Праблема з вадой у Пружанах не вырашаная: бальніца абмежавала шпіталізацыю, клуб не працуе, улады расказалі, дзе шукаць вадавозы
17 студзеня 2023 у 1673943480
«Зеркало»
Камунальныя і экстранныя службы Пружанаў другі дзень спрабуюць аднавіць водазабяспечанне горада.
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у сваёй ранішняй зводцы 17 студзеня расказала, што паведамленне пра аварыю паступіла ў дзяжурную службу раніцай панядзелка.
«У выніку аварыйнага адключэння клапана скіду ў галоўнай каналізацыйна-помпавай станцыі Пружанскага КУВП "Камунальнік" адбылося прыпыненне працы сістэмы адвядзення каналізацыйных сцёкаў у горадзе Пружаны Брэсцкай вобласці на вуліцы Горына-Каляды. На час правядзення рамонтных работ адключанае водазабяспечанне спажыўцоў горада. Арганізаваны падвоз вады», - паведамілі ратавальнікі.
У МНС удакладнілі, што ў 6.15 17 студзеня рабочыя завяршылі адпампоўку сцёкавых водаў з прыёмнай камеры галоўнай каналізацыйна-помпавай станцыі. Цяпер праводзіцца рэвізія помпавага абсталявання і запорнай арматуры.
«Меркаваны час аднаўлення водазабяспечання - 10.00 17.01.2023», - паведамілі ў МНС.
Тым не менш у названы тэрмін водазабяспечанне адноўленае не было. Пружанская газета «Раённыя будні» паведаміла, што рамонтныя працы працягваюцца.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай інцыдэнту стала паломка адной з помпаў. Водазабяспечанне будзе адноўленае ў найкарацейшыя тэрміны. Водазабяспечанне будзе адноўленае пасля ліквідацыі ўсіх непаладак», - напісала раніцай 17 студзеня выданне.
Тым часам на сайце райвыканкама апублікавалі спіс вуліц, на якіх будзе арганізаваны падвоз пітной вады.
1. На вул. Інтэрнацыянальнай - стаянка крамы «БЕЛМАРКЕТ»
2. На вул. Інтэрнацыянальнай - стаянка каля аптэкі «БАЛЬЗАМ»
3. На вул. Кастрычніцкай - стаянка каля крамы № 7
4. На вул. Юбілейнай - разваротная пляцоўка ля СШ № 3 г. Пружаны
5. На вул. Шырмы - стаянка ля кавярні «ФАРАОН»
6. На вул. Савецкай - стаянка за гарадскім Палацам культуры
7. На вул. Касцякова - ля адміністрацыйнага будынка ПМС
8. На вул. Е. Полацкай (скрыжаванне з вул. Сонечнай) - стаянка ля крамы
9. На вул. Горына-Каляды - ля гарадскога рынку
10. На вул. Кобрынская - стаянка ля будынка КСМ
11. Пасёлак Сонечны - ля адміністрацыйнага будынка ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс»
Названыя пункты будуць працаваць з 9.00.
Пружанская Цэнтральная раённая бальніца папярэдзіла жыхароў рэгіёна, што «ў сувязі з сітуацыяй па вадзе ў горадзе» была абмежаваная планавая шпіталізацыя і прыём аналізаў. Пацыенты стаматалагічнага профілю прымаюцца толькі экстранна.
З гэтай жа прычыны часова не працуе і мясцовы Палац культуры.
«Усе пяць сярэдніх школ горада Пружаны забяспечаныя прывазной вадой. У дадзеных школах вучыцца 747 навучэнцаў. Пры двухразовым харчаванні школы ў поўнай меры забяспечаныя сухімі пайкамі і аднаразовым посудам. У трох школах устаояваныя біяпрыбіральні, у дзвюх дзейнічаюць надворныя прыбіральні. З бацькамі выхаванцаў дзіцячых садкоў праведзеная праца. Адукацыйны працэс ва ўстановах адукацыі горада Пружаны арганізаваны ў штатным рэжыме», - паведаміў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук.