Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Правозащитники: В Дзержинске проводят задержания и обыски, повод — послевыборные протесты
  2. Путин отклонил предложение США и Украины о 30-дневном прекращении огня — эксперты о ситуации на войне
  3. Госсекретарь США заявил, что Трамп готов бросить попытки помирить Украину и Россию и «двигаться дальше» — при каком условии
  4. В МВД Польши ответили, при каких условиях возможно открытие пунктов пропуска
  5. Почему Лукашенко больше не отпускает политзаключенных? И зачем КГБ устроил облавы на риелторов? Спросили у политического аналитика
  6. Этот триллер от Hulu переворачивает представление о сериалах про постапокалипсис. Объясняем, стоит ли смотреть (да)
  7. Битва за частный сектор: минчане отказываются покидать дома ради нового парка
  8. Что стало с «крышей» Бондаревой? Артем Шрайбман порассуждал, почему известная активистка оказалась за решеткой
  9. «Не думаю, что что-то страшное». Попытались устроиться в госорганизации с подписью на последних выборах не за Лукашенко — что вышло
  10. «Пути молодых мужчин и женщин расходятся»? Откуда растут ноги у тренда, о котором эксперты давно бьют тревогу (но лучше не становится)
  11. «Беларусов действительно много». Поговорили с мэром Гданьска о наших земляках в городе, их бизнесе, творчестве и дискриминации
  12. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
  13. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
Читать по-русски


Рэпрэсіі першай паловы XX стагоддзя ў СССР у першую чаргу асацыююць з асобамі кіраўнікоў савецкай спецслужбы — УНК-АДПУ-НКУС. Абываталям добра знаёмыя імёны Лаўрэнція Берыі, Мікалая Яжова або Генрыха Ягоды. Аднак у гісторыі ведамства хапае і менш вядомых людзей, адказных за расправы над палітычнымі сапернікамі і выпадковымі ахвярамі ў не меншай ступені. Адзін з іх — ураджэнец Беларусі, камісар дзяржбяспекі Якаў Агранаў, які лічыўся правай рукой Ягоды і Яжова і які ажыццяўляў рэпрэсіі ў 20-я і 30-я гады. З яго імем звязаныя практычна ўсе самыя гучныя судовыя расправы таго часу, але і канец самога чэкіста аказаўся ганебным. Расказваем пра гэтага чалавека.

Яков Агранов. Фото: sibnarkomat.livejournal.com
Якаў Агранаў. Фота: sibnarkomat.livejournal.com

Гэты тэкст — першы ў нашым новым праекце «Апрычнікі». У ім мы расказваем пра малавядомых антыгерояў савецкай эпохі, якія мелі непасрэднае дачыненне да рэпрэсій, але не надта вядомыя шырокай публіцы.

Ад гомельскага бухгалтара да работніка УНК

Якаў Агранаў — выхадзец з габрэйскай сям'і, якая жыла ў беларускім Чачэрску. Цяпер гэта раённы горад у Гомельскай вобласці, а тады — мястэчка, якое ўваходзіла ў склад Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Сапраўднае імя будучага чэкіста — Янкель Шэвель-Шмаеў. Яго бацька валодаў бакалейнай крамай, аднак рана пайшоў з жыцця, пасля чаго шматдзетная сям’я і яе «бізнес» сталі клопатам маці. Пазней сам чэкіст будзе сцвярджаць, што быў сынам рабочага — ці то будаўніка, ці то каваля — то-бок меў «пралетарскае паходжанне».

Янкель бакалейшчыкам быць не хацеў. У 1907 годзе, ва ўзросце 14 гадоў, ён паступіў у Чачэрскае 4-класнае гарадское вучылішча, а ў 1911-м ўладкаваўся на працу бухгалтарам на лясным складзе Левіна ў Гомелі.

«У гэтым горадзе спела рэвалюцыйнае жыццё, дзе найбольш актыўнымі здаваліся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры), — пісаў гісторык Эдуард Макарэвіч у сваёй кнізе „Восток-Запад. Звезды политического сыска“. — Калегі па складзе, што былі эсэрамі, і пераканалі Янкеля ўступіць у гэтую партыю. Было яму тады ўжо дзевятнаццаць. І сляды яго партыйнай дзейнасці знаходзяцца ў паліцэйскіх пратаколах: „18 красавіка 1915 года, у г. Гомелі ў рове адбылася сходка прадстаўнікоў рэвалюцыйных партый, усяго да 50 чалавек; аратарамі на ёй выступалі чачэрскі Рагачоўскага павета мешчанін Янкель Шавялёў-Шмаеў Агранаў, які носіць у партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў мянушку Міхаіл“».

Псеўданім Агранаў хлопец выбраў сабе відавочна ў памяць пра актывіста габрэйскай партыі «Бунд» Янкеля-Мойшэ Агранава, які 17-гадовым загінуў у 1905 годзе. Тады ён у складзе гомельскага атрада яўрэйскай самаабароны ўдзельнічаў у рэвалюцыйных беспарадках, арганізаваных мясцовым аддзяленнем «Бунда» і камітэтам РСДРП.

Агранаву ўдалося ўхіліцца ад прызыву ў войска ў пачатку Першай сусветнай (ён спаслаўся на эпілепсію). Больш за тое, хлопец распаўсюджваў улёткі з заклікамі да паразы Расіі. Актыўнасць маладога чалавека (у 1915-м ён ужо быў чальцом Гомельскага камітэта ПСР) незаўважанай не засталася. Царскія ўлады арыштавалі яго і змясцілі ў Гомельскую турму, а ў траўні 1915-га прысудзілі да ссылкі ў Енісейскую губерню за агітацыю супраць арміі.

Митинг у Либаво-Роменского вокзала в Гомеле, 1918 год Фото: gp.by
Мітынг ля Лібава-Роменскага вакзала ў Гомелі, 1918 год Фота: gp.by

У гэтым рэгіёне рэвалюцыянераў было нямала, а асабліва шмат — бальшавікоў, з якімі і пазнаёміўся Агранаў. Сярод іх былі Іосіф Сталін і Леў Каменеў, што таксама адбывалі там пакаранне. Афіцыйная савецкая біяграфія сцвярджала, што палітычную арыентацыю будучы чэкіст змяніў яшчэ ў 1915-м, сышоўшы ад эсэраў да бальшавікоў, аднак сучасныя даследчыкі лічаць, што ён уступіў у партыю ўжо пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Менавіта рэвалюцыйныя падзеі ў Петраградзе далі Агранаву свабоду — ужо ў сакавіку 1917-га ён разам са Сталіным прыехаў у сталіцу Расіі. А неўзабаве новае кіраўніцтва накіравала Агранава на гістарычную радзіму — у тым жа годзе ён стаў сакратаром Палескага абкама партыі бальшавікоў і быў адным з асноўных кіраўнікоў захопу ўлады бальшавікамі ў Гомелі. Адной з яго галоўных задач на новым месцы сталі арышты гомельскіх «контррэвалюцыянераў».

Мяркуючы па ўсім, з задачай малады бальшавік справіўся выдатна — ужо ў 1918-м яго чакала першае павышэнне. Бальшавікі, што захапілі ўладу, стварылі свой урад — Саўнаркам, а таксама невялікую камісію пры ім — так званы Малы Саўнаркам, які займаўся рашэннем менш важных пытанняў. Сакратаром гэтай арганізацыі і стаў Агранаў — цяпер у сферу яго паўнамоцтваў уваходзілі не мясцовыя праблемы беларускага Палесся, а ўжо справы дзяржаўнай важнасці.

У 1919-м — чарговае павышэнне, гэтым разам Агранаў перайшоў на працу ў сакратарыят «вялікага» Саўнаркама. Фактычна на новай пасадзе ён стаў адным з асабістых сакратароў Леніна. Бальшавік візіраваў «праскрыпцыйныя спісы» — пералікі асобаў, якія падлягаюць арышту і знішчэнню за прыналежнасць да «буржуазных класаў». Іх дастаўлялі Леніну з УНК (Усерасійская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, савецкая спецслужба, створаная Феліксам Дзяржынскім у 1917 годзе, пазней была перайменаваная ў АДПУ, затым — у НКУС). Паколькі Ленін у сілу занятасці не мог надаваць гэтаму ўвагу, як правіла, за яго ставіў свой подпіс Агранаў. Праз яго рукі ішлі таксама апеляцыі на дзеянні УНК, якія падаваліся на імя Леніна. Таму роля Агранава ў разгортванні масавых рэпрэсій была значная.

Владимир Ленин на параде в 1919 году, Яков Агранов — в левом верхнем углу кадра. Фото: istorya.ru
Уладзімір Ленін на парадзе ў 1919 годзе, Якаў Агранаў — у левым верхнім рагу кадра. Фота: istorya.ru

Заўважыўшы поспехі Агранава менавіта на ніве працы ва УНК, у тым жа 1919-м яго вырашылі перавесці ў савецкую спецслужбу ўжо на пастаяннай аснове — з сумяшчэннем працы ў Саўнаркаме. «Пратакол № 346 з дазвольнай фармулёўкай падпісаў Ленін. Так Агранаў стаў асабліва ўпаўнаважаным ВЧК па важных справах. Існуе пункт гледжання, быццам Сталін хацеў мець „свайго“ чалавека ў надзвычайнай камісіі. Сведчанняў, якія пацвярджаюць гэта, няма. Але ясна і іншае: адданых савецкай уладзе і ў той жа час талковых людзей тады вельмі бракавала. Агранаў жа быў з адданых і талковых», — пісаў Эдуард Макарэвіч.

З гэтага моманту пачынаецца кар’ера Агранава на мностве пасадаў ва УНК-АДПУ-НКУС, якая і зрабіла яго вядомым.

Першыя справы: Кранштацкае паўстанне, пакаранне смерцю Гумілёва і «філасофскі параход»

Працы на новым месцы ў Агранава хапала — улада Саветаў усё яшчэ не была моцная, працягвалася Грамадзянская вайна, увесь час у розных рэгіёнах вялікай краіны ўспыхвалі паўстанні.

Адным з іх стала Тамбоўскае паўстанне 1920−21 гадоў. Кіраваў ім Аляксандр Антонаў — былы паплечнік Агранава па партыі эсэраў. Прычынай стала распачатая бальшавікамі харчразвёрстка — Тамбоўшчына была адным з самых урадлівых рэгіёнаў Расіі і не галадала нават падчас вайны, аднак з прыходам да ўлады бальшавікоў на мясцовых хутарах пачалі з’яўляцца людзі ў форме, якія сілай адбіралі ў іх хлеб. Акрамя таго, тутэйшых заможных сялян пазбавілі права прадаваць выгадаваную прадукцыю.

Адказам стала ўзброеная барацьба — яшчэ з 1918-га мясцовыя мужчыны пачалі масава сыходзіць у лясы, забіраючы з сабой зброю (многія мелі яе, вярнуўшыся з фронту). А ў пачатку 1919-га яны аб’ядналіся пад камандаваннем Антонава і пачалі нападаць на ўстановы савецкай улады і тэрарызаваць мясцовых бальшавікоў. Мясцовае насельніцтва падтрымлівала партызан, лічачы іх сваімі абаронцамі. Рух заставаўся малалікім да 1920 года — тады ў рэгіёне здарылася засуха, а памер харчразвёрсткі не паменшылі. Запалоханыя бальшавікамі людзі пачалі далучацца да атрада Антонава тысячамі. У другой палове года яны пачалі захопліваць населеныя пункты і ўсталёўваць у іх сваю ўладу, захопліваць кулямёты і артылерыйскія прылады. Высланая на месца Чырвоная армія пацярпела ад паўстанцаў некалькі буйных паразаў. Колькасць партызан дасягнула 50 тысяч чалавек, яны захапілі практычна ўсю губерню і пачалі патрабаваць звяржэння бальшавікоў.

На месца душыць паўстанне адправілі чэкістаў, у ліку якіх быў і Агранаў. Рашэнне сітуацыі выбралі дваістае: з аднаго боку, спынілі ў рэгіёне харчразвёрстку і абвясцілі амністыю для паўстанцаў у выпадку раззбраення, з другога — пачалі маштабную ваенную аперацыю супраць партызан (да таго часу скончылася савецка-польская вайна, што дазволіла перакінуць з фронту тысячы салдат). Пасля таго як асноўныя сілы паўстанцаў былі разбітыя, у рэгіёне пачаліся вельмі жорсткія рэпрэсіі: без суда расстрэльвалі ўсіх, хто мог мець хоць нейкае дачыненне да супраціву, такім жа мерам падвяргаліся сем'і падазраваных ва ўдзеле ў паўстанні і нават цэлыя вёскі. Сялян, якія хаваліся ў лясах і балотах, масава труцілі газамі. Да сярэдзіны ліпеня 1921-га мяцеж быў цалкам разбіты.

У сакавіку таго ж года ўспыхнула паўстанне ў Кранштаце — крэпасці побач з Петраградам. Толькі гэтым разам бальшавікам супрацьстаялі не сяляне, а ўзброеныя матросы мясцовага гарнізона (тыя самыя, што раней і прывялі Леніна і яго паплечнікаў да ўлады), а таксама жыхары былой сталіцы, якія былі не згодныя з дыктатурай партыі і палітыкай ваеннага камунізму. У гэтым выпадку бальшавікі ўжо не выкарыстоўвалі «пернік», аддаўшы перавагу «пузе» — паўстанне жорстка задушылі, забіўшы каля тысячы матросаў. Астатнія былі арыштаваныя і затым рэпрэсаваныя, прычым некаторыя з кіраўнікоў — на падставе падрыхтаванага Агранавым дакладу.

Расстрелянные в Кронштадте повстанцы, марта 1921 года. Фото: beckman.ru
Расстраляныя ў Кранштаце паўстанцы, сакавік 1921 года. Фота: beckman.ru

Але, напэўна, самай вядомым справай Агранава ў гэты час стала расследаванне па справе «Петраградскай баявой арганізацыі Таганцава». Уладзімір Таганцаў быў навукоўцам, працаваў у Расійскай акадэміі навук і, мяркуючы па ўсім, сапраўды быў настроены да бальшавікоў негатыўна і меў планы па барацьбе з рэжымам. Аднак улады ў сваім імкненні разграміць нелаяльную ім інтэлігенцыю сфабрыкавалі справу пра нібыта сапраўдную баявую арганізацыю, якая рыхтавала ў Петраградзе пераварот. Улетку 1921-га па справе было арыштавана некалькі сотняў чалавек — у асноўным прадстаўнікоў інтэлігенцыі.

Сярод затрыманых аказаўся і знакаміты паэт, муж Ганны Ахматавай Мікалай Гумілёў. Паводле дакументаў з крымінальнай справы, следства вёў нехта Якабсон, які нідзе больш не фігураваў. Многія даследчыкі мяркуюць, што пад гэтым імем хаваўся Агранаў, які асабіста дапытваў Гумілёва.

Нягледзячы на тое што за паэта заступіліся многія вядомыя людзі таго часу, у тым ліку лаяльныя бальшавікам (напрыклад, Максім Горкі), Гумілёва расстралялі ў жніўні 1921-га. Яго лёс падзялілі яшчэ каля ста прадстаўнікоў інтэлігенцыі, асуджаных па гэтай жа справе, — іх альбо асудзілі на смяротнае пакаранне, альбо забілі яшчэ пры затрыманні. Дзясяткі былі адпраўленыя ў лагеры. Пазней на пытанне, чаму да гэтых людзей былі ўжытыя такія жудасныя пакаранні, Агранаў адказваў: «У 1921 годзе 70% петраградскай інтэлігенцыі былі адной нагой у стане ворага. Мы павінныя былі гэтую нагу апаліць». Гумілёва і іншых ахвяр рэабілітуюць у 1992 годзе, прызнаўшы справу сфабрыкаванай.

"Философский пароход". Фото: wikipedia.org
«Філасофскі параход». Фота: wikipedia.org

Росквіт кар’еры чэкіста: сяброўства з Маякоўскім і фабрыкаванне гучных справаў супраць сапернікаў Сталіна

У сярэдзіне 1920-х Агранаў ужо быў адным з самых вядомых чэкістаў у краіне. Яго профілем стала праца з інтэлігенцыяй. «Ён спецыялізаваўся на працы з інтэлігенцыяй, старымі бальшавікамі, якія выйшлі з фавору. Агранаў асабіста дапытваў інтэлігентаў старой фармацыі (гісторыка Мельгунова, паэта Гумілёва). < … > Менавіта Якаў Агранаў падрыхтаваў спіс інтэлігенцыі, высланай з Савецкай Расіі ў 1922 годзе. Увесь гэты час ён вёў актыўнае грамадскае жыццё ў мастацкіх колах, дзе быў вядомы як Янечка», — пісаў беларускі гісторык Эмануіл Іофэ. За поспех у «аперацыі"п, а высылцы Агранава зрабілі начальнікам спецыяльнага бюро АДПУ па адміністрацыйнай высылцы «антысавецкіх элементаў». Фактычна ўсе высланыя ў 1922−1923 гадах прайшлі праз яго рукі.

Па словах Іофэ, «[Агранаў] актыўна ўдзельнічаў у мастацкім жыцці Масквы, меў блізкія зносіны з сябрамі РАППа (Расійская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў. — Заўв. рэд.) і ЛЕФа (творчае аб’яднанне «Левы фронт мастацтваў». — Заўв. рэд.), быў у сяброўскіх адносінах з літаратурным крытыкам, адным з лідараў ваяўнічай групы ў савецкай літаратуры <…> Леапольдам Авербахам, пісьменнікам Барысам Пільняком, паэтамі Восіпам Мандэльштамам і Уладзімірам Маякоўскім, мужам і жонкай Брыкамі. На думку шэрагу даследчыкаў, менавіта Агранаў арганізаваў «самагубства» Маякоўскага. Будучы найбліжэйшым памочнікам і паплечнікам [фактычнага кіраўніка АДПУ], ён выкарыстаў свае сувязі ў мастацкіх колах для атрымання патрэбнай інфармацыі».

Сярод даследчыкаў сапраўды распаўсюджаная версія, што Агранаў быў не проста сябрам Маякоўскага, але і завербаваў паэта для супрацоўніцтва з УНК.

Эдуард Макарэвіч у сваёй кнізе прыводзіў такое сведчанне пра сябраўства Агранава і Маякоўскага, расказанае адной з удзельніц сустрэч інтэлігенцыі ў салоне Брыкаў: «На адным з пасяджэнняў ЛЕФа Маякоўскі абвясціў, што будзе прысутнічаць адзін таварыш — Агранаў, які ў органах дзяржбяспекі займаецца пытаннямі літаратуры… З тых часоў на кожным пасяджэнні акуратна з’яўляўся чалавек сярэдніх гадоў, у прынятай тады гімнасцёрцы, часам у цывільным. У яго былі дробныя, незапамінальныя рысы твару. У спрэчкі і абмеркаванні ён ніколі не ўмешваўся».

А так успамінаў яго пісьменнік Карнэлій Зялінскі: «Я вельмі часта бачыў Агранава, калі прыходзіў да Брыкаў. Успаміналіся заўсёды радкі Лермантава пра Басманава: «З дзявочай усмешкай і змяінай душой». Успаміналіся таму, што тонкія і прыгожыя вусны Якава Савулавіча заўсёды змяіліся ці то насмешлівай, ці то запытальнай усмешкай. Разумны быў чалавек».

Хадзілі чуткі, што Агранаў быў каханкам самой Лілі Брык — каханай Маякоўскага. Адсюль жа растуць ногі ў версіі, што да самагубства паэта быў датычны чэкіст. «Аказваецца, Маякоўскі шмат ведаў, выконваючы даручэнні чэкістаў па сувязі з замежнай агентурай. Акрамя таго, у паэта пачаўся духоўны крызіс праз усё большае непрыманне савецкай рэчаіснасці — крызіс, здольны абярнуцца антысавецкімі вершамі», — пісаў Эдуард Макарэвіч.

У гэты час супрацоўнік АДПУ зарабіў сабе рэнамэ «чэкіста-эстэта», які цікавіцца мастацтвам ва ўсіх яго праявах. Аднак яго цікавасць да культуры была ў большай ступені прафесійнай. «Агранаў фактычна быў адным са стваральнікаў савецкай цэнзуры і вырашаў, каго з пісьменнікаў лічыць савецкім, а каго — не. Шмат каму такія «рэцэнзіі» Агранава каштавалі жыцця. Пакаранні санкцыянаваліся Агранавым з такімі «фармулёўкамі», як «вораг рабочых і сялян», «перакананы прыхільнік дэмакратычнага ладу», — пісала ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаванняў».

Але будзе памылкай думаць, што Агранаў займаўся выключна «інтэлігенцкімі» працэсамі. У канцы 20-х — пачатку 30-х ён расследаваў практычна ўсе самыя гучныя справы ў СССР. Усё пачалося ў 1928 годзе са «справы Прампартыі» (улады сцвярджалі, што на шэрагу буйных прадпрыемстваў дзейнічалі групы шкоднікаў), дзе Агранаў дамагаўся смяротнага пакарання для ўсіх яго фігурантаў. У 1930-м пачалася «справа працоўнай сялянскай партыі» — нібыта шэраг навукоўцаў і эканамістаў рыхтаваў пераварот з мэтай звяржэння Сталіна. У 1934-м Агранаў вёў следства па факце забойства першага сакратара Ленінградскага абкама партыі Сяргея Кірава, «выявіўшы» дачыненне да яго палітычных праціўнікаў Сталіна — Зіноўева, Каменева і іншых. Тыя пазней былі расстраляныя — гэта адбылося ў рамках «маскоўскіх працэсаў», справаў, якія таксама вёў Агранаў. Падчас трэцяга з іх чэкіст вёў следства ў дачыненні да свайго былога начальніка — Генрыха Ягоды. Яшчэ адзін вядомы працэс чэкіста — барацьба з «ачагамі гомасэксуалістаў», якіх абвінавачвалі ў змове супраць уладаў. З яго ў СССР пачалося цкаванне гомасэксуалаў, адпаведны артыкул нават з’явіўся ў КК.

Усе гэтыя працэсы пазней былі прызнаныя сфальсіфікаваным, расстраляныя людзі ў большасці сваёй — рэабілітаваныя. Як жа Агранаву ўдавалася фабрыкаваць справы ў такім маштабе? У першую чаргу адказам падаюцца катаванні, з дапамогай якіх можна было прымусіць людзей сябе агаварыць. Аднак, калі верыць шэрагу ўспамінаў, чэкіст прынамсі ў некаторых выпадках карыстаўся іншымі метадамі.

Вось што расказвала пра следства па справе сялянскай партыі жонка галоўнага абвінавачанага, эканаміста і пісьменніка Аляксандра Чаянава: «Мужа забралі 21 ліпеня 1930 г. на працы… Пра тое, што адбывалася ў турме, я магу расказаць толькі з яго словаў. Яму было выстаўленае абвінавачанне ў прыналежнасці да «Працоўнай сялянскай партыі», пра якую ён не меў нават найменшага паняцця. Так ён і казаў, пакуль за допыты не ўзяўся Агранаў. Допыты спачатку былі вельмі «прыязныя», езуіцкія. Агранаў прыносіў кнігі са сваёй бібліятэкі, потым прасіў мяне перадаць яму кнігі з дому, кажучы мне, што Чаянаў не можа жыць без кніг, дазволіў харчовыя перадачы і спатканні, а потым, калі я сыходзіла, ён, карыстаючыся душэўным узрушэннем Чаянава, тут жа яму ладзіў чарговы допыт. Прымаючы «прыязнасць» Агранава за праўдзівую, Чаянаў па-сяброўску патлумачыў яму, што ні да якай партыі ён не належаў, ніякіх контррэвалюцыйных дзеянняў не ажыццяўляў. Тады Агранаў пачаў яму паказваць адно за адным трынаццаць паказанняў яго таварышаў супраць яго. Паказанні, перададзеныя яму Агранавым, зрынулі Чаянава ў поўны адчай — бо на яго паклёпнічалі людзі, якія яго ведалі і якіх ён ведаў блізка шмат гадоў. Але ўсё ж ён яшчэ супраціўляўся. Тады Агранаў яго спытаў: «Аляксандр Васільевіч, ці ёсць у вас хто-небудзь з таварышаў, які, на вашую думку, не здольны агаварыць?» Чаянаў адказаў, што ёсць, і паказаў на прафесара эканамічнай геаграфіі А. А. Рыбнікава. Тады Агранаў дастаў са скрыні паказанні Рыбнікава і даў прачытаць Чаянаву. Гэта канчаткова зламала супраціў Чаянава. Ён пачаў, як і ўсе іншыя, падпісваць тое, што састаўляў Агранаў. Так ён, у сваю чаргу, агаварыў і сябе».

Сам Агранаў свой падыход да следства апісваў так: «Наша тактыка знішчэння ворага заключалася ў тым, каб сутыкнуць ілбамі ўсіх гэтых нягоднікаў і іх перасварыць. А гэтая задача была цяжкая. Перасварыць іх было неабходна таму, што ўсе гэтыя здраднікі былі цесна спаяныя дзесяцігадовай барацьбой з нашай партыяй. Мы мелі дачыненне з мацёрымі двурушнікамі, дасведчанымі круцялямі».

Такая паспяховая праца высока шанавалася начальствам Агранава. «З лютага 1933 года ён ужо намеснік старшыні ГПУ Вячаслава Мянжынскага. У 1934-м Якаў Агранаў прызначаецца на адказную пасаду 1-га намесніка народнага камісара ўнутраных справаў СССР. Фактычна ён стаў правай рукой двух сумнавядомых наркамаў — спачатку Ягоды, а затым — Яжова. Адначасова займаў пасаду начальніка Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі НКУС (арганізацыя-папярэдніца КДБ. — Заўв. рэд.). Яго абіраюць членам Цэнтральнай рэвізійнай камісіі ВКП (б) і членам ЦВК СССР. У 1935 годзе быў удастоены высокага звання камісара дзяржбяспекі 1-га рангу, што адпавядала ў той час цяперашняму званню генерала арміі або маршала роду войскаў», — пісаў Эмануіл Іофэ.

Яков Агранов в должности главы ГУГБ НКВД СССР. Фото: nashkraj.info
Якаў Агранаў на пасадзе кіраўніка ГУДБ НКУС СССР. Фота: nashkraj.info

Натуральна, што з дзейнасці Агранава вынікала пэўная публічнасць — а таму ён быў вядомы і за межамі СССР. Праўда, трохі з іншага боку. Вось як яго апісваў у 1930-я ў сваёй кнізе пра Дзяржынскага Раман Гуль, адзін з прадстаўнікоў белай эміграцыі: «Пры Дзяржынскім састаяў, а ў Сталіна дайшоў да найвышэйшых чэкісцкіх пасадаў крывавы следчы УНК Якаў Агранаў, эпілептык з бабскім тварам, не звязаны з Расіяй выхадзец з Царства Польскага, які стаў катам рускай інтэлігенцыі. Ён забіў многіх вядомых грамадскіх дзеячаў і выдатных рускіх вучоных: прафесара Ціхвінскага, прафесара Волкава, прафесара Лазараўскага, М. М. Шчэпкіна, братоў Астравых, К. К. Чарнасвітава, М. А. Агароднікава і многіх іншых. < … > Агранаў знішчыў цвет рускай навукі і грамадскасці, пасылаючы людзей на расстрэл за такія віны, як «па перакананнях прыхільнік дэмакратычнага ладу» або «вораг рабочых і сялян» (з пункту гледжання забойцы Агранава). Гэта ж крывавая нікчэмнасць з’яўляецца сапраўдным забойцам выдатнага рускага паэта М. С. Гумілёва…»

Зрынанне і бясслаўны канец, няўдалыя спробы рэабілітацыі

Аднак канец кар’еры ў большасці вядомых чэкістаў таго часу быў вельмі падобным. У 1936-м з пасады кіраўніка НКУС знялі Генрыха Ягоду, а менш чым праз год яго арыштавалі і ў 1938-м расстралялі падчас «маскоўскіх працэсаў» — нагадаем, матэрыялы для іх рыхтаваў у тым ліку Агранаў. Першапачаткова здавалася, што той няміласць свайго шэфа перажыве без праблем — Агранаў захаваў пасаду намесніка кіраўніка НКУС і за новым начальнікам — Мікалаем Яжовым.

Аднак новага кіраўніка савецкай спецслужбы такі намеснік не задавальняў — лічыцца, што Яжоў хацеў бачыць памочнікам свайго стаўленіка Міхаіла Фрыноўскага. У гэты час якраз пачынаўся працэс над маршалам Міхаілам Тухачэўскім, і падрыхтоўку матэрыялаў па яго справе хацелі аддаць акурат Фрыноўскаму. Акрамя таго, мяркуецца, што і сам Сталін палічыў нязручным знаходжанне ў жывых чалавека, які ведаў падаплёку «маскоўскіх працэсаў».

Эмануіл Іофэ прыводзіў такую фразу, нібыта сказаную Сталіным падчас адной з размоваў з Яжовым у канцы 1936-га: «Агранаў — гэта няшчыры чалавек, правакатар. Трэба яшчэ паглядзець, як ён вёў следства па справе аб забойстве таварыша Кірава, можа быць, так, каб заблытаць усю справу. Ягода заўсёды рабіў на яго стаўку».

У выніку Яжоў прапанаваў паступова адсунуць Агранава з ключавых пазіцый у НКУС, але пра планы яго арышту нічога гаварыць не стаў — гэтая мера мелася на ўвазе сама сабой. Сталін, як сцвярджае Іофэ, сказаў: «Ты — наркам, вырашай сам. Раз чалавек запэцкаўся, яго трэба прыбраць».

Ежов (справа), Сталин, Молотов и Ворошилов на выборах 1937 года. Фото: wikipedia.org
Яжоў (справа), Сталін, Молатаў і Варашылаў на выбарах 1937 года. Фота: wikipedia.org

Сам Агранаў, відаць, адчуваў сябе ў бяспецы і дапускаў толькі сваё звальненне, але не суд — усё ж са Сталіным яго звязвала старое сяброўства, яшчэ з часоў высылкі ў Сібір. Больш за тое, адзін час чэкіст карыстаўся выключным даверам дыктатара. Рэч у тым, што ў Сталіна і Агранава былі побач дачы ва ўрадавай рэзідэнцыі Зубалава, і, па чутках, яны часта разам бавілі час, выпівалі. Сам Яжоў меркаваў, што Агранаў доўгі час быў інфарматарам Гаспадара (так за вочы многія адказныя работнікі называлі Сталіна) у АДПУ, сочачы за іншымі чэкістамі.

Спачатку Агранава сапраўды панізілі — у красавіку 1937-га яго знялі з пасады кіраўніка ГУДБ, памяняўшы месцамі з Фрыноўскім, а ўжо праз месяц — і зусім прыбралі з цэнтральнага апарата наркамата, прызначыўшы на пасаду Упраўлення НКУС Саратаўскай вобласці. Аднак і там ён доўга не затрымаўся. З Саратава Агранаў напісаў Сталіну ліст, у якім прапаноўваў арыштаваць жонку Леніна Надзею Крупскую і аднаго з галоўных партыйных лідараў Георгія Малянкова.

Аднак замест гэтага ў Саратаў з «рэвізіяй» прыехаў сам Малянкоў, які тады ездзіў па краіне, правяраючы дзейнасць партыі і спецслужбаў (фактычна — для партыйных «чыстак»). У чэрвені 1937-га Малянкоў далажыў Сталіну пра абстаноўку ў вобласці: «Азнаямленне з матэрыяламі следства прыводзіць да высновы, што ў Саратаве застаецца да гэтага часу нявыкрытай і нявыяўленай сур’ёзная праватрацкісцкая шпіёнская арганізацыя. Агранаў, відаць, і не імкнуўся да гэтага. <…> Сам апарат Саратаўскага УНКУС да гэтага часу застаецца нерасчышчаным ад ворагаў <…> Агранаў нічога ў гэтай сувязі з імі не зрабіў. На падставе гэтага лічым мэтазгодным Агранава зняць з пасады і арыштаваць».

Пажаданне выканалі — ужо 20 ліпеня Агранава затрымалі проста на працоўным месцы. Яго прывезлі ў Маскву і змясцілі ў СІЗА Лефортава. Аднак ніякіх абвінавачванняў чэкісту доўгі час не выстаўлялі. 23 ліпеня той напісаў ліст на імя Сталіна, у якім каяўся ў сваіх памылках, галоўнай з якіх была тая самая фабрыкацыя справаў, якая зрабіла яго адным з самых вядомых энкавэдэшнікаў.

«Мая найвялікшая памылка заключалася ў тым, што я без усебаковай праверкі дапусціў запіс гэтых [падробленых] паказанняў у пратакол і аказаўся, такім чынам, на паваду ў падследных, а таксама ў некаторых сваіх следчых, якія займаліся, як аказалася, злачынным падказваннем арыштаваным асобных прозвішчаў. Я разумею, што такая адсутнасць элементарнай крытыкі і пераправеркі ў такой важнай справе недаравальная. Мне здавалася, што я раблю ўсё, што ў маіх сілах, што я выкрыў сапраўдныя гнёзды трацкісцкай і правай сволачы… пакутліва перажываю гэты свой правал. Цяжка перажываю тое, што аказаўся не на належнай вышыні як кіраўнік апарата УНКУС, я незнарок увёў і народнага камісара т. Яжова, і ЦК партыі ў зман… прашу дараваць мне маю цяжкую віну перад ЦК партыі», — пісаў чэкіст.

1 лістапада 1937-га на стол Сталіна лёг расстрэльны спіс, у якім было і прозвішча Агранава, аднак той яго выкрасліў — ці то спрацавала пісьмовае пакаянне чэкіста, ці то сантымент дыктатара да старога знаёмага па высылцы. Але гэта толькі падоўжыла пакуты Агранава на 9 месяцаў. 26 ліпеня 1938-га Сталіну прынеслі новы спіс людзей, якія падлягаюць «суду Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР па першай катэгорыі» — гэта значыць да суду, вынікам якога мусіла стаць смяротнае пакаранне. У пераліку са 139 чалавек прозвішча Агранава ішло першым. Сталін напісаў на дакуменце рэзалюцыю: «За расстрэл усіх 138 чалавек», выкрасліўшы са спісу толькі аднаго — ім быў не Агранаў.

Резолюция Сталина на расстрельном списке, в котором под первым номером был упомянут Яков Агранов, документ датирован 26 июля 1938 года. Фото: stalin.memo.ru
Рэзалюцыя Сталіна на расстрэльным спісе, у якім пад першым нумарам быў Якаў Агранаў, дакумент датаваны 26 ліпеня 1938 года. Фота: stalin.memo.ru

Цягам некалькіх дзён пасля гэтага Агранава абвінавацілі ў «прыналежнасці да антысавецкай трацкісцкай арганізацыі», а таксама ў фальсіфікацыі следчых дакументаў і ўдзеле ў незаконных арыштах грамадзян. Той сваю віну прызнаў. 1 жніўня 1938-га Вярхоўны суд вынес прысуд — расстрэл. Яго прывялі ў выкананне ў той жа дзень на сумнавядомым палігоне НКУС «Камунарка». Праз некалькі тыдняў у тым жа месцы як «жонка ворага народа» была расстраляная яго жонка Валянціна Кухарава.

Пра Агранава ўспомнілі пасля смерці Сталіна і развянчання культу асобы — у 1955-м Дачка чэкіста звярнулася да ўладаў з просьбай аб пераглядзе яго справы. Здавалася, што гэта цалкам рэальна — Мікіта Хрушчоў ставіўся да яго з піетэтам. «Якаў Агранаў, выдатны чалавек, цвёрды чэкіст. Раней ён працаваў у Сакратарыяце ў Леніна. Сумленны, спакойны, разумны чалавек. Мне ён вельмі падабаўся. Потым ён быў асабліва ўпаўнаважаным па следстве, займаўся справай Прампартыі. Гэта сапраўды быў следчы! Ён і голасу не павышаў пры размовах, не тое што ўжываць катаванні. Арыштавалі і яго і таксама пакаралі смерцю», — пісаў Хрушчоў у сваіх мемуарах «Время. Люди. Власть».

Аднак Галоўная ваенная пракуратура адмовіла СССР у пераглядзе справы. «Матэрыяламі справы і дадатковай праверкай цалкам даказаная віна Агранава ў сістэматычным парушэнні сацыялістычнай законнасці ў перыяд яго працы ў органах НКУС», — гаварылася ў пастанове. У выніку рэабілітавалі ў 1950-я толькі жонку чэкіста.

Спробы рэабілітацыі Агранава рабіліся яго дачкой і ў наступныя гады, асабліва пасля развалу СССР. Адна з іх аказалася паспяховай — у 2013-м Галоўная ваенная пракуратура Расіі прыняла рашэнне аб рэабілітацыі. Аднак затым яна перагледзела рашэнне і з адпаведным заключэннем звярнулася ў Вярхоўны суд — той скасаваў папярэдні вердыкт і чарговы раз прызнаў Агранава тым, хто не падлягае рэабілітацыі.