У Магілёве «трагічна загінуў» інспектар ДАІ. Яму было 27 гадоў
13 верасня 2024 у 1726214700
«Зеркало»
Загінуў інспектар спецыяльнага ўзвода батальёна ДПС ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Мікіта Ісачкоў. Яму было 27 гадоў. Пра гэта паведаміла ведамасная газета міліцыі «На страже» ў свежым нумары ад 13 верасня. «Люстэрка» высветліла падрабязнасці інцыдэнту.
Абставіны гібелі супрацоўніка міліцыі ў публікацыі не раскрываюцца. У некралогу толькі ўдакладняецца, што смерць афіцэра мела трагічны характар.
Адзначым, што 7 верасня ў Магілёве адбылося ДТЗ з удзелам мікрааўтобуса і матацыкла. У выніку аварыі загінуў 27-гадовы кіроўца Yamaha. Навіну пра гэта апублікаваў магілёўскі паблік «ДТП и ЧП Могилев». У каментарах адзін з карыстальнікаў «ВКонтакте» з нікам Аляксандр Ісачкоў напісаў, што ў ДТЗ загінуў яго сын. Імя па бацьку загінулага інспектара было Аляксандравіч.
This browser does not support the video element.
Па факце ДТЗ распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 317 КК (Парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека). Як паведамілі ў Следчым камітэце, «7 верасня на рэгуляваным скрыжаванні вуліц Лазарэнкі-Бурдэнкі кіроўца аўтамабіля Ford, паварочваючы налева, не даў перавагі матацыклу Yamaha».
«У выніку ДТЗ 27-гадовы матацыкліст атрымаў смяротную траўму. Кіроўца мікрааўтобуса ўцёк з месца аварыі. <…> Мужчыну аператыўна выявілі. На момант затрымання ён быў п'яны. Следчаму фігурант растлумачыў, што ўжываў спіртное ўжо пасля ДТЗ. Гэтая версія будзе старанна правераная падчас папярэдняга следства», - расказалі ў ведамстве.
З публікацыі на сайце адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва вядома, што Мікіта Ісачкоў у 2014 годзе стаў курсантам факультэта міліцыі Магілёўскага інстытута МУС. Пасля размеркавання ён паехаў служыць у родны горад, у Дрыбінскі РАУС, на пасаду інспектара дарожна-патрульнай службы. Пасля 2021 года ён перайшоў на службу ў ДАІ Магілёва.