Услед за сайтам Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) «Кіберпартызаны» ўзламалі партал праўладнага радыё «Мир». Пра гэта хактывісты паведамілі ў сваім тэлеграм-канале 5 верасня.
«У гонар сваёй гадавіны — 5 верасня — выходзім у эфір з рэальнай інфармацыяй для беларусаў на сайце прарэжымнага радыё „Мир“», — напісалі хактывісты.
Пасля ўзлому на галоўнай старонцы сайта з’явілася карцінка з сімволікай «Кіберпартызан», фразай «Ніхто не пазбегне адказнасці» і лічбамі, якія паказваюць колькасць беларускіх палітвязняў у краіне, журналістаў у турме і г. д.
«5 верасня 2020 г. адзін з заснавальнікаў „Кіберпартызан“ апублікаваў на прадзяржаўных рэсурсах рэальную інфармацыю пра дыктатуру і барацьбу ў Беларусі. Падтрымліваем традыцыю», — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, раней у гэты ж дзень «Кіберпартызаны» ўзламалі сайт Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) і размясцілі на галоўнай старонцы фатаграфіі генеральнага сакратара арганізацыі Дзмітрыя Шаўцова з абвінавачаннем у «падтрымцы ваеннага агрэсара», кіраўніцы гомельскай арганізацыі Алы Смаляк, якая выступіла за размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі, а таксама некаторых іншых чальцоў БТЧК.
«Кіберпартызаны» таксама паведамілі, што атрымалі дакументы арганізацыі, якія сведчаць пра супрацоўніцтва БТЧК з сілавікамі, а таксама пра датычнасць да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Частку матэрыялаў актывісты выклалі ў сябе на сайце.