Выбары-2025 запомняцца не прадказальным вынікам, а шпіцам Умкам, які пазначыў выбарчы ўчастак. Цікава, што, прыйшоўшы на галасаванне з сабакам, Аляксандр Лукашэнка парушыў адразу некалькі прававых нормаў — уключаючы новы закон, які нядаўна сам падпісаў. «Люстэрка» падлічыла, колькі правілаў парушылі «малы» і яго гаспадар.
З сабакам нельга ва ўніверсітэт
З 1 студзеня 2025 года ў Беларусі запрацаваў новы Закон «Пра адказнае абыходжанне з жывёламі», прапанаваны Марыяй Васілевіч і падпісаны Лукашэнкам.
Гэты закон забараняе жывёлам уваход у мноства грамадскіх месцаў — у тым ліку ва ўстановы адукацыі. Лукашэнка галасаваў на выбарчым участку, які размешчаны ў БДУФК, а гэта відавочна ўстанова адукацыі. У законе ёсць выключэнні толькі для сабак-павадыроў. А таксама для спартыўных мерапрыемстваў і выставаў жывёл, да якіх ніяк нельга аднесці прамінулыя выбары.
Шпіцы без павадка — па-за законам
Выгул сабак у Беларусі дазволены толькі на павадку. Гэта пазначана ў правілах утрымання хатніх жывёл. Ніякіх выключэнняў няма — і буйныя, і дробныя пароды павінныя быць на прывязі цягам усяго часу па-за домам — і на звычайнай прагулцы, і на галасаванні.
А вось наморднік патрэбны толькі буйным сабакам — тым, што вышэйшыя 25 см у карку. Памяранскія шпіцы, да якіх належыць Умка, могуць быць ніжэйшыя за гэтую планку.
Сабаку забаронена пакідаць без нагляду
Новы Закон «Пра адказнае абыходжанне з жывёламі» агаворвае і такі момант, як сабака без нагляду ў грамадскім месцы. Пакідаць хвастатых без нагляду цяпер афіцыйна забаронена. Умка ж відавочна ненадоўга быў аддадзены сам сабе, пакуль яго гаспадар размаўляў з прэсай і галасаваў «за ўсіх».
Дарэчы, пакідаць жывёл нельга наогул ні ў якіх месцах, «якія не з’яўляюцца месцамі іх пастаяннага знаходжання». Выключэнні — пляцоўкі, спецыяльна абсталяваныя «для знаходжання жывёл-кампаньёнаў без нагляду ўладальнікаў». Відавочна, выбарчы ўчастак у БДУФК да такіх варыянтаў не адносіцца.
Дзе жэтон?
Яшчэ адно правіла: цягам трох дзён пасля з’яўлення сабакі ці ката яго абавязкова трэба зарэгістраваць у выканкаме. Там выдадуць рэгістрацыйнае пасведчанне і жэтон. Гэты жэтон мусіць быць пастаянна прымацаваны да ашыйніка хвастатага. Гэта важна на выпадак, калі гадаванец згубіцца: адзінокая жывёліна па законе можа трапіць пад адлоў, тады з уладальнікам звяжуцца па звестках з жэтона. На кадрах з Умкам мы не ўбачылі жэтона (аднак, магчыма, яго не відаць пад доўгай поўсцю).
Хто будзе плаціць за чыстку сцяны?
Пазначаная сцяна БДУФК — дзяржмаёмасць. Тое, што Умка яе пазначыў, можна расцаніць як псаванне маёмасці.
У выпадку любога пашкоджання суд мусіць разабрацца, наўмысна гэта было зроблена ці не. Калі намер быў, парушальніка могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай (арт. 11.3 КаАП) або крымінальнай адказнасці (за пашкоджанне маёмасці арт. 218 ці 341 КК за яе псаванне ў грамадскіх месцах).
Але сабака падняў лапу відавочна без каманды гаспадара. А значыць, суд расцаніў бы гэтую сітуацыю як ненаўмысную. У такіх выпадках крымінальны пераслед пагражае толькі пры «асабліва буйным памеры» шкоды — то-бок ад 2500 базавых велічынь, або 105 тысяч рублёў.
У выпадку, калі ёсць нейкая шкода, то пацярпелы бок можа запатрабаваць кампенсацыі стратаў (у дадзеным выпадку, напрыклад, выдаткаў, каб прывесці сцяну ўніверсітэта ў парадак). Гэта прадугледжвае арт. 14 Грамадзянскага кодэкса РБ. Кампенсаваць будзе той, з чыёй віны гэтая шкода была нанесеная, — то-бок гаспадар (ці гаспадыня) сабакі.
Якое пакаранне пагражае Лукашэнку?
У КаАП ёсць арт. 16.30 (Парушэнне правілаў утрымання жывёл). Па першай частцы гэтага артыкула парушальніку могуць даць штраф у памеры ад 1 да 15 базавых велічынь (42−630 беларускіх рублёў). Калі праз парушэнні пацярпела чыёсьці здароўе ці маёмасць, пакаранне больш строгае — ад 10 да 30 базавых (420−1260 рублёў), або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт.
Дарэчы, новы закон уводзіць яшчэ адзін спосаб пакараць нядбайных гаспадароў. Ім могуць «часова абмежаваць права ўласнасці на жывёліну» — забараніць дзесьці гуляць, з’яўляцца ў грамадскіх месцах ці нават забраць гадаванца.
Так робяць у выпадках сур’ёзных парушэнняў. Да іх адносяцца і выпадкі, калі ўласнік парушыў умовы абыходжання з жывёламі і гэта прынесла шкоду нечаму здароўю або маёмасці. І толькі калі гэта здарылася неаднаразова — два разы і больш цягам года.
Чытайце таксама