Жыхарка Ліды звярнулася ў гарадскі візавы цэнтр, дзе ёй дапамаглі з афармленнем дакументаў на нацыянальную візу Польшчы. Але візы яна не атрымала, таму папрасіла пасярэднікаў вярнуць грошы. У візавым цэнтры ёй адмовілі — і яна пайшла ў суд, але прайграла, піша Hrodna.life са спасылкай на рашэнне суда.
Лідчанцы ў візавым цэнтры аформілі дакументы для падачы на нацыянальную візу ў консульстве Польшчы. За запаўненне візавай анкеты, сэрвісны збор, кур’ерскую дастаўку і СМС-паведамленне яна заплаціла 78,61 рубля.
Але ў польскай візе лідчанцы адмовілі праз неабгрунтаванне мэты або ўмоваў знаходжання. Яна палічыла, што вінаваты візавы цэнтр: нібыта ёй няякасна аформілі дакументы. Яна звярнулася ў цэнтр з прэтэнзіяй пра вяртанне грошай, але там іх вяртаць адмовіліся. Тады лідчанка пайшла ў суд.
Справу пра кампенсацыю страт і спагнанне грашовай кампенсацыі маральнай шкоды разглядаў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Там вырашылі пазоў не задавальняць, бо спажывец мае права запатрабаваць поўнага пакрыцця страт, калі іх прычынай была недастаткова добра выкананая праца. А недахопы ў працы візавага цэнтра пацверджаныя не былі — ёсць толькі сцверджанні пазоўніцы.