Наступ у Бахмуце і жаданне расійскіх уладаў замяніць ПВК Вагнера. Галоўнае са зводак
4 красавiка 2023 у 1680612900
«Зеркало»
Украінскія вайскоўцы паведамілі, што Расія працягвае выкарыстоўваць паветраную прастору і тэрыторыю Беларусі, яе вайсковую інфраструктуру. У Мінабароны РФ заявілі, што знішчылі чатыры склады з узбраеннем, а таксама расказалі пра атакі па пазіцыях УСУ. Ваенная разведка Вялікабрытаніі лічыць, што расійскія ўлады шукаюць замену ПВК Вагнера. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 405-ы дзень вайны.
Генштаб УСУ: Расія працягвае выкарыстоўваць паветраную прастору і тэрыторыю Беларусі, яе вайсковую інфраструктуру
«Праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Дзякуючы зладжаным дзеянням падраздзяленняў Сіл абароны Украіны і гераізму кожнага воіна за мінулыя суткі былі адбітыя 69 атак акупантаў. Жорсткія баі працягваюцца за населеныя пункты Бахмут, Аўдзееўка і Мар'інка», - паведамілі ў Генштабе УСУ.
На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных зменаў, прыкмет фармавання наступальных груповак праціўніка не выяўлена.
«Пэўныя падраздзяленні Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь працягваюць выконваць задачы ў памежных з Украінай раёнах. Расія працягвае выкарыстоўваць паветраную прастору і тэрыторыю Беларусі, яе вайсковую інфраструктуру. На беларускіх палігонах ажыццяўляецца падрыхтоўка падраздзяленняў Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. Захоўваецца прысутнасць падраздзяленняў праціўніка ў памежных раёнах Курскай і Белгародскай абласцей», - адзначылі ўкраінскія вайскоўцы.
За суткі расійскія войскі нанеслі 3 ракетныя і 21 авіяцыйны ўдар, здзейснілі 33 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Паводле звестак Генштаба УСУ, украінская авіяцыя нанесла пяць удараў па раёнах канцэнтрацыі праціўніка. Таксама быў збіты разведвальны БПЛА. Украінскія ракетчыкі і артылерысты нанеслі ўдар па раёне канцэнтрацыі расійскіх войскаў.
Мінабароны РФ: атакі па пазіцыях УСУ і чатыры знішчаныя склады
У расійскім ваенным ведамстве расказалі пра атакі па пазіцыях УСУ:
- на Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная, Сінькоўка, Бераставое Харкаўскай вобласці і Стальмахоўка Луганскай вобласці. Забітыя больш за 30 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны, аўтамабіль, а таксама гаўбіца Д-20;
- на Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў (сіл) «Цэнтр» пабітыя падраздзяленні праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Неўскае Луганскай вобласці, Ямполаўка і Грыгораўка Данецкай вобласці. На гэтым напрамку забітыя да 225 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя тры баявыя браніраваныя машыны, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама гаўбіца Д-30;
- на Данецкім напрамку ў выніку актыўных дзеянняў падраздзяленняў, удараў авіяцыі і агню артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў забітыя да 65 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя чатыры баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, а таксама гаўбіца Д-30;
- на Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі аператыўна-тактычнай і армейскай авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар, Навасёлка Данецкай вобласці, Арэхаў і Шчарбакі Запарожскай вобласці. Страты праціўніка на гэтых напрамках за суткі склалі да 70 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, а таксама адна гаўбіца Д-20;
- на Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння праціўніка забітыя да 10 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя два аўтамабілі і дзве гаўбіцы Д-30.
Удары расійскай арміі па тэрыторыі Украіны за суткі:
- аператыўна-тактычная авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя нанеслі паражэнне 83 артылерыйскім падраздзяленням на агнявых пазіцыях, жывой сіле і тэхніцы ў 96 раёнах. Акрамя таго, знішчаныя тры склады з артылерыйскімі боепрыпасамі праціўніка, а таксама склад ракетна-артылерыйскага ўзбраення УСУ;
- сродкі супрацьпаветранай абароны перахапілі тры рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS, а таксама знішчылі тры ўкраінскія беспілотныя лётныя апараты.
Брытанская разведка: расійскія ўлады шукаюць замену ПВК Вагнера
Расія, імаверна, імкнецца спансараваць і развіваць альтэрнатыўныя прыватныя ваенныя кампаніі (ПВК), каб у выніку замяніць ПВК Вагнера, якая адыгрывае значную ролю ў вайне ва Украіне, піша ваенная разведка Вялікабрытаніі.
«Гэта адбываецца на фоне гучнай варожасці паміж Мінабароны Расіі і ПВК Вагнера. Расійскае вайсковае кіраўніцтва, імаверна, хоча замяніць ПВК на тую, над якой у яго будзе больш кантролю. Аднак у цяперашні час ні адна іншая вядомая расійская ПВК не можа параўнацца з ПВК Вагнера па памеры або баявой моцы», - гаворыцца ў дакладзе.
У Мінабароны Вялікабрытаніі ўпэўненыя, што ў Расіі лічаць ПВК ва Украіне па-ранейшаму карыснымі, бо яны эфектыўнейшыя за рэгулярную армію, а асноўныя выдаткі па іх утрыманні кладуцца на плечы прыватнага бізнесу. Таксама расійскае кіраўніцтва лічыць, што грамадства лепш перанясе цяжкія страты сярод ПВК, чым звычайныя вайсковыя страты.
Інстытут па вывучэнні вайны: найміты ПВК Вагнера захапілі будынак адміністрацыі Бахмута і прасоўваюцца на захад
«Найміты ПВК Вагнера працягнулі наступ у цэнтры Бахмута і ў ноч на 2 красавіка захапілі будынак гарадской адміністрацыі. Яны, імаверна, паспрабуюць прасунуцца на захад праз густанаселеныя раёны горада ў напрамку Хромавага», - сцвярджаюць эксперты амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
Ключавыя высновы ISW:
- паведамляецца, што расійскія службы бяспекі працягваюць адбіраць пашпарты высокапастаўленых чыноўнікаў і кіраўнікоў дзяржаўных кампаній, спрабуючы абмежаваць палёты з Расіі;
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на лініі Сватава - Крамянная;
- расейскія крыніцы паведамілі 3 красавіка, што часткі ПДВ Расіі ўпершыню атрымалі тэрмабарычныя артылерыйскія ўстаноўкі ТОС-1А;
- расійскія сілы працягвалі наземныя атакі ў раёне Бахмута, Аўдзееўкі, Данецка і заходняй частцы Данецкай вобласці.
Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць звестак афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні праціўнікаў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.