Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
14 сакавiка 2025 у 1741948320
Максім Іскрын / «Зеркало»
Абвінавачанні афіцыйнага Мінска ва «ўтрыманстве», якія «перыядычна» гучаць з Масквы, пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка 14 сакавіка ў сваім выступе ў Савеце Федэрацыі РФ.
Палітык зачытаў з аркуша, што часам «з'яўляюцца яшчэ нейкія гарачыя галовы», якія «плодзяць наратывы пра незбалансаванасць выгад, утрыманства Мінска, неабходнасць уваходжання Беларусі ў склад Расіі, з'едліва гавораць пра наш саюз».
- Вы ведаеце, калі кажуць пра ўтрыманства - і гэта было спрэс, - то, сустракаючыся сам-насам са сваім старэйшым братам, я яму кажу: «Уладзімір Уладзіміравіч, ну гэта трэба было прыдумаць гэтыя санкцыі, ціск на нас, каб у Расіі нарэшце зразумелі, што Беларусь важная для Расіі, што ў Беларусі яшчэ ёсць нямала таго, што Расіі вельмі неабходнае», - адарваўся ад аркуша Лукашэнка.
Палітык успомніў яшчэ адну сваю размову з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якая прайшла «не памятаю колькі гадоў таму» з нагоды «рознага роду мікраэлектронікі».
- Ах, гэтага не будзе, таго не будзе. А што будзем рабіць? <…> Я не вельмі быў у гэта занураны і, калі вярнуўся ў Беларусь - у нас гэты кірунак быў на вельмі высокім узроўні развіты, - сустрэўся з нашымі сівавалосымі канструктарамі ў гэтай галіне, ну і таксама пачаў гаварыць, што з прэзідэнтам (Расіі. - Заўв. рэд.) абмяркоўвалі, што ў нас гэтага няма. А ён ціхенька, каб ніхто не чуў, мне на вуха кажа: «Перадайце Пуціну, што, калі трэба, каб нешта лётала, мы гарантуем, калі трэба, каб страляла, - будзе страляць. Мы запіхнём наш чып у любы самалёт, у любое крыло».
Палітык адзначыў, што сёння ў Расіі «ўсё лётае: і "Арэшнік", і іншае».
- Прытым электроніка ў Беларусі дэманструе сямімільныя крокі дзякуючы Расійскай Федэрацыі. Вырабіць мы можам усё. Галоўнае - кошт і час. І мы сёння робім усё, што трэба Расіі, - заявіў Лукашэнка.
Спікер падкрэсліў, што ў Беларусі «няма ніякай русафобіі» і расіянам у нашай краіне «жывецца не горш, чым у Расіі».
- Так будзе заўсёды.
Лукашэнка таксама закрануў абвінавачанні ў спробе выбудоўваць адносіны з Захадам, якія гучаць на адрас афіцыйнага Мінска з боку «асобных палітыкаў, экспертаў, журналістаў».
- Беларусь заўсёды праводзіла і праводзіць шматпалярную палітыку. Чым гэта адрозніваецца ад Расіі? Нічым, - адзначыў спікер.