У наступе УСУ пад Курскам удзельнічаюць зняволеныя. Economist пагаварыў з імі: «Цяжка апісаць гэтае пачуццё. Проста ашаламляльнае»
16 жнiўня 2024 у 1723811940
"Медиазона"⠀
«Не тое каб я бачыў шмат жудаснага, - кажа Гена, пазыўны - Вікіпедыя, сівавалосы 47-гадовы мужчына, асуджаны ў 2021 годзе за забойства і ўзброенае рабаванне. - Проста рускі без верхняй паловы. Ніжняя палова ёсць, а верхняй няма. Нічога асаблівага». Наступ УСУ ў Курскай вобласці стаў першай аперацыяй, у якой адкрыта ўдзельнічаюць зняволеныя. Іх пачалі масава вербаваць з калоній у канцы траўня. Журналісты Economist змаглі пагаварыць з некаторымі з былых зэкаў - і са старшым лейтэнантам Назарыем Кішаком, які камандуе іх падраздзяленнем. Пераклад артыкула публікуе «Медыязона».
Смех прарываецца скрозь храбусценне жвіру, калі да нас пад'язджае джып старшага лейтэнанта Назарыя Кішака. Ён спазніўся на чатыры гадзіны. «Гэта быў поўны пі*дзец, - кажа ён з ухмылкай пад крывым баксёрскім носам. - Калона - 70 чачэнцаў. Усе цяпер са святым Пятром». Вораг спрабаваў перасекчы мяжу крыху на поўнач ад месца, дзе яго байцы перайшлі на тэрыторыю Расіі.
Кішак узначальвае адно з самых незвычайных падраздзяленняў, якія ўдзельнічаюць ва ўкраінскай аперацыі ў Курскай вобласці. Рэч не толькі ў яго буйным стылі камандавання. Чвэрць з двухсот яго падначаленых - асуджаныя, якія атрымалі датэрміновае вызваленне ў абмен на службу ва УСУ. Тры месяцы таму гэтыя людзі сядзелі ў калоніях. Цяпер яны выправіліся на сваё першае заданне - ваяваць на тэрыторыі Расіі. Старлей Кішак кажа, што гэта найлепшыя байцы, якіх ён бачыў. 13 жніўня падраздзяленне панесла першую страту: загінуў 24-гадовы Міхаіл, асуджаны за рабаванне.
Падобны да мядзведзя камандзір рагоча, праязджаючы ўздоўж лесапаласы непадалёк ад афіцыйнай расійска-ўкраінскай мяжы. «Не хвалюйцеся, насамрэч мы не ля мяжы, - жартуе ён. - Яна на дзесяць кіламетраў ззаду». Удалечыні страляе танк. Рэзкі паварот - і карэспандэнт Economist трапляе на камандны пункт падраздзялення ва ўкраінскім лесе. Падлога абсыпаная недакуркамі і толькі што адкрытымі скрынямі з гранатамі. Кішак бярэ рацыю, каб перадаць загад праз мяжу. Байцы вакол яго схіліліся ў паклоне, як вучні. Некаторыя толькі што вярнуліся з Расіі і ліхаманкава глытаюць хлеб і маянэз.
Гена, пазыўны Вікіпедыя, - сівавалосы 47-гадовы мужчына, асуджаны ў 2021 годзе за забойства і ўзброенае рабаванне. Ён кажа, што ўсё здарылася з віны алкаголю. Яму адмовілі ў краме, калі ён хацеў купіць яшчэ піва, ахоўнік паспрабаваў выхапіць у яго зброю, і пісталет стрэліў: «Я вярнуўся дадому, лёг спаць, а калі прачнуўся, мяне ўжо чакалі». Як ён кажа, тры з паловай гады ў турме далі яму адчуванне спакою, і гэта дапамагло падчас перасячэння мяжы з Расіяй. «Не тое каб я бачыў шмат жудаснага, - кажа ён. - Проста рускі без верхняй паловы. Ніжняя палова ёсць, а верхняй няма. Нічога асаблівага».
Украіна натхнілася дзякуючы гэтаму марш-кідку на расійскую тэрыторыю. У апошнія дні прасоўванне замарудзілася. Магчыма, украінскія войскі ўмацоўваюць лініі забяспечання, а магчыма, не ведаюць, што лепш рабіць далей. Старлей Кішак і яго зняволеныя прыбылі ў рэгіён 10 жніўня, у якасці падтрымкі для элітнай ударнай групы, якая пачала наступ на Расію 6 жніўня. Цяпер падраздзяленне вядзе баі на поўнач ад Суджы, асноўнага кірунку ўварвання.
Абстаноўка напружаная. Але Кішак кажа, што Украіне, відаць, не хопіць сіл, каб адкрыць новы кірунак для наступу ў гэтым раёне: «Суджа застаецца прыярытэтам. У нас няма лішніх войскаў». Востры недахоп асабовага складу, урэшце, быў галоўнай прычынай таго, што ў траўні Украіна вырашыла ўзяць прыклад з Расіі і дазволіць асуджаным служыць замест адбыцця пакарання.
Саша Бахмут, 55-гадовы жыхар цэнтральнай Украіны, быў адным са зняволеных, якія актыўна выступалі за новы закон. Яго пасадзілі ў канцы 2021 года за тое, што ён застрэліў чалавека. Калі праз тры месяцы пачалася вайна, ён звярнуўся ў суд з просьбай дазволіць яму паехаць на перадавую. Урэшце яму падвярнуўся шанец паваяваць - у Расіі. «Цяжка апісаць гэтае пачуццё, - кажа ён. - Проста ашаламляльнае. Мы трапілі сюды. І не проста дабраліся, а перасеклі мяжу. Мы паказалі, што мы - адважная нацыя».
Паводле старшага лейтэнанта Кішака, поспехі эксперыменту ў самым яго пачатку паказваюць, што даваць людзям другі шанец - правільна. Пры гэтым ён робіць толькі два выключэнні: гвалтаўнікі і Уладзімір Пуцін. Існуе ўсебаковы працэс праверкі, але калі ўжо зняволеныя трапляюць у войска, то становяцца паўнавартаснымі салдатамі. У іх тыя ж правы, што і ў астатніх.
Асуджаныя лічаць, што служба вярнула ім мэту ў жыцці. Вікіпедыя, які вывучаў інфарматыку, кажа, што выкарыстоўвае інстытуцкія веды для працы з беспілотнікамі і сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Старлей Кішак раіць сваім падначаленым рыхтавацца да нечаканасцяў: невядома, куды іх можа прывесці чарговая ўкраінская аперацыя. «Заўсёды марыў адкрыць шашлычную ў Маскве», - кажа ён.