Як перажыць расстанне і ці будуць адносіны ранейшымі? Псіхіятр — пра сітуацыю, калі блізкі чалавек у эміграцыі або ў зняволенні
29 лiпеня 2023 у 1690624800
«Зеркало»
Ужо тры гады Беларусь перажывае беспрэцэдэнтныя хвалі эміграцыі і арыштаў - тысячы сем'яў вымушана аказваюцца разлучаныя. Дзеці не могуць убачыцца з бацькамі, жонкі - з мужамі. Сувязь з сябрамі таксама страчваецца. Цяпер камунікацыя паміж блізкімі нярэдка альбо адбываецца анлайн (у выпадку эміграцыі), альбо наогул адсутнічае (калі чалавек за кратамі). «Люстэрка» пагаварыла з псіхіятрам Сяргеем Паповым пра тое, як у такіх сітуацыях захаваць ранейшыя адносіны і чым працяглае расстанне можа абярнуцца для нас.
Рэдакцыя «Люстэрка» разам з дзясяткамі іншых незалежных медыя і грамадскіх арганізацый запускае марафон дапамогі палітвязням і іх сем'ям «Нам не ўсё адно!». Мы будзем збіраць грошы для людзей, якіх беларускі рэжым усімі сіламі спрабуе ізаляваць. Улады хочуць, каб палітычныя зняволеныя і іх блізкія адчувалі сябе забытымі - і нам, беларусам, вельмі важна гэтага не дапусціць. Дапамажыце людзям, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні.
Тут падрабязнасці марафону і важная інфармацыя для чытачоў з Беларусі
Дзеля вашай бяспекі рэдакцыя «Люстэрка» заклікае не данаціць з картак беларускіх банкаў. Калі вы чытаеце гэта знаходзячыся ў Беларусі - вы ўжо робіце вельмі важную справу. Вы пераадольваеце страх і не даяце рэжыму прымусіць вас не глядзець вакол.
Грошы будуць збірацца на адзіны рахунак фонду «21 мая», створанага Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінета па сацыяльных пытаннях. Пасля яны будуць перададзеныя арганізацыям, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем'ям.
Мінімальнае ахвяраванне ўстаноўленае на ўзроўні 5 еўра для таго, каб не даць нядобразычліўцам заблакаваць кампанію па зборы сродкаў вялікай колькасцю маленькіх плацяжоў - яны выклікаюць падазрэнні ў аплатнай сістэмы, і яна спыняе прыём грошай.
«Як бы ні хацелася, ранейшага ўзроўню адносін ужо не будзе»
- Як доўгае расстанне можа адбіцца на адносінах блізкіх людзей? І ці ёсць розніца, была яна раптоўнай (праз арышт, напрыклад) ці чаканай - з прычыны эміграцыі?
- Калі мы гаворым пра расстанне, пра адносіны на адлегласці, то закранаем два вельмі важныя псіхічныя механізмы - прывязанасці і сепарацыі, то-бок расстання ці страты. Прывязанасць - гэта не проста нейкі псіхалагічны стан як, напрыклад, звычка. Насамрэч гэта вельмі складаны механізм, які працуе не толькі на псіхалагічным, але і на біялагічным узроўні. Імкненне да прывязанасці, пошук «іншага» - адно з інстынктыўных імкненняў чалавека, прадыктаванае прыродай.
Калі сувязь з блізкімі людзьмі - партнёрамі, дзецьмі, бацькамі - больш ці менш нармальная, надзейная і моцная, гэта павышае стрэсаўстойлівасць, дае пачуццё агульнай бяспекі. Чалавеку лягчэй даваць рады складанасцям, пераменам, фрустрацыі. І наогул такі чалавек смялейшы, лягчэй ідзе да нечага новага. Таму расстанне нельга недаацэньваць. Яно ніколі не праходзіць бясследна. Любое расстанне з «аб'ектам прывязанасці» выклікае велізарную колькасць розных рэакцый.
Гэтыя рэакцыі моцна залежаць ад жыццёвай гісторыі канкрэтнага чалавека. Можна прывесці такі прыклад. Адны дзеці лёгка застаюцца ў дзіцячым садку, іншыя - не. Прычына простая: першыя разумеюць, што яны не адны, мама і тата дзесьці ёсць і ўвечары яны да іх вернуцца, а для другіх адыход мамы робіцца стрэсам, з'яўляецца адчуванне, што нікога не засталося. У дарослых людзей гэта працуе прыкладна гэтак жа.
Рэакцыі на расстанне можна ўмоўна падзяліць на тры тыпы: адаптыўны, умоўна адаптыўны і неадаптыўны. Першы звязаны з надзейнай прывязанасцю: пры расстанні пачуццё прысутнасці блізкага не знікае. Вядома, чалавек перажывае, сумуе, трывожыцца, нават злуецца, але гэтыя пачуцці не такія моцныя. І ён захоўвае здольнасць да актыўнага жыцця.
Другі тып - умоўна адаптыўны - часцей сустракаецца, калі ў досведзе чалавека былі балючыя расстанні. Адпаведна, калі зноў узнікае такая сітуацыя, пачуццё прысутнасці іншага досыць хутка пачынае страчвацца. Гэта выклікае вельмі моцную эмацыйную рэакцыю. У першую чаргу - трывогу і злосць. І ў выніку могуць развівацца дэпрэсія, трывожныя разлады, таксама можа сур'ёзна пацярпець сацыяльная актыўнасць, знізіцца стрэсаўстойлівасць.
Для людзей з трэцім, неадаптыўным, тыпам расстанне абсалютна невыноснае. У іх развіваецца цяжкая дэпрэсія, страчваецца сэнс жыцця, могуць развіцца псіхозы. Але гэта рэдкі тып. Пераважаюць усё ж першы і другі.
І калі далей гаварыць пра планавыя і раптоўныя расстанні, то апошнія, безумоўна, нашмат цяжэй перажыць. Таму што чалавек страчвае будучыню ў адзін момант. Мы жывём, у нас ёсць нейкае бачанне заўтрашняга дня, нейкі план. І вось ён развальваецца - гэта велізарны стрэс. Нават мінулае аказваецца пад пагрозай, бо без будучыні ў ім не відаць сэнсу. А гэта - страта большай часткі ўнутраных апораў. Запланаванае расстанне дае людзям хоць нейкую магчымасць перабудаваць будучыню, памяняць планы і потым жыць імі.
- Калі мы гаворым пра эміграцыю, ці ёсць спосабы захоўваць камунікацыю на тым жа ўзроўні, знаходзячыся ў розных краінах?
- Як бы ні хацелася, усё ж важна прызнаць, што ранейшага ўзроўню адносін не будзе. Патрэбная фізічная прысутнасць, патрэбныя позіркі, дотыкі, пацалункі, кантакт на цялесным узроўні. Таму расстанне фізічнае, нават калі ёсць камунікацыя, змяняе адносіны.
Вядома, лепш званкі, чым нічога. Гэта хаця б падтрымае вобраз, што блізкі чалавек ёсць, дазволіць фантазіраваць, захоўваць унутраны дыялог. Але адначасова ўсё гэта можа вярэдзіць рану і выклікаць раздражненне.
Старайцеся не замяняць званкі па відэасувязі тэкставымі паведамленнямі, як гэта цяпер распаўсюджана. З пункту гледжання нейрафізіялогіі невербальная камунікацыя грае значную ролю: калі мы бачым чалавека, мы адчуваем мноства эмоцый, рэакцый. То-бок вельмі важна банальна глядзець адно на аднаго. Гэта як у эпоху да інтэрнэту мы насілі фатаграфію блізкага чалавека з сабой. Цяпер у нас ёсць магчымасць ужывую бачыць яго ў рэальным часе - трэба гэтым карыстацца.
Пераход на тэкставыя паведамленні можа быць ахоўнай функцыяй. Спробай пазбегнуць пачуццяў, якія закранаюць траўму. Але важна разумець, што чым даўжэй гэтая тэкставая камунікацыя працягваецца, тым больш людзі пачынаюць жыць ва ўласных адрозных рэальнасцях. У нейкі момант іншы бок становіцца фантомам, які стварыў твой мозг - гэта яшчэ больш аддаляе.
«Важны фізічная складнік: не варта спадзявацца толькі на гаджэты»
- Ці могуць людзі збоку дапамагчы, калі сувязь паміж блізкімі страчваецца ці ўзнікаюць праблемы і непаразуменне? Ці ў асабістае лепш не ўмешвацца?
- Ведаеце, калі б вы спыталі мяне пра гэта ў іншы час, калі не было вайны, міграцыйнай хвалі, затрыманняў, парушэнняў правоў чалавека, тады я б сказаў, што ўмешвацца не трэба. Хай кожны сам вырашае. Але сёння я кажу, што любыя спосабы падтрымліваць сувязь важныя. Бо цяпер так шмат адштурхоўвальных сіл у жыцці людзей: і знешніх, і ўнутраных.
Карысная любая дапамога, любая ініцыятыва, любыя словы, калі яны дапамогуць злучыць двух людзей. Ці прымусяць задумацца: а можа, патэлефанаваць? Але важна гэта рабіць не гвалтоўна, не вінаваціць, а проста нагадваць, падымаць тэму. Яшчэ можна служыць перадатчыкам. Напрыклад, адно дзіця камунікуе з бацькамі цесна, а другое адгароджваецца. Тады можна нават мімаходзь у размове згадваць: вось я тэлефанаваў бацькам, пыталі пра нешта, мы абмеркавалі такую тэму і гэтак далей.
І яшчэ адзін момант. Калі чалавек адгароджваецца, гэта не заўсёды прыкмета таго, што камунікацыя яму не патрэбная. «Пакінь мяне ў спакоі» можа быць, наадварот, заклікам - «не пакідайце мяне».
- Дарэчы, пра дзяцей: у многіх палітвязняў яны ёсць. А некаторыя, калі іх дзеці ўжо дастаткова дарослыя, эмігруюць без іх. У любым выпадку сувязь з роднымі слабее. Якую стратэгію выбраць, каб дзіця ўспрымала аднаго з бацькоў на адлегласці па-ранейшаму?
- З дзецьмі трэба быць сумленнымі. Часта бывае такое, што хочацца прыдумаць нейкую гісторыю, каб палегчыць перажыванні дзіцяці. Але казаць трэба як ёсць, не выбудоўваць ілжывую камунікацыю. Дзеці ўсё адчуваюць, і гэта будзе толькі аддаляць. У гэтым плане з падлеткамі трохі прасцей. Ім ужо не так патрэбныя дарослыя і яны больш разумеюць рэальнасць.
Калі бацькі не ў турме і ёсць магчымасць камунікаваць, то вельмі важны фізічны складнік. Не варта спадзявацца толькі на гаджэты: дасылайце адно аднаму падарункі, пасылкі - усё тое, што дае адчуванне фізічнай блізкасці. Маленькае дзіця з радасцю, я ўпэўнены, напіша што-небудзь, намалюе ці змайструе і потым, напрыклад, тата пакажа яму: вось, я атрымаў тваю пасылку.
Важны яшчэ фактар пастаянства камунікацыі. Чым часцей, тым лепш. Нават нягледзячы на нейкі дыскамфорт. Я не бачу іншага спосабу, акрамя як проста часта стэлефаноўвацца. Нават калі няма пра што гаварыць. Паволі гэтае агульнае пачне фармавацца. Абмяркоўвайце нейкія планы, нават самыя дробныя, аж да таго, што будзе заўтра ў школе. Або гуляйце: анлайн ці ў настолкі. А яшчэ лепш - рабіце відэаканферэнцыі, дзе ўся сям'я збіраецца і ўсе размаўляюць адно з адным.
Самыя складаныя выпадкі - калі бацька ці маці ў зняволенні. Мы не можам патрабаваць, асабліва ад маленькіх дзяцей, каб яны гэтую сувязь захоўвалі. Ім патрэбная фізічная прысутнасць. Але ёсць вялікая задача другога з бацькоў або родных: захоўваць памяць. Каб чалавек быў, як той казаў, на павестцы. Пастаянна пра яго ўспамінаць, згадваць у размовах і штодзённых справах. Ну і фатаграфіі нейкія сумесныя, рэчы, то-бок матэрыяльнае пацверджанне таго, што чалавек быў і ёсць.
«За час расстання людзі пражываюць свае асобныя жыцці. Гэта нармальна»
- Ці можна неяк не астыць да чалавека, не маючы нават магчымасці нармальна з ім пагаварыць? Вядома, гаворка пра сітуацыю, калі блізкі ў зняволенні, не ў эміграцыі.
- У такіх выпадках вельмі шмат болю, бяссільнасці і гневу. Гэтыя пачуцці вельмі разбуральныя, і жыць з імі вельмі складана. Я думаю, тут першачарговая задача - змагацца за чалавека. Вельмі важны працэс і для сваякоў, і для тых, хто ў турме, калі ідзе пастаяннае згадванне гэтай тэмы і канкрэтных людзей. Глядзіце - чалавек жывы, проста недаступны. Гэта захоўвае сувязь з ім. Таму я вельмі падтрымліваю любыя ініцыятывы ўсіх праваабарончых арганізацый. І, мне здаецца, важна ўключаць сваякоў у гэтую актыўнасць.
І другое - гэта дапамога агульных сяброў. Хтосьці ў турме, а яго сябры падтрымліваюць не толькі зняволенага, але і яго блізкіх. Гэтая канструкцыя таксама дапамагае захоўваць сувязі.
Для самога сваяка ці блізкага важна яшчэ ўнутрана звяртацца да таго, хто недаступны. Пісаць пасланні, лісты, кнігу ўрэшце - нават калі гэта будзе складвацца ў стол. Няважна. Потым ён прыйдзе, яму можна будзе ўручыць - вось, гэта я табе пісаў.
- Дарэчы, пра сустрэчу, якая рана ці позна адбудзецца. Радасць ад самога моманту калі-небудзь пройдзе, але што можа чакаць людзей далей?
- Важна не жыць марай: маўляў, вось мы сустрэнемся - і ўсё будзе як раней. Бо, жывучы такой марай, мы потым адчуваем велізарную фрустрацыю пры сустрэчы. Радасць ад моманту, на жаль, можа прайсці вельмі хутка. За некалькі гадзін. А за час расстання, асабліва доўгага, людзі пражываюць свае асобныя жыцці. І давядзецца зноў знаёміцца, прывыкаць адно да аднаго, пераадольваць сарамлівасць, няёмкасць, недавер.
Важна прызнаваць, што гэта нармальна. Ні ў якім разе не вінаваціць адно аднаго. Наладзіць зносіны дапаможа апора на сумеснае мінулае, якое было да расстання. «А памятаеш, як было? Глядзі якія мы тут на фотаздымках», - такія размовы.
Уз'яднанне - складаны працэс. Спачатку будуць радасць, слёзы, а потым - сум і разуменне, што ўнутраны вобраз блізкага не адпавядае рэальнасці. Часам, на жаль, магчыма, нічога не атрымаецца вярнуць. Да гэтага таксама трэба быць гатовым.
- Некаторыя людзі прыцягваюць увагу сілавікоў праз тое, што забылі пачысціць тэлефон, не выдалілі фота з пратэстаў. Гэта нармальна, калі ў такіх выпадках блізкіх наведваюць думкі накшталт: «А чаму ён (яна) не падумаў(а) пра нас»?
- Калі адносіны да таго былі добрыя, то такая сітуацыя наўрад ці ім зашкодзіць. Калі ў адносінах ужо была расколіна, яна проста разрасцецца. Адзінае - трэба прытрымлівацца залатога правіла адносна блізкіх людзей: што б яны ні нарабілі, спачатку выратуем, а потым будзем разбірацца.
Так і тут. Я б адклаў пачуцці незадаволенасці ці злосці на потым. Спачатку заняўся б ратаваннем. Дапамогай, якая жыццёва неабходная. Тым больш што гэта дапаможа трансфармаваць пачуцці ў канструктыўную энергію. Не будзе калі бясплённа думаць пра негатыўнае.
Дарэчы, злосць можа быць яшчэ на органы, на сілавікоў і на ўладу, на рэжым. Але цяпер праявы адкрытай злосці ў тым кірунку шмат у чым бессэнсоўныя і нават небяспечныя. Зноў жа важна перанакіраваць думкі на карыснае дзеянне - гэта дапаможа ўсім у такой сітуацыі.
- Зняволенне ў любым выпадку змяняе чалавека. Як падрыхтавацца да сустрэчы блізкага пасля выхаду на волю?
- Перш за ўсё трэба набрацца цярпення. Чалавеку пасля турмы давядзецца вяртацца ў калісьці звыклую, а цяпер новую для яго рэальнасць. То-бок важна, каб чалавек сам сябе ў ёй пачаў знаходзіць. Мне здаецца, тут самае важнае - не прыспешваць, а ісці за ім. Чакаць, пакуль ён адкрыецца, пакуль спакойна пачне спаць. Яму нават гэты ложак - чужы. А яшчэ старацца быць добрым слухачом без стрыжня. Чалавек фізічна вярнуўся, але яшчэ не цалкам. Насамрэч там столькі нюансаў. Я па сабе памятаю: прачынаешся, а 6-й раніцы і не разумееш, дзе ты, чаму падушка мяккая…
Людзі - вельмі адаптыўныя істоты. Урэшце яны прывыкаюць да ўсяго новага, а старое забываюць. І найлепшая парада [блізкім] - нічога не рабіць. Быць на крок ззаду, не штурхаць. У выніку ўсё вернецца да добрага. Не адразу, бо хутка - заўсёды балюча і цяжка.
- З'ехала велізарная колькасць людзей - разарваліся сямейныя сувязі. Камунікацыя са сваякамі звялася да анлайну. Няма сямейных сустрэч, святаў. Унукі пазбаўленыя зносін з бабулямі і дзядулямі. Як усё гэта ў цэлым можа паўплываць на беларусаў? Можа, ёсць прыклады ў гісторыі, якія дазваляюць выказаць здагадку, як гэта адаб'ецца на нашых будучых пакаленнях?
- Расстанні і страты суправаджалі ўсё дваццатае стагоддзе ў нашай краіне: грамадзянская вайна, рэвалюцыя, трыццатыя з перамяшчэннямі і рэпрэсіямі, калі сем'і разлучалі… Хтосьці знікаў, хтосьці вяртаўся з лагераў праз дзясяткі гадоў. Потым Другая сусветная - і зноў жа незлічоныя расстанні і страты. Гэта не магло не выклікаць вельмі цяжкіх наступстваў.
У новых пакаленнях тады мацнелі несвядомыя перакананні, што адносіны - гэта не тое, на што можна спадзявацца, не тое, што ўзбагачае, супакойвае, здымае трывогу і лечыць, дае пачуццё прыналежнасці і ідэнтычнасці. Хутчэй, наадварот - што гэта нешта небяспечнае, якое выклікае больш трывогу і страх. Сёння ўсё зноў паўтараецца, але яшчэ ідзе расчалавечванне людзей з боку рэжыму: хоць бы дзяржаўная ідэалогія, што жанчына павінная нараджаць. Абсалютна функцыянальнае стаўленне.
Іншы чалавек пасля ўсяго гэтага будзе ўспрымацца не як асобная істота, з якой можна разам будаваць і ствараць жыццё, а як крыніца чагосьці, што мне трэба. То-бок фармуецца функцыянальнае стаўленне адно да аднаго. Фактычна закладваюцца асновы перверзнага (ненармальнага. - Заўв. рэд.) грамадства. Гэта калі іншы чалавек мне патрэбны толькі таму, што ў яго ёсць нешта, што я магу выкарыстаць.
Што з гэтым рабіць? Ну, па-першае, называць рэчы сваімі імёнамі. Інакш змяняецца разуменне нормы. Дзецям асабліва складана вызначыцца, што добра, а што кепска. А другое - па магчымасці захоўваць сувязь адно з адным. Нягледзячы на тое, што і рэжым, і нашая занятасць, і нашая стомленасць ад інфармацыйнага шуму працуюць на раз'яднанне. Старайцеся знаходзіць час для зносін. Адкладайце справы дзеля гэтага. Ідзіце на кантакт, нават калі не атрымліваецца. Спрабуйце зноў і зноў. Не давайце сувязям распадацца канчаткова.
Чытайце таксама