Днямі мы расказвалі пра гродненку Вольгу Бондараву, якая добраахвотна дапамагае рэпрэсіўнай машыне ўладаў шукаць і караць іншадумцаў у Беларусі. Для барацьбы з імі яна выкарыстоўвае даносы, а таксама абразы і паклёп. Іншы спосаб знайшоў мазыранін Юрый Комар — ён не змагаецца з вядомымі яму ідэалагічнымі апанентамі, а «стварае» іх сам. Жыхар Палесся займаецца тым, што праз «Чат-рулетку» выходзіць на сувязь з іншымі беларусамі, выдае сябе за жыхара Украіны і правакуе іх на рэзкія выказванні пра палітычную сітуацыю ў нашай краіне і пра расійскую ваенную агрэсію. Атрыманыя такім спосабам відэа ён выкладвае на сваім канале на YouTube. Ужо вядомыя некалькі выпадкаў, калі правакацыі Комара прывялі да затрыманняў сілавікамі беларусаў, якія размаўлялі з ім.
Хто такі Юрый Комар
Мужчыну 41 год. Ён жыве ў Мазыры і працуе дальнабойшчыкам (зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік). У нядаўнім мінулым ён вёў цалкам тыповы для прадстаўніка сваёй прафесіі лад жыцця. Нялёгкую працу Комар перамяжаў адпачынкам ва Украіне, Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах: «Наша Ніва» знайшла ў яго сацсетках мноства фота з відамі пляжаў і іншых еўрапейскіх лакацый.
Першай імя і прозвішча правакатара назвала «Наша Ніва» — аднак мы, на жаль, не можам праверыць гэтую інфармацыю: пасля публікацыі першых навін пра мужчыну ён зачысціў свае сацсеткі. Таксама адзначым, што амаль праз два тыдні пасля публікацыі матэрыялу выдання ніякіх абвяржэнняў інфармацыі «Нашай Нівы» не было, а таму з вельмі высокай ступенню імавернасці можна сцвярджаць, што чалавек, пра якога ідзе гаворка, — менавіта Юрый Комар.
З 24 лістапада мінулага года ў сваім канале «Бело Росс» на YouTube ён пачаў выкладваць аднастайныя відэа, запісаныя падчас размоваў у папулярным сэрвісе «Чат-рулетка» (задума гэтага сайта ў тым, што ён выпадковым чынам злучае па відэасувязі сваіх карыстальнікаў). Размаўляючы з выпадковымі беларусамі, Комар выдае сябе за ўкраінца і імкнецца справакаваць іх на выказванні, якія могуць стварыць людзям праблемы з уладамі. Часам суразмоўцамі мужчыны становяцца і жыхары іншых краін.
Звычайна ў размовах, выкладзеных у сеціва, мазыранін спрабуе схіліць сваіх суразмоўцаў да крытыкі дзеянняў беларускіх уладаў, абразаў у адрас Лукашэнкі, ухвалення дзеянняў Украіны, УСУ, «рэйкавых партызан» і беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца на баку Кіева. Да 18 студзеня — менш чым за два месяцы, якія прайшлі з публікацыі першага відэа — ён апублікаваў на сваім канале ўжо 50 ролікаў з вымоўнымі назвамі накшталт «Пилотка и горящие пуканы», «Программист двоечник и мовный вопрос», «Европа с… цца, америка боится», «Белорусско-луганский хохол», «Либераст антисимит», «Ждун недоврач» (арфаграфія аўтара захаваная).
Такая прадукцыйнасць не прывяла да выбуховага росту колькасці гледачоў канала — самае папулярнае відэа на ім сабрала крыху больш за 6 тысяч праглядаў, а з дзесяці апошніх толькі ў аднаго больш за 3 тысячы. Магчыма, ён так і застаўся б адным з малавядомых каналаў беларускага сегмента YouTube, але мужчына прыцягнуў увагу праўладных прапагандысцкіх рэсурсаў і сілавікоў (або прапанаваў ім супрацоўніцтва сам). Да гэтага моманту вядома пра затрыманне не менш чым пяцярых суразмоўцаў правакатара з апублікаваных ім відэа. Адзін з іх пры затрыманні быў збіты, іншых прымусілі запісаць «пакаяльныя» відэа.
Абноўлена: у дзень публікацыі гэтага матэрыялу сілавікі распаўсюдзілі яшчэ адно відэа з мужчынам, затрыманым пасля размовы з Комарам. Такім чынам, агульная колькасць ахвяр правакатара дасягнула як мінімум шасці.
Таксама адзін са звязаных з сілавікамі тэлеграм-каналаў публікаваў відэа з мужчынам, які нібыта сам прыйшоў у міліцыю пасля таго, як яго «спрабавалі схіліць да выказвання негатыўнай думкі пра ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама спецыяльную ваенную аперацыю (так расійская і беларуская прапаганда называюць вайну ва Украіне. — Заўв. рэд.)». Аўтары паведамлення сцвярджалі, што гаворка пра «Чат-рулетку» — магчыма, меліся на ўвазе менавіта дзеянні Комара.
Як дзейнічае правакатар
Прывядзём прыклад з аднаго з апублікаваных Комарам ролікаў. Размаўляючы з дзяўчынай з Віцебска, ён у самым пачатку размовы даведваецца, што тая збіраецца з’ехаць з Беларусі, але пакуль застаецца, бо не можа пакінуць свайго бацьку, у якога анкалагічнае захворванне. Гэтыя абставіны не спыняюць правакатара. Каб падштурхнуць суразмоўніцу да рэзкіх выказванняў, Комар размаўляе з ёю на павышаных тонах і не саромеецца называць прыхільнікаў беларускіх уладаў і расійскай агрэсіі «дэбіламі». Калі дзяўчына не паддаецца на правакацыі і кажа, што людзей з адрозный ад яе пунктам гледжання нельга забіваць, Комар настойліва прапануе ёй саджаць іх у клетку. Такім самым спосабам правакатар дамагаецца ад яе словаў спагады ў адрас беларускіх «рэйкавых партызан» і спрабуе вывесці дзяўчыну на рэзкія выказванні ў адрас Лукашэнкі (беспаспяхова).
У відэароліках Комара ёсць пэўная драматургія. Дзесьці ў сярэдзіне размовы ён звычайна апускае камеру, каб суразмоўца ўбачыў на ягонай футболцы надпіс «Россия», выкананы ў колерах сцяга РФ, і часам паказвае яму беларускі пашпарт. Затым Комар пачынае палохаць чалавека КДБ, звальненнем і іншымі карамі. Таксама ён можа паведаміць суразмоўцу, што відэа з ім у жывым эфіры глядзяць людзі, якія ў сваіх каментарах яго абражаюць.
Пасля ўласнага «выкрыцця» Комар часцей за ўсё займаецца абразамі, пагрозамі і распаўсюдам фэйкавай інфармацыі — напрыклад, расказвае суразмоўцам аднабаковую і не згодную з фактамі версію расійскай прапаганды пра падзеі 2 траўня 2014 года ў Адэскім доме прафсаюзаў. Акрамя таго, ён нярэдка спрабуе выдаць уласныя тэзісы і меркаванні за словы суразмоўцаў — напрыклад, паказвае на тэлефоне святкаванне 9 траўня ў Мінску і абвінавачвае чалавека, які не сказаў падчас гутаркі ніводнага кепскага слова пра перамогу над нацызмам у гады Другой сусветнай вайны, у тым, што ён «супраць гэтага ўсяго».
Юрыдычны і маральны бакі дзейнасці мазыраніна выклікаюць шмат пытанняў. Можна з высокай ступенню ўпэўненасці сцвярджаць, што ва ўмовах рэальнага верхавенства закона відэа, размешчаныя на канале Комара, прыцягнулі б увагу праваахоўных органаў да іх стваральніка, а не да яго суразмоўцаў. І вось чаму.
Умяшанне ў асабістае жыццё
Першае пытанне датычыць самога факта анлайн-трансляцыі, відэафіксацыі і распаўсюду ў інтэрнэце такіх гутарак без атрымання згоды ад суразмоўцаў. У прыватнасці, Канстытуцыя Беларусі гарантуе грамадзянам абарону ад незаконнага ўмяшання ў прыватнае жыццё. Пад вызначэнне «таямніцы асабістага жыцця» трапляе ў тым ліку «асабістая перапіска і карэспандэнцыя, дзённікавыя, тэлефонныя, тэлеграфныя, відэа, аўдыё і іншыя віды захавання інфармацыі». Абмежаванні на распаўсюд такой інфармацыі, а таксама выявы чалавека без атрымання яго згоды накладае і закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі». А артыкул 179 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае адказнасць за «незаконныя збіранне альбо распаўсюд інфармацыі пра прыватнае жыццё, якія з’яўляюцца асабістай ці сямейнай таямніцай іншай асобы» — пакараннем за гэта могуць быць грамадскія работы, штраф або арышт.
Даказванне віны з дапамогай правакацый
Другое пытанне — гэта спосаб, з дапамогай якога Комар дамагаецца ад сваіх суразмоўцаў словаў, якія потым выкарыстоўваюцца сілавікамі ў якасці падставы для завядзення крымінальных справаў. У парадку разумовага эксперыменту дапусцім, што некаторыя выказванні суразмоўцаў Комара сапраўды могуць парушаць закон — не толькі ва ўяўленні рэпрэсіўных органаў, але і аб’ектыўна.
У адным сцэнары дапусцім, што ён гутарыць з людзьмі па ўказанні сілавікоў. Аднак і ў Беларусі, і ў міжнароднай судовай практыцы выкарыстанне правакацый (то-бок падбухторвання каго-небудзь да дзеянняў, якія могуць пацягнуць за сабой цяжкія для гэтай асобы наступствы) не вітаецца. У нашай краіне, напрыклад, выкарыстанне правакацыі наўпрост забароненае падчас аператыўна-вышуковай дзейнасці.
Аднак сцвярджаць, што ролікі запісваюцца ва ўзаемадзеянні з сілавымі структурамі, мы не можам. Але і ў другім сцэнары, калі гэта ўласная ініцыятыва Комара, яго дзеянні незаконныя, бо, згодна з артыкулам 16 «Суўдзел у злачынстве» Крымінальнага кодэкса Беларусі, асоба, якая схіліла іншую асобу да здзяйснення злачынства, прызнаецца падбухторшчыкам — то-бок суўдзельнікам. Калі, дапусцім, абраза Лукашэнкі — гэта дзеянне, якое крымінальна караецца, то ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам падбухторшчык, які схіліў суразмоўцу яе нанесці, — такі самы суўдзельнік злачынства, як і «арганізатар» або «памагаты». У прававой дзяржаве ён мусіў бы несці аднолькавую з імі адказнасць.
У тым, што Комар дзейнічае мэтанакіравана і мае на мэце менавіта правакацыі, сумневаў быць не можа — пра гэта сведчыць як характар дзясяткаў апублікаваных ім відэа, так і яго паводзіны падчас гэтых размоваў.
Нарэшце, мужчына груба парушае нават правілы платформаў, з дапамогай якіх стварае і распаўсюджвае свой відэакантэнт. «Чат-рулетка» наўпрост забараняе хамскія паводзіны, пагрозы ў адрас суразмоўцы, а таксама скіроўванне камеры на любыя тэкставыя паведамленні (правакатар любіць паказваць суразмоўцам паведамленні гледачоў пад жывой трансляцыяй, дзе тыя абражаюць ахвяру). У правілах YouTube ёсць падобная забарона на пагрозы і абразы, а таксама забарона выдаваць сябе за іншых людзей (грамадзянін Беларусі Комар у гутарках выдае сябе за грамадзяніна Украіны).
Чытайце таксама


