Беларус 20 гадоў жыве ў Германіі, але не хоча нямецкі пашпарт. Спыталі ў яго, у чым прычына
7 снежня 2023 у 1701965340
«Зеркало»
У канцы лістапада здарылася рэзанансная гісторыя: Літва анулявала ВНЖ і выслала з краіны беларуса, які 17 гадоў жыў і працаваў у гэтай краіне. У імігранцкіх чатах многія дзівіліся: чаму б пасля столькіх гадоў жыцця за мяжой не атрымаць замежны пашпарт? Хутчэй за ўсё, ён абараніў бы чалавека ад такой сітуацыі. «Люстэрка» паразмаўляла з беларусам, які 20 гадоў жыве ў Германіі і не хоча мяняць «слабы» айчынны пашпарт на «моцны» нямецкі.
Імя суразмоўцы змененае з меркаванняў бяспекі.
42-гадовы Антон пераехаў у Германію 20 гадоў таму. Тут ён адвучыўся ў мясцовым універсітэце, уладкаваўся на працу - інжынерам у аўтамабільную сферу.
- Абзавёўся сям'ёй і жыллём. Першыя гадоў пяць-шэсць жыў на падставе часовага віду на жыхарства, а потым атрымаў пастаянны ВНЖ, - расказвае ён.
Пастаянны від на жыхарства ў Германіі не абмежаваны часам - яго не трэба падаўжаць і можна атрымаць пасля пяці гадоў жыцця ў краіне, пацвердзіўшы пэўны ўзровень сваіх даходаў і веданне нямецкай мовы. Пасля многіх гадоў жыцця і працы ў Германіі Антон мог бы атрымаць і нямецкае грамадзянства. Але гэтага рабіць ён не хоча і лічыць пашпарт Беларусі цалкам зручным для сябе.
- Нямецкія законы не дазваляюць мець два грамадзянствы, а беларускае страчваць я не хачу, - тлумачыць мужчына. - Пашпарт Германіі быў бы патрэбны, калі б я часта выязджаў за межы Шэнгенскай зоны, але я гэтага не раблю. Унутры «Шэнгена» перасоўваюся без якіх-кольвек абмежаванняў. Да таго ж я езджу ў Беларусь - як мінімум раз на год. Без беларускага пашпарта давялося б пастаянна афармляць візы.
У Беларусі ў Антона жыве мама, і яна, як ён кажа, была б рэзка супраць, калі б ён стаў грамадзянінам Германіі.
- Мае бацькі вельмі цяжка перажывалі мой ад'езд, - успамінае інжынер. - Я адзінае дзіця ў сям'і, і яны палічылі, што я іх кінуў. Настроіліся супраць усяго нямецкага. Лічаць, што Германія - зло. Я спрабаваў нешта расказваць, тлумачыць - марна. Сын - немец? Для мамы гэта стала б канцом свету.
Забарона выдаваць пашпарты і іншыя дакументы ў беларускіх пасольствах Антона не палохае. Ён лічыць, што спакойна зможа трапіць у Беларусь, калі ў гэтым будзе неабходнасць.
- Падзеі апошніх гадоў не паўплывалі на маё рашэнне заставацца грамадзянінам Беларусі, - разважае ён. - Для мяне пашпарт - проста фармальны дакумент, які не паказвае майго стаўлення да той ці іншай дзяржавы. Мне зручней цяпер з беларускім. Ён ніколі не ствараў мне ў Германіі вялікіх праблем.
Суразмоўца ўспамінае два выпадкі за 20 гадоў жыцця ў еўрапейскай краіне, калі яго беларускае паходжанне выклікала пэўныя складанасці.
- Нашая кампанія працавала з вайсковым заказам, і мяне да гэтага праекта, як замежніка, не дапусцілі. Але гэта было шмат гадоў таму, - адзначае Антон. - Яшчэ адзін выпадак быў летась. Краіны ЕС пачалі ўводзіць санкцыі - і ў расіян і беларусаў нямецкія банкі папрасілі пацвердзіць ВНЖ. Кліентам банка я быў даўно. Кіраўнік філіяла нават казаў мне, што ў мяне ў банку добрая рэпутацыя - надзейны кліент з прыстойнай сумай на рахунку. Адправіў у банк усе патрэбныя дакументы. Праз некалькі месяцаў прыходзіць ліст: банк скасоўвае кантракт са мной. Спрабаваў высветліць прычыну - ніхто нічога не патлумачыў. Спаслаліся на ўнутраныя правілы. Гэта было вельмі нязручна, бо ў Германіі да рахунку ў банку прывязаныя многія плацяжы. Давялося памяняць банк. Тым не менш гэта ўсяго два выпадкі за 20 гадоў жыцця ў краіне. Іншых нязручнасцяў не было.
Антон чуў пра гісторыю з беларусам, якому анулявалі ВНЖ (праўда, часовы) пасля 17 гадоў жыцця ў Літве і дэпартавалі ў Беларусь. Але, кажа, няма боязі, што з ім можа адбыцца падобная гісторыя.
- Я жыву ў Германіі ўвесь час, дзеці - грамадзяне Германіі, я працую на нямецкую кампанію, плачу тут падаткі, ніколі не прыцягваўся ў паліцыю, - пералічвае беларус. - Прычын пазбавіць мяне віду на жыхарства абсалютна няма. У немцаў хапае праблем з нелегаламі, каб ствараць іх такому ўзорнаму бюргеру, як я.
Чытайце таксама