«Я б не раіў ехаць у ААЭ або Турцыю». Пагаварылі з юрыстамі, па якіх абвінавачаннях і з якіх краін беларусаў могуць экстрадыяваць на радзіму
10 лютага 2023 у 1676049720
«Зеркало»
У чацвер, 9 лютага, стала вядома, што ў італьянскім Неапалі на запыт беларускіх уладаў затрымалі 27-гадовага беларуса Уладзіслава Гірыса. Мясцовая паліцыя заявіла, што яго арыштавалі «з мэтай экстрадыцыі», бо атрымалі ордар на арышт, выдадзены Беларуссю за махлярства. Пакуль невядома, чым скончыцца гісторыя Уладзіслава, але ў беларускіх палітэмігрантаў узніклі пэўныя пытанні. Па якіх крымінальных артыкулах могуць экстрадыяваць у Беларусь? Ці варта хвалявацца падчас падарожжаў? І ў якія краіны лепш не ездзіць? «Люстэрка» разбіралася разам з чальцом Адвакатскай палаты Чэхіі Алесем Міхалевічам і кандыдатам юрыдычных навук Кацярынай Дэйкала.
Чаму Італія ўвогуле затрымала беларуса на запыт ўладаў?
Існуе база дадзеных і дамова аб міжнароднай супрацы - Інтэрпол. Сама арганізацыя нікога не затрымлівае. Усё не адбываецца так, як паказваюць у фільмах. Але па гэтай міжнароднай дамове краінам перадаецца інфармацыя.
- У выпадку з затрыманым у Неапалі беларусам рэч у тым, што ён ужо, імаверна, быў у базе Інтэрпола, не паведамляў Інтэрполу нічога пра сябе і прыехаў у краіну, якая наўпрост карыстаецца гэтай базай, - кажа Алесь Міхалевіч. - Няважна, па якім артыкуле ён там прысутнічае, яго затрымалі б. Хутчэй за ўсё, тое, што ён у базе Інтэрпола, высветлілася праз гатэль. Там патрабуюць пашпартныя звесткі, а пасля паведамляюць пра сваіх пастаяльцаў у паліцыю. Яшчэ шмат залежыць ад таго, як канкрэтная краіна карыстаецца гэтай базай. Палякі, як мне цяпер здаецца, на беларусаў, якія пададзеныя ў Інтэрпол, не звяртаюць увагі. Але ў Італіі сітуацыя іншая. Увогуле, калі ты ўступаеш у Інтэрпол, ты не можаш выбарачна ігнараваць, напрыклад, беларусаў ці грамадзян Кітая. Але краіна можа не выконваць экстрадыцыю.
Таксама ёсць дамовы аб аказанні прававой дапамогі па крымінальных, грамадзянскіх справах, якія падпісваюць дзве краіны (у спісе ёсць і такія краіны, як Італія, Польшча, Літва). У межах дамовы Беларусь тэарэтычна можа папрасіць аб экстрадыцыі з Літвы кагосьці, а ў сваю чаргу паабяцаць у будучыні зрабіць тое ж самае.
Што будзе адбывацца з затрыманым беларусам далей?
Цягам 72 гадзін практычна ва ўсіх краінах суддзя абавязаны альбо пасадзіць затрыманага ў ізалятар на нейкі час, альбо вызваліць. Мясцовы суддзя ў Неапалі пра беларуса ведае толькі тое, што напісана ў базе. Звычайны суддзя ў такім выпадку вырашыць, напрыклад, 40 дзён трымаць чалавека у зняволенні.
- За гэты час прыйдзе інфармацыя ад беларускага боку, у нашым выпадку ад пракуратуры. Яны павінныя даслаць звесткі і доказы абвінавачання, запэўніць, што нічога агульнага з палітыкай справа не мае, што не будзе катаванняў у турме, будзе права на абарону, - тлумачыць наш суразмоўца.
Далей суддзя вызначае, выдаваць чалавека ці не. Аргументы за «не выдаваць»: калі ў краіне парушаюцца правы чалавека і калі там прымяняюцца катаванні ў дачыненні да людзей у зняволенні. Любая краіна Еўрасаюза ўваходзіць у Савет Еўропы, то-бок Еўрапейскі суд па правах чалавека там мае юрысдыкцыю.
- Калі справа даходзіць да такога ўзроўню, то пасля 2020 года, імаверна, рашэнне аб экстрадыцыі не будзе прымацца, - працягвае эксперт. - Хутчэй за ўсё, у цяперашняй гісторыі так яно і будзе. Але суддзя ўсё ж вырашае, ці трымаць чалавека пад вартай. Калі чалавек прыляцеў на адзін дзень у Неапаль, суддзя мусіць мець гарантыі, што той прыйдзе на судовы працэс. Хутчэй за ўсё, яго змесцяць у ізалятар.
Калі беларус суд прайграе, у яго з'явіцца права абскардзіць рашэнне ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека, калі мы гаворым пра еўрапейскія краіны. Ён, імаверна, прыме рашэнне ўстрымацца ад экстрадыцыі. Далей чалавека звычайна адпускаюць. Але Беларусь мае права перадаць матэрыялы справы ў некаторыя краіны, з якімі ёсць адпаведная дамова. Такое, да прыкладу, адбывалася з Польшчай.
Ці існуе рэальная небяспека для беларускіх палітэмігрантаў у Еўропе?
Трэба разумець, што Беларусь не можа заявіць на чалавека ў Інтэрпол па цалкам «пратэсным» артыкуле аб масавых беспарадках. Але ўжо з нявыплатай падаткаў ці хуліганствам гэта нашмат лягчэй. Так, маскіраванне палітычных злачынстваў пад агульнакрымінальныя адбываецца, і Інтэрпол будзе неяк рэагаваць. Асабліва калі чалавек не «гугліцца», калі гэта не Святлана Ціханоўская ці Павел Латушка.
Як даведацца, ці ёсць я ў базе Інтэрпола?
- Даведацца можна толькі праз афіцыйны запыт у Інтэрпол. Гэта даволі доўга. Калі чалавек ведае, што на яго завялі крымінальную справу, то мы можам зрабіць прэвентыўныя запыты ў Інтэрпол, тлумачым, што «гэты чалавек - журналіст ці актывіст, крымінальная справа цалкам палітычная». Калі ёсць такая імавернасць, то трэба нейкія мінімальныя дзеянні зрабіць, лепш праз адваката, - гаворыць юрыст.
Куды лепш не ездзіць, калі на цябе заведзеная крымінальная справа ў Беларусі?
Наш суразмоўца папярэджвае, што гэта ўся Сярэдняя Азія: Казахстан, Арменія, Азербайджан, Казахстан. Варта ўстрымлівацца ад Турцыі і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Таксама варта адмовіцца ад паездак у большасць краін Лацінскай Амерыкі, практычна ўсёй Афрыкі і Азіі.
- Універсальнае правіла такое: тыя краіны, што «плююць» на правы чалавека, спакойна могуць экстрадыраваць у Беларусь. Калі ў Туркменістане катаванні прымяняюцца ва ўласных турмах, наўрад ці яны будуць устрымлівацца з гэтай прычыны ад экстрадыцыі ў Беларусь, - гаворыць Алесь Міхалевіч. - Калі гэта паездкі па Шэнгенскай зоне, то можна асабліва не хвалявацца. Калі тыя ж папулярныя напрамкі, як Егіпет, ААЭ, Турцыя, то я б падумаў, адклаў бы іх. Тут кожная сітуацыя ўнікальная.
Якія дзеянні правільныя, калі затрыманне ўсё ж адбылося?
- Правільныя дзеянні былі зробленыя сям'ёй затрыманага ў Неапалі - паведаміць у прэсу і шукаць адвакатаў на сам экстрадыцыйны працэс, - лічыць наш суразмоўца. - Таксама заяўляць пра высокую імавернасць катаванняў у дачыненні да ўсіх зняволеных у Беларусі. І чакаць працэсу, рабіць як мага шырэйшую інфармацыйную кампанію.
«Звычайна камунікацыя ў міжнародным праве будуецца на даверы»
Кандыдат юрыдычных навук, юрыст-міжнароднік Кацярына Дэйкала дадае, што цяперашняя сітуацыя даволі праблематычная. На яе думку, супрацоўніцтва з Беларуссю цяпер можа прывесці да таго, што на фармальны запыт пераследаваныя беларусы будуць выдадзеныя туды, дзе ім пагражаюць небяспека і катаванні.
- Калі Беларусь просіць прававой дапамогі, яна ж не заяўляе наўпрост: «Нам трэба прышчаміць аднаго "палітычнага", ён здзейсніў злачынства, якое мы лічым злачынствам». Сэнс нармальнай камунікацыі ў рамках міжнароднага права ў тым, што яна будуецца на даверы, што дзве нармальныя дзяржавы, якія не маніпулююць сваім крымінальным заканадаўствам для палітычных рэпрэсій, дапамагаюць адна адной, калі гэта трэба, - тлумачыць Кацярына Дэйкала.
Яна тлумачыць, што ў іншых дзяржаваў няма абавязку «лезці» ў нашае заканадаўства і пастаянна правяраць, ці не хочуць беларускія ўлады на падставе гэтага артыкула кагосьці пераследаваць па сваіх прычынах. У той жа час, па яе словах, сёння ў Беларусі пад любымі артыкуламі можа хавацца палітычны пераслед.
- Тут шмат залежыць ад канкрэтнай дзяржавы. Украіна ці Польшча не будуць адказваць на беларускія запыты, яны разумеюць кантэкст. А такія, як Італія, магчыма, далёкія ад нашага кантэксту. Ім здаецца, што рэпрэсіі - гэта адно, а махлярства - іншае, тут беларусы працуюць як трэба, - дадае экспертка. - Я б прапанавала прасоўваць тэзіс, што ў цяперашніх умовах, калі дзяржава маніпулюе заканадаўствам, важна спыніць прававую ўзаемадапамогу з Беларуссю. Так, тут палка з двума канцамі: рэальныя ж злачынствы таксама адбываюцца. Таму гэта складанае пытанне, якое трэба ўзважваць.