Мінчукі працягваюць скардзіцца на неба ў смузе і пах гару. Сітуацыю пракаментавалі ў Белгідрамеце: спецыялісты расказалі, што такая з’ява тлумачыцца адсутнасцю дажджоў і ляснымі пажарамі. Аднак хутка месцамі па краіне пройдуць дажджы і хаця б часткова выправяць сітуацыю, піша БЕЛТА.
У Белгідрамеце адзначылі, што маніторынг стану атмасфернага паветра праводзіцца пастаянна, а інфармацыю пра яго можна знайсці ў адкрытым доступе на сайце.
«Паводле звестак бесперапынных вымярэнняў на аўтаматычных станцыях перавышэнняў памежна дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў у атмасферным паветры ў Мінску 11 верасня не фіксуецца. Асноўнай прычынай паху гару ў населеных пунктах краіны можа быць перанос дымоў пажараў у экасістэмах (лясныя пажары, пажары травы і кустоў і інш.)», — расказалі спецыялісты.
У Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды звярнулі ўвагу, што ў Беларусі з пачатку каляндарнай восені трымаецца антыцыкланальны характар надвор’я. Паветраныя патокі з поўдня, паўднёвага ўсходу выносяць у краіну сухое і цёплае паветра.
«Так, за першую дэкаду верасня месцамі, а па Гомельскай, Магілёўскай, паўднёвым усходзе Брэсцкай вобласці ў многіх раёнах ападкаў практычна не было. Там адзначаецца небяспечная з’ява — надзвычайная пажарная небяспека. У Мінску з пачатку верасня выпаў усяго 1% ад дэкаднай нормы ападкаў. Адсутнасць зон ападкаў, якія маглі б асаджаць завіслыя часцінкі пылу і гару, і пры наяўнасці гару ад узгаранняў (асабліва па паўднёвым усходзе краіны), паўднёва-ўсходнімі вятрамі выносіцца ўглыб краіны», — расказалі ў Белгідрамеце.
Спецыялісты дадалі, што знікне такая сітуацыя з праходжаннем умераных і моцных дажджоў па ўсёй Беларусі.
«Найбліжэйшымі днямі франтальныя раздзелы, уплыў якіх чакаецца ўжо ў чацвер і пятніцу, трохі палепшаць сітуацыю ў краіне. Аднак у шэрагу раёнаў (асабліва на ўсходзе краіны) будзе назірацца дэфіцыт ападкаў, а значыць, пажарная небяспека захаваецца», — адзначылі ў Белгідрамеце.
Нагадаем, раніцай 11 верасня ў МНС паведамілі, што ніякіх пажараў ці іншых надзвычайных здарэнняў, здольных выклікаць змог і пах гару, у сталіцы не адбываецца.
Між тым сіноптыкі абвясцілі на 11−12 верасня чырвоны ўзровень небяспекі ў трох абласцях (Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай) з прычыны надзвычайнай пажарнай небяспекі.