Зяленскі растлумачыў, навошта Украіне патрэбная Курская вобласць
1 лiстапада 2024 у 1730440860
Ганна Матсан / «Зеркало»
Украіна не збіраецца захопліваць расійскую тэрыторыю, але калі аперацыя ў Курскай вобласці паўплывае на заканчэнне вайны Расіі і Украіны, то Кіеў гэтым скарыстаецца, заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, перадае РБК-Украіна.
Паводле ягоных словаў, Украіне не патрэбныя тэрыторыі Расіі, яе цікавіць вяртанне ўласных.
«Калі пры заканчэнні вайны, пры дыпламатычных кроках ці сённяшніх ваенных тактычных кроках на полі бою гэтая аперацыя будзе мець уплывовы эфект, мы будзем карыстацца гэтым», - сказаў ён.
Тым часам дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўніком Пентагона Лойдам Осцінам заявіў, што каля васьмі тысяч паўночнакарэйскіх салдат знаходзіцца ў Курскай вобласці, паведамляе Associated Press.
«Мы пакуль не бачылі, каб гэтыя войскі ўдзельнічалі ў баях супраць украінскіх сіл, але чакаем, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя дні», - сказаў Блінкен.
Паводле яго, расійскія вайскоўцы вучаць паўночнакарэйскіх салдат абыходзіцца з артылерыяй, беспілотнікамі, а таксама асноўным баявым дзеянням пяхоты, у тым ліку расчыстцы акопаў, што «сведчыць пра тое, што яны збіраюцца выкарыстоўваць гэтыя войскі ў аперацыях на перадавой».
Нагадаем, УСУ пачалі аперацыю ў Курскай вобласці ў жніўні, прасунуўшыся на дзясяткі кіламетраў і заняўшы каля 100 населеных пунктаў, стварыўшы ў расійскім рэгіёне буферную зону. Зяленскі раней назваў гэта прэвентыўным ударам праз планы Расіі прарваць мяжу ў Сумскай вобласці. Аперацыя, як паведамляецца, таксама скіраваная на папаўненне фонду для наступных абменаў. Зяленскі тады дадаў, што Украіна будзе трымаць пазіцыі ў Курскай вобласці, пакуль Пуцін не пагодзіцца на перамовы.