За мяжой часам затрымліваюць «палітычных», якія трапілі ў базу Інтэрпола. Як даведацца, што вас абвясцілі ў вышук?
16 лiстапада 2023 у 1700132400
«Зеркало»
З 2020 года ўлады Беларусі даволі актыўна выкарыстоўваюць міжнародны вышук Інтэрпола для пераследу людзей па палітычных справах. У базы арганізацыі траплялі Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і непублічныя беларусы, на якіх заводзілі крымінальныя справы за ўдзел у пратэстах. Расказваем, як працуе міжнародны вышук і ці можна праверыць, хто трапіў у базы падазраваных.
Што вядома пра затрыманні беларусаў, уключаных у базу Інтэрпола?
З пачатку гэтага года публічна вядома прынамсі пра пяць выпадкаў, калі грамадзян Беларусі затрымлівалі за мяжой праз траплянне ў базы Інтэрпола.
-
7 лютага грамадзяніна Беларусі Уладзіслава Гірыса затрымала паліцыя ў Неапалі. Гірыс жыў у Польшчы па гуманітарнай візе, а ў Італію прыехаў адзначыць свой дзень нараджэння. Італьянскія сілавікі паведамлялі, што міжнародны ордар на яго арышт быў выдадзены на запыт беларускіх уладаў у 2020 годзе за махлярства. Беларус прабыў у неапалітанскай турме паўтара месяца, на радзіму яго так і не экстрадыявалі.
-
У пачатку сакавіка з Кыргызстана ў Беларусь экстрадыявалі Уладзіміра Кадарыю. Ён расказваў, што перад паездкай у Кыргызстан збег з Беларусі ва Украіну (дзе атрымаў статус уцекача), баючыся палітычнага пераследу. Генпракуратура Беларусі сцвярджала, што Кадарыя праходзіў па справе пра крадзеж маёмасці ў асабліва буйным памеры. Пазней Следчы камітэт апублікаваў відэа, на якім мужчына прызнае віну і адмаўляе пераслед па палітычных матывах. СК сцвярджаў, што супрацоўнічаў па справе Кадарыі з Інтэрполам.
-
У красавіку стала вядома пра затрыманне 37-гадовага беларуса ў Іспаніі, дзе ён жыў разам з жонкай. Беларускія сілавікі ўключылі яго ў базы вышуку Інтэрпола за хабарніцтва, здзейсненае ў 2013−2016 гадах. Справай затрыманага займаўся іспанскі суд. Невядома, ці прыняў ён у выніку рашэнне пра экстрадыцыю.
-
25 верасня 53-гадовы беларус быў затрыманы ў аэрапорце Падгорыцы, сталіцы Чарнагорыі. Беларускі бок абвясціў яго ў міжнародны вышук Інтэрпола па падазрэнні ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Чарнагорскія СМІ паведамлялі, што мужчына арыштаваны для экстрадыцыі ў Беларусь. Далейшы яго лёс невядомы.
-
31 кастрычніка грамадзянін Беларусі спрабаваў выехаць ва Украіну па польскім праязным дакуменце. Аказалася, што беларускі бок абвясціў яго ў міжнародны вышук па справе пра махлярства. Украінскі суд вырашыў не экстрадыяваць мужчыну ў Беларусь з прычыны спынення дыпламатычных кантактаў паміж краінамі.
Нельга сцвярджаць, што ва ўсіх гэтых выпадках сілавікі абвяшчалі ў міжнародны вышук людзей толькі па палітычных прычынах. Але тое, што беларускія ўлады пасля 2020 года выкарыстоўваюць Інтэрпол як інструмент палявання на палітычных праціўнікаў, - вядома дакладна.
Так, беларускі бок абвяшчаў у міжнародны вышук Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку. Пазней Інтэрпол паведаміў, што адмаўляецца шукаць Ціханоўскую (адмова шукаць Латушку публічна агучаная не была).
У 2021 годзе польская паліцыя затрымала беларуса Макарыя Малахоўскага - яго імя трапіла ў базы Інтэрпола. У Беларусі на мужчыну завялі крымінальную справу за наезд на супрацоўніка ДПС падчас пратэстаў 13 жніўня 2020 года. У Польшчы ён жыў на падставе гуманітарнай візы. Малахоўскага адпусцілі з паліцыі на наступны дзень пасля арышту. Пасля гэтага выпадку ў Польшчы заявілі, што будуць «дабівацца ад Інтэрпола ўвядзення сістэмнага рашэння па дадатковай верыфікацыі заявак на міжнародны вышук, якія паступаюць з Беларусі і Расіі».
У тым жа 2021 годзе аб'яднанне былых сілавікоў BYPOL апублікавала запіс размовы начальніка аддзялення вышуковай работы аднаго з мінскіх РУУС Сяргея Бормасава з супрацоўнікам беларускага Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола Дзмітрыем Мядзведзевым, дзе яны абмяркоўваюць, як можна абысці забарону Інтэрпола на абвяшчэнне ў міжнародны вышук людзей па палітычных матывах. Трэці артыкул канстытуцыі (статута) Інтэрпола забараняе арганізацыі ўдзельнічаць у палітычных справах.
Пасля выпадку з Малахаўскім Офіс Святланы Ціханоўскай і BYPOL даслалі ў Інтэрпол афіцыйны ліст з прапановай спыніць супрацоўніцтва з беларускім рэжымам. У адказ на запыт выдання BBC арганізацыя паведаміла, што азнаёмілася з асцярогамі беларускай апазіцыі і дадаткова правярае запыты, якія прыходзяць з Мінска.
«Нацыянальныя бюро Інтэрпола ў розных дыктатарскіх краінах былі заўважаныя ў выкарыстанні вышуку з палітычнымі мэтамі»
Праблема ў тым, што ўлады Беларусі могуць абыходзіць забарону Інтэрпола на міжнародны вышук «палітычных» даволі лёгка. Пра гэта «Люстэрку» расказаў былы супрацоўнік міліцыі і прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар:
- У Інтэрпола ёсць сістэма «апавяшчэнняў», якія маркіраваныя рознымі колерамі (па-англійску яны называюцца notices, іх яшчэ перакладаюць як «цыркуляры», «фармуляры», «ноты». - Заўв. рэд.). Чырвоныя - вышук асобы, падазраванай у здзяйсненні злачынства. Сінія - высвятленне месцазнаходжання чалавека ў межах крымінальнай справы (але яны могуць і не цягнуць за сабой арышт). Зялёныя могуць распаўсюджвацца на чалавека, у дачыненні да якога праводзяцца толькі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, але ў якога яшчэ няма працэсуальнага статусу (то-бок на яго не заведзеныя крымінальныя справы). Мяркую, што беларускі бок можа адпраўляць пэўныя запыты ў Інтэрпол якраз у выглядзе сініх ці зялёных фармуляраў. Існуе і яшчэ адна шчыліна - рассылка. У гэтым выпадку падазраванага не дадаюць у агульныя базы - ідзе рассылка на пэўныя краіны, дзе, як мяркуецца, ён хаваецца. Наколькі ведаю, у такіх выпадках праверак з боку Інтэрпола няма ніякіх.
У Інтэрпол уваходзіць 195 краін-чальцоў. У кожнай з іх ёсць так званае Нацыянальнае бюро Інтэрпола. У Беларусі яно працуе ў структуры МУС.
- Асноўная задача такога бюро - пераклад і карэспандэнцыя дакументаў, - расказвае Жыгар. - Яно атрымлівае запыт на вышук ад ініцыятара, перакладае яго на англійскую ці іншую афіцыйную мову Інтэрпола і адпраўляе ў Генеральны сакратарыят арганізацыі. Інтэрпол працуе па прынцыпе, скажам так, добрасумленнасці. Як аксіёма прымаецца той факт, што краіна падае праўдзівыя звесткі пра крымінальную справу і падазраваных. Напэўна, нейкія ўнутраныя праверкі ў іх ёсць - але якія менавіта, сказаць складана. Думаю, Беларусь маскіруе палітычна матываваныя справы пад агульныя крымінальныя. Запыты, у якіх ёсць відавочная палітычная фабула, хутчэй за ўсё, не будуць задаволеныя. Тое, што нацыянальныя бюро Інтэрпола ў розных дыктатарскіх краінах былі заўважаныя ў выкарыстанні вышуку ў палітычных мэтах, - сведчанне, што ў самога Інтэрпола няма дзейсных механізмаў, каб правяраць запыты ад краін - удзельніц арганізацыі.
Напрыклад, вядома, што Расія выкарыстоўвае Інтэрпол у сваіх палітычных мэтах. У 2019 годзе на запыт Расіі ў Брусэлі часова затрымалі Валерыя Залужнага (тады ён займаў пасаду камандуючага ўкраінскай групоўкай «Поўнач», цяпер - галоўнакамандуючы УСУ). Пасля пачатку вайны ва Украіне некаторыя краіны ставілі пытанне пра выключэнне Расіі з арганізацыі.
Яшчэ адзін рэзанансны выпадак адбыўся ў тым жа 2019 годзе, калі ў «чырвоны» вышук Інтэрпола на запыт Турцыі ўключылі турэцкага баскетбаліста НБА Энеса Картэра - вядомага крытыка прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана.
Пры гэтым у Беларусі на чалавека сапраўды мусіць быць заведзеная крымінальная справа не па палітычным артыкуле, інакш падман лёгка ўскрыецца на этапе экстрадыцыі, лічыць былы міліцыянт.
- На стадыі патрабавання экстрадыцыі беларускі бок мусіць падаць усе дакументы, якія датычаць асобы і справы падазраванага. Будзе вельмі непрыгожа, калі ў картатэцы Інтэрпола чалавека шукаюць па адным злачынстве, а ў дакументах будзе іншае. Гэта быў бы занадта вялікі скандал. Але ніхто не перашкаджае абвясціць чалавека ў «зялёны» вышук Інтэрпола і абысціся без канкрэтнага працэсуальнага статусу. Тут поле для маніпуляцый значна шырэйшае.
«Кіпр, Грэцыя і Італія будуць экстрадыяваць у Беларусь ахвотней»
Паводле прадстаўніка BELPOL, у выпадках палітычнага пераследу вялікую ролю адыгрывае краіна, у якой чалавека затрымліваюць па ордары Інтэрпола.
- Мясцовай паліцыі ў любой дзяржаве абсалютна не важна, па якіх справах праходзіць затрыманы, - кажа ён. - Пасля арышту ў справу ўступае - у залежнасці ад законаў краіны - пракурор або суд. І на гэтым этапе вырашаецца лёс чалавека: будзе ён экстрадыяваны ў Беларусь ці не. Вядома, цяпер шанцы мінімальныя на тое, што Польшча ці Літва будуць выдаваць людзей беларускім уладам. Шмат што залежыць ад абазнанасці ў сітуацыі ў Беларусі - у суседзяў нашай краіны з гэтым лепш. А вось краіны накшталт Кіпра, Грэцыі, Італіі будуць экстрадыяваць ахвотней.
Інтэрпол мог бы кансультавацца з грамадзянскімі арганізацыямі па запытах на вышук, якія паступаюць з Беларусі, лічыць Уладзімір Жыгар. Але такая кааперацыя, на яго думку, наўрад ці магчымая.
- Інтэрпол дэкларуе, што адкрыты да супрацоўніцтва, але дэ-факта гэта пустыя словы. Было б, вядома, ідэальна, калі б арганізацыя пасля атрымання чырвонага фармуляра з Беларусі пракансультавалася наконт мэтазгоднасці абвяшчэння чалавека ў вышук у якой-небудзь грамадзянскай арганізацыі. Але гэта звязана з раскрыццём значнай інфармацыі, якая мае пэўны грыф сакрэтнасці. Ніхто гэтага рабіць не будзе.
Ці можна звычайнаму чалавеку праверыць, ці ёсць ён у базе Інтэрпола?
На сайце арганізацыі ёсць публічная база падазраваных у здзяйсненні злачынстваў (чырвоныя фармуляры). У ёй можна знайсці чатырох грамадзян Беларусі. Але ўсе яны абвешчаныя ў вышук на запыты іншых краін: Польшчы, Балгарыі і Расіі.
- У адкрытыя базы трапляюць далёка не ўсе людзі, абвешчаныя ў вышук. Ініцыятар (краіна, якая накіроўвае ў Інтэрпол запыт на вышук) сам пазначае, ці рабіць звесткі пра вышук той ці іншай асобы публічнымі, - тлумачыць прадстаўнік BELPOL. - Калі ініцыятар адзначыць, што іх не варта публічыць, - вы нідзе іх не знойдзеце. Можна паспрабаваць напісаць у Інтэрпол і спытаць, ці абвешчаны ў вышук канкрэтны чалавек. Але абавязку адказваць на грамадзянскія запыты, наколькі я ведаю, у іх няма.
Ці можна праверыць сябе ў базах іншых краін?
Уладзімір Жыгар кажа, што перад абвяшчэннем падазраванага ў міжнародны вышук Інтэрпола яго абвяшчаюць у вышук у Беларусі і ў так званы міждзяржаўны вышук па краінах СНД. Базаў міждзяржаўнага вышуку ў адкрытым доступе няма (хіба што можна прабіць па базах СНД скрадзены аўтамабіль - для гэтага трэба даслаць запыт праз Адзіны партал электронных паслуг).
Праверыць, хто знаходзіцца ў вышуку, можна па асобных базах МУС у Беларусі і іншых краінах СНД. Так, на сайце беларускага МУС ёсць база крымінальнага вышуку. У ёй дагэтуль можна знайсці некалькі вядомых імёнаў: напрыклад, Вадзіма Пракоп'ева і Маргарыты Ляўчук.
Яшчэ адно месца, куды могуць трапіць звесткі пра вышук, - база асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь.
Інфармацыя пра чалавека, якога ў Беларусі абвясцілі ў міждзяржаўны вышук, можа з'явіцца ў базах дадзеных МУС Расіі. Так было, напрыклад, са Святланай Ціханоўскай, імя якой з'явілася ў базах МУС РФ у 2020 годзе, а потым знікла.
Але, як і ў выпадку з базамі Інтэрпола, у адкрытыя базы асобных краін трапляюць далёка не ўсе людзі, якіх шукаюць сілавікі.
- Хутчэй за ўсё, працэдура ідэнтычная: ініцыятар адзначае, што інфармацыя пра вышук непублічная, а значыць, чалавек не даведаецца, што яго шукаюць, - кажа Уладзімір Жыгар.
Чытайце таксама