Сілавікі паказалі, каго і за што будуць затрымліваць на ўчастках падчас выбараў
20 лютага 2024 у 1708431480
«Зеркало»
Сілавікі праводзяць тактычна-спецыяльныя заняткі напярэдадні адзінага дня галасавання, які пройдзе 25 лютага. Адпрацоўваюць некалькі сцэнараў, у тым ліку затрыманне выбаршчыкаў, якія фатаграфуюць бюлетэні. Пра гэта паведаміў дзяржтэлеканал СТБ.
«Паводле сцэнара, выбаршчык, прыйшоўшы на ўчастак для галасавання, фатаграфуе бюлетэнь. Гэта парушэнне закона. На заўвагі старшыні выбарчай камісіі не рэагуе. Парушальніка давялося затрымаць супрацоўнікам міліцыі», - гаворыцца ў сюжэце.
Адзначаецца, што «мінскі гарнізон адпрацоўвае ўводныя, якія могуць адбыцца ў рэальным жыцці».
Яшчэ адзін план дзеянняў, які МУС адпрацоўвае падчас заняткаў, прадугледжвае разгон чэргаў ля выбарчых участкаў. У прыватнасці, у міліцыі папярэдзілі, што будуць затрымліваць тых, хто наўмысна будзе ствараць чэргі ў дзень галасавання. Адпрацавалі нават варыянт, калі «натоўп выбаршчыкаў» падпаліў сябра камісіі.
Сярод іншых сцэнараў - правакацыі на ўчастках для галасавання, выяўленне пакінутых торбаў, неапазнаныя лётныя апараты ў небе над будынкамі, дзе размешчаныя выбарчыя ўчасткі.
Паведамляецца, што сілавікі адпрацавалі «разнастайныя сітуацыі» з улікам досведу 2020 года і іншых краін.
Нагадаем, што раней у МУС расказалі, як будуць ахоўваць сябраў выбарчых камісій ад пагроз і абразаў. Да прыкладу, па кожным факце размяшчэння ўлётак у паштовых скрынях, званкоў па тэлефоне альбо паведамленняў у мэсэнджарах, сацыяльных сетках дадуць ацэнку ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Ахоўваць сябраў выбаркамаў будуць як падчас галасавання, так і падчас перавозкі бюлетэняў.
Акрамя таго, кіраўнік МУС Іван Кубракоў днямі расказаў, што падчас правядзення датэрміновага галасавання і 25 лютага будуць задзейнічаныя не толькі супрацоўнікі міліцыі Мінска, але і курсанты Акадэміі МУС, прыдадзеныя сілы, байцы моладзевых атрадаў аховы правапарадку, удзельнікі добраахвотных дружын, ветэраны ведамства.
Чытайце таксама