Чарга з аўтобусаў — цяпер і на мяжы з Літвой (і пішуць пра абмежаванні на ўвоз). «Калейка» ў Польшчу нават не знікала

15 лiпеня 2024 у 1721029680
«Зеркало»

На выездзе з Беларусі ў Літву ўпершыню за доўгі час утварылася чарга з аўтобусаў. На 10.00 раніцы ў панядзелак іх было дзесяць, сведчаць звесткі маніторынгу Дзяржпамежкамітэта. А чарга на польскім кірунку і не знікала.

Чарга на «Варшаўскім мосце» на мяжы з Польшчай, раніца 15 ліпеня 2024 года. Фота: ДПК

Чарга з аўтобусаў на выезд у Літву ў пункце пропуску «Каменны Лог» (з літоўскага боку - «Мядзінінкай») пачала збірацца днём у нядзелю, 14 ліпеня, і дагэтуль не знікла. У пікавы час - з чатырох да васьмі гадзін раніцы ў панядзелак - на беларуска-літоўскай мяжы стаяла 16 аўтобусаў, да 10.00 іх стала дзесяць.

Акрамя таго, у «Каменным Логу» чакаюць выезду з Беларусі 70 легкавікоў, у «Беняконях» (з літоўскага боку - «Шальчынінкай») - 50 аўто.

Адзначым, што ў апошнія месяцы аўтобусы не прастойвалі ў чэргах на мяжы з Літвой. Напярэдадні на некалькі гадзін было прыпыненае афармленне транспарту ў «Мядзінінкаі» праз тэхнічныя праблемы.

Між тым у адным з памежных чатаў пішуць, што «падчас праходжання літоўскай мяжы ў бок Беларусі ўжо тэлефоны і бытавую тэхніку везці нельга»:

«Самі літоўцы асабліва не глядзяць і не лазяць па багажы. Але калі вы пойдзеце адзначаць Tax Free, то самі сябе і здасце і паедзеце на разварот ці будзеце высаджаныя з машыны з таварам», - паведамляе падарожнік.

На польскім кірунку - у пункце пропуску «Брэст» - чарга з аўтобусаў і не знікала. На выходных іх там стаяла ў розны час ад 11 да 28, на дзесяць гадзін раніцы 15 ліпеня «калейка» вырасла ўжо да 45 аўтобусаў.

Таксама ў «Брэсце» ў чарзе на выезд у Польшчу прастойвае 70 легкавых аўто.

Паводле звестак польскага боку, на раніцу панядзелка ў «Тэрэспалі» сярэдні час чакання ўезду ў Беларусь для аўтобусаў складае тры гадзіны, для легкавікоў - дзевяць.

Нагадаем, на Беларусь распаўсюдзілі рэгламент ЕС № 2024/1865. Ён уводзіць санкцыі ў дачыненні да беларускай эканомікі ў адказ на яе ўдзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны. Раней гэты дакумент датычыў толькі юрыдычных асобаў, аднак з 29 чэрвеня 2024 года яго распаўсюдзілі і на фізічных асобаў, то-бок звычайных людзей.

З нядаўняга часу Польшча пачала строга даглядаць багаж фізічных асобаў - і забараняць уезд з «санкцыёнкай», якой цяпер лічаць мноства звычайных тавараў з крамаў, у тым ліку цыгарэты і алкаголь.

Якія тавары нельга везці праз польска-беларускую мяжу? Сабралі максімальна поўны спіс

Навiны па тэме:

«Максимально широкие исключения». Офис Тихановской предложил странам ЕС смягчить ограничения на пропуск авто с беларусскими номерами

«Никто даже сообщение не прислал, что задержка». Из-за очередей на границе автобусы Варшава — Минск сильно опаздывают с выездом

Из Беларуси в Польшу снова образовалась очередь из легковушек, в обратном направлении — увеличилась еще больше

Полная версия