Рак не перашкода. Суды бязлітасна адпраўляюць «палітычных» з цяжкімі хваробамі ў калоніі — а вось што кажа закон
14 мая 2023 у 1684056300
«Зеркало»
На мінулым тыдні ў віцебскай калоніі памёр 61-гадовы палітвязень Мікалай Клімовіч. Яму далі год пазбаўлення волі за лайк пад карыкатурай на Лукашэнку, хоць суду было вядома, што ў мужчыны вельмі хворае сэрца і ён мае патрэбу ў пастаянным наглядзе медыкаў і мностве прэпаратаў. Фактычна Мікалаю падпісалі смяротны прысуд - пасля суда ён пражыў толькі крыху больш за два месяцы. На жаль, гэта можа быць далёка не апошняя ахвяра беларускіх судоў. У калоніі адпраўленыя ўжо дзясяткі людзей з цяжкімі захворваннямі, многім гэта яшчэ пагражае. А закон дазваляе ў такіх выпадках прызначыць пакаранне без пазбаўлення волі або зусім вызваліць ад адказнасці. Але ці могуць «палітычныя» разлічваць на спачуванне ў беларускім судзе?
Цяпер у гомельскім СІЗА знаходзіцца Яўген Бурло, музыка рагачоўскага гурта Tor Band, які праславіўся ў 2020-м сваімі пратэснымі песнямі. Цяпер яго і яго калег Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка абвінавачваюць па крымінальных справах. Яўген - малады чалавек, 9 траўня яму споўнілася 32 гады. Але зняволенне зруйнавала яго здароўе. Днямі яго блізкія паведамілі, што мужчына моцна схуднеў і не можа перасоўвацца сам, паводле звестак праваабаронцаў, у яго некроз тазасцегнавых суставаў (гэта не лечыцца без аперацыі), яму далі мыліцы і прызначылі пасцельны рэжым.
20-гадовую Алину Гораву з Круглага затрымалі 27 сакавіка гэтага года - у дзень, калі яна атрымала дыплом геадэзіста на выпускным у каледжы ў Барысаве. Вярнуўшыся ў Круглае ўвечары, яна пайшла ў Следчы камітэт, куды яе выклікалі як сведку для паказанняў па справе пра ўдзел у пратэстах у Мінску. Але адтуль ужо не выйшла.
Праз тры дні ў аддзяленні міліцыі, дзе яна чакала адпраўкі ў СІЗА, ёй стала кепска. Праз холад у камеры і праз тое, што ёй давялося спаць на голых дошках, у дзяўчыны абвастрыліся гінекалагічныя захворванні і піяланефрыт (запаленчае захворванне нырак. - Заўв. рэд.), паднялася тэмпература, былі крывацёкі. Хуткую ёй вызвалі, але шпіталізаваць не дазволілі: маўляў, і ў СІЗА ёсць фельчар. Але і там ёй лепш не стала - нягледзячы на лячэнне антыбіётыкамі, яе захворванні прагрэсуюць, дзяўчына пачала страчваць вагу. У такіх умовах 19 красавіка Аліна сустрэла 21-ы дзень нараджэння.
Ні Яўгену Бурло, ні Аліне Горавай меру стрымання так і не змянілі, хоць прызначаць яе, згодна з артыкулам 117 КПК, мусяць з улікам стану здароўя абвінавачанага.
Аліне ўжо прызначаная дата суда за ўдзел у пратэстах - 24 траўня. Яўгену, відавочна, таксама патрэбны будзе суд, але мы не ведаем ні даты, ні артыкула і тэрміну, якія пагражаюць мужчыну. Ці праявяць суддзі гуманнасць да іх, улічваючы стан здароўя? Практыка паказвае, што з палітычнымі вязнямі такога не адбываецца ў Беларусі амаль ніколі.
Хворае сэрца? Рак? Інваліднасць? Для суда гэта не перашкода
На канец 2022 года сярод зняволеных, якіх праваабаронцы прызналі палітычнымі, было 74 чалавекі з інваліднасцю або цяжкімі захворваннямі, не менш за 25 пенсіянераў і пенсіянерак, паведамлялася ў справаздачы «Вясны». Многія з іх ужо асуджаныя і знаходзяцца ў калоніях.
Найстарэйшая з іх - 75-гадовая Наталля Таран, якая атрымала за каментары з «абразамі і паклёпам» на адрас Лукашэнкі тры з паловай гады пазбаўлення волі. У пажылой жанчыны шэраг хранічных захворванняў.
Стан іншых яшчэ цяжэйшы. Журналістка Ксенія Луцкіна, якая звольнілася з Белтэлерадыёкампаніі ў жніўні 2020 года, абвінавачаная ў «змове з мэтай захопу ўлады» і асуджаная на восем гадоў пазбаўлення волі, пакутуе на анкалагічнае захворванне.
У СІЗА ў Ксеніі моцна пагоршылася здароўе, пачала расці пухліна ў мозгу. Жанчына пакутавала на моцныя галаўныя болі, з'явіўся трэмар рук, пачалі падкошвацца ногі, ёй пастаянна калолі абязбольвальныя, але меру стрымання змяніць адмовіліся, а пасля прысуду адправілі ў калонію.
Там 39-гадовую жанчыну вызвалілі ад працы ў вытворчай зоне (а гэта рэдкасць) з прычыны стану яе здароўя. Узімку Ксенія, якая пакутуе таксама на астму, два тыдні правяла ў санчастцы калоніі з двухбаковай пнеўманіяй. Што да пухліны, то Луцкіну паставілі ў чаргу на МРТ - але колькі чакаць абледавання, невядома.
73-гадовы Васіль Бераснеў - лідар прафсаюза РЭП у Оршы. Па «справе прафсаюзаў» ён атрымаў дзевяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Некалькі гадоў таму яму выдалілі нырку з прычыны раку, другая падчас зняволення пачала моцна балець - магчыма, здарыўся рэцыдыў захворвання, але абследавання па стане на верасень 2022 года (калі была апошняя інфармацыя) не праводзілася. Як паведамлялі блізкія, патрабаванні зняволенага пра меддапамогу і абследаванне ігнараваліся. У крытычныя моманты яму толькі ставілі кропельніцу.
Такі ж прысуд - дзевяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму - атрымаў ягоны калега, лідар незалежнага прафсаюза РЭП, 65-гадовы Генадзь Фядыніч, які пакутуе на дыябет і праблемы з сэрцам. А 68-гадовы прафсаюзны актывіст Вячаслаў Арэшка, якому пагражае слепата праз праблемы з вачыма, па той самай справе быў асуджаны на восем гадоў калоніі.
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Войніч атрымаў сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за арганізацыю і падрыхтоўку «масавых беспарадкаў» - ён праходзіў па адной справе з Паўлам Севярынцам.
42-гадовы мужчына смяротна хворы.
«Пасля віруснага гепатыту ў яго цыроз печані, цукровы дыябет, пухліна над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пухір і мноства звязаных з гэтым ускладненняў. Яму неабходная тэрміновая перасадка печані, да арышту ён штомесяц наведваў трансплантолага», - расказвалі яго блізкія яшчэ ў студзені 2022 года. З таго часу новай інфармацыі пра ягонае здароўе няма, ці зрабілі яму аперацыю - невядома, сваякі адмаўляюцца гаварыць з журналістамі. У калоніі Андрэя кідаюць у карцар, пазбаўляюць перадач і спатканняў.
61-гадовая актывістка Галіна Дзербыш з Гродзенскага раёна атрымала 20 гадоў пазбаўлення волі па «справе Аўтуховіча». У жанчыны другая група інваліднасці, анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам. Пры гэтым неабходныя лекі ёй перадавалі альбо са спазненнем, альбо не аддавалі зусім. УГД Галіне давялося чакаць каля двух гадоў.
Таксама па «справе Аўтуховіча» быў затрыманы 62-гадовы актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар. У яго другая група інваліднасці: няма адной нагі. У СІЗА ў мужчыны забралі пратэз і не перадавалі патрэбных лекаў. Яго часта кідалі ў карцар, дзе Уладзімір на знак пратэсту абвяшчаў галадоўку. Мужчына перанёс гіпертанічны крыз.
Яго асудзілі на 18 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Пазней на яго завялі яшчэ адну крымінальную справу - за абразу пракурора на працэсе па «справе Аўтуховіча». У красавіку гэтага года вынеслі прысуд: з улікам неадбытага пакарання ён мусіць прабыць у калоніі ўзмоцненага рэжыму сумарна 20 гадоў.
Аліна Забаштанская атрымала два гады пазбаўлення волі за каментары ў TikTok у сувязі са справай Зэльцэра. У 31-гадовай жанчыны цяжкая форма эпілепсіі. У калоніі Аліну па стане здароўя перавялі на лягчэйшую працу: яна знаходзіцца ў атрадзе, а не на фабрыцы, і вяжа вяхоткі (атрымліваючы зусім нізкую зарплату). У яе ўжо не раз здараліся прыступы эпілепсіі, у тым ліку на працоўным месцы.
Старшыня Партыі БНФ 66-гадовы Рыгор Кастусёў атрымаў 10 гадоў па справе пра «змову супраць Лукашэнкі». Яшчэ да суда ў яго выявілі рак прастаты, пазней з'явіліся праблемы з пазваночнікам, зубамі.
Год таму Кастусёў пісаў, што дзякуючы ўколам яго самаадчуванне палепшылася, але стадыя раку такая, што аперацыю будуць рабіць толькі ў крайнім выпадку: паводле дактароў, яна магла толькі нашкодзіць і адразу зрабіць яго інвалідам, так што лепш трываць боль.
Яго «змоўшчык», 58-гадовы Аляксандр Фядута, які таксама атрымаў 10 гадоў калоніі, пакутуе на дыябет і праблемы з сэрцам: у яго была дыягнаставаная вострая сардэчная недастатковасць, у СІЗА былі прыступы стэнакардыі і арытміі. Праз свой стан ён не мог нармальна спаць. Таксама ў зняволенні ў яго абвастрылася падагра, ён з цяжкасцю хадзіў, жонцы дазволілі перадаць яму ў СІЗА кій, з дапамогай якога ён можа перасоўвацца.
У калоніі Аляксандра Фядуту, нягледзячы на стан здароўя, не вызвалілі ад працы - ён так і ходзіць у прамзону з кіем, які прывёз з сабой з СІЗА.
Актывіста Уладзіміра Малахоўскага з Віцебска, сябра Партыі БНФ і незалежнага назіральніка, абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да міліцыянтаў на акцыі пратэсту: нібыта ён спрабаваў іх ударыць, пашкодзіў форму, сарваў жэтон, а ў аўтазаку распыліў газ з балончыка. Ён атрымаў тры з паловай гады калоніі.
Малахоўскі хворы на рак, які даў метастазы па ўсім арганізме, да затрымання ён чатыры разы праходзіў хіміятэрапію.
Пасля прысуду яму змянілі другую групу інваліднасці на трэцюю, а потым наогул яе знялі. Цяпер яму не належыць нават вызваленне ад працы. За першы год з лішнім у калоніі яго толькі раз звазілі на УГД у паліклініку і сказалі, што «ўсё нармальна».
Як гэта - быць хворым у калоніі
У калоніях для людзей з інваліднасцю I і II групы, згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам, мусяць быць створаныя палепшаныя ўмовы. Іх вызваляюць ад працы ў прамзоне, прызначаюць харчаванне па павышаных нормах і вылучаюць на нарах першы ярус, расказваў «Медыязоне» сузаснавальнік праваабарончай ініцыятывы «Тайм-АКТ» Васіль Завадскі.
Паводле яго словаў, людзей з інваліднасцю звычайна адпраўляюць у асобныя атрады, як правіла, на першым паверсе. Калі чалавек ходзіць з кіем, яму дазваляюць ісці з атрадам па-за шарэнгай.
Акрамя таго, асуджаныя з інваліднасцю I і II групы не плацяць за харчаванне, адзенне, абутак і іншыя «паслугі» калоніі (з усіх астатніх вылічваюць), а таксама атрымліваюць належную ім па законе пенсію. Таму, кажа Завадскі, персанал калоніі лічыць такіх «багаценькімі» і выцягвае ў іх грошы на рамонт атрадаў, падпіску на газеты МУС і гэтак далей.
У той жа час людзі з інваліднасцю - праблема для адміністрацыі, за імі патрэбны догляд, таму, калі яны дрэнна рухаюцца, часта іх трымаюць у медсанчастцы, а калі пакідаюць у атрадзе, то камусьці даводзіцца насіць ім ежу, даглядаць іх. Хворыя расплачваюцца з памочнікамі, купляючы ім нешта за кошт сваёй пенсіі.
А вось што пра тое, як гэта - быць «палітычным» хворым у калоніі, расказвала былая палітзняволеная Вольга Класкоўская на «Радыё Свабода»:
- Ты адчуваеш сябе цалкам бездапаможным і спадзяешся толькі на лёс (вернікі - на Бога), спадзяешся, што пераадолееш гэтыя хваробы і іншыя выпрабаванні. Вельмі цяжка атрымаць лекі. Вялікія складанасці з бальнічнымі. Адна палітзняволеная сяброўка расказала, што, калі звярнулася ў санчастку гомельскай калоніі (яна была вельмі хворая), адзін з дактароў паказаў ёй паперу, дзе было напісанае яе прозвішча, і сказаў, што ёсць загад адміністрацыі калоніі чалавеку з гэтым прозвішчам бальнічных не даваць. Падобная сітуацыя адбылася са мной у Жодзінскім СІЗА, калі я пакутавала на моцны крывацёк і звярнулася па меддапамогу да фельчара, а ён мне сказаў: «Калі ты памрэш, радзіма ад гэтага нічога не страціць».
Вольга назвала жаночую калонію ў Гомелі найгоршым месцам зняволення, значна горшым за СІЗА. «Гэта рэальная страшная катавальня, сталінскага тыпу. Знаходзіцца там, выжываць, трымацца вельмі цяжка», - сказала былая палітзняволеная.
Гуманнасць - у тэорыі
Паводле беларускага заканадаўства, суд мае дастаткова інструментаў і магчымасцяў не адпраўляць у калоніі цяжкахворых людзей. Больш за тое, ён абавязаны выносіць справядлівыя і гуманныя прысуды (не кажучы ўжо пра тое, што крымінальны пераслед па палітычных матывах недапушчальны, але гэта іншая тэма).
Згодна з Канстытуцыяй, «чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы», ніхто не павінен падвяргацца «катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму альбо зневажальнаму абыходжанню або пакаранню».
Згодна з Канвенцыяй СНД аб правах і асноўных свабодах чалавека, падпісанай і Лукашэнкам, «усе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу да годнасці, уласцівай чалавечай асобе».
Згодна з Крымінальным кодэксам (артыкул 3), пакаранне мусіць быць справядлівым, то-бок прызначацца з улікам у тым ліку асобы вінаватага (а значыць, і стану яго здароўя і астатніх абставінаў), а мера пакарання мусіць быць неабходнай і дастатковай для выпраўлення. Пакаранне не мае мэты прынесці асуджанаму фізічныя пакуты або зняважыць яго годнасць. Пазбаўленне волі, згодна з артыкулам 62 КК, можа быць прызначанае толькі ў тым выпадку, калі «мэты крымінальнай адказнасці не могуць быць дасягнутыя прымяненнем больш мяккага пакарання» ў адпаведнасці з артыкулам злачынства.
Згодна з артыкулам 92 КК, суд можа вызваляць ад адбыцця пакарання або замяняць яго на мякчэйшае ў выпадку, калі абвінавачаны пакутуе на цяжкае захворванне, што перашкаджае адбыванню пакарання. Пры гэтым улічваюцца цяжкасць здзейсненага злачынства, асоба асуджанага, характар захворвання і іншыя абставіны.
Аднак тут ёсць загваздка ў фармулёўцы. Падставай для вызвалення ад адказнасці з'яўляюцца не любыя цяжкія захворванні, а толькі тыя, што «перашкаджаюць адбыванню пакарання». Гэта азначае наяўнасць у асуджанага захворвання «такой ступені цяжкасці, калі палягчэнне фізічных пакутаў, звязаных з праявамі хваробы, немагчымае ў рэжыме адбыцця пакарання», тлумачыў Канстытуцыйны суд.
І Міністэрства аховы здароўя разам з МУС склалі канкрэтны пералік такіх захворванняў (пастанова ад 16 лютага 2011 г. № 54/15). Спіс аказаўся даволі вузкім. У асноўным туды ўвайшлі толькі вельмі сур'ёзныя хваробы і крайнія іх стадыі: цяжкі туберкулёз, СНІД у тэрмінальнай стадыі, цяжкія эндакрынныя захворванні, самыя цяжкія формы хваробаў нервовай, сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, касцёва-мышачнай сістэмы, унутраных органаў, ампутацыя дзвюх канечнасцяў, вострая прамянёвая хвароба і гэтак далей.
Напрыклад, далёка не любы рак дае права на вызваленне ад пакарання. Падставай з'яўляюцца толькі:
- злаякасныя новаўтварэнні лімфатычнай і крывятворнай тканкі;
- злаякасныя новаўтварэнні жыццёва важных органаў (нават без аддаленых метастазаў), калі яны падлягаюць толькі сімптаматычнай тэрапіі;
- злаякасныя новаўтварэнні органаў і тканак, якія падлягаюць камбінаванаму лячэнню (уключаючы прамянёвую тэрапію), пры немагчымасці яго правядзення;
- усе злаякасныя новаўтварэнні чацвёртай клінічнай групы (гэта запушчаныя пухліны на позніх стадыях, калі магчымае толькі сімптаматычнае лячэнне і наперадзе смерць).
То-бок артыкул 92 КК пра вызваленне ад пакарання мае даволі вузкае прымяненне. Тым не менш ёсць іншыя нормы, якія дазваляюць суддзям не адпраўляць хворага чалавека ў калонію.
Так, артыкул 70 КК дае суддзям права з улікам асобы абвінавачанага (то-бок і яго стану здароўя) прызначаць пакаранне нават больш мяккае, чым прадугледжвае артыкул. Больш за тое, калі абвінавачаны перастаў уяўляць грамадскую небяспеку (здаецца, калі чалавек хворы настолькі, што ледзь ходзіць, небяспекі ад яго няшмат), суддзя можа наогул вызваліць яго ад крымінальнай адказнасці (артыкул 87 КК).
Пры гэтым суд не мае права не ведаць пра стан здароўя абвінавачанага: згодна з артыкулам 352 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, падчас вынясення прысуду суддзя мусіць асабіста вырашыць пытанне пра тое, ці ёсць у кожным канкрэтным выпадку падставы вынесці прысуд з вызваленнем ад пакарання.
Акрамя таго, калі чалавек ужо знаходзіцца ў калоніі, адміністрацыя можа накіраваць у суд прадстаўленне аб вызваленні яго ад пакарання з прычыны цяжкага захворвання. Гэта прадугледжваюць артыкулы 186 і 187 Крымінальна-выканаўчага кодэкса. Прычым сярод падставаў пазначаныя проста «цяжкае захворванне або інваліднасць» - без фармулёўкі «якое перашкаджае адбыванню пакарання».
Але такое хадайніцтва можа падаць толькі сама калонія, да яго мусяць быць далучаныя заключэнне медкамісіі і характарыстыка паводзін асуджанага. То-бок тут чалавек цалкам залежыць ад таго, як да яго ставіцца адміністрацыя зоны.
Таксама наяўнасць інваліднасці, згодна з артыкулам 90 КК, - падстава для ўмоўна-датэрміновага вызвалення. Але толькі пасля таго, як чалавек адбудзе траціну, палову ці дзве траціны свайго тэрміну, у залежнасці ад цяжкасці злачынства. Такая ж магчымасць прадугледжаная для тых, хто дасягнуў пенсійнага ўзросту.
Бязлітасная практыка
Адвакаты, з якімі кансультавалася «Люстэрка», пацвердзілі, што рашэнне пра вызваленне ад пакарання ў сувязі з цяжкім захворваннем абвінавачанага па-ранейшаму залежыць ад суддзі.
Але насамрэч беларускія суды вельмі рэдка выкарыстоўваюць такую практыку, кажуць адвакаты. Яны змаглі ўспомніць толькі адзінкавыя выпадкі. Вызвалялі тых, хто ўжо быў пры смерці ад раку, - проста каб яны памерлі дома. І цягам дня або некалькіх дзён гэтыя людзі паміралі.
«Відавочна, што пры наяўнай у Беларусі практыцы падыход да палітычных асуджаных будзе нават горшы», - адзначыў адзін з абаронцаў.
Сярод палітвязняў было толькі два выпадкі змякчэння пакарання ў сувязі з хваробай.
Мінчука Валерыя Вішчэню затрымалі за пратэсты ў красавіку 2021 года і тры месяцы пратрымалі ў СІЗА, а затым суддзя Дзмітрый Карсюк даў яму тры гады «хіміі». 5 верасня яго адправілі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пасля ён атрымаў другую групу інваліднасці з абмежаваннем фізічных нагрузак, а значыць, «хімія», дзе неабходна працаваць, стала для яго немагчымай.
Таму летам 2022 года 35-гадоваму мужчыну змянілі пакаранне і адправілі адбываць рэшту тэрміну - 1 год і 9 месяцаў - на хатнім абмежаванні волі. Дарэчы, ягонай жонцы Анастасіі таксама далі тры гады «хатняй хіміі», так што цяпер яны адбываюць пакаранне разам. У пары трое дзяцей.
Жыхара Маладзечна Паўла Кучынскага затрымалі ў студзені 2022-га за каментары і выставілі абвінавачанні па пяці артыкулах КК. У маладога чалавека чацвёртая стадыя раку (лімфома Ходжкіна) і на момант суда была другая група інваліднасці. Тым не менш суддзя Канстанцін Калядаў у чэрвені асудзіў яго на пяцьгадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Пасля гэтага Павел прайшоў медыцынска-рэабілітацыйную экспертную камісію, і яму змянілі групу інваліднасці на першую. У выніку пасля разгляду апеляцыі Мінскі абласны суд усё ж зменшыў яму тэрмін - але ўсяго на тры месяцы (і няма яснасці, ці звязана гэта з яго здароўем). Пры гэтым яшчэ і дадалі штраф у 3840 рублёў.
З верасня мінулага года 28-гадовы палітвязень знаходзіцца ў бальніцы СІЗА на Валадарскага ў Мінску - гэта звычайныя камеры, якія перарабілі пад медыцынскія патрэбы. Яму мусілі правесці дыягностыку ў сувязі з анказахворваннем.
Што ж да «непалітычных» справаў, то паведамленні пра вызваленне ад адказнасці таксама можна сустрэць у публічным полі вельмі рэдка. Але адзін такі выпадак адбыўся зусім нядаўна.
Гаворка пра суд над кіроўцам бензавоза, які ў чэрвені 2022 года ўрэзаўся ў вайсковы «Урал-4320» на трасе М8. Кіроўца грузавіка ехаў з перавышэннем хуткасці і пратараніў «Урал» з асабовым складам, які стаяў на ўзбочыне. Пацярпелі 12 чалавек: у чацвярых - менш цяжкія пашкоджанні, у семярых - цяжкія, а яшчэ двое атрымалі «незгладжальнае знявечанне твару і шыі».
Суд прайшоў 13 красавіка. Кіроўцу бензавоза прызналі вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці нанясенне цялесных пашкоджанняў. Яму пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Аднак у мужчыны дыягнаставалі анкалагічнае захворванне другой клінічнай групы (гэта пухліны, якія падлягаюць лячэнню).
Гэта дазволіла яму па медыцынскіх паказаннях трапіць пад амністыю ў сувязі з Днём народнага адзінства. Кіроўцу вызвалілі ад крымінальнай адказнасці.
Суд праявіў гуманнасць. Вінаватага ў аварыі з цяжкімі наступствамі для здароўя людзей адпусцілі на волю, бо ў яго рак, які лечыцца. У той жа час палітвязняў, якія часта сядзяць проста за каментары ці лайкі, не выпускаюць нават з чацвёртай стадыяй раку.
Пазбегнуць новых трагедый
Праваабаронцы ўжо не раз звярталі ўвагу на гэтую вострую праблему. Мала таго што людзей судзяць і саджаюць за краты з палітычных падставаў, што ўжо недапушчальна, - ім яшчэ і выносяць бязлітасныя прысуды, якія выракаюць іх на пакуты і нават смерць.
Асуджанага за лайк пад карыкатурай на Лукашэнку пінчука Мікалая Клімовіча, які памёр у калоніі, пахавалі 13 траўня. Гэта стала другой смерцю палітвязня ў калоніі (першым быў Вітольд Ашурак). І гэтай смерці можна было пазбегнуць, калі б прысуд суда быў хаця б гуманнейшы (пра справядлівасць гаварыць цяпер не даводзіцца).
«Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы праз захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы, каля года таму перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на наяўнасць у Мікалая названага захворвання і пры наяўнасці альтэрнатыўных відаў пакарання, не звязаных з пазбаўленнем волі, суддзя Пінскага раёна і горада Пінска Андрэй Бычыла прызначыў яму пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі, а Брэсцкі абласны суд пакінуў у сіле прысуд суда першай інстанцыі. Сам Мікалай, яго родныя і адвакат неаднаразова выказвалі занепакоенасць станам яго здароўя. Ён мусіў знаходзіцца пад наглядам доктара-кардыёлага і прымаць неабходныя лекі, аднак ва ўмовах калоніі, відавочна, гэта немагчыма», - канстатуе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў беларускіх месцах пазбаўлення волі пастаянна парушаюцца правы зняволеных на ахову здароўя, яны пазбаўленыя доступу да спецыялізаванай і высокатэхналагічнай меддапамогі, ды і для простай першаснай або неадкладнай меддапамогі ў калоніях часта няма належных умоваў і кваліфікаванага медперсаналу. Нават медагляд зняволеных праводзяць, хутчэй, для галачкі. Акрамя таго, неаказанне меддапамогі часта выкарыстоўваецца як форма ціску на зняволеных.
Нядаўна ўмовы яшчэ больш пагоршыліся, піша «Вясна»: Дэпартамент выканання пакаранняў 29 красавіка ўвёў абмежаванні (фактычна забарону) на перадачу змешчаным пад вартай у СІЗА медыцынскіх прэпаратаў - нібыта ўсё ёсць на месцы. Можна перадаваць толькі вітаміны і інсулін замежнай вытворчасці.
Праваабаронцы заклікалі Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт распачаць крымінальную справу па факце смерці Мікалая Клімовіча, правесці аб'ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для высвятлення прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадскасць пра яго вынікі.
Таксама праваабаронцы патрабуюць правесці праверку па іншых фактах парушэння права на ахову здароўя ў месцах пазбаўлення волі, прыняць меры ў дачыненні да вінаватых, дамагчыся выканання ў калоніях, СІЗА і ІЧУ Канстытуцыі і заканадаўства, забяспечыць належную меддапамогу, каб не дапусціць новых трагічных смерцяў у будучыні.
«Мы таксама заклікаем беларускіх суддзяў падчас прызначэння пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі, улічваць стан здароўя абвінавачаных», - заяўляе праваабарончая супольнасць Беларусі, падкрэсліваючы, што ўсе гэтыя патрабаванні не адмяняюць закліку неадкладнага вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Чытайце таксама