Суд у Швейцарыі вынес вердыкт па справе Юрыя Гараўскага, які абвінавачваўся ў гвалтоўным знікненні беларускіх палітыкаў
28 верасня 2023 у 1695907500
«Зеркало»
Акруговы суд Роршаха ў Швейцарыі апраўдаў экс-сахраўца Юрыя Гараўскага па справе пра гвалтоўнае знікненне Захаранкі, Ганчара і Красоўскага і прызнаў невінаватым па артыкуле аб увядзенні правасуддзя ў зман, паведамляе DW.
Акруговы суд Роршаха апраўдаў Юрыя Гараўскага па абодвух выстаўленых абвінавачаннях - у гвалтоўным знікненні людзей і ва ўвядзенні правасуддзя ў зман.
Юрый Гараўскі заявіў, што прысуд яму зразумелы.
Грамадзянскі пазоў Алены Захаранка і Валерыі Красоўскай на 200 тысяч франкаў будзе перанакіраваны ў грамадзянскі суд. Судовыя выдаткі на суму амаль 45 тысяч франкаў кампенсуе дзяржава.
Тлумачачы прысуд, суддзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак, у якім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя знікненні».
«Гэтыя факты не павінныя выклікаць сумневу. Але на допыце абвінавачаны заблытаўся ў супярэчнасцях і ўхіляўся ад адказу», - растлумачыў сваё рашэнне суддзя. На яго думку, некаторыя з паказанняў Гараўскі прыдумаў.
Суд прыйшоў да высновы, што Юрый Гараўскі, магчыма, служыў у САХРы, але ягоная роля ў выкраданнях застаецца незразумелай: «Магчыма, ён чуў пра гэта ад калег».
Пракурор прасіў для яго тры гады турмы, з якіх адзін год рэальнага зняволення і два гады ўмоўнага з выпрабавальным тэрмінам на чатыры гады. Сам Гараўскі прасіў не выносіць яму суровага прысуду: «Калі вы вынесяце жорсткі прысуд, ніхто ў свеце не будзе паведамляць пра злачынствы ўладаў».
Хто ініцыяваў суд над Гараўскім?
Увесну і ўвосень 1999 года ў Беларусі зніклі былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Афіцыйнае расследаванне іх знікнення выніку не дало, праз 20 гадоў яго наогул спынілі. Хоць яшчэ ў 2004 годзе спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) Хрыстас Пургурыдэс, вывучыўшы ўсе абставіны, прыйшоў да высновы, што Захаранку, Ганчара і Красоўскага выкралі і забілі байцы САХРа пад камандаваннем падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі з ведама кіраўніцтва краіны. Такую версію падзяляюць і родныя зніклых, але даказаць яе пакуль не ўдалося.
Адным з меркаваных удзельнікаў выкрадання быў Юрый Гараўскі, пра што ён публічна заявіў у 2019 годзе ў інтэрв'ю Deutsche Welle. Ён у падрабязнасцях расказаў, як у траўні 1999-га ўдзельнічаў у выкраданні былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, а ў верасні таго ж года - экс-кіраўніка ЦВК Ганчара і прадпрымальніка Красоўскага.
Інтэрв'ю, якое выйшла ў снежні 2019 года, легла ў аснову справы, якую ініцыявала праваабарончая арганізацыя Trial International.