Опубликовано 22 лiстапада 2023 у 00.30
Адрес в интернете: https://zerkaloby.xyz/news/economics/54526.html    

Ва ўрадзе вызначыліся, як будуць выпускаць за мяжу чыноўнікаў, суддзяў і дзяржслужбоўцаў

Яшчэ вясной у Беларусі змянілі закон пра парадак выезду з Беларусі і ўезду ў краіну. Праз паўгода ўрад вызначыўся, як чыноўнікі, суддзі і бюджэтнікі змогуць выязджаць за мяжу. У пастанове, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, гаворыцца, хто і з чыйго дазволу зможа з’язджаць, а таксама калі трэба падаць заяву на выезд і што ў ёй мусіць быць.

Фото: Reuters
Беларуска-літоўская мяжа. Фота: Reuters

Каго не выпусцяць проста так?

Дазвол спатрэбіцца кіраўнікам дзяржорганаў і дзяржарганізацый, а таксама службоўцам, якія маюць доступ да дзяржаўных сакрэтаў. Падпісваць ім дазволы будуць службовыя асобы, якія маюць права заключаць з імі кантракты або працоўныя дамовы.

Віцэ-прэм'ераў, кіраўніка апарату Савета міністраў, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый, якія падпарадкоўваюцца ўраду, упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, старшыню прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адпускаць будзе сам прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Сенатараў, старшыняў абласных, Мінскага гарадскога саветаў дэпутатаў — Наталля Качанава, дэпутатаў парламента — Уладзімір Андрэйчанка.

Кіраўнікоў ЦВК, Белстата, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, а таксама іншых арганізацый, падпарадкаваных адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, — кіраўнік той самай адміністрацыі Ігар Сяргеенка.

Суддзяў Канстытуцыйнага суда, а таксама службоўцаў гэтага органа — старшыня Канстытуцыйнага суда. Такая ж схема будзе дзейнічаць і ў Вярхоўным судзе, але акрамя гэтага старшыня Вярхоўнага суда зможа падпісваць дазвол на выезд старшыням абласных (Мінскага гарадскога) судоў, эканамічных судоў абласцей і Мінска. Суддзяў ніжэйшага рангу будуць адпускаць старшыні абласных судоў.

Старшыняў гарвыканкамаў, райвыканкамаў, кіраўнікоў мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, дзяржаўных цывільных службоўцаў і работнікаў аблвыканкамаў — губернатары, а чыноўнікаў і службоўцаў Мінгарвыканкама — мэр Мінска.

Выпускаць за мяжу без дазволу не будуць таксама чыноўнікаў і службоўцаў ніжэйшага рангу.

Службоўцам і работнікам гарвыканкамаў, райвыканкамаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню (за выключэннем мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах) дазволы будуць выдаваць старшыні гарвыканкамаў і райвыканкамаў; дзяржаўным цывільным службоўцам і работнікам мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах — кіраўнікі мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах.

Што за дазвол?

Каб узгадніць і атрымаць дазвол на выезд, неабходна будзе напісаць заяву — за 10 каляндарных дзён да планаванай даты выезду. Дакумент мусіць быць складзены не ў вольнай форме, а з указаннем наступнага:

  • краіна (краіны), планаваная (планаваныя) да наведвання і (або) транзіту;
  • мэта паездкі;
  • адрас (адрасы) знаходжання;
  • кантактныя звесткі заяўніка.

«Рашэнне пра ўзгадненне выезду, адмову ў такім узгадненні ў мэтах забяспечання інтарэсаў нацыянальнай бяспекі афармляецца рэзалюцыяй», — гаворыцца ў пастанове.

Пастанова ўступае ў сілу з 23 лістапада.

Нагадаем, яшчэ вясной у Беларусі змянілі закон пра парадак выезду з Беларусі і ўезду ў краіну. Ураду тады далі паўгода, каб акрэсліць, хто і як будзе выпускаць чыноўнікаў за мяжу.

А вось найвышэйшыя чыноўнікі змогуць выехаць за мяжу толькі пасля ўзгаднення з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO