«Вы — сумленне і гарантыя будучыні Беларусі». Інтэрв'ю з амбасадарам Латвіі пра 2020-ы, магчымасці вызвалення палітвязняў і салідарнасць
29 лiпеня 2023 у 1690657200
«Зеркало»
Латвія падтрымлівала і будзе далей падтрымліваць палітычных зняволеных Беларусі, а таксама, як старшыня Камітэта міністраў Савета Еўропы, прыкладзе максімальныя намаганні для таго, каб гэтае пытанне заставалася на парадку дня ў ЕС і міжнародных арганізацый. Амбасадар Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семаніс пасля высылкі з нашай краіны вымушаны выконваць свае абавязкі з Рыгі. Ён расказаў «Люстэрку», як успрыняў падзеі жніўня 2020 года ў Мінску, і паразважаў пра тое, ці ёсць дыпламатычныя шляхі для вызвалення беларускіх палітвязняў.
Рэдакцыя «Люстэрка» разам з дзясяткамі іншых незалежных медыя і грамадскіх арганізацый запускае марафон дапамогі палітвязням і іх сем'ям «Нам не ўсё адно!». Мы будзем збіраць грошы для людзей, якіх беларускі рэжым усімі сіламі спрабуе ізаляваць. Улады хочуць, каб палітычныя зняволеныя і іх блізкія адчувалі сябе забытымі - і нам, беларусам, вельмі важна гэтага не дапусціць. Дапамажыце людзям, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні.
Тут падрабязнасці марафону і важная інфармацыя для чытачоў з Беларусі
Дзеля вашай бяспекі рэдакцыя «Люстэрка» заклікае не данаціць з картак беларускіх банкаў. Калі вы чытаеце гэта знаходзячыся ў Беларусі - вы ўжо робіце вельмі важную справу. Вы пераадольваеце страх і не даяце рэжыму прымусіць вас не глядзець вакол.
Грошы будуць збірацца на адзіны рахунак фонду «21 мая», створанага Вольгай Гарбуновай, прадстаўніцай Кабінета па сацыяльных пытаннях. Пасля яны будуць перададзеныя арганізацыям, якія дапамагаюць палітвязням і іх сем'ям.
Мінімальнае ахвяраванне ўстаноўленае на ўзроўні 5 еўра для таго, каб не даць нядобразычліўцам заблакаваць кампанію па зборы сродкаў вялікай колькасцю маленькіх плацяжоў - яны выклікаюць падазрэнні ў аплатнай сістэмы, і яна спыняе прыём грошай.
- Добры дзень, «Люстэрка» і паважаныя ўдзельнікі марафону салідарнасці з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Вялікі дзякуй за запрашэнне паўдзельнічаць у гэтай акцыі. Я думаю, што яна вельмі важная і, вядома, своечасовая.
Важна, што марафон арганізавалі менавіта незалежныя беларускія медыя, гэта мае вельмі вялікае значэнне ва ўсіх дэмакратычных рухах і дзяржавах. І мы ў Латвіі надаём гэтаму вялізную ўвагу. Яшчэ раз дзякую за запрашэнне паўдзельнічаць у гэтай акцыі.
- Вам давялося з'ехаць з Мінска пасля таго, як мэр Рыгі вывесіў бел-чырвона-белы сцяг замест афіцыйнага чырвона-зялёнага падчас чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе. Скажыце, якой вам запомнілася сітуацыя ў Беларусі на момант ад'езду і наколькі яна змянілася цяпер?
- Калі беларускія ўлады запатрабавалі, каб я і дыпламаты нашай амбасады з'ехалі з Беларусі, гэта, вядома, быў вельмі цяжкі момант. І сама змена сцягоў у цэнтры Рыгі была непасрэдна звязаная з тэрарыстычным актам рэжыму Лукашэнкі супраць самалёта Ryanair. Але ў цэлым гэта быў ясны сігнал Латвіі што да рэпрэсій, якія адбываліся ў Беларусі.
Я мушу прызнацца, што поўнай нечаканасцю тая сітуацыя не была, бо ўжо да гэтага ўрад Латвіі прыняў рашэнне не праводзіць сумесна з Мінскам чэмпіянат свету па хакеі. То-бок у нейкай меры мы, дыпламаты, былі гатовыя да такога развіцця падзей.
Сёння сітуацыя ў Беларусі змянілася, і я мушу прызнаць, што яна рэзка пагоршылася. Як суседняя краіна мы вельмі заклапочаныя сітуацыяй у Беларусі. Мы асуджаем падтрымку рэжымам Лукашэнкі агрэсіі Расіі ва Украіне, размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі Расіі ў Беларусі, інструменталізацыю нелегальнай міграцыі на ўсходніх межах Еўрапейскага саюза і, вядома, бесчалавечныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, незалежных медыйных і няўрадавых арганізацый. Як вядома, у турмах Беларусі пакутуе каля 1500 палітвязняў.
Нас турбуе змяншэнне суверэнітэту Беларусі ў так званай Саюзнай дзяржаве, асабліва пасля размяшчэння ядзернай зброі і знаходжання ў Беларусі так званай групы Вагнера. Пра тое, што нас гэта вельмі непакоіць, адзначалася ў спецыяльным лісце прэзідэнтаў трох краін - Польшчы, Літвы і Латвіі - генеральнаму сакратару NATO, спадару Столтэнбергу перад самітам у Вільнюсе.
Нас вельмі турбуе сітуацыя з нацыянальнай мовай і культурай у Беларусі. І мы лічым, што гэта мусіць быць наогул адзін з важных напрамкаў у дэмакратычным руху Беларусі, улічваючы досвед Латвіі. Мы гатовыя працаваць у гэтым кірунку і аказваць дапамогу.
- У жніўні 2020 года вы былі ў Мінску і бачылі, што адбывалася ў нашай краіне і на вуліцах нашых гарадоў. Раскажыце, як вы рэагавалі на гэта, якія ў вас былі эмоцыі і пачуцці тады як у дыпламата і як у чалавека.
- Калі гэтыя падзеі разгортваліся ў Мінску, маё асабістае меркаванне не разыходзілася з маёй пазіцыяй дыпламата. Мы сапраўды былі ўражаныя тым, што адбывалася, хоць да апошняга моманту спадзяваліся, што праблемы, звязаныя з выбарамі, будуць вырашаныя.
Перад самімі выбарамі (24 ліпеня 2020 года. - Заўв. рэд.) прайшла сустрэча міністраў замежных справаў Беларусі і Латвіі ў мястэчку Сілене на мяжы нашых краін. Тады мы яшчэ раз звярнуліся да беларускага боку з папярэджаннямі і просьбамі, бо ўжо было вядома, што адбываецца з людзьмі, якія рыхтаваліся стаць кандыдатамі ў прэзідэнты.
Было вельмі трывожна, і ўсё ж адбылося самае страшнае - пачаліся рэпрэсіі, якія пакінулі ў нас вельмі цяжкае ўражанне. Мы вельмі перажывалі. Дыпламаты Еўрапейскага саюза разам з дыпламатамі іншых заходніх краін удзельнічалі ў акцыях салідарнасці з тымі, хто пацярпеў ад рэпрэсій. Сітуацыя была вельмі цяжкая, трэба было мабілізавацца і зразумець, якім чынам дзейнічаць далей.
Тады Савет Еўрапейскага саюза заняў прынцыповую пазіцыю, якой прытрымліваецца і сёння. Самае галоўнае ў гэтай пазіцыі - патрабаванне спыніць рэпрэсіі. Па-другое, вызваліць і амніставаць усіх палітычных зняволеных. Па-трэцяе, стварыць умовы для вяртання ўсіх, хто быў вымушаны пакінуць Беларусь. Па-чацвёртае, правесці ў Беларусі свабодныя выбары з удзелам міжнародных назіральнікаў.
- Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра тое, што Латвія робіць для дапамогі беларускім палітвязням.
- Мы звяртаем увагу міжнароднай супольнасці на гэтую вельмі цяжкую сітуацыю. Працуем, каб гэтае пытанне было ў цэнтры ўвагі палітычнага парадку дня і каб усе магчымыя рэсурсы былі нацэленыя на дапамогу палітычным зняволеным і іх сваякам.
Як гэтага дасягнуць і як гэта адбываецца ў жыцці? Напрыклад, я мушу гэта падкрэсліць, вельмі важную ролю адыгрывае парламент Латвіі. Нядаўна там была створаная група супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, у ёй працуюць асноўныя партыі нашай краіны. Гэта вельмі важны сігнал.
Таксама праводзяцца спецыяльныя кампаніі, каб людзі былі інфармаваныя пра палітычных зняволеных Беларусі - хто яны такія, якія іх лёсы. Гэта таксама вельмі важны элемент.
Як я ўжо казаў, мы звяртаем на гэтыя пытанні асаблівую ўвагу ў міжнародных арганізацыях. Цяпер Латвія старшынюе ў Камітэце міністраў Савета Еўропы, там мы вельмі актыўна працуем. Тое самае ў АБСЕ і, вядома, у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і іншых арганізацыях.
- Як вам здаецца, ці ёсць дыпламатычныя спосабы вырашыць пытанне вызвалення палітвязняў?
- Магчымасці для вырашэння гэтага вельмі важнага пытання звязаныя з тым, каб міжнародная супольнасць, Еўрапейскі саюз і іншыя арганізацыі звярталі на гэта ўвагу і адпраўлялі сур'ёзныя сігналы рэжыму ў Беларусі пра тое, што ў нас няма цярпімасці да такой сітуацыі.
Тут, вядома, вялікую ролю адыгрываюць санкцыі. Мы не можам спадзявацца, што санкцыі вырашаць усе праблемы, але гэта, я думаю, дастаткова сур'ёзны і важны інструмент, якім карыстаецца Еўрапейскі саюз.
І, вядома, тут мусіць быць вялікая інфармацыйная праца, у тым ліку незалежных медыя, каб свет ведаў пра зверствы, якія адбываюцца ў турмах Беларусі з палітычнымі зняволенымі. Гэтыя тры напрамкі вельмі важныя. І мы працуем для вырашэння гэтых праблем.
Вядома, мы дапамагаем сваякам тых, хто пацярпеў ад злачынстваў рэжыму, выдаём гуманітарныя візы і аказваем спецыяльную дапамогу, даём статус бежанцаў і гэтак далей.
- За лёсам каго з палітычных зняволеных вы сочыце асабіста?
- Я ў цэлым падтрымліваю ўсіх палітычных зняволеных і іх сваякоў. Няма такога, каб мы спецыяльна вылучалі кагосьці з гэтага працэсу. Вядома, ёсць пэўныя імёны, звязаныя з падзеямі ў 2020 годзе, калі яшчэ я сам і мае калегі з амбасады былі ў Беларусі. Але ў цэлым мы ўсё ж неяк спецыяльна іх не вылучаем.
- Якое вашае пасланне палітычным зняволеным у Беларусі і іх сваякам?
- Еўропа салідарная з вамі. І вашае пытанне вельмі важнае ў палітычным парадку дня Еўропы. Будзьце ўпэўненыя, вы - сумленне і гарантыя будучыні Беларусі.
Чытайце таксама