«Горш зрабілі». Экс-чыноўнік Мінадукацыі паспрабаваў растлумачыць Лукашэнку сутнасць «пертурбацый» у сістэме адукацыі. Той нічога не зразумеў
17 студзеня 2023 у 1673952900
«Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па кадравых пытаннях 17 студзеня заклікаў скончыць «пертурбацыі і рэарганізацыі» ў сістэме адукацыі, перадае прэс-служба.
- Мы задумалі вельмі сур'ёзную рэарганізацыю, перш за ўсё ў сістэме адукацыі. Пра гэта я ўжо не аднойчы казаў. Але выснова была адназначная. Час гэтыя ўсе пертурбацыі і рэарганізацыі заканчваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што раней даручаў выйсці на канчатковае рашэнне. Неабходна было сур'ёзна паглядзець на Міністэрства адукацыі, каб там не было лішніх структур.
У прыватнасці, гэта датычыць працы Дэпартамента кантролю якасці адукацыі і нядаўна створанага Нацыянальнага агенцтва па забяспечанні якасці адукацыі.
- Быў дэпартамент. Потым перакінуць [функцыі], зрабіць упраўленне - не патрэбны гэты дэпартамент. Але ствараюць паралельна агенцтва, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ну дык, а ў чым тады розніца, у чым сэнс?
Сяргей Каспяровіч, прызначаны на пасаду рэктара Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, а да сённяшняга дня - начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі, далажыў, што па агенцтве праца толькі пачынаецца: набраныя штаты, задача ў новай структуры вялікая - забяспечваць якасць на ўсіх узроўнях адукацыі.
- Дык дэпартамент з гэтым не спраўляўся? - спытаў Лукашэнка.
- У прынцыпе, спраўляўся. У яго шмат задач. І ліцэнзаванне, і апастыль, - адказаў Каспяровіч.
- Дык вы ўсё перадалі ў агенцтва… - заўважыў Лукашэнка.
- Цяпер, фактычна, так. Частка функцый перададзеная ў агенцтва. (…) Прапановы, якія ідуць цяпер, палягаюць на тым, каб дэпартамент уключыць у склад міністэрства ў выглядзе глаўка. То-бок гэта паўнавартасная дзяржаўная структура ўжо ўнутры міністэрства. Не асобная юрыдычная асоба, - растлумачыў ён. - Што да дэпартамента, які можа стаць глаўкам, - гэта задача зноў жа ліцэнзавання, апастылю. Агенцтву прапануецца праводзіць, наколькі я разумею, сістэмную работу па забяспечанні якасці: акрэдытацыі, праверкі якасці, праверкі прыватных установаў адукацыі па ўсіх узроўнях.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў такім выпадку фактычна нічога не мяняецца.
- Што было, тое і засталося. Грошы плаціць агенцтву трэба? Трэба. Плаціць трэба людзям. Вы ж там 35 ці колькі чалавек набралі. Вось зрабілі справу, - абурыўся Лукашэнка.
Ён удакладніў, ці можа з функцыямі, якія ўскладаюцца на агенцтва, справіцца адпаведнае профільнае ўпраўленне ў сістэме Мінадукацыі.
- Упраўленне са штатам чыноўнікаў, дапусцім, 8−10 чалавек… - пачаў адказваць Сяргей Каспяровіч.
- Не, я не кажу цяпер пра колькасць. Трэба - дык і 200 будзе, - перапыніў Аляксандр Лукашэнка.
- Справіцца. Калі дастатковы рэсурс, - адрэагаваў спецыяліст.
- Я не разумею сутнасці гэтай усёй пертурбацыі. Добра, тут у вас ва ўпраўленні (у структуры Мінадукацыі. - Заўв. рэд.) 8 чалавек. А ў агенцтве 35. І яно справіцца. Дык вы забярыце 35. Нават не 35, а 30 можаце забраць. Плюс гэтых 8. І спраўляйцеся. Калі ёсць парадак і дысцыпліна, адзін чалавек справіцца. А калі бардак, дык вы там і 200 чалавек пасадзіце - толку не будзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Слухайце, ну так, прэзідэнт запатрабаваў там і іншае (упарадкаваць структуру міністэрства. - Заўв. рэд.). Замест дэпартамента - ўпраўленне. А дэпартамент так і застаўся. Ніякага замест. Толькі яго назвалі агенцтва, выкінулі з міністэрства і ніводнага дзяржслужбоўца. Выканалі дзве задачы. Здаецца, парадак навялі ў структуры кіравання і з дзяржслужбоўцамі разабраліся (аптымізацыя колькасці. - Заўв. рэд.). А насамрэч, калі паглядзець углыб, горш зрабілі, мне здаецца.