Чытачы паведамілі «Люстэрку», што ў Мінску і Менскім раёне ўдзень 31 кастрычніка чулі гук «магутнага выбуху».
Паведамленні пра «выбух» прыйшлі з розных раёнаў сталіцы. У чатах беларусы пішуць, што чулі гучны гук у Каменнай Горцы, у раёне Усходу, на Камароўцы, Пушкінскай і ў іншых раёнах.
Вось што пісалі карыстальнікі ў сеціве:
- «Што гэта выбухнула? Дом ледзь не паваліўся».
- «Усюды чуваць было. І ў Сухараве, і ў Бараўлянах».
- «Дом хістала так, што аж страшна зрабілася».
- «У Малінаўцы бабахнула моцна, перапалохаліся».
Можна меркаваць, што грукат у небе — гэта вынік пралёту над горадам вайсковага самалёта на звышгукавой хуткасці. Пасля пераходу ад дагукавога палёту на звышгукавы ўзнікае ўдарная хваля, конус якой распаўсюджваецца на кіламетры ўслед за самалётам. Калі хваля дасягае зямлі, можна пачуць выбух і адчуць удар. Гэта не адзінкавая падзея — ударная хваля ідзе за самалётам увесь час, пакуль ён ляціць на звышгуку, і адчуваецца ў кожным пункце, праз які ён праходзіць.
Такой самай версіі прытрымліваюцца і некаторыя карыстальнікі сеціва:
«Такое было ў MOLO калісьці. Вучэнні былі, і самалёт звышгук пераадолеў. Вокны патрэскаліся, усё трэслася таксама».
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў РУУС Кастрычніцкага раёна як звычайная беларуска з пытаннем, што здарылася. На пытанне, чаму быў такі гук, дзяжурны адказаў:
— Не выключаецца, што самалёт вельмі нізка ляцеў. Турбіна тады ўключаецца. Але дакладна пакуль не зразумела. Хутчэй за ўсё, проста быў самалёт, нічога страшнага.
У МНС «Мінскай праўдзе» расказалі, што ніякіх паведамленняў пра тое, што нехта пацярпеў ці быў разбураны нейкі будынак, не было.
Пазней праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што «выбух», які чулі мінчукі ў 14.11, быў гукам пераадолення самалётам гукавога бар’ера.