Пойдуць вайной на Польшчу ці будуць штурмаваць Мінск? Разбіраемся, што будзе з ПВК Вагнера пасля гібелі Прыгожына
24 жнiўня 2023 у 1692887400
«Зеркало»
Гібель уладальніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына і камандзіра гэтага падраздзялення Дзмітрыя Уткіна - мяркуючы з усяго, ужо бясспрэчны факт. Страта фігур такога ўзроўню фактычна пакінула без камандавання некалькі тысяч вагнераўцаў - і цяпер як мінімум частка з іх знаходзіцца ў Беларусі. Спрабуем разабрацца, чаго чакаць ад наймітаў абезгалоўленай ПВК найбліжэйшым часам, - для гэтага мы сабралі ўсе магчымыя сцэнары.
Што вядома на гэты момант
23 жніўня каля 19.30 паводле мінскага часу ў Балагоўскім раёне Цвярской вобласці Расіі разбіўся бізнес-джэт Embraer Legacy 600, які належаў заснавальніку ПВК Вагнера Яўгену Прыгожыну. Сярод магчымых прычын падзення называюць збіццё самалёта расійскай сістэмай супрацьпаветранай абароны, тэракт на борце паветранага судна або нейкія тэхнічныя непаладкі.
У самалёце знаходзіліся дзесяць чалавек: сам Прыгожын, вайсковы камандзір ПВК Вагнера Дзмітрый Уткін (менавіта яго пазыўны Вагнер даў назву арміі наймітаў), Валерый Чакалін (якога называюць набліжаным да Прыгожына чалавекам, што адказваў за лагістыку, а таксама кіраўніком службы бяспекі бізнесоўца), чатыры вагнераўцы і экіпаж з трох чалавек, уключаючы бортправадніцу. Усе яны загінулі - судмедэксперты ўжо апазналі рэшткі.
Асноўныя сілы вагнераўцаў знаходзяцца альбо ў адпачынках, альбо ў намётавым лагеры на тэрыторыі Беларусі (пад Асіповічамі), які пачалі ўзводзіць яшчэ ў канцы чэрвеня - праз лічаныя дні пасля хуткаплыннага мяцяжу Прыгожына. Наколькі можна меркаваць з наяўнай інфармацыі, «беларуская» частка ПВК Вагнера пакуль не пакідала і не згортвала сваіх лагераў у нашай краіне.
Праект маніторынгу ваеннай актыўнасці «Беларускі Гаюн» паведаміў пра праблемы з мабільным інтэрнэтам у раёне вёскі Цэль, дзе размяшчаецца лагер. Іншыя тэлеграм-каналы, спасылаючыся на ўкраінскі «Цэнтр нацыянальнага супраціву», пісалі пра магчымае згортванне часткі баз наймітаў і пра тое, што вагнераўцы нібыта фармуюць аўтакалоны і ідуць у кірунку мяжы з Расіяй. Ніякіх пацверджанняў гэтай інфармацыі так і не было.
Таксама «Беларускі Гаюн» паведамляў пра прыбыццё ў Беларусь расійскага ваенна-транспартнага самалёта Іл-76 (першага за апошні месяц) - машына прызямлілася ў Мачулішчах у 20.55. Шэраг тэлеграм-каналаў выказаў здагадку, што борт прыляцеў для эвакуацыі размешчаных наймітаў. Набліжаны да беларускіх сілавых структур тэлеграм-канал «Беларускі сілавік» гэтую інфармацыю абверг.
Неўзабаве той жа канал напісаў, што Іл-76 прыляцеў у рамках мерапрыемстваў АДКБ. Хутчэй за ўсё, гаворка пра аператыўна-стратэгічнае вучэнне «Баявое братэрства - 2023», якое пройдзе ў Беларусі з 1 да 6 верасня. У ім будзе задзейнічана больш за 2500 вайскоўцаў і больш за 500 адзінак узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Вучэнні пройдуць на палігонах Брэсцкі, Гожскі, Даманаўскі, Абуз-Лясноўскі, Чапялёва і Лясішча.
Днём 24 жніўня, паводле паведамлення ўсё той жа групы «Беларускі Гаюн», лагер пад Асіповічамі істотных зменаў не зведаў, масавага адыходу наймітаў не адбылося. Разам з тым з 1 жніўня працягваецца паступовы дэмантаж намётаў вагнераўскага лагера - пра гэта сведчаць спадарожнікавыя здымкі (але гэты працэс не імгненны і наўрад ці наўпрост звязаны з падзеннем джэта Прыгожына).
Што цяпер будуць рабіць вагнераўцы? Яны застануцца ў Беларусі?
У поўным складзе - дакладна не. Для групоўкі наймітаў на некалькі тысяч чалавек на тэрыторыі нашай краіны наўрад ці знойдуцца задачы. Яшчэ калі лагер у Цэлі толькі ўзводзіўся, а прыбыццё наймітаў туды было толькі адным з варыянтаў, мы пісалі, што Беларусь з велізарнай імавернасцю стане для вагнераўцаў хіба перавалачным пунктам. Асноўныя бізнес-інтарэсы Яўгена Прыгожына (і, відавочна, астатняй вярхушкі ПВК) з Беларуссю ніколі звязаныя не былі.
Праўда, збоку можа падацца, што вагнераўцы знайшлі сваю нішу ў беларускіх сілавых структурах - яны актыўна трэніруюць розныя часткі нашага войска, напрыклад сілы спецыяльных аперацый або тэрытарыяльную абарону. Цалкам магчыма, што для часткі наймітаў усё скончыцца атрыманнем сініх пашпартоў і пераходам на службу ў адну з сілавых структур, падкантрольных Аляксандру Лукашэнку. Нядаўна журналістцы «Настоящего времени» ўдалося пагаварыць з наймітам-вагнераўцам, які знаходзіцца ў лагеры пад Асіповічамі, - ён расказаў, што байцам ПВК «грамадзянства даюць па жаданні, наогул красава».
Нават калі вагнеравец перабольшыў, пераход пэўнай невялікай часткі наймітаў у беларускае грамадзянства і інтэграцыя ў сілавыя структуры цалкам рэальныя. Прэцэдэнты ёсць: дзякуючы расследаванням вядомага беларускага журналіста (цяпер палітвязня) Дзяніса Івашына стала вядома пра тое, што ў шэрагах мінскага АМАПа служаць былыя супрацоўнікі ўкраінскага спецпадраздзялення «Беркут» - шарагоўцы і афіцэры. «Беркут», які не здолеў разагнаць «Рэвалюцыю годнасці» ў 2013−2014 гадах, быў расфармаваны, а малая частка яго экс-байцоў асела ў Беларусі.
Так можа быць і з вагнераўцамі - пэўнай невялікай колькасці могуць прапанаваць застацца. Пра гэта, у прыватнасці, згадвае экс-дыпламат і супрацоўнік Цэнтра новых ідэй Павел Мацукевіч - на яго думку, «чысты» пашпарт, дармовае жыллё і кар'ерныя магчымасці могуць спакусіць некаторых байцоў (а Крэмль наўрад ці будзе гэтаму перашкаджаць).
Усіх, праўда, так узяць не атрымаецца - столькі настаўнікаў не патрабуецца, а грошай найміты прывыклі атрымліваць шмат. Ужо згаданы вагнеравец, які размаўляў з журналісткай «Настоящего времени», расказаў пра заробак 24 000 беларускіх рублёў - то-бок больш за сем тысяч даляраў на месяц.
Няцяжка палічыць, што пры такіх лічбах армія нават на пяць-сем тысяч байцоў будзе толькі на заробкі штомесяц патрабаваць 30−50 мільёнаў даляраў. Для Беларусі гэта занадта шмат. Паводле іншых звестак, зарплаты наймітаў цяпер ледзь не ў дзесяць разоў меншыя, і яны гэтым незадаволеныя (жонкі наймітаў скардзяцца таксама, што грошы прыходзяць са спазненнем). Так ці інакш, далейшае жыццё ўсёй групоўкі наймітаў у нашай краіне па-ранейшаму цяжка ўявіць.
Таму самым імаверным варыянтам застаецца больш-менш хуткі адыход ПВК Вагнера з Беларусі. Яшчэ да гібелі Прыгожына і Уткіна стала вядома, што вагнераўцаў, якія знаходзяцца ў лагеры пад Асіповічамі, адпраўляюць у адпачынкі або ў рэзерв перад новымі камандзіроўкамі (відаць, у Афрыку).
Пры гэтым зусім неабавязкова, каб для адпраўкі ў афрыканскія краіны найміты былі байцамі ПВК Вагнера. Тэлеграм-канал Grey Zone, блізкі да вагнераўцаў, яшчэ 19 ліпеня апублікаваў некалькі пастоў, сутнасць якіх зводзілася да простага: расійскае Мінабароны хоча ўласнымі ПВК замясціць Прыгожына не толькі пад Бахмутам, але і ў Афрыцы.
Паводле аўтара, шматлікім наймітам цяпер паступаюць званкі ад розных ПВК з прапановай завербавацца на афрыканскі кантынент. Тлумачыцца, што вярбоўка ідзе ад імені вядомай ПВК «Рэдут», якая працуе пад непасрэдным патранатам Мінабароны РФ.
Таксама набіраюць байцоў у раней няісную ПВК «Расійскі экспедыцыйны корпус», што нібыта створаная на аснове адной з «перадавых брыгад спецназа Расіі». У ліку камандзіраў, якія «здрадзілі» справе ПВК Вагнера, згадваецца Андрэй Трошаў з пазыўным «Седой» і былы кадравік вагнераўцаў «Хрусталь», які цяпер непасрэдна займаецца вярбоўкай наймітаў у Мінабароны.
«Седой» сапраўды існуе - яго называюць адным з заснавальнікаў ПВК Вагнера. 9 снежня 2016 года Андрэй Трошаў разам з іншымі камандзірамі арміі Прыгожына сфатаграфаваўся з Пуціным падчас урачыстага прыёму, прысвечанага ўшанаванню герояў Расіі. Гэтая фатаграфія ўжо стала знакамітай.
Акрамя Трошава на фота прысутнічае камандзір штурмавікоў-вагнераўцаў «Ратибор», ён жа Аляксандр Кузняцоў, а таксама Аляксандр Багатаў з пазыўным «Бродяга» (камандаваў у ПВК Вагнера разведвальна-штурмавой ротай, страціў руку ў выніку памылковага налёту расийскай авіяцыі) і сам Вагнер - Дзмітрый Уткін, які загінуў учора разам з Прыгожыным. «Седой» у 2017 годзе стаў вядомы тым, што быў знойдзены на вуліцы Санкт-Пецярбурга ў стане моцнага ап'янення з некалькімі мільёнамі расійскіх рублёў і картамі Сірыі.
На гэты момант, паводле аўтараў блізкіх да наймітаў каналаў, самую актыўную дзейнасць разгарнуў менавіта «Седой», які змяніў бок і людзі якога вярбуюць вагнераўцаў у «Рэдут». Дзмітрый Уткін, лаяльны да Яўгена Прыгожына, загінуў разам з ім, а «Ратибор» і «Бродяга» не праяўляюць медыйнай актыўнасці. З камандзіраў наёмнай арміі, якія засталіся ў Беларусі, вядомы Сяргей Чубко з пазыўным «Пионер» - наколькі яго ўплыў у былой прыгожынскай арміі вялікі і ці зможа (і ці стане) ён пярэчыць працэсу «нацыяналізацыі» ПВК Вагнера, незразумела.
Больш за тое, нават калі яму ўдасца захаваць групу, адкрытым застанецца пытанне грошай (да прыкладу, асобным пытаннем на тэрмінова скліканым пасля гібелі Прыгожына і Уткіна савеце камандзіраў ПВК Вагнера было пытанне, дзе ўзяць грошай, каб заплаціць асабоваму складу). Так што будучыня застаецца цьмянай: журналіст «Дасье» Ілля Раждзественскі адзначаў у каментары «Настоящему времени», што асноўным рэсурсам Яўгена Прыгожына быў давер прэзідэнта Расіі (якога не будзе мець, відавочна, ні адзін пераемнік «кухара Пуціна»), а актыў, якім ёсць самі найміты, расійская дзяржава цалкам паспяхова «падграбае» пад сябе.
Пра тое, што прыгожынскую армію збіраецца замясціць у Афрыцы расійская дзяржава ў асобе створаных ёю прыватных ваенных кампаній, напісалі і «Важные истории». Журналісты называюць сярод такіх арганізацый ПВК «Канвой», створаную кіраўніком расійскай адміністрацыі акупаванага Крыма Сяргеем Аксёнавым, і ўжо не раз згаданую ПВК «Рэдут».
Словам, ёсць вельмі высокая імавернасць, што найбліжэйшым часам вагнераўцы пакінуць Беларусь, каб адправіцца ў Афрыку, магчыма - у якасці супрацоўнікаў «дзяржаўных» ПВК. Можна таксама дапусціць, што невялікая іх частка застанецца ў нашай краіне, каб і далей трэніраваць вайскоўцаў. А сама група наймітаў спыніць сваё існаванне або перафарматуецца.
А якія могуць быць яшчэ варыянты?
Чыста тэарэтычна можна дапусціць, што вагнераўцаў пакінуць у Беларусі, каб працягваць ціснуць на Захад з дапамогай пагрозы «ўзяць Сувалкскі калідор». Пра тое, што для лёгкай пяхоты без бранятанкавага і артылерыйскага ўзбраення найміты наўрад ці змогуць зрабіць што-небудзь з войскамі NATO, мы ўжо пісалі. Супрацьлеглы бок, зрэшты, ставіцца да пагрозы даволі сур'ёзна - так, прэм'ер Польшчы Матэвуш Маравецкі ўжо заявіў, што смерць Яўгена Прыгожына не здымае пагрозы для польскай дзяржавы ад вагнераўцаў.
Аднак, як мы ўжо адзначалі, нават проста трымаць ПВК Вагнера ў Беларусі ў «таварных» колькасцях дорага, і цяжка ўявіць, што дзеля таго, каб ціснуць на сумежныя з Беларуссю краіны, хтосьці будзе гатовы марнаваць дзясяткі мільёнаў даляраў. Тым больш што гэты хтосьці, відавочна, можа быць толькі расійскай дзяржавай - а ў яе на наймітаў свае планы.
Вельмі малаімавернай мы лічым і магчымасць таго, што вагнераўцы ўзбунтуюцца і пойдуць на Мінск паходам. Хоць баяздольнасць асобна ўзятага найміта можа быць большай, чым у сярэдняга беларускага шарагоўца (якіх байцы ПВК называюць «драўлянымі»), але ў выпадку другога мяцяжу ПВК давядзецца сутыкнуцца з цэлай арміяй, багата забяспечанай цяжкай зброяй, уключаючы авіяцыю.
Самым магутным жа ўзбраеннем вагнераўцаў, мяркуючы з усяго, застаюцца браневікі «Чакан», якія далёка не роўныя ні танкам, ні БМП. Акрамя таго, Мінск наймітам атакаваць, здаецца, няма прычыны - цяжка ўявіць, што камандаванне ПВК Вагнера магло б выйграць у гэтым выпадку.
Пытанні, звязаныя з тым, што Прыгожын, магчыма, не загінуў, а застаўся жывы, мы пакідаем за кадрам - не таму, што не верым у гэта (такое ў прынцыпе магчыма, у 2019 годзе «кухар Пуціна» ужо распаўсюджваў чуткі пра сваю гібель у Конга). Рэч у тым, што не вельмі зразумела, што менавіта можа змяніць раптоўнае «цудоўнае» вяртанне бізнесоўца ва ўмовах, калі ён страціў давер аўтакрата, а дзяржаўная машына ўзялася за знішчэнне яго імперыі. Уласна забойства стваральніка ПВК Вагнера стала ў гэтым ланцугу важным, але далёка не адзіным звяном - так што, калі ён нават застаўся жывы, хутчэй за ўсё, гэта будзе важным толькі для яго самога і яго блізкіх.
Чытайце таксама