ПВК Вагнера апублікавала відэа пакарання смерцю свайго экс-байца, які здаўся ва ўкраінскі палон. Што пра гэта вядома
14 лiстапада 2022 у 1668411180
«Зеркало»
Тэлеграм-канал, які звязваюць з ПВК Вагнера, апублікаваў відэа пакарання смерцю, як сцвярджаецца, былога байца ПВК, што здаўся ў палон украінцам. На відэа мужчыну кувалдай разбіваюць галаву. Яго пракаментаваў і ўладальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын.
- Я аддаю перавагу таму, каб глядзець гісторыю ў тэатры. Што да акувалдаванага, то ў гэтым шоу відаць, што ён не знайшоў шчасця ва Украіне, а сустрэўся з нядобрымі, але справядлівымі людзьмі. Мне здаецца, гэты фільм называецца «Сабаку - сабачая смерць». Выдатная рэжысёрская праца, глядзіцца на адным дыханні. Спадзяюся, падчас здымак ні адна жывёліна не пацярпела, - апублікавала каментар Прыгожына яго прэс-служба.
На відэа (мы не публікуем спасылку на ролік з этычных меркаванняў) мужчына называе сябе Яўгенам Нужыным 1967 года нараджэння. У роліку, змантаваным з кадраў, знятых у розны час, ён кажа, што перайшоў на бок Украіны, каб ваяваць супраць расіян.
Апошні кадр - прыматаную скотчам да бетоннай пліты галаву Нужына разбіваюць кувалдай.
Хто такі Нужын і як ён пасля здачы ў палон зноў апынуўся ў руках ПВК
Нужын адбываў пакаранне ў калоніі пад Разанню. У інтэрв'ю ён расказваў, што быў асуджаны на 24 гады за забойства і за спробу ўцёкаў. На волю мусіў выйсці ў 2027 годзе, але летам быў завербаваны Прыгожыным. Ва Украіне амаль адразу здаўся ў палон. У інтэрв'ю ён таксама кажа, што ненавідзіць Пуціна і хоча ваяваць на баку Украіны. Расказваў, што ў Заходняй Украіне ў яго жывуць сваякі.
Як Нужын зноў апынуўся ў руках ПВК? На відэа пакарання мужчына кажа, што яго выкралі з Кіева - далі чымсьці цяжкім па галаве, ачуўся ён ужо ў падвале, дзе яму сказалі, што будуць «судзіць».
Gulagu.net са спасылкай на свае крыніцы сцвярджае, што былога зэка вярнула Расіі Украіна ў рамках абмену палоннымі.
- Мы, праваабаронцы, хочам зразумець: гэта надзвычайнае здарэнне і збой сістэмы, гэта нечая памылка, гэта адмова Украіны ад праграмы гарантавання бяспекі тым, хто здаўся ў палон, ці нешта іншае? - звярнуўся да прэзідэнта Украіны Уладзімір Асечкін, заснавальнік праекта Gulagu.net.
Асечкін сцвярджае, што ўкраінскаму боку была ўкінутая дэзінфармацыя пра тое, што Нужын нібыта з'яўляецца падвойным агентам і хоча ўкараніцца ў «Легіён» (вайсковае падраздзяленне УСУ, сфармаванае галоўным чынам з расійскіх ваеннапалонных і добраахвотнікаў, якія перайшлі на бок Украіны. - Заўв. рэд.) для ажыццяўлення разведкі.
Між тым экс-дэпутат Дзярждумы РФ Ілля Панамароў піша, што гісторыя Нужына - «разводка расійскіх спецслужбаў». «Украіна не выдае тых, хто гэтага не хоча, калі ён не з'яўляецца залегендаваным засланцам», - напісаў ён у сябе ў Facebook.
Украінскія афіцыйныя асобы тое, што адбылося, ніяк не пракаментавалі.
Паводле розных звестак, ПВК Вагнера завербавала ў калоніях ад 10 да 20 тысяч зняволеных. На адным з відэа вярбоўкі Яўген Прыгожын агучвае тры твае патрабаванні да «добраахвотнікаў»: не гвалтаваць жанчын, не ўжываць наркотыкі і не збягаць - дэзерціраў будуць расстрэльваць.