Да 1200 захварэлых за дзень і перапоўненыя бальніцы. Што ўжо вядома пра новую ўспышку дзіўнага захворвання ў Кітаі
23 лiстапада 2023 у 1700760000
«Зеркало»
Сусветная арганізацыя аховы здароўя папрасіла Кітай даць падрабязную інфармацыю пра дзіўны ўсплёск рэспіраторных захворванняў і ачагі «недыягнаставанай пнеўманіі» ў дзяцей на тэрыторыі гэтай краіны. Асабліва страшным можа выглядаць той факт, што папярэджанне пра гэтую з'яву прыйшло ад глабальнай сістэмы назірання за ўспышкамі захворванняў ProMED - менавіта яна ў канцы снежня 2019 года звярнула ўвагу многіх дактароў і навукоўцаў, а таксама чыноўнікаў СААЗ на загадкавы вірус, пазней названы SARS-CoV-2. Што наогул вядома пра гэтую хвалю захворвальнасці і ці не нясе яна пагрозы новай пандэміі? Расказваем, што вядома на гэты момант.
Што вядома пра кітайскую ўспышку пнеўманіі цяпер: храналогія
- 13 лістапада Нацыянальная камісія аховы здароўя Кітая паведаміла пра рост выпадкаў рэспіраторных захворванняў у краіне. Чыноўнікі растлумачылі, што такая сітуацыя звязаная з адменай антыкавідных абмежаванняў - краіна ўпершыню за тры гады ўваходзіць у халодную пару года без строгіх мер у межах стратэгіі «нулявой талерантнасці да COVID-19». Ад гэтай палітыкі, калі ўлады жорстка ізалявалі ўсіх хворых, а таксама людзей, якія мелі з імі кантакт, Кітай рэзка адмовіўся ў снежні 2022 года. Таксама рост захворвальнасці чыноўнікі тлумачаць адначасовай цыркуляцыяй адразу чатырох узбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў: вірусаў грыпу, бактэрый Mycoplasma pneumoniae, рэспіраторна-сінцытыяльных вірусаў (РСВ) і каранавірусаў COVID-19.
- У аўторак, 21 лістапада, пра з'яўленне кластараў дзіцячых пнеўманій незразумелага паходжання на поўначы Кітая абвясціла Глабальная сістэма назірання за ўспышкамі захворванняў ProMED. Успышкі былі зафіксаваныя ў Пекіне і ў паўночна-ўсходняй правінцыі Ляанін, у прыбярэжным горадзе Сямэнь. У многіх школах былі адмененыя заняткі, бо на пнеўманію захварэлі не толькі вучні, але і настаўнікі. Дзіцячыя бальніцы тут былі перапоўненыя.
- У сераду, 22 лістапада, Сусветная арганізацыя аховы здароўя даслала афіцыйны запыт Кітаю з просьбай даць падрабязную інфармацыю пра ўспышку. Звесткі павінныя ўключаць эпідэміялагічную і клінічную інфармацыю, а таксама вынікі лабараторных даследаванняў. Згодна з правіламі, Кітай мусіць адказаць СААЗ цягам 24 гадзін - то-бок адказу можна чакаць ужо сёння.
- Паводле паведамленняў пекінскай карэспандэнткі «Аль-Джазіры», да чацвярга, 23 лістапада, адна з буйных бальніц Пекіна прымала ў аддзяленні неадкладнай дапамогі каля 1200 пацыентаў з гэтым захворваннем. Самы вялікі прырост назіраўся ў дзіцячых аддзяленнях. У пекінскіх школах адзначаецца высокі ўзровень пропускаў заняткаў, некаторыя класы пасля захворвання некалькіх вучняў распускаюць па дамах як мінімум на тыдзень.
- Таксама 23 лістапада з'явіўся афіцыйны каментар Нацыянальнай камісіі аховы здароўя Кітая. У ім чыноўнікі прызналі, што многія дзіцячыя бальніцы ў краіне перапоўненыя пацыентамі з інфекцыйнымі захворваннямі дыхальных шляхоў. Каб не перагружаць сістэму аховы здароўя, яны рэкамендавалі звяртацца ў бальніцу ў тым выпадку, калі высокая тэмпература трымаецца ў дзіцяці даўжэй за тры дні.
Як працякае «недыягнаставаная пнеўманія»?
Паводле сведчанняў відавочцаў, цяпер у раёнах успышкі пнеўманіі ў Кітаі на яе хварэюць пераважна дзеці. У хворых не назіраецца кашлю або іншых відавочных сімптомаў, акрамя высокай тэмпературы. Акрамя таго, у многіх развіваюцца лёгачныя вузельчыкі, якія могуць быць спадарожнікамі пнеўманіі - у тым ліку той, што ўзнікае пасля захворвання на COVID-19.
СААЗ яшчэ не вызначылася з тым, што менавіта адбываецца ў Кітаі, але рэкамендуе яго жыхарам выконваць меры па зніжэнні рызыкі рэспіраторных захворванняў:
- вакцынавацца ад сезонных інфекцый;
- па магчымасці ўнікаць хворых людзей;
- заставацца дома падчас хваробы;
- забяспечыць добрую вентыляцыю ў сваім жыллі;
- абавязкова насіць маскі і рэгулярна мыць рукі.
Пакуль для ўспышкі захворвання ў Кітаі выкарыстоўваюць тэрмін «недыягнаставаная пнеўманія», бо незразумелая прычына, што яе выклікае. Гэта могуць быць як звычайныя вірусы і бактэрыі, так і нейкі новы ўзбуджальнік. У апошнім выпадку дастаткова рэальнай выглядае рызыка ўзнікнення новай пандэміі - то-бок распаўсюджвання захворвання па ўсёй планеце.
Ці варта рыхтавацца да новай пандэміі?
Відаць, не. Прынамсі, цяпер нішто не паказвае на такое развіццё падзей. Пакуль эксперты ў галіне аховы здароўя супадаюць у меркаванні, што Кітай сапраўды перажывае працэс выхаду з каранціну, з якім у свой час сутыкаліся і іншыя краіны - напрыклад, Вялікабрытанія. Падобна, што жыхары КНР «пагашаюць даўгі» перад імунітэтам пасля працяглай ізаляцыі, якая рэзка скараціла цыркуляцыю не толькі віруса COVID-19, але і ўзбуджальнікаў іншых інфекцый. Так лічыць, напрыклад, Франсуа Балу - дырэктар Інстытута генетыкі Універсітэцкага каледжа Лондана.
Зрэшты, некаторыя даследчыкі не выключаюць, што ўспышка дзіцячай захворвальнасці ў Кітаі можа быць выкліканая нядаўнай мутацыяй мікраарганізма або віруса са змененымі характарыстыкамі. Гэтага пункту гледжання прытрымліваецца Лайт Джамаль Абу-Радад, прафесар філіяла Найвышэйшай школы Корнельскага ўніверсітэта ў Катары.
На думку прафесара Пола Хантэра з Універсітэта Усходняй Англіі, пакуль занадта мала інфармацыі, каб зрабіць канчатковую выснову, што стала прычынай інфекцыйнай успышкі ў Кітаі. Але ў цэлым яе карціна не падобная да эпідэміі, выкліканай новым вірусам: навуковец лічыць, што ў такім выпадку было б значна больш выпадкаў захворванняў сярод дарослых.
Чытайце таксама