Пасля выходных чэргі на мяжы Літвы і Беларусі зменшыліся. Але чакаць уезду давядзецца чацвёра сутак
29 красавiка 2024 у 1714373280
«Зеркало»
У выходныя ў двух дзейных пунктах пропуску на мяжы з Літвой чэргі на ўезд у Беларусь расцягнуліся на некалькі кіламетраў. Паводле звестак упраўлення пунктаў памежнага кантролю пры Мінтрансе Літвы, у панядзелак яны зменшыліся, але, паводле самых аптымістычных ацэнак, чакаць уезду ў Беларусь кіроўцам давядзецца не менш за чатыры дні.
Паводле звестак літоўскага боку на раніцу панядзелка, цяпер на выезд з Літвы ў Беларусь у пункце пропуску «Мядзінінкай - Каменны Лог» стаіць 800 транспартных сродкаў, час чакання перасячэння мяжы ацэньваецца ў 100 гадзін (то-бок чацвёра сутак). У пункце пропуску «Шальчынінкай - Беняконі» - 750 легкавых і грузавых аўтамабіляў, час чакання ў чарзе - 125 гадзін (больш за пяць сутак).
Як раней паведамлялася, больш за 50% чэргаў - перагоншчыкі на транзітных нумарах, бо Латвія і Польшча закрылі афармленне транзітных машын, Літва - не.
Нагадаем, цяпер на мяжы Беларусі і Літвы працуе два з шасці пунктаў пропуску. Гэта «Мядзінінкай - Каменны Лог», а таксама «Шальчынінкай - Беняконі».
Пераходы «Лаварышкес - Катлоўка» і «Райгардас - Прывалка» былі закрытыя 1 сакавіка гэтага года. А «Шумскас - Лоша» і «Твярачус - Відзы» не працуюць з 18 жніўня 2023-га. Рашэнні пра закрыццё прымаліся ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі.