Каліноўцы ўзялі ў палон байцоў ПВК Вагнера, хочуць абмяняць іх на сваіх пабрацімаў
1 лютага 2023 у 1675246980
«Зеркало»
Байцы палка Каліноўскага ўзялі ў палон двух наймітаў ПВК Вагнера. Адпаведнае відэа размешчанае ў афіцыйным тэлеграм-канале палка.
Двое палонных расказваюць, што іх завербавалі ў калоніі, ва Украіне яны ваююць каля двух месяцаў. Мужчыны пацвярджаюць, што ў палоне з імі абыходзяцца нармальна.
На відэа прадстаўнік палка заклікаў тых, хто збіраецца ісці ваяваць ва Украіну, каб зняць з сябе судзімасць, здавацца ў палон байцам палка Каліноўскага, «якія дзейнічаюць амаль па ўсіх франтах», гарантаваўшы ім «нармальнае чалавечае стаўленне, аказанне медыцынскай дапамогі і выкананне ўсіх правоў».
У канцы роліка палонныя вагнераўцы просяць расійскае камандаванне абмяняць іх на байцоў палка Каліноўскага, якія знаходзяцца ў расійскім палоне.
Нагадаем, у канцы чэрвеня падчас баёў пад Лісічанскам у палон трапілі два беларускія добраахвотнікі з палка Каліноўскага. Гэта Ян Дзюрбейка (пазыўны - Тромблі) і Сяргей Дягцеў (пазыўны - Клешч).