«Яны там жывыя ўвогуле?» На выездах з Беларусі ў краіны ЕС у чэргах захрасла амаль 600 машын
5 студзеня 2024 у 1704447480
«Зеркало»
Пасля святаў беларусы, якія пастаянна жывуць у ЕС і прыязджаюць у Беларусь на вакацыі, вяртаюцца на працу. Гэта прыводзіць да велізарных чэргаў на выездзе з краіны. Абстаноўка ў пунктах пропуску застаецца напружанай з вечара 4 студзеня. Чэргі легкавых аўто і турыстычных аўтобусаў растуць, піша MOST.
Польшча. «Лепш у гэтыя даты браць запас часу»
Паводле звестак Дзяржпамежкамітэта, на беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Брэст» ноччу выезду чакала да 200 легкавых аўтамабіляў, але да 10 раніцы па мінскім часе іх колькасць дасягнула 270. Акрамя таго, у чарзе стаіць 18 турыстычных аўтобусаў.
Карыстальнік тэлеграм-чата «Беларусь-ЕС Граница BY» расказаў, што на праходжанне беларуска-польскай мяжы ў яго пайшло 12,5 гадзіны.
- Лепш у гэтыя даты браць запас часу, гатэль на ноч, калі магчыма. Так будзе спакайней і надзейней.
Іншая карыстальніца, Вольга, якая таксама захрасла на мяжы, абураная доўгім чаканнем:
- Яны там жывыя ўвогуле? Аўтобусы на мосце не рухаюцца ўжо больш за гадзіну, - паскардзілася дзяўчына ў чаце.
Літва. «Працуюць жахліва павольна»
Уначы на ўезд у Літву ў трох пунктах пропуску сумарна сабралася да 470 аўтамабіляў. Да раніцы іх колькасць знізілася да 340. Найбольш складаная сітуацыя традыцыйна ў «Каменным Логу». Там станам на 10 раніцы чакала выезду з краіны некалькі сотняў легкавых аўтамабіляў.
- На памежным пераходзе ў бок Літвы працуе адно акно, шмат раварыстаў, машыны стаяць праз гэта, - ахарактарызавала сітуацыю адна з жанчын, якія захраслі ў чарзе.
У «Катлоўцы» чэргі меншыя (70 аўтамабіляў), але ідуць яны павольна.
- Працуюць жахліва павольна. Пасля таго як яны праверылі аўто, пашпарты, мы стаялі першыя ля шлагбаўма, але памежнікі вырашылі не выпускаць нас і пайшлі на перазменку. Праз дзве гадзіны прыйшла новая змена, і дагляд пачаўся зноў, - паскардзілася Кацярына на павольную працу памежнікаў у пункце пропуску «Катлоўка».
Латвія. За ноч чарга зменшылася амаль у тры разы
Ноччу на латвійскім напрамку сабралася 55 аўтамабіляў, але да раніцы сітуацыя палепшылася - а 8-й выезду чакала да 20 машын.
Чытайце таксама