Такаеў пракаментаваў прапанову Лукашэнкі ўступіць у Саюзную дзяржаву: «Я належна ацаніў яго жарт»
29 мая 2023 у 1685349180
«Зеркало»
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў пракаментаваў выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Казахстану трэба ўступаць у саюз Беларусі з Расіяй - «будзе ядзерная зброя на ўсіх». Словы Такаева цытуе яго прэс-служба.
«Днямі прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка прапанаваў Казахстану ўступіць у Саюзную дзяржаву. Я належна ацаніў яго жарт. Я думаю, што неабходнасці ў гэтым няма, бо існуюць і іншыя інтэграцыйныя аб'яднанні, перш за ўсё Еўразійскі эканамічны саюз. Што да ядзернай зброі, то яна нам не патрэбная, бо мы далучыліся да Дамовы пра нераспаўсюд ядзернай зброі і Дамовы пра забарону выпрабаванняў ядзернай зброі. Мы застаёмся вернымі абавязанням у рамках гэтых міжнародных дакументаў», - сказаў Такаеў.
Нагадаем, 24 траўня на пленарным паседжанні Другога Еўразійскага эканамічнага форуму прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў прапанаваў абмеркаваць «адзін далікатны момант» - наяўнасць у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза Саюзнай дзяржавы ў асобе Беларусі і Расіі.
«У нас ёсць у ЕАЭС Саюзная дзяржава, то-бок у сусветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт або феномен - стварэнне дзяржавы па формуле "дзве краіны - адна дзяржава" з адзінай палітычнай, юрыдычнай, ваеннай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай, з адзінай саюзнай дзяржавай, з адзіным саюзным парламентам. Я прашу прабачэння, нават ядзерная зброя - адна на дваіх цяпер», - адзначыў прэзідэнт Казахстана.
Пазней Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў словы Такаева.
«Калі хтосьці перажывае - не думаю, што Касым-Жамарт Такаеў перажывае з гэтай нагоды, але калі раптам, - дык ніхто не супраць, каб у Казахстана і іншых краін былі такія ж цесныя адносіны, як у нас з Расійскай Федэрацыяй. Гэта вельмі проста. У саюз Беларусі з Расіяй трэба ўступаць, і ўсё: будзе ядзерная зброя на ўсіх», - заявіў Лукашэнка.