Беларуска, якая з'ехала праз палітыку, атрымала вельмі дзіўны ліст. Яна падазрае правакацыю ад сілавікоў — расказваем
25 чэрвеня 2024 у 1719326640
«Зеркало»
Людміла пакінула Беларусь праз палітычны пераслед і жыве ў іншай краіне. Днямі на яе электронную пошту прыйшоў ліст з запрашэннем на інтэрв'ю для еўрапейскай арганізацыі, звязанай з правамі чалавека. Паведамленне напісанае ветліва і грунтоўна, але, хутчэй за ўсё, яно фэйкавае. Не выключана, што яго маглі даслаць сілавікі ці прапагандысты. Расказваем падрабязнасці.
Імя гераіні змененае з меркаванняў бяспекі.
«Ласкава далі электронныя скрыні найбольш актыўных грамадзян»
Людміле напісаў нейкі Давід Мінееў з арганізацыі НДА HRM. Давід кажа, што яму «ласкава далі электронныя скрыні найбольш актыўных грамадзян» і цяпер ён рыхтуе відэаінтэрв'ю актывістаў для зрэзу грамадскай думкі.
Куды пойдуць гэтыя відэа? Не вельмі зразумела. Імаверна, іх пакажуць на «вялікім мерапрыемстве, якое рыхтуе Еўрапейскі саюз». Кароткія версіі відэа плануюць апублікаваць «на інфармацыйных рэсурсах краін Еўрапейскага саюза». Карацей, даволі цьмяна, зразумела адно: некуды ў Еўропу.
Сама Людміла лічыць, што гэта фішынг (інтэрнэт-махлярства з мэтай атрымання канфідэнцыйных звестак. - Заўв. рэд.). Паведамленне прыйшло на адрас, які жанчына выкарыстоўвае шмат гадоў. Па працы яна супрацоўнічала з рознымі арганізацыямі - у тым ліку замежнымі. Яна таксама лічыць, што яе пошту могуць ведаць сілавікі.
- Як бачыце, змест, здаецца, падштурхоўвае падзяліцца інфармацыяй, але сам адпраўнік - відавочна «фальшыўка»: ліст дасланы з левага адрасу і г. д. Важны нюанс: ён, відаць, быў мэтавым, бо трапіў у асноўную скрыню, не ў рассылкі і не ў спам, - адзначае беларуска.
Чаму ліст выглядае як несапраўдны?
З вялікай доляй імавернасці ліст, які атрымала Людміла, сапраўды падман. Аднак складанейшы, чым масавыя рассылкі спамераў. Бо аўтары просяць не пароль ад Instagram, а відэаінтэрв'ю. І вось чаму.
Імя адпраўніка. Аўтар - Давід Мінееў. У адкрытых крыніцах мы не знайшлі згадак сацыёлага з такім імем (прычым шукалі як на лацінцы, так і на кірыліцы). З такім імем і прозвішчам знайшоўся толькі школьнік з Масквы - не вельмі падобна да даследчыка грамадскай думкі для еўрапейскіх арганізацый.
Назва арганізацыі. Адпраўнік сцвярджае, што прадстаўляе арганізацыю НДА HRM. Аднак у адкрытых крыніцах мы таксама не знайшлі згадак такой установы. НДА - гэта агульная абрэвіятура для няўрадавых арганізацый. HRM - англамоўнае скарачэнне для human resourses management, то-бок кіраванне персаналам. Не падобна да праваабаронцы ці сацыялогіі.
Факты. У лісце згадваюцца некалькі міжнародных арганізацый і мерапрыемстваў. Напрыклад, «Еўра-Міжземнаморскі назіральнік за выкананнем правоў чалавека». Еўра-Міжземнаморскае партнёрства існуе, і ў яго задачы ўваходзіць абарона правоў чалавека. На базе гэтага партнёрства дзейнічае Саюз для Міжземнамор'я. Аднак іх асноўны інтарэс - краіны на берагах Міжземнага мора: Іспанія, Францыя, Італія, Марока, Алжыр, Туніс і іншыя. Малаімаверна, што апытанне меркавання беларускіх актывістаў можа быць звязанае з гэтым рэгіёнам.
«Як магчыма вам вядома, Еўрапейскі саюз плануе правесці ў Саудаўскай Аравіі саміт па Украіне», - піша адпраўнік. Насамрэч такі саміт ужо прайшоў у жніўні 2023-га года. А Глабальны саміт міру, які быў арганізаваны Украінай і праходзіў у Швейцарыі, нядаўна скончыўся. Такая блытаніна вельмі дзіўная для таго, хто прадстаўляе сур'ёзную арганізацыю.
Што кажуць у Саюзе для Міжземнамор'я?
«Люстэрка» звязалася з афіцыйнай прадстаўніцай Саюза для Міжземнамор'я. Сітуацыя падалася ёй дзіўнай. Паводле яе, арганізацыя не працуе з Беларуссю, яе прыярытэт - краіны ЕС, якія адносяцца да міжземнаморскага рэгіёна. Яна не змагла дакладна адказаць, ці праводзіць арганізацыя апытанне грамадскай думкі актывістаў, але яшчэ раз падкрэсліла, што яе калегі працуюць унутры ЕС. Паводле прадстаўніцы Саюза, імя Давіда Мінеева ёй не знаёмае. Аднак яна дадала, што ў яе няма спісу ўсіх супрацоўнікаў.
І што рабіць?
Людміла ліст праігнаравала і адправіла ў кошык. Відаць, гэта найлепшае, што можна зрабіць у такой сітуацыі.
Усім, хто атрымае падазроны ліст, яна раіць быць уважлівымі і не давяраць лістам з ананімных паштовых сервераў, калі не ведаеце адпраўніка. А тым, хто пакідаў дзесьці свае кантакты - удакладніць, куды перадавалі вашыя звесткі.
Што мусіць быць у афіцыйным лісце:
- адрас адпраўніка (на афіцыйным дамене арганізацыі);
- крыніца, адкуль у іх ваш адрас;
- спасылка на праект, у межах якога праводзіцца апытанне;
- поўныя звесткі адпраўніка, уключаючы пасаду, арганізацыю і падраздзяленне;
- афіцыйныя каналы для сувязі (звычайна тэлефон і е-мэйл);
- калі гаворка пра еўрапейскую арганізацыю - прыпіска наконт прыватнасці асабістых звестак.
Хто можа такім займацца?
Хто гэта даслаў? Людміла лічыць, што след гэтага ліста вядзе ў Беларусь.
- Тэкст ліста выдае не вельмі пісьменнага чалавека, які, аднак, намагаецца «закасіць» пад слэнг міжнародных арганізацый, - разважае яна.
Ёй гэтая сітуацыя нагадала гісторыю актывіста Алега Аксёнава, які ў 2022-м выехаў з краіны, але год працаваў на беларускія спецслужбы, думаючы, што гэта супрацоўнікі падліковай палаты Еўрасаюза.
Яшчэ адзін прыклад падману - гісторыя Таццяны Курылінай, якую выбавілі з-за мяжы на радзіму беларускія спецслужбы. Паводле звестак BYPOL, яе папрасіў вярнуцца малады чалавек, які абяцаў «вырашыць усе пытанні». Аднак гэта аказалася спецаперацыяй КДБ.
Дарэчы, беларускі КДБ можа ладзіць і маштабныя правакацыі. Менавіта так, да прыкладу, трапілі за краты лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітолаг Аляксандр Фядута і адвакат Юрый Зянковіч. Ім прапанавалі далучыцца да фіктыўнай змовы, а пасля выкрылі - і асудзілі за «падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту».
А яшчэ «прынады» могуць ствараць беларускія прапагандысты. Да прыкладу, у 2023 годзе супрацоўніца БТ Кацярына Ціхамірава напісала сяброўцы Каардынацыйнай рады Вользе Кавальковай. Прапагандыстка прадставілася памочніцай алігарха і прапанавала стэлефанавацца - а пасля змантаваную версію размовы паказалі на дзяржтэлебачанні.
Чытайце таксама