У адзін з вераснёўскіх дзён 2009 года Аліса паехала ў 5-ю бальніцу Мінска, каб адведаць свайго хлопца, які там лячыўся. Тады дзяўчына і не думала, што праз пару гадзін тэрміновая медыцынская дапамога спатрэбіцца і ёй. «Я выйшла на патрэбным прыпынку, але жывот балеў так, што далей ісці я не магла, — успамінае яна. — Да лякарні мяне давёў нейкі хлопец». Дзве гадзіны, пакуль дактары разбіраліся, што з ёй, незнаёмы заставаўся побач. Як пазней высветлілася, у дзяўчыны разарвалася кіста. «Калі б не гэты чалавек, дзе-небудзь па дарозе я б звалілася без прытомнасці і памерла», — кажа яна і шукае таго самага збаўцу. Яго завуць Аляксандр.
Цяпер Алісе 33, яна жыве ў Нью-Ёрку і працуе ў IT. У 2009-м яна вучылася на гуманітарным факультэце БДУ. Падзеі, пра якія далей пойдзе гаворка, адбыліся ў панядзелак, 14 верасня 2009 года.
— Мой хлопец ляжаў у шпіталі. У яго было нешта з гландамі. Пасля параў я збіралася яго адведаць, — успамінае той дзень суразмоўніца. — Так супала, што ў гэты перыяд у мяне пачынаўся менструальны цыкл. Трохі балеў жывот, але я вырашыла: да бальніцы вытрымаю, а там прыеду дадому і вып’ю таблетак. Корпус гумфака знаходзіцца, лічы, за горадам, таму дабірацца на маршрутцы давялося каля гадзіны.
Па дарозе боль у жываце ўзмацніўся. Аліса даехала да прыпынку «Катоўскага», села на лаўку і больш крануцца з месца, здавалася, не магла. Да яе падышоў малады чалавек, які выйшаў з гэтай жа маршруткі.
— Ён спытаў: «З табой усё нармальна? Ты куды ідзеш?» Я шчыра адказала: «Не, не нармальна, баліць жывот». Ён прапанаваў давесці мяне да бальніцы, — працягвае Аліса. — Я абаперлася на яго, і мы пайшлі. Стан быў такі, нібыта я вось-вось страчу прытомнасць.
Ісці было хвілін сем. Алісе гэты час падаўся вечнасцю. Дайшоўшы да бальніцы, маладыя людзі зайшлі ў першыя ж дзверы. Наколькі памятае дзяўчына, гэта было прыёмнае аддзяленне. Аліса зайшла ў кабінет, а хлопец застаўся за дзвярыма.
— Медыкі мяне агледзелі і пачалі думаць, што са мной. Версіі былі розныя: што я атруцілася, што ў мяне выкідак і нават пазаматкавая цяжарнасць. У выніку накіравалі на пункцыю страўніка. Ісці туды трэба было праз вуліцу. Ніхто з супрацоўнікаў мяне не суправаджаў. Не ўяўляю, як дактары маглі так зрабіць! — не хавае эмоцый суразмоўніца. — Добра, што гэты хлопец усё яшчэ чакаў. Мы пайшлі на пункцыю. Па дарозе я ўжо адключалася, мяне ванітавала, ён узяў мяне на рукі і панёс у патрэбны кабінет. Пасля працэдуры мяне адправілі ў гінекалогію. Туды ён мяне таксама прынёс.
Пакуль дактары не сказалі, што Алісу шпіталізуюць, хлопец знаходзіўся побач. Агулам ён дапамагаў ёй каля дзвюх гадзін. Нягледзячы на малапрыемную сітуацыю, за гэты час яны паспелі пазнаёміцца. Аказалася, маладога чалавека завуць Аляксандр.
— Мама майго хлопца ў той час працавала ў «пяцёрцы» ў стаматалогіі. Не памятаю чаму, але я вырашыла ёй патэлефанаваць. Мой тэлефон сеў, і я ўзяла мабільны ў Аляксандра. Набірала, але яна не зняла, — успамінае суразмоўніца. — Калі мая сітуацыя стала адносна зразумелай, мы развіталіся. Ён папрасіў, каб я пазней яму даслала sms пра тое, як я. Нумар я не запісвала, было не да гэтага. Да таго ж мы вырашылі, што ён захаваўся ў мамы майго хлопца.
«Я і цяпер памятаю, як ён выглядаў»
Алісу шпіталізавалі ў аддзяленне гінекалогіі. Ёй далі абязбольвальныя, гарачказніжальныя і «ўзялі яшчэ адну пункцыю».

— Медыкі не разумелі, што са мной. Сказалі, трэба чакаць вынікаў. Я заснула, — расказвае дзяўчына. — Калі ачуняла, падышла медсястра вымяраць мне тэмпературу. Яна была каля 40 градусаў, паглядзелі ціск — 60 на 20. Мяне тэрмінова павезлі ў аперацыйную. Ужо была ноч. Падчас аперацыі высветлілася, што ў мяне разарвалася кіста. У арганізме пайшло заражэнне. Аказалася, усё гэта доўжылася ўжо тыдні два.
Праз пару дзён, калі стан дзяўчыны стабілізаваўся, яна вырашыла знайсці Аляксандра.
— Калі мой хлопец, які на той момант усё яшчэ ляжаў у шпіталі, прыйшоў мяне адведаць, я папрасіла яго патэлефанаваць маме і выпісаць нумар Сашы. Але, як выявілася, спазнілася, — успамінае Аліса. — У яе быў просты кнопкавы тэлефон, які захоўваў у памяці толькі дзесяць уваходных. Да таго моманту як я пачала пошукі, патрэбны мне нумар ужо знік.
Дзяўчына не здалася. Ён стварыла групу ў VK. Шукала хлопца там, на форумах і ў chat.by, але ніхто не адгукнуўся.
— З сям’ёй мы звярнуліся да мабільных аператараў, — працягвае Аліса. — Там спрабавалі дапамагчы. Але праз тое, што мама хлопца не зняла слухаўку, вызначыць нумар Сашы так і не ўдалося. Калі пасля трох месяцаў пошукаў мне паведамілі гэтую інфармацыю, я здалася.
З таго часу мінула ўжо 13 гадоў. Аліса паспела атрымаць дыплом псіхолага ў Беларусі, скончыць магістратуру ў Ізраілі і пераехаць у ЗША. Але ўвесь гэты час яна не забывала чалавека, які ёй дапамог.
— Нядаўна прачытала ў вас артыкул, дзе дзяўчына шукала Начнога Фея, з якім перапісвалася, і вырашыла зноў паспрабаваць знайсці Аляксандра, — кажа суразмоўніца. — Бо я і цяпер памятаю, як ён выглядаў. Гадоў 25−26, на ім быў бардовы швэдар і джынсавая куртка.
— Што скажаце яму, калі ён адгукнецца?
— Пакуль не ведаю, але вельмі б хацела з ім пагаварыць, бо калі б не ён, я, магчыма, і памерла б па дарозе ў бальніцу. Месца там досыць бязлюднае. Да таго ж гэта быў панядзелак, працоўны час.
Калі вы той самы Аляксандр, напішыце Алісе на пошту: [email protected].