Увечары ў нядзелю, 3 сакавіка, жыхары Беларусі, выйшаўшы з дому, маглі назіраць паўночнае ззянне. Фота з’явы ад чытачоў з некалькіх гарадоў апублікаваў тэлеграм-канал @nadvorie.
Магнітная бура ўмеранай велічыні, якая стала прычынай ззяння, пачалася на Зямлі каля 17−18 гадзін паводле мінскага часу, яе працягласць мусіць скласці ад 3 да 6 гадзін.
Як піша сайт Лабараторыі сонечнай астраноміі Расійскай акадэміі навук, да планеты дайшлі масы рэчыва, выкінутыя з сонца ў ноч з 28 на 29 лютага. Прагназаваліся толькі слабыя хваляванні, але бура нечакана аказалася даволі інтэнсіўнай.
У Беларусі паўночнае ззянне было заўважнае ўжо ў раёне шасці вечара: ёсць здымкі з Маладзечна, Магілёва, Віцебска.



Бліжэй да паўночы паласа ззянняў, паводле звестак расійскага рэсурсу, перамесціцца ў еўрапейскую частку РФ і можа апусціцца да шыраты Масквы. Магчыма, тады ззянне зноў будзе заўважнае ў Беларусі.