Мы мусім аб'яднацца, каб дапамагчы беларусам. Зварот рэдакцыі «Люстэрка»
29 лiпеня 2023 у 1690610400
«Зеркало»
Беларусы ўжо вельмі-вельмі шмат разоў гэта рабілі. Мы з вамі знаходзілі ў сабе сілы дапамагаць людзям вакол, не давалі ім адчуць сябе сам-насам са сваімі болем і страхам. Усе разам мы мянялі не толькі жыцці тых, каму патрэбная была дапамога, але і свае ўласныя - бо бачылі, што побач з намі вельмі шмат аднадумцаў. І сёння, 29 ліпеня, «Люстэрка» заклікае вас зрабіць гэта зноў - аб'яднацца і паказаць сілу салідарнасці. Нашая рэдакцыя разам з дзясяткамі іншых незалежных медыя і грамадскіх арганізацый запускае марафон дапамогі палітвязням і іх сем'ям «Нам не ўсё адно!». Мы будзем збіраць грошы для людзей, якіх беларускі рэжым усімі сіламі спрабуе ізаляваць. Улады хочуць, каб палітычныя зняволеныя і іх блізкія адчувалі сябе забытымі - і нам, беларусам, вельмі важна гэтага не дапусціць. Мы вельмі шмат разоў дапамагалі людзям - успомніце натхняльныя прыклады салідарнасці і заданацьце тым, каму гэта вельмі патрэбна проста цяпер.
За свае перакананні за кратамі цяпер знаходзяцца тысячы чалавек. Яны мусяць ведаць, што беларусы на іх не забыліся - падтрымайце збор для палітвязняў і іх сем'яў.
Тут падрабязнасці марафону і важная інфармацыя для чытачоў з Беларусі
Дзеля вашай бяспекі рэдакцыя «Люстэрка» заклікае не данаціць з картак беларускіх банкаў. Калі вы чытаеце гэта знаходзячыся ў Беларусі - вы ўжо робіце вельмі важную справу. Вы пераадольваеце страх і не даяце рэжыму прымусіць вас не глядзець вакол.
Грошы будуць збірацца на адзіны рахунак фонду «21 мая», створанага Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінета па сацыяльных пытаннях. Пасля яны будуць перададзеныя арганізацыям, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем'ям.
Мінімальнае ахвяраванне ўстаноўленае на ўзроўні 5 еўра для таго, каб не даць нядобразычліўцам заблакаваць кампанію па зборы сродкаў вялікай колькасцю маленькіх плацяжоў - яны выклікаюць падазрэнні ў аплатнай сістэмы, і яна спыняе прыём грошай.
Андрэй і снегавічкі
Пачнём з канца 2015-га, калі ўсім тэрмінова спатрэбіліся снегавічкі. Першымі рабіць іх пачалі 3-гадовы Андрэй Семіліт і яго мама Алёна. Улетку хлопчыку з украінскага горада Чаркасы паставілі дыягназ «востры лімфабласны лейкоз», ці рак крыві. Ратаваць дзіця яго сям'я даверыла дактарам з РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі. За лячэнне трэба было плаціць. Агульная сума складала каля 35 тысяч даляраў. Такіх грошай у родных дзіцяці не было, але правілы медустановы дазвалялі ўносіць аплату за месяц па факце знаходжання. Дактары ўзяліся за справу, а блізкія - за пошук патрэбных сумаў.
Набліжаўся Новы год, на той момант Андрэй ужо паўгода лячыўся ў Беларусі. Горад засыпала снегам, дзіцяці даводзілася ляжаць пад кропельніцамі па шэсць-восем гадзін. Каб у гэты час яго нечым заняць, Алёна купіла рыс, шкарпэткі, і яны з сынам пачалі рабіць снегавічкоў. Убачыўшы гэтыя цацкі, знаёмая сям'і прапанавала іх прадаваць і так адкладаць на лячэнне.
Алёна ў ідэі засумнявалася, але вырашыла паспрабаваць і напісала пост пра снегавічкоў у сваіх сацсетках. А далей адбыўся цуд: усім раптам спатрэбілася снегавічкі. Спачатку іх заказвалі ўкраінцы, затым да акцыі падключыліся беларусы. А потым запыты пайшлі з іншых краін і нават кантынентаў. Заказаў было так шмат, што на дапамогу маме і Андрэю прыйшлі дзясяткі валанцёраў. Адны рабілі цацкі, іншыя рассылалі іх адрасатам. У выніку патрэбную суму ўдалося хутка сабраць.
У снежні 2021-га Алёна расказвала блогу «Отражение», што яны з Андрэем жывуць у Гомелі.
Падапечныя інтэрната і грузавік шчасця
А памятаеце, як пад Новы год у 2016-м сотні людзей захацелі стаць чараўнікамі для людзей з розных аддзяленняў псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў № 3 Мінска у Навінках? 117 падапечных тады напісалі лісты са сваімі жаданнямі Дзеду Марозу. Мары ў іх былі простыя: памада, прымач, тэрмас, туш. Гэтыя пасланні тады настолькі ўразілі беларусаў, што яны прынеслі ў офіс TUT.BY неймаверную колькасць падарункаў. Для дастаўкі іх адрасатам давялося выклікаць грузавік. Складана апісаць, як былі шчаслівыя людзі з інтэрната. Дастаткова проста паглядзець відэа, ад якога да гэтага часу мурашкі.
Бабуля і ўнукі
У верасні 2017-га TUT.BY расказваў гісторыю бабулі Галіны Волкавай, якая ў 59 гадоў засталася адна з трыма маленькімі ўнукамі на руках. У жніўні яе дачка Вольга Жураўская нарадзіла двойню ў трэцяй радзільні Мінска. У яе ўжо быў старэйшы сын Багдан. Хлопчыку тады споўніўся год і 10 месяцаў. 4 верасня Вольга памерла ў бальніцы хуткай дапамогі.
Апеку на дзяцей аформіла бабуля. На той момант яе пенсія складала каля 350 рублёў. Каб падтрымаць Галіну Волкаву, неабыякавыя людзі сабралі праз краўдфандынгавую платформу talaka.by больш за 22 тысячы рублёў. Чытачы TUT.BY дасылалі ім пасылкі - вопратку і цацкі. Многія прыходзілі дадому - прыносілі грошы, падгузнікі, мыйныя сродкі. У Мінгарвыканкаме паабяцалі аформіць малых у садок каля дома.
Праз некалькі месяцаў пасля гэтай хвалі салідарнасці Людміла Ібраева, сястра Галіны Волкавай, успамінала:
- Людзі, якія адгукнуліся і падтрымалі нас у цяжкую хвіліну, нам далі сілы. І цяпер нашыя дзеткі растуць і развіваюцца. Усё ў іх ёсць: цацкі, харчаванне, калыскі. Усё ў іх будзе добра.
Любоў Данілаўна і Вольга
У лістападзе 2018-га TUT.BY расказваў гісторыю Любові Данілаўны Сукоры, якая даглядала хворую дачку. У 2012-м яе Волі рабілі аперацыю па выпраўленні прыкусу. За 15 хвілін, пакуль дзяўчына была без назірання дактароў, нешта адбылося - і ў пацыенткі наступіла кома. Праз каго ці праз што менавіта, Любоў Данілаўна так і не даведалася.
Праз некалькі гадзін пасля публікацыі на TUT.BY на пошту аўтара матэрыялу прыйшло 60 лістоў, раніцай наступнага дня іх было 123, а ўсяго за дзевяць дзён іх паступіла каля 200. Пісалі дактары і бізнесоўцы, музыкі і работнікі IT-сектара, супрацоўнікі банкаў і журналісты. Пісалі тыя, хто жыве побач - у Бараўлянах і Мінску, крыху далей - у Фаніпалі ці Брэсце, і зусім далёка - у ЗША і Канадзе.
Чытачы прапаноўвалі дапамогу - фінансавую і фізічную, цікавіліся, якія лекі і прадукты патрэбныя. Рэкамендавалі правераную сядзелку - і аплату хацелі ўзяць на сябе.
А тым часам дзверы ў доме Любові Данілаўны і Вольгі, лічы, не зачыняліся. Іх наведалі неабыякавыя чытачы TUT.BY, дактары з паліклінікі, шпіталя і хоспіса, міністр аховы здароўя, намеснік міністра працы і сацабароны. Любоў Данілаўна расказвала, што міністр аховы здароўя Валерый Малашка (узначальваў ведамства ў 2017−2019 гадах) паабяцаў, што Волі будуць даваць бясплатнае энтэральнае харчаванне, і прапанаваў легчы на абследаванне ў Мінскую абласную бальніцу. Любоў Данілаўна адмовілася, але ў Волі з'явілася сядзелка.
І ўпершыню за доўгі час мама, якой у снежні 2018-га споўнілася 76, змагла выйсці на вуліцу і, не спяшаючыся, схадзіць у краму, падыхаць паветрам.
Летам 2020-га Любові Данілаўны не стала. Незадоўга да гэтага пайшла з жыцця Вольга.
Ілля і супергероі з 6 «А»
Узімку 2019-га многіх узрушыла гісторыя Іллі Давідовіча, вучня 6 «А» класа СШ № 161. У хлопчыка выявілі рак галаўнога мозгу. Яму патрабавалася тэрміновае лячэнне за мяжой. Каштавала яно каля 100 тысяч даляраў.
Знайсці грошы трэба было вельмі хутка, і тут на дапамогу дарослым прыйшлі дзеці. Аднакласнікі хлопца, даведаўшыся пра хваробу, вырашылі яго падтрымаць. Пасля ўрокаў і ў выхадныя яны раздавалі ўлёткі з заклікамі дапамагчы мінакам у метро, гандлёвых цэнтрах і на вуліцах. Тады многіх кранула гэтая дзіцячая салідарнасць, а неабходную суму сабралі за тыдзень.
У 2019-м, паводле версіі чытачоў TUT.BY, дзеці 6 «А» сталі «Героямі года».
COVID-19, выбары і беларусы
У 2020-м межы беларускай салідарнасці пашырыліся настолькі, што нават уявіць складана. Усё пачалося з COVID-19. Чым мацней краіну накрывала першая хваля каранавіруса, тым больш беларусы ўсведамлялі: іх хата далёка не з краю.
З'явіліся ініцыятывы, якія дапамагалі медыкам. У валанцёры тады запісваліся настаўнікі, прадаўцы, харэографы, айцішнікі і вядоўцы вяселляў. Адны шылі для супрацоўнікаў бальніц сродкі індывідуальнай абароны, іншыя дактарам гатавалі, трэція друкавалі на 3D-прынтарах дэталі для ахоўных шчыткоў. Беларусы дапамагалі медыкам да працы, пасля, а часам і замест яе. Толькі на дабрачынны рахунак Мінздароўя на барацьбу з COVID-19 за два месяцы звычайныя людзі, вялікія і маленькія кампаніі пералічылі больш за 5,7 мільёна рублёў.
Крыху адышлі ад пандэміі, пачаліся выбары. Беларусы плячом да пляча стаялі ў чэргах, выходзілі на акцыі, збіралі на штрафы і нават хавалі ў кватэрах незнаёмцаў, якія ўцякалі ад людзей у балаклавах. Часам гэта прыводзіла да кур'ёзных сітуацый. Пасля лістападаўскага шэсця адна з мінчанак напісала ў Facebook, што, уцякаючы ад сілавікоў, яны трапілі ў кватэру, дзе адзначалі другі дзень вяселля. Гаспадары не толькі пусцілі іх у дом, але і пачаставалі шампанскім і закускамі.
У той год, напэўна, як ніколі ўбачылі, якія яны - сапраўдныя беларусы.
Цёмныя часы і добрыя сэрцы
З таго часу сітуацыя з кожным годам станавілася ўсё складанейшай. Усё больш беларусаў незаконна аказвалася за кратамі, пазбаўлялася працы, краіны, а часам нават родных толькі таму, што ў 2020-м яны выказаліся супраць гвалту і выйшлі на вуліцу, каб мірна адстаяць скрадзеныя галасы, або ў 2022-м сказалі «Не вайне!».
Цёмныя часы працягваюцца і невядома калі скончацца, але беларусы па-ранейшаму гатовыя дапамагаць адно аднаму. Цяпер гэта стала складаней, а часам і небяспечна. І ўсё ж у траўні гэтага года ўсяго за восем гадзін вы сабралі 15 тысяч еўра, якія былі патрэбныя сям'і палітзняволенага заснавальніка Symbаl. bу Паўла Белавуса. У ліпені падтрымалі блізкіх памерлага мастака Алеся Пушкіна, які восем месяцаў знаходзіўся ў турме № 1 у Гродне. Не пакінулі ў бядзе і мінчанку Волю Дземку, якая жыве ў ЗША і некалькі гадоў змагаецца з рэдкім імунным захворваннем. А яшчэ не забывалі і не забываеце пра людзей, якія звярнуліся па дапамогу ў BYSOL.
Вядома, немагчыма ахапіць увесь свет, сказаў нам у інтэрв'ю пратэстанцкі пастар Тарас Цялькоўскі, але можна дапамагаць усім, пачынаючы з дапамогі аднаму чалавеку. Мы ў гэта верым. Хутчэй за ўсё, вы таксама. Давайце паспрабуем гэта зрабіць.