Галоўкам Сырскі абвясціў пра стварэнне вайсковай камендатуры ў падкантрольнай Кіеву частцы Курскай вобласці. Эксперт растлумачыў, што гэта значыць
16 жнiўня 2024 у 1723797900
«Новая Газета Европа»
Галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі паведаміў прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму, што на захопленай частцы Курскай вобласці створаная вайсковая камендатура. Кіраваць ёю будзе генерал-маёр Эдуард Маскалёў, які раней займаў пасаду камандуючага аператыўна-стратэгічнай групоўкай войскаў «Адэса». Украінскі ваенны эксперт, палкоўнік УСУ ў запасе Раман Світан растлумачыў «Новай газеце Еўропа», чым будзе займацца камендатура.
Камендант, кажа Світан, будзе адказным за «ўсё ўзаемадзеянне розных відаў і родаў войскаў, якія ўвайшлі на тэрыторыю Курскай вобласці». Пад кантроль Маскалёва пяройдуць усе сілы і сродкі, якія выкарыстоўвае Украіна ў гэтай аперацыі. Другая асноўная задача камендатуры - «забяспечанне нармальнага побыту насельніцтва, што засталося на занятай тэрыторыі»: пастаўкі прадуктаў, тавараў першай неабходнасці і медыкаментаў для цывільнага насельніцтва.
«Камендатура адказвае за ўсе гуманітарныя абавязанні, якія згодна з міжнароднымі правіламі ўскладаюцца на бок, які кантралюе тэрыторыю… УСУ нясуць поўную адказнасць за мірнае насельніцтва, якое жыве на захопленай тэрыторыі. Менавіта УСУ, з пункту гледжання міжнароднага заканадаўства, абавязаныя забяспечваць камфортнае жыццё цывільным. На захопленую тэрыторыю ўжо пастаўляюцца прадукты харчавання і гуманітарная дапамога.
Камендатура будзе займацца пытаннем бежанцаў. Ім дадуць калідор для выхаду як у бок Расіі, так і ў бок Украіны», - дадае Світан.
Паводле эксперта, на захопленай частцы Курскай вобласці «будзе дзейнічаць міжнароднае заканадаўства і ваенныя законы Украіны».
Вайсковец УСУ, знаёмы з сітуацыяй у Курскай вобласці, ананімна расказаў «Новай газеце Еўропа», што сярод ягоных таварышаў па службе няма забітых, але ёсць параненыя з аскепкавымі раненнямі. «Цывільныя ніяк не супраціўляюцца. Большая частка мірнага насельніцтва не супраць прыходу УСУ. Ёсць выпадкі, калі салдат запрашалі ў дамы, дзяліліся ежай, кармілі. Усе кажуць, што на фронт пайшлі толькі асацыяльныя асобы, хто паспадзяваўся на вялікія грошы», - кажа вайсковец.
Украінскі віцэ-прэм'ер Ірына Верашчук раней казала, што з вайскоўцамі прапрацоўваецца магчымы маршрут гуманітарнага калідора для выезду цывільных з Курскай вобласці ў Сумы.
«Адносна гуманітарнага калідора ў бок Расіі: такая магчымасць ёсць, але пры ўмове адпаведнага афіцыйнага запыту з расійскага боку. Пакуль такога запыту не было», - адзначыла міністарка.