Улады Беларусі адмянілі беларускую лацінку, як і хацелі прапагандысты
4 красавiка 2023 у 1680585660
«Зеркало»
Дзяржкамітэт па маёмасці 4 красавіка апублікаваў пастанову «Пра перадачу найменняў геаграфічных аб'ектаў з беларускай і рускай моваў на іншыя мовы». Яна адмяняе патрабаванне транслітараваць геаграфічныя назвы ў Беларусі толькі з беларускай мовы і выкарыстоўваючы традыцыйную беларускую лацінку, якое існавала больш за 20 гадоў.
Пастанова зацвярджае новую Інструкцыю па перадачы найменняў геаграфічных аб'ектаў з беларускай і рускай моваў на іншыя мовы і транслітарацыі найменняў геаграфічных аб'ектаў літарамі лацінскага алфавіту і адмяняе дзеянне ранейшай Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту, прынятай такім самым чынам - пастановай Дзяржкамітэта па маёмасці № 15 ад 23 лістапада 2000 года.
Ключавыя змены: паводле старой інструкцыі, перадача геаграфічных назваў Беларусі на лацінцы ажыццяўлялася выключна зыходзячы з іх напісання на беларускай мове. Цяпер жа назвы на картах, вулічных шыльдах, паказальніках можна транслітараваць і з рускай мовы. Выбар мовы ніяк не рэгламентуецца - то-бок залежыць ад жадання гаспадарчага суб'екта.
Было: «Перадача геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь на лацінку ажыццяўляецца з іх правільнага напісання на беларускай мове, засведчанага афіцыйнымі крыніцамі».
Стала: «Перадача найменняў геаграфічных аб'ектаў з беларускай і рускай
моваў на іншыя мовы ажыццяўляецца з іх сучаснага напісання на беларускай
і рускай мовах, прысвоеных у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь
"Пра назвы геаграфічных аб'ектаў"».
Патрабаванне выкарыстоўваць для транслітарацыі толькі беларускую аснову засталося толькі для аднаго выпадку - «пры стварэнні картаграфічных і іншых твораў на замежных мовах, прызначаных для міжнароднага выкарыстання».
Далей у пастанове прыводзіцца сама інструкцыя па транслітарацыі. Дакладней, цяпер іх дзве: для беларускай і рускай моваў (у старой пастанове была толькі адна, бо руская мова не выкарыстоўвалася).
Інструкцыя для беларускай мовы часткова супадае з транслітарацыяй, якую выкарыстоўваюць улады для перадачы імёнаў беларусаў у пашпартах. Але ёсць і прыкметныя адрозненні.
Галоўнае новаўвядзенне ў параўнанні са старой інструкцыяй - цалкам выключанае выкарыстанне дыякрытычных (надрадковых) знакаў «˘» і «´», уласцівых традыцыйнай беларускай лацінцы для перадачы шыпячых і мяккіх свісцячых гукаў: Ž ž (ж), Č č (ч), Š š (ш), Ć ć (ць), Ś ś (сь), Dź dź (дзь) і гэтак далей. Такіх напісанняў, як на загалоўным фота матэрыялу, больш не будзе. Шыпячыя гукі цяпер перадаюцца па правілах англійскай мовы: Zh, Ch, Sh.
Змененая перадача і іншых гукаў:
- цалкам страчаная спецыфічнасць беларускага фрыкатыўнага «Г»: раней ён перадаваўся больш блізкай літарай «H», цяпер жа - «G», якую замежнік, безумоўна, будзе чытаць як выбухны «Г» (такі ж, як у рускай мове);
- гук «Ў» цяпер перадаецца не графемай «Ŭ» і нават не «U», як у пашпарце, а «W»;
- гук «Х» цяпер перадаецца літарай «H» (раней было «Ch», бо «H» быў для беларускага «Г»).
У астатнім захоўваюцца ранейшыя правілы, якія перадаюць вымаўленне беларускай мовы.
А вось інструкцыя для рускай мовы горш адпавядае фанетыцы і будзе выклікаць блытаніну ў тых, хто паспрабуе транслітараваныя паводле гэтых правілаў назвы чытаць. Галоўная праблема - транслітарацыя літар «Е», «Ё», «Ю», «Я»: як у сітуацыях, калі яны даюць два гукі («Й» + галосны), так і калі яны змякчаюць папярэдні зычны.
Так, літара «Е» ў пачатку слова будзе перадавацца проста як «E» - без зычнага, які абазначае ёт. Прыведзены нават прыклад: назва «Еленка» перададзеная як Elenka. Для тых, хто валодае замежнымі мовамі, відавочна, што яно будзе чытацца няправільна - «Эленка». Пры гэтым літара «Ё» ў пачатку слова суправаджаецца «J»: «Ёні» перадаецца як «Joni».
Але следам гэтая ж літара «J» выкарыстоўваецца не для перадачы ёта, а як знак, што змякчае папярэдні зычны. І мы бачым транслітарацыю назваў «Берёзки» як Berjozki, «Тростянка» як Trostjanka, «Припять» як Pripjat, «Любань» як Ljuban. Пры тым што побач стаяць словы, дзе «J» абазначае ёт: «Заозерье», «Улуковье», «Подъелье», «Курганье» - Zaozerje, Ulukovje, Podjelje, Kurganje. Цяжка ўявіць, як замежнікі будуць адрозніваць, дзе ім чытаць так, а дзе гэтак, што будзе прыводзіць да прачытання: «Припьят», «Льюбан», «Берьёзки» і гэтак далей. Апафеоз блытаніны ў новай сістэме - апошні прыклад у табліцы на літару «Я»: «Якимово Лядо» - Jakimovo Ljado (у адной назве літара «J» абазначае розныя гукі). Незразумела, што перашкаджала выкарыстаць тут той самы падыход, што ў беларускай мове, і пісаць Pripiat, Liuban, Bieriozki, Trostianka, Jakimovo Liado.
Пастанова, якая адмяняе беларускую лацінку ў транслітарацыі геаграфічных назваў, падпісаная кіраўніком Дзяржкамітэта па маёмасці Дзмітрыем Матусевічам і ўзгодненая з МУС, МЗС, Міністэрствам культуры і Нацыянальнай акадэміяй навук. Яно ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання - то-бок 5 красавіка.
Нагадаем, за адмену беларускай лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваўзмагаліся прарасійскія і праўладныя актывісты і блогеры на чале з адыёзнай гродзенкай Вольгай Бондаравай. Яшчэ ў канцы 2022 года стала вядома, што ўлады пайшлі ім насустрач, і на паседжанні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы было прынятае рашэнне адмовіцца ад лацінкі.