што многае залежыць ад узроўню турніру. Чым прэстыжнейшы старт, тым сур'ёзнейшая праверка. Напрыклад, тэлефоны часам можна трымаць выключанымі ў сумцы або аддаваць арбітрам, а часам трэба пакідаць у гатэлі.
- Якое пакаранне чакае парушальніка?
- Адзінага стандарту пакуль няма. Адхілялі людзей і на паўгода, і на значна большы час. Галоўнае - гэта ўдар па рэпутацыі шахматыста. Бо ашуканца проста перастануць запрашаць на турніры.
- Забароненыя прэпараты могуць дапамагчы ў гульні?
- Ёсць стымулятары, якія здольныя паскорыць, скажам так, мазгавую актыўнасць. Але эфект вельмі кароткатэрміновы, ды і хапае пабочных эфектаў. Таму шахматы не асацыююцца з допінгам. Усё ж у нас больш эмацыйнае напружанне, а не фізічная нагрузка, як ва ўмоўным біятлоне ці веласпорце.
- А алкаголь?
- Ясная рэч, нельга прыходзіць п'яным. За ўсю кар'еру, праўда, бачыў пару сітуацый, калі супернікі, відавочна, перад партыяй ужылі спіртное. Наколькі памятаю, я выйграваў тыя матчы. Але гэта таксама можа стаць падставай для скаргі, хоць не на кожным турніры заўважаў алкатэстары.
- Як вы здымаеце напружанне пасля партый?
- Раней спрабаваў адразу аналізаваць свае дзеянні, але потым зразумеў, што гэта неэфектыўна. Лепш за ўсё пастарацца пераключыцца - схадзіць на шпацыр ці пагутарыць з блізкімі і сябрамі не пра шахматы. А да алкаголю ў мяне няма цягі.
Карчной, дом, прагулкі
- Да якога ўзросту рэальна прагрэсаваць у шахматах?
- Усё вельмі-вельмі індывідуальна. Гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі людзі ў розным узросце дасягалі свайго піку. Так, савецкі шахматыст Віктар Карчной упершыню сустрэўся з Анатолем Карпавым за званне чэмпіёна свету ў 47 гадоў. Так, з развіццём тэхналогій лічыцца, што чым раней пачынаеш займацца, тым лепш. У дзяцей з'явілася неймаверная колькасць магчымасцяў. Калі сам рабіў першыя крокі ў Беларусі, то ўсё было не так. Нейкія гурткі, турніры - на гэтым у прынцыпе ўсё. Анлайн-праграмы, скажам, толькі рабілі першыя крокі. А цяпер можна займацца з любога месца свету не выходзячы з дому. Але прагрэсаваць, паўтаруся, пры належнай матывацыі шахматыст здольны ў любым узросце.
- Колькі гадзін на дзень аддаяце гульні?
- Раней мог сядзець за дошкай і цэлы дзень - настолькі моцным было жаданне дабіцца поспеху. Плюс у шахматах звычайна колькасць перарастае ў якасць на тым ці іншым этапе. Але з навучаннем, вядома, часу стала менш. Спачатку была школа, потым паступіў у ЕГУ, дзе заканчваю магістратуру. Яшчэ і сам даю ўрокі. Таму сёння бывае па-рознаму, але некалькі гадзін на дзень - неабходны мінімум для падтрымання формы і падрыхтоўкі да наступнага турніру. Гэта, напрыклад, вывучэнне дэбютаў і эндшпільнай тэхнікі, ацэнка пазіцыі, разбор дзеянняў супернікаў. Часам трэба папрацаваць над фізічнай трываласцю.
- Навошта?
- Чым лепшая функцыянальная падрыхтоўка, тым лягчэй пераносяцца эмацыйныя нагрузкі. Партыя з класічным кантролем часу можа доўжыцца некалькі гадзін. І так 7−9 дзён запар. Я за адзін тыднёвы турнір у Нарвегіі схуднеў на 5 кг. Хоць не скажу, што было вельмі моцнае напружанне.
- Як падтрымліваеце фізічную форму?
- Прагулкі, комплекс практыкаванняў у хатніх умовах. Люблю гуляць у настольны тэніс.
Ананд, Ісландыя, пазіцыя
- У якіх краінах сёння шахматы асабліва папулярныя?
- Вылучу Азію. Гэта Індыя, Узбекістан, Кітай, Казахстан. Нядаўна індыец Дамараджу Гукеш абышоў у рэйтынгу знакамітага Вішванатана Ананда, што было такім сімвалічным момантам змены пакаленняў. Гукешу 17 гадоў, а Ананду - 53. Сусветная алімпіяда ў 2022-м, дарэчы, праходзіла ў Чэнаі - родным горадзе Ананда. Да шахматыста там асаблівае стаўленне. Узровень любові зашкальвае - дакладна больш, чым у чыноўнікаў. Любая праблема на турніры вырашалася вельмі хутка. Памятаю, дзяцей прывозілі на экскурсіі паглядзець нашыя матчы, хоць было лета.
Таксама адзначу арганізацыю спаборніцтваў у скандынаўскіх краінах - усё на высокім узроўні. У Ісландыі шахматы вельмі папулярныя пасля матча за званне чэмпіёна свету ў 1972-м паміж Барысам Спаскім і Робертам Фішэрам. У Германіі цікавы падыход - там створана шмат розных ліг, як у футболе.
- А як у Літве?
- Баскетбол, вядома, - галоўны від спорту ў краіне. Але ў зборнай Літвы добрая канкурэнцыя. У нас чатыры гросмайстры, якія вельмі побач знаходзяцца ў рэйтынгу. Суперніцтва адно з адным падганяе. Цяпер іду другім сярод літоўцаў, але адзін месяц летам гэтага года ўжо быў першым.
- Якая сітуацыя ў Беларусі?
- Традыцыі, чалавечы рэсурс больш сур'ёзны, чым у Літве. Але санкцыі б'юць па шахматах у Беларусі - узровень знізіўся. Абмежаваная колькасць турніраў і супернікаў. Акрамя таго, пасля 2020-га і пачатку вайны некаторыя спартоўцы і функцыянеры з'ехалі з краіны і выступаюць пад іншым сцягам.
- Шахматы - адзін з самых пратэсных відаў спорту ў Беларусі са жніўня-2020. Чаму?
- Напэўна, адбіваецца тое, што ўплыў дзяржавы на шахматы не такі, як на футбол ці хакей. І гэта паспрыяла выказванню грамадзянскай пазіцыі. Уявіце, калі я выйграў чэмпіянат свету да 18 гадоў, то перад турнірам пісаў заяву, каб камандзіравалі за свой кошт. То-бок ніякай падтрымкі не было. Толькі пасля перамогі прызначылі стыпендыю, якая акупіла паездку.
ЕГУ, кар'ера, беларуская мова
- Раскажыце пра вашую працу шахматным трэнерам.
- Цяпер шчыльна займаюся з трыма вучнямі: двума літоўцамі і англічанінам. Яны хочуць дабіцца спартыўнага выніку, таму ўсё сур'ёзна. Урокі дапамагаюць і маёй кар'еры - часам гляджу іншымі вачыма на некаторыя моманты. Працуем ад 60 хвілін да дзвюх гадзін на дзень два-тры разы на тыдзень па індывідуальным плане, грунтуючыся на моцных і слабых баках гульца. За чатыры гады заняткаў адзін з вучняў перайшоў ад узроўню каля першага разраду да прэтэндэнта на норму майстра.
- Колькі каштуюць урокі?
- 30−40 еўра за гадзіну ў залежнасці ад фармату.
- Паралельна вы вучыцеся ў ЕГУ…
- Так, атрымліваю магістра па спецыяльнасці «Публічная палітыка». Застаўся адзін семестр. Паступленне ў ЕГУ было адной з прычын, чаму вырашыў выступаць за Літву. Тут адвучыўся і на бакалаўра. Напрамак - «Сусветная палітыка і эканоміка». Шахматная кар'ера ў мяне ў прыярытэце, але лішнія веды не зашкодзяць.
- Чуў, вы маглі паехаць у ЗША.
- Так і ёсць. Атрымаў запрашэнне ад аднаго з універсітэтаў. Раскошныя ўмовы: за выступленні за ВНУ мне аплачвалі б навучанне, пражыванне, давалі б стыпендыю. Але ў візе адмовілі. Палічылі, што я не магу гарантаваць вяртанне ў Беларусь… Падаваў апеляцыю, аднак адказу няма ўжо больш за год. Адным словам, не пашанцавала. З іншага - у ЕГУ пазнаёміўся з дзяўчынай Ганнай. Яна таксама займалася шахматамі ў Беларусі, перасякаліся на турнірах, але раней знаёмыя не былі. А так, атрымліваецца, універсітэт нас звёў. Цікава, што пасля пачатку адносін мой рэйтынг толькі рос. У нас народзіны нават у адзін дзень. Лёс!
- У 2022-м вы казалі, што лічыце сябе еўрапейскім беларусам. Што гэта значыць?
- Так я называю людзей, якія большую частку часу праводзяць у Еўропе: вучацца, працуюць. У іх іншыя каштоўнасці, чым тыя, якія навязвае дзейная ўлада. Людзі бачаць будучыню Беларусі менавіта ў ЕС.
- А суайчыннікаў з іншым менталітэтам сустракалі ў Літве?
- Так. Але яны тут надоўга не затрымліваліся.
- Як беларусам захаваць у Еўропе сваю ідэнтычнасць?
- Відавочна, што праз мову, культуру. У Літве перайшоў на размовы па-беларуску. Спачатку баяўся, ці хопіць слоўнага запасу, ці не буду пастаянна рабіць памылкі. Страхі аказаліся марнымі - уцягнуўся. З маіх адчуванняў, у Літве рэагуюць на беларускую лепш, чым на рускую. Хоць і апошнюю не дыскрымінуюць.
- У Беларусі мусіць быць адна дзяржаўная мова?
- Дыскусійнае пытанне. Напэўна, на першым этапе лепш пазбегнуць рэзкага пераходу, каб не было правакацый. Пасля 2020-га некаторыя арганічна пачалі размаўляць па-беларуску. Іншая рэч, што ў яе, як і рускай, мусяць быць роўныя магчымасці. Напрыклад, падчас выкарыстання на тэлебачанні, навучання ў школах. Ненармальна, што сёння беларуская мова трапіла пад рэпрэсіі.
Чытайце таксама