Пагаварылі з айцішнікам з Booking.com, які трапіў сваімі песнямі ў сэрцы тысячам беларусаў. Вы, напэўна, іх таксама слухалі
2 снежня 2023 у 1701504960
«Зеркало»
Пра такіх, як фронтмэн гурту Leibonik Сяргей Башлыкевіч, у раённых газетах пішуць: «чалавек-аркестр». Сам Сяргей хацеў бы, каб мясцовая прэса называла яго «бардаўскі плейбой», і нават у песні пра гэта пазначыў. Калі ж вынесці за дужкі медыйнасць і проста гаварыць «за жыццё», то ў жыцці ён айцішнік, які працуе ў Booking, таленавіты музыкант, вандроўнік, мужчына з ідэальным прэсам (калі верыць здымкам у яго Instagram), а яшчэ беларус, які чатыры разы ездзіў на чэмпіянат свету па «Што? Дзе? Калі?». Некалькі месяцаў таму яго альбом «ТАМ» трапіў у самае сэрца тысячам беларусаў. Пра тое, як гэта ў яго атрымалася, эміграцыю і тое, як так шмат скілоў можа мець адзін чалавек, «Люстэрка» з ім і пагаварыла.
«Гітара стаяла і проста збірала пыл. Падумаў, хоць нехта павінен на ёй граць, і навучыўся»
З Сяргеем мы сазвоньваемся ў нядзелю раніцай. У гэты час ён знаходзіцца ў сяброў у Вільні, куды прыехаў «па сямейных справах», а дакладней на вяселле. На гадзінніку 11.30. Музыкант у худзі і піжаме п'е гарбату ў кафэ ля дома. Вітаемся і пачынаем адразу з пытанняў пра песні. У іх шмат адсылак да рэальных людей. Як рэагавалі знаёмыя, калі сябе пазнавалі?
- Сябе пазналі некалькі чалавек, яны адзначаліся, пісалі. Калі ёсць адсылкі да жывых людзей, стараюся гэта не каментаваць, а даць кожнаму падумаць трошкі пра сваё. У Emigrant Song шмат каго ўзгадана, але, аказалася, людзі, калі яе слухаюць, думаюць пра нейкага свайго. Некаторыя, ведаючы, што гэта натуральна не пра іх, пісалі, што адчувалі сябе так, быццам гэта яны. Яшчэ і імя супадала. Таму наўмысна не заходжу на гэтую тэрыторыю і не хачу каментаваць.
- У інтэрв'ю, калі вас прадстаўляюць, пішуць «музыкант і айцішнік». А што было першапачаткова: Сяргей Башлыкевіч - музыкант ці айцішнік?
- Гледзячы што лічыць пачаткам. На гітары навучыўся граць у 11-м класе, перад абласной алімпіядай па рускай мове. Я тады яшчэ не ведаў, куды буду паступаць. Думаў, можа, на «мытную справу» ісці, бо жыў у Ашмянах. Але пры гэтым мне падабалася інфармацыйная частка, праграмаванне. Першапачаткова праграмы і «паскалі» пісаў у сшытку, бо камп'ютар бацькі купілі мне толькі ў 11-м класе - гэта была падзея!
Карацей, гітара пачалася прыкладна тады, калі мне было ўжо цікава займацца праграмавальнымі штукамі. І яно заўсёды ішло паралельна. Інжынернай частцы вучыўся ў БДУІР, музычная была хобі і зараз у нейкім сэнсе ім застаецца. Я гэтым не зарабляю. Апошнія гады выдаткоўваў на творчасць даволі шмат часу, бо нешта запісваў, выдаваў, канцэртаваў. Але гэта займае не такую вялікую частку майго жыцця, хоць зараз і з'яўляцца значнай часткай маёй самаідэнтыфікацыі.
- Як у вашым жыцці з'явілася гітара?
- Мы з малодшай сястрой хадзілі ў пілігрымку ад касцёла. Ішлі з Ашмянаў у Тракелі (аграгарадок у Воранаўскім раёне. - Заўв. рэд.). Гэта было чатыры дні і каля сотні кіламетраў. Разам з намі ішлі клерыкі, якія гралі на гітарах і спявалі. Сястра ў той час вучылася ў школе граць на піяніна. Яна захацела гітару, ёй купілі ў майго аднакласніка. Гэтая гітара стаяла і проста збірала пыл. Падумаў, хоць нехта павінен на ёй граць, і навучыўся. Пахадзіў да сябра ў Дом піянераў, ён паказаў акорды, а далей ужо сам.
- Калі пачалі пісаць песні?
- Спачатку пісаў вершы на ўроках літаратуры. У мяне былі цудоўныя настаўнікі беларускай мовы, неяк атрымалася дамовіцца, і замест таго, каб пісаць пераказ, можна было скласці вершык. Я і склаў. Было нават нешта пра Дуніна-Марцінкевіча. Усё гэта рабілася неасэнсавана, нейкае падлеткавае. А калі з'явілася гітара, я стаў спалучаць.
- Вы сказалі, што ездзілі на алімпіяду па рускай мове. Не самы тыповы алімпіядны прадмет для хлопцаў.
- Я быў выдатнікам, у 9-м класе схадзіў на раённую алімпіяду, перамог. На матэматыцы тады заняў, падаецца, другое месца. [На вобласць] можна было і па гэтым прадмеце ехаць, але завуч прапанавала мову. Мне было ўсё роўна. Паехаў, там пазнаёміўся з людзьмі, і захацелася ездзіць далей. Пазней настаўніца замежнай мовы прапанавала пераключыцца на алімпіяды па англійскай, можна было і інфарматыку выбраць, але руская мова была для мяне самая простая як прадмет. Я ездзіў на вобласць і без ніякай падрыхтоўкі (проста чытаў шмат кніжак) забіраў які-небудзь з дыпломаў. Так было ў 9-м, 10-м і 11-м класе. Алімпіядны рух для мяне - адзін з найвялікшых здабыткаў. З людзьмі, з якімі я ў жыцці даўжэй за ўсё, пазнаёміўся там ці на «Што? Дзе? Калі?».
- Цікава склалася, што на алімпіяду вы ездзілі па рускай мове, а ў жыцці гаворыце па-беларуску.
- Я лічу сябе білінгвам. Мне няма розніцы, на якой мове камунікаваць, на рускай ці беларускай. Калі рос, у сям'і была даволі звычайная трасянка. Зараз, калі я больш размаўляю па-беларуску, то і мама са мной па-беларуску гаворыць. У вёсцы, куды мяне адпраўлялі на лета, гаварылі па-беларуску, але мова там была трошкі прыпалячаная, ды яшчэ і з уплывам умоўнага Філіпа Кіркорава з тэлевізара. Ва ўніверсітэце і далей на працы заўсёды было рускамоўнае асяроддзе, таму я па дэфолту размаўляў па-руску. А далей расло кола беларускамоўных сяброў, вакол станавілася больш беларускамоўнага кантэксту, і я пераключыўся. Хаця, пакуль жыў у Мінску (Сяргей з'ехаў з Беларусі ў студзені 2022-га. - Заўв. рэд.), на працы я карыстаўся рускай, бо эфектыўная камунікацыя лепш ідзе на нейкай адной мове.
«Зараз узначальваю каманду распрацоўкі аднаго з цэнтральных сервісаў у Booking.com»
- Перад вайной вы з'ехалі ў Амстэрдам. Чаму вырашылі пераязджаць і абралі менавіта гэты горад? Ужо абжыліся?
- Перш Вера (жонка Сяргея. - Заўв. рэд.) выбрала прапанову амстэрдамскай кампаніі, ну і я, натуральна, вырашыў, што мне цікава жыць у гэтым горадзе. Атрымліваецца, пераехалі праз працоўна-сямейныя абставіны.
Абжыліся добра. Зараз Амстэрдам - мой любімы горад свету. Другога ката завялі. У Беларусі ў нас іх было два. Імбрык і Хмарка. Хмарку я падабраў у пад'ездзе, яна з намі жыла два гады і акурат перад ад'ездам сышла ў лес (сям'я ў той час часткова пераехала за горад. - Заўв. рэд.). А Імбрыку пайшоў ужо дзявяты год. Гэта лепшы кот майго жыцця. Шмат у чым адчуваю наша падабенства. Мне амаль заўсёды зразумела, чаго ён хоча. Калі гаварыць пра самацэннасць, то ў ім нейкая для мяне ралявая мадэль: цаніць сябе і быць сабой вучуся ў ката.
Пасля пераезду хацелася знайсці Імбрыку пару, бо два каты пачуваюцца лепш. Іх можна надаўжэй пакінуць адных. Але ў Амстэрдаме падчас кавіду ў пітомніках выграблі ўсіх катоў, ды яшчэ на іх чэргі, а ў Беларусі ёсць круты заводчык, і ў нас якраз была магчымасць да яго звярнуцца. Да таго ж мы хацелі абісінскую пароду. Таму дамовіліся, і ў Вільнюс мне перадалі котачку. А далей самалётам прывёз яе ў Нідэрланды.
- Мне казалі, што ў Нідэрландах вы працуеце ў Booking. Можаце падрабязней распавесці?
- Я не надта люблю распавядаць пра працу. Калі коратка, у Мінску троху выкладаў у БДУІР, нейкі час працаваў у невялікай IT-кампаніі, зараз узначальваю каманду распрацоўкі аднаго з цэнтральных сервісаў у Booking.com. Робім так, каб людзям было прасцей шукаць неабходныя гатэлі. Тут я з моманту пераезду ў Нідэрланды, атрымліваецца, амаль два гады. Прайшоў шэраг інтэрв'ю. Не суперскладаных, але і не суперлёгкіх. Мне спадабаўся гэты працэс. Самае цяжкае - гэта была мова. У Беларусі я чытаў па-англійску, у вандроўках выкарыстоўваў замежную мову на простым узроўні. А зараз уся камунікацыя па-англійску.
- Які Сяргей Башлыкевіч кіраўнік?
- У нас з камандай даволі гарызантальныя сувязі, я не займаюся мікраменеджментам. Дазваляю людзям рабіць, што і як яны хочуць. Шчаслівы працаваць з самаініцыятыўнымі калегамі, якія бачаць, што могуць прынесці нейкую карысць у працу. Я ім проста не перашкаджаю.
- За што ў працы можна агрэбці ад Сяргея Башлыкевіча?
- Нават не магу прымерыць на сябе такой сітуацыі.
- Уявім, ваш падначалены праспаў увесь рабочы дзень, што вы яму скажаце?
- Скажу: «Не праспі, калі ласка, наступным разам». It made me sad.
- Ваша жонка таксама працуе ў IT. Як вы пазнаёміліся?
- У летніку «Што? Дзе? Калі?», куды з'язджаюцца дзеці з усіх рэгіёнаў, а таксама студэнты і былыя выпускнікі. Атрымліваецца шмат двіжу. У 2007-м я быў там са сваімі сябрамі, а яна з камандай. Тады і пазнаёміліся. Мы з Верай працуем у розных кампаніях, і ўвогуле мы з розных IT-светаў, у нас розныя ролі, якія нават шмат у чым канкурыруюць. Я больш адказваю за тэхнічную рэалізацыю праекта, яна працуе ў прадуктовым накірунку.
- Ёсць песня, якую прысвяцілі Веры?
- Не, няма (разгублена). Гэта лабавы падыход, я такога імкнуся пазбягаць. Мне падабаюцца нейкія згадкі і адсылкі, але такія лабавыя штукі - не.
Да таго ж Вера слухае зусім іншую музыку, чым я граю. Яна не мая аўдыторыя. Яна можа сказаць, напрыклад, што пэўны момант песні ўдалы (нашы ацэнкі часта супадаюць), але разам мы не таму, што ёй падабаецца мая творчасць. Гэта якраз насуперак, бо ўся эстэтыка маёй музыкі - не тое, што яна слухае.
Увогуле імкнуся раздзяляць творчасць і блізкія адносіны. Мне прыемна, калі на канцэрт прыходзяць родныя, але суперняёмка, калі яны ў зале з-за мяне, а не таму, што ім падабаецца музыка. Для мяне гэта ў пэўным сэнсэ нейкае абясцэньванне маёй творчасці. Гэтыя супярэчлівыя пачуцці складана размежаваць. Напэўна, трэба гэта прапрацаваць з псіхолагам.
- Як сумяшчаеце працу ў вялікай кампаніі і музыку?
- Я мала выступаю, насамрэч. З гуртом - раз на год. У мінулым верасні праехаліся з праграмай па Польшчы і Літве. І зараз, натуральна, у нас тыдзень канцэртаў і некалькі дзён падрыхтоўкі (у лістападзе 2023-га ў Leіbonik быў тур па Польшчы. - Заўв. рэд.). На гэты час браў водпуск. Цягам году граў недзе акустыку, але гэта звычайна было ў фармаце ўікэнда, калі выбіраўся ў Капенгаген ці ў Грузію ганяў. Зараз больш цэннасці бачу ў тым, каб пасядзець, папісаць, аформіць тое, што ёсць.
«Умею касіць, даіць кароў. Неяк падлічыў, што ў сваім жыцці больш за сто дзён іх пасвіў»
- Як айцішнік стаў адным з самых папулярных музыкаў сярод эмігрантаў?
- Не ведаю, ці карэктна так пытацца наогул, таму што папулярнасць - гэта рэч вельмі адносная. Leibonik быў і застаецца андэграўндам у параўнанні з больш прафесійнымі, якаснымі і мэйнстрымавымі гуртамі - NaviBand, Nizkiz і іншымі. З апошнім альбомам мяне, безумоўна, пачалі больш слухаць за мяжой, але, згодна са статыстыкай стрымінгаў, асноўная частка нашай аўдыторыі менавіта ў Беларусі. Хацеў бы, каб так і заставалася надалей.
- Вы сказалі, што зараз ваш любімы горад - Амстэрдам. Як пры гэтым у вас атрымалася напісаць альбом, у якім столькі любові да Беларусі?
- У нейкім сэнсе я лічу гэты альбом вельмі эгаістычным - ён не пра Беларусь як пра месца, якое трэба безумоўна любіць, бо гэта твая Радзіма з вялікай літары. Ён пра мае эмоцыі і перажыванні адносна канкрэтных падзей у жыцці, а таксама адносна блізкіх мне людзей у Беларусі і за яе межамі. Я люблю сваё жыццё і Беларусь як яго частку.
- У песні Oj zakuj ёсць словы, што дом не там, дзе лёг спаць учора, не пра сцягі і чарку-шкварку, а дзе ляжыць школьны дзёнік з налепкай Linkin Park. Ваш дзённік, я так разумею, ляжыць у Ашмянах. Раскажыце пра тое месца. Якім было ваша дзяцінства?
- Звычайным і харошым. Вельмі ўдзячны бацькам. У тых складаных фінансавых умовах яны стараліся, каб я адчуваў сябе добра. Маё гарадское дзяцінства было звычайнае. Калі пачаліся алімпіяды, «Што? Дзе? Калі?» і спаборніцтвы (Сяргей некалькі разоў удзельнічаў у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. - Заўв. рэд.), то выезд у Гродна для мяне быў як у іншы свет. А яшчэ кожнае лета мяне адпраўлялі ў вёску да бабулі і дзядулі, там быў рэлігійна-працоўны летнік. Я не надта імкнуўся праводзіць час у вёсцы, але гэта тое, што ў тым ліку зрабіла мяне мной.
- Што за летнік?
- Гэта калі прыязджаеш у вёску, а там тры каровы, конь, шмат свіней, курэй увогуле не пералічыць. А яшчэ соткі свае, калгасныя ды хутар. Дзед купіў малацілку, мы вырошчвалі жыта, самі яго абмалочвалі. Гэта цяжкая праца. Я быў старэйшы ўнук, і калі мінімальна падрос, то ва ўсё гэта ўцягнуўся. Умею касіць, даіць кароў. Неяк падлічыў, што ў сваім жыцці больш за сто дзён іх пасвіў.
Плюс гэта каталіцкі бэкграўнд. З бабунькай перад сном мы чыталі ружанец (малітва, якая спалучаецца з роздумам пра падзеі з жыцця Ісуса і Дзевы Марыі. - Заўв. рэд.), малітвы. Кожны тыдзень з дзедам і бабунькай ездзілі на «Масквічы» ў Гальшаны ці ў Баруны (аграгарадок ў Ашмянскім раёне. - Заўв. рэд.) у касцёл. У траўні ці чэрвені хадзілі да крыжа, дзе збіралася ўся вёска (яна невялічкая, дамоў 15), і спявалі малітвы. Атрымлівалася такое спалучэнне працы і рэлігійнага каркаса, таму я называў гэта рэлігійна-працоўным летнікам.
- Дарэчы, у Instagram вы пісалі, што ў песні Oj zakuj незвычайная гісторыя і бярэ пачатак з 1905 года.
- Усё пачалося з дзяўчыны, якая нарадзілася пад Лідай. У нейкі момант яна з'ехала ў Англію, дзе вучылася ў Кембрыджы. Там жа апублікавала свае фальклорныя здабыткі, сярод якіх была і гэта песня. Яны былі надрукаваны па-беларуску лацінкай. У нейкі момант гэты зборнік пабачыў лідскі даследчык і зрабіў яго беларускую версію. Не памятаю, як ён трапіў да мяне, але мне запомнілася Oj zakuj. Праз нейкі час знайшоў дэталёвы тэкст, трошкі яго перарабіў і паклаў у песню.
- А хто такі Марцін, якога вы ўспамінаеце, калі распавядаеце пра песню Cicha nič?
- Гэта мой сябра-ўкраінец, які служыць, у тым ліку на лініі сутыкнення. Ён адзін з арганізатараў KAPUKA FEST - цудоўнага акустычнага фестывалю ў Карпатах, дзякуючы якому мы і раззнаёміліся. Песня Cicha nič вырасла з таго, што Марцін пазваніў мне на Каляды, каб павіншаваць. І заспяваў украінскую калядную «Тиха ніч, свята ніч». Я папрасіў: «Марцін, запішы мне адразу гэты кавалачак на дыктафон». Тады яшчэ не ведаў, што з гэтым зраблю, але гэта было тое, што я хацеў трошкі пакруціць у галаве і перапрацаваць. Для мяне было істотна захаваць эмоцыю таго моманту.
- У той момант мы пра гэта нават і не размаўлялі. Але мы добра знаёмыя, таму ён разумее маю пазіцыю. Ён ведае, што адбывалася ў Беларусі з 2020 года і раней. Мая безумоўная падтрымка на яго баку.
- У вашым альбоме «ТАМ» ёсць песня пра слімака-падарожніка. Калі паглядзець ваш Instagram, у ім таксама шмат фота з вандровак. Прычым вы выбіраеце нетыповыя краіны для наведвання. Нядаўна былі ў Перу, Балівіі. Часта ездзіце ў горы. Чаму такія маршруты, а не, напрыклад, Турцыя і all inclusive?
- У Турцыі на all inclusive я таксама бываў, калі далучаўся да сяброў-трэйлранераў падчас іх бегавога кэмпа непадалёк ад Анталіі. У мяне няма нейкага канцэпту - езджу туды, дзе цікава.
- Падчас падарожжаў у прыгоды траплялі?
- Так складана адразу ўспомніць менавіта «прыгоду». Вось проста замалёўка. Калі адзін ехаў з Пекіна ў бок Кітайскай сцяны, праехаў патрэбны прыпынак. Наступны быў праз сто кіламетраў, недзе ў іншым рэгіёне. Вечарам апынуўся на маленькай чыгуначнай станцыі, дзе быў я, адзіны еўрапеец, і мясцовыя школьнікі, якія ехалі на экскурсію. Яны на мяне глядзелі і цішком здымалі. Потым адзін з іх спытаў, ці можна сфатаграфавацца са мной. Я даў слабіну, сказаў: «Акэй» - і ўжо не мог ад іх вырвацца: сотня дзяцей акружыла мяне і вельмі настойліва патрабавала фота. Калі прыйшоў цягнік, нейкі філіпінец, які размаўляў па-англійску, мяне ад іх адгарадзіў. За што я яму вельмі ўдзячны.
«Цётушкі мае таксама глядзяць Instagram»
- У адной з песень вы спяваеце, што «Ашмянскі веснік» называў вас бардаўскім плейбоем. Ці гэта праўда?
- Не, гэта я сам прыдумаў (смяецца). Але ўвогуле артыкул у [раённай] газеце пра мяне пісалі. Калі скончыў школу, было інтэрв'ю кшталту «Выдатнік Сярожа Башлыкевіч» і пра тое, што гуляю ў «Што? Дзе? Калі?» (каманда, у якую ўваходзіў Сяргей, чатыры разы ездзіла на чэмпіянат свету па спартыўнай версіі гэтай гульні. - Заўв. рэд.).
- У Ашмянах ведаюць пра тое, што вы вядомы спявак?
- Думаю, не. Ды і зноўку: што такое «вядомы» (усміхаецца)? Я не жыву ў Ашмянах с 2005 года. Я прыязджаў, мінімальна падтрымліваў сувязі з аднакласнікамі і роднымі, але зараз хто пра мяне помніць? Напэўна, толькі родныя. Але гэта мае ўражанні. Магчыма, нехта недзе заўважаў, чым я займаюся. Але лічу, што з часам я ўсё больш і больш чужы станаўлюся для Ашмянаў. І гэта натуральна. Я мала бываў дома ўсе гэтыя гады. Ашмяны - частка майго жыцця, я цёпла стаўлюся да горада, але зараз мне цікава быць у іншых месцах.
- Калі сочыш за вашай творчасцю, нельга не звярнуць увагу і на адзенне, у якім вы выступаеце. То касцюм слімака, то леапардавае футра.
- Гэта я змагаюся з сабой, насамрэч. Гістарычна я насіў усё шэрае, чорнае і цёмна-сіняе. Але зразумеў, што мне хочацца і больш яркіх штук. Неяк трэба гэта спалучаць, таму апошнія гады патроху пераключаю свой гардэроб. Калі зрабіў песню пра слімака, падумаў, што хацеў бы зрабіць адпаведны відосік. Паглядзеў касцюмы, я ў гэтым плане пераборлівы. Знайшоў, які мне спадабаўся, і мне яго з Брытаніі выслалі. Ён каштаваў 20 еўра і столькі ж перасылка. А леапардавае футра… захацелася дабавіць чагосьці такога на канцэрт, і я пазычыў яго ў сябра.
- Яно ў яго проста ў шафе вісела?
- Дакладней, было так: убачыў гэтае футра ў знаёмай у «інсце». Яна сказала, што гэта не яе, а сябра. Звярнуўся да яго. Аказалася, ён дзесяць гадоў таму купіў яго, падаецца, у Албаніі ў нейкім сэкандзе за пяць еўра. Папрасіў у яго на канцэрт. А год таму набыў сабе леапардавы кажушок у Амстэрдаме. Проста выпадкова. Ішоў з тусы, завярнуў у магазін - і ён там вісеў за нейкія смешныя грошы. Я яго яшчэ нідзе не выкарыстаў, хіба толькі на фотках для грузінскай афішы.
- Заўважыла, што ваша мама таксама карыстаецца Instagram. Ці сочыць яна за вашай творчасцю? Што кажа?
- Канешне, сочыць. Цётушкі мае таксама глядзяць Instagram. Але насамрэч мы мае песні не абмяркоўваем. Гаворым пра жыццё, здароўе.
- Чым займаюцца вашы бацькі?
- Мама пенсіянерка, усё жыццё працавала ў гандлі, тата - кіроўца на хуткай дапамозе.
- О, дык у вашым дзяцінстве, якое прыйшлося на 1990-я, былі дэфіцытныя тавары.
- Так, кніжкі. Мама працавала недзе ў канцы 1980-х - пачатку 1990-х у райпа, кніжкі тады былі дэфіцытам, а ў яе атрымлівалася іх набываць. Помню, у нас дома стаяла серыя «Приключения и фантастика». Амаль усё дамашняе я хутка перачытаў і пераключыўся на раённую бібліятэку. У вёсцы падчас майго працоўна-рэлігійнага летніка я, калі была магчымасць, заўсёды ўтыкаўся ў кніжку. Пасвіў кароў з кніжкай, пагроб сена - і таксама ў кніжку.
- Добра кніжкі, на здымках у вашым Instagram заўважыла, што ў вас ідэальны прэс. Калі паспяваеце яшчэ трэніравацца?
- Не паспяваю. У гэтым праблема (смяецца). Апошнія месяцы ў раз'ездах. У Мінску ў нейкі момант пачаў займацца тайскім боксам, але ў Нідэрландах ён не такі папулярны, тут кікбоксінг панад усім. Пераключыўся на яго. Трэніравацца тры разы на тыдзень для мяне істотна важна, тады адчуваю шмат сілы. Заўважаю, калі цела добра працуе, я лепш кемлю.
Апошні месяц правёў у вандроўках. Вярнуўся на тыдзень. Адзін раз схадзіў на трэніроўку і паехаў у Польшчу, потым у Вільню. Але канцэрты таксама вельмі энергаёмкія. Тур вымывае шмат калорый.
- Вы выступаеце, працуеце ў IT, шмат падарожнічаеце, займаецеся спортам ды яшчэ ў «Што? Дзе? Калі?» гуляеце. Як гэта ўсё змяшчаецца ў спіс спраў аднаго чалавека?
- Фігова, усё не паспяваю. Лічу, што недапрацоўваю ў шмат якіх сферах. Хацеў бы больш трэніравацца, гуляць у «Што? Дзе? Калі?», бо зараз наогул няма на гэта часу. Ды проста на гітары навучыцца нармальна граць. Год таму пачаў браць урокі гітары.
- У творчасці ў вас вобраз вельмі пазітыўнага чалавека. А які вы ў жыцці?
- Нармальны. Немагчыма ўвесь час хадзіць і толькі радавацца. Я і шмат з-за чаго раблюся смутным. Перажываю з-за таго, што навокал адбываецца, што адбываецца [пасля выбараў 2020-га] з маімі сябрамі. Працую, часам выгараю, адчуваю незадавальненне нейкімі сваімі рашэннямі, расчароўваюся і зноў натхняюся. Гэта нармальныя перапады настрою. Я стараюся прымаць сябе як чалавека рознага, са сваімі недахопамі і перавагамі, і такое ж прыняцце хацелася б атрымліваць ад іншых.