Беларус, які вяртаўся на радзіму са спаборніцтваў у ЕС, даў сілавікам на мяжы праверыць свой мабільнік. З таго часу пад «крыміналкай»
13 верасня 2023 у 1694591760
«Зеркало»
У Брэсце судзяць 38-гадовага Аляксандра Коваля, які абвінавачваецца ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Падрабязнасці крымінальнай справы паведаміла «Берасцейская вясна».
Мужчыну затрымалі 28 траўня на мяжы. Паводле звестак праваабаронцаў, ён вяртаўся са спаборніцтваў у Славакіі. На ўездзе ў Беларусь сілавікі запатрабавалі ў Коваля тэлефон на праверку.
«Мужчына сам даў сілавікам тэлефон і пароль да яго. Падчас агляду ў яго знайшлі "забароненыя", на думку беларускіх сілавікоў, звесткі. З таго дня Коваль у няволі», - піша «Берасцейская вясна».
У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле версіі следства, 27 сакавіка мінулага года ён адправіў у тэлеграм-бот «Рэдакцыя Nexta» відэа перамяшчэння ваеннай тэхнікі на кальцавой дарозе МКАД (вакол Мінска).
Пракурор просіць для Коваля 2 гады 6 месяцаў калоніі. Прысуд агучаць 14 верасня.