«Заўтра Украіна наша, далей Еўропа — усюды будзе Расія. Што ты скажаш пра гэта, бэчэбэшнік?» Як успрымаецца вайна ў зняволенні
15 снежня 2023 у 1702654800
Анна Комлач«Медиазона. Беларусь»
Палітвязні ў калоніях не разлічваюць на рэгулярную перапіску, асцерагаюцца цэнзараў і не давяраюць дзяржканалам. Гэта значыць, што практычна ўсе навіны даходзяць да іх з спазненнем і часта - скажоныя прапагандай. «Медыязона» распытала чатырох былых асуджаных пра тое, як яны даведаліся пра вайну ва Украіне і як яе абмяркоўвалі ў калоніях.
«Думалі, што нас ратаваць прыйшлі, грамяць турму»
У лютым 2022, за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, зняволеныя ў гомельскім СІЗА пачалі разумець, што «нешта адбываецца», расказвае Ганна. Праз моцны гул - імаверна, ад самалётаў або запуску ракет - у некаторых камерах дзяўчаты ўначы хаваліся пад ложкамі.
- Мы думалі, можа, гэта чарговы этап рэвалюцыі, нас ужо ратаваць прыйшлі, грамяць турму. Здавалася, што зараз паваляцца сцены, былі чутны нейкія выбухі - ад гэтага паніка, страх. А потым прыйшоў ліст ад мамы, што пачалася вайна, - кажа Ганна.
З 25 лютага ў тых, хто ўтрымліваўся ў ізалятары за палітыку, пачаліся праблемы з перапіскай - карэспандэнцыя прыходзіла толькі ад родных. Тым не менш, цэнзары СІЗА прапускалі навіны пра вайну - Ганна кажа, што яе мама пісала «разгорнута, як ёсць»: «Гомельскім дзяўчатам сваякі пісалі, што тут вайна поўным ходам».
«Палітычным» глядзець тэлевізар не дазвалялі з-за «экстрэмісцкага» прафуліку, але ў камеры працавала радыё. Ганна кажа, што часта даводзілася слухаць праграму «Клуб рэдактараў». З гэтага таксама можна было атрымаць карысць, «перакульваючы» сказанае ў эфіры.
Неўзабаве дзяўчыну перавялі ў калонію. Там, у адрозненне ад СІЗА, прагляд тэлевізара быў абавязковым. Асуджаным уключалі праграмы Рыгора Азаронка, Ігара Тура і расійскіх прапагандыстаў.
- Па тэлеку паказвалі Марыупаль, што гэта рускія вызваліцелі прыйшлі, што ўсе там за Расію і пашпарты бягуць мяняць, - кажа яна.
Паводле слоў Ганны, большасць асуджаных у яе атрадзе адбывалі вялікія тэрміны і за гады зняволення «далёкія ад палітыкі» жанчыны перанялі рыторыку прапагандысцкіх каналаў: «Байдэн у іх маразматык стары, Зяленскі - клоўн, Лукашэнка - малайчына, Пуцін - наогул малайчына. Кажуць: "Так і трэба гэтым укранацыстам"».
Дзяўчына кажа, што стрымлівала сябе, каб не адказваць на падобныя каментары, і не спрабавала даказаць асуджаным адваротнае. Яна лічыць спробы пераканаць зняволеных бессэнсоўнымі: гэта трэба рабіць «у нармальным свеце з праўдзівымі навінамі», кажа яна. Акрамя таго, пра размовы на палітычныя тэмы напэўна даведаўся б супрацоўнік аператыўна-рэжымнага аддзела калоніі. Тады ў найлепшым выпадку з асуджанай правядуць «гутарку», а ў горшым - адправяць у штрафны ізалятар. Паводле слоў былой зняволенай, для «палітычных» ёсць два залатыя правілы - цярпець і маўчаць.
- Іх большасць, а я ў палоне, не на сваёй тэрыторыі. Ты проста глядзіш на гэта і разумееш, наколькі яны недалёкія. Ёсць нядрэнныя дзяўчаты, але яны нічога не бачылі, нічога не ведаюць. Я не ведала, як растлумачыць ім, за што я сядзела. А што тут растлумачыш пра вайну? - разважае Ганна.
У адрозненне ад СІЗА, цэнзары ў калоніі не прапускалі лісты з навінамі пра вайну - іх рвалі проста пры асуджаных, таму перапіска перайшла ў фармат «пра надвор'е, пра прыроду, як ты паела і ці цёпла ты апранутая», кажа Ганна.
Асноўнай крыніцай інфармацыі сталі спатканні з блізкімі. Навіны, перададзеныя сваякамі, «палітычныя» пераказвалі адзін аднаму падчас перакураў на прамзоне - там іх размовы не слухалі.
- Абмяркоўвалі па сто разоў адно і тое ж, але ад гэтага было лягчэй. Насамрэч ты гэтыя перакуры чакаеш як нейкі праменьчык сонца сярод хмар, - прызнаецца Ганна.
Дзяўчына кажа, што не ўяўляла сабе маштабаў таго, што адбываецца на вайне, бо інфармацыю атрымлівала ўрыўкава.
- Там здаецца, што слова «вайна» - гэта нешта з таго боку свету прыхарошанае. Ты не верыш, што разбураны Марыупаль, што спаленая Буча, што там гвалтуюць, забіваюць, што выносяць унітазы, што брацкія магілы па 500 чалавек знаходзяць, - кажа яна.
Пасля вызвалення дзяўчына спярша чытала пра новыя падзеі, але паступова адмотвала навіны да першага дня вайны, і праз два месяцы «выйшла на поўную карціну».
- Цяпер мая раніца пачынаецца з Фейгіна і Арастовіча. Я наогул забылася, калі ў апошні раз глядзела нейкі фільм або перадачу, каб крыху разгрузіць мозг, - расказвае Ганна.
«Цётка Галя - гэта Кіеў, Коля - гэта Адэса»
Пётр даведаўся пра пачатак вайны 26 лютага з выпуску навін на тэлеканале НТВ. Паводле слоў былога зняволенага, ужо на наступны дзень да яго падышоў асуджаны, які супрацоўнічае з адміністрацыяй, і сказаў: «Яшчэ адно слова пра Украіну - і будзе ШІЗА».
Навіны «палітычныя» абмяркоўвалі паміж сабой. Рабіць гэта было цяжка - збірацца ў групы ім не дазвалялі.
- Да смешнага даходзіла: «Што, зноў мітынг зладзілі ў лакалцы? Зноў чацвёра палітычных сабралася». Мы казалі, што гуляем па лакальным участку, на што нам адказвалі, што трэба гуляць па адным, - пераказвае дыялог з супрацоўнікамі калоніі Пётр.
Ён кажа, што зняволеным даводзілася дзейнічаць «як у падполлі». На лакальным участку «палітычныя» дамаўляліся, якія каналы будуць глядзець увечары, каб пазней параўнаць пачутае.
- У царкве і бібліятэцы мы маглі перакінуцца парай слоў. Калі два палітычныя з розных атрадаў размаўляюць, гэта заўсёды прыцягвае ўвагу. Таму мы расказвалі адзін аднаму навіны, нахіліўшы галаву, стоячы каля суседніх паліц, - расказвае Пётр.
Абмеркаваць навіны можна было ў прамзоне - там камунікацыю паміж асуджанымі не абмяжоўвалі. Інфармацыі ўсё роўна не хапала. Часам зняволеныя спрабавалі зразумець, што адбываецца на фронце, па паводзінах супрацоўнікаў калоніі.
- Неяк у нас у прамзоне быў шмон. Прыехаў рэжымны аддзел на мотаблоку. Глядзім - на прычэпе літара Z. літаральна праз тыдзень яна знікла з мотаблока, і мы зразумелі, што ўсё нармальна [на фронце]. Літару знялі, борт зафарбавалі, нават слядоў не было, - успамінае былы зняволены.
Супрацоўнікі спрабавалі правакаваць «палітычных» каментарамі пра вайну, дадае ён.
- Пыталіся: «Ну што, заўтра Украіна наша, далей Польшча, Еўропа - усюды будзе Расія. Ну што ты скажаш пра гэта, бэчэбэшнік?» - успамінае Пётр.
Аднойчы ў коле іншых асуджаных ён сказаў: «Кіеў спарадзіў гэтую Русь, напэўна, на Кіеве яна і скончыцца». Пра гэтую размову даведалася адміністрацыя - абышлося без пакарання, але Пятра выклікалі на гутарку з начальнікам атрада.
Большасць зняволеных, якія адбываюць працяглыя тэрміны не па палітычных справах, «адчуваюць сябе расійцамі» і падтрымліваюць расійскую армію, заўважыў Пётр.
- Я канчаткова пераканаўся, наколькі мела рацыю Украіна, калі адрэзала інфармацыйны паток з Расіі. Асуджаныя задавалі пытанні: «Ну што там нашы, узялі Марыупаль?» Я пытаюся: «Хто нашы, раскажыце?» Мне кажуць: «А, ты ж бандэравец!» - успамінае былы вязень.
Пётр захапляецца гісторыяй і займаўся гістарычнай рэканструкцыяй, у тым ліку дзякуючы гэтаму ў яго шмат сяброў ва Украіне. Суразмоўца расказвае, што гэта дапамагала даведвацца навіны падчас званкоў родным, бо наўпрост спытаць нельга - размовы ўважліва слухае супрацоўнік калоніі.
- Пытаўся ў жонкі: «Як цётка Галя?» Яна адказвае: «У іх страшна там». Цётка Галя - гэта Кіеў, таму што яна там жыве, Коля - гэта Адэса. Шыфраваліся праз імёны знаёмых і сваякоў, якія жылі ў розных гарадах, - тлумачыць ён.
Як і ў сітуацыі Ганны, важнай крыніцай інфармацыі для Пятра і іншых асуджаных у яго калоніі сталі працяглыя спатканні.
- Потым ужо пераседкі, у якіх ёсць галава, пачалі падключацца да палітычных: «Раскажыце, што там, вы ж навіны глядзелі». Пры гэтым частка асуджаных была згодная падпісаць кантракт і ехаць забіваць украінцаў, калі пайшлі чуткі, што ў расійскіх турмах бяруць наймітаў у ЧВК «Вагнер», - адзначае Пётр.
Сярод іх былі і тыя, хто памяняў сваё меркаванне. Напрыклад, асуджаны, які працаваў з Пятром у адной брыгадзе, зацікавіўся палітычнымі тэмамі, а пасля доўгіх дыскусій яго выказванні супраць Украіны «згладзіліся».
«Танкі заедуць, і ўсіх вызваляць»
Віталь даведаўся пра пачатак вайны з размоў у курылцы - ён мяркуе, што зняволеным пра гэта расказаў нехта з наглядчыкаў. Асуджаны кажа, што «палітычныя» падтрымлівалі Украіну і спадзяваліся, што яе перамога прывядзе да вызвалення Беларусі.
- Усе пачалі чакаць, калі танкі заедуць праз агароджу зоны, і ўсіх вызваляць. Чаму б і не памарыць? Гэта адно з нямногіх задавальненняў, якое не могуць забраць наглядчыкі, - тлумачыць ён.
Інфармацыі, запазычанай з навін і каментароў супрацоўнікаў калоніі, асуджаным не хапала, і яна была скажонай, кажа Віталь: «"Ужо Кіеў бамбяць, заўтра Львоў захопяць", - гэта супрацоўнікі калоніі казалі. Асабліва заўзятыя здзекаваліся: "Заўтра ўжо ўсіх вашых [украінцаў] пераб'юць"».
Неўзабаве пасля пачатку вайны Віталь апынуўся ў ШІЗА, а потым у ПКТ. Даведвацца навіны там было яшчэ складаней. Адзін з сукамернікаў Віталя выпісваў газету «Беларусы і рынак», адкуль можна было «нешта даведацца».
- Калі наглядчыкі былі нармальныя, то мы маглі ад іх нешта пачуць. Хоць і ненармальныя таксама давалі інфармацыю. Мы маглі нават са здзеку нешта атрымаць - усіх ужо вывучылі за гэты час, - дадае ён.
«Адпрацоўвалі сцэнар, што на зону нападаюць»
Георгій расказвае, праз два-тры месяцы пасля пачатку вайны супрацоўнікі калоніі, у якой ён адбываў пакаранне, праводзілі вучэнні.
- Пару разоў на тыдзень адпрацоўваліся сцэнары пазаштатных сітуацый. То на зону нападаюць - бегалі там гэтыя мянты па тэрыторыі, па вышках, то над зонай збілі беспілотнік - яны ў лесе шукалі ўмоўны беспілотнік, - успамінае Георгій.
Аб навінах асуджаныя ў асноўным даведваліся падчас званкоў родным, і яны «маланкава разыходзіліся» па калоніі. Праўда, інфармацыя была перабольшаная - «там ужо ледзь не ядзерная вайна», кажа былы асуджаны.
Большая частка зняволеных, кажа ён, не цікавілася палітыкай. Як і іншыя суразмоўцы «Медыязоны», ён кажа, што тых, хто спачувае расійскай арміі, першапачаткова было больш: «У суадносінах 60 на 40 пераважала меркаванне, што з боку Расіі больш праўды і справядлівасці».
Некаторыя асуджаныя мянялі сваё меркаванне пасля званкоў сваякоў - тыя распавядалі, што «самі расійскія салдацікі ў ахеры ад таго, што адбываецца», кажа Георгій.
Паміж прыхільнікамі процілеглых пазіцый здараліся і бойкі, за якія адміністрацыя адпраўляла ў штрафны ізалятар. Тым не менш, удалося знайсці пункт судакранання: «І тыя, хто, дбаў за Расію, і тыя, хто суперажывалі Украіне, сыходзіліся ў меркаванні, што Лукашэнка застанецца закладнікам сітуацыі і будзе вымушаны за падтрымку ў 2020 годзе цалкам падтрымліваць Расію», - кажа Георгій.