Украінскія вайскоўцы і Мінабароны РФ паведамілі пра адбітыя напады адно аднаго на некалькіх кірунках. Аналітыкі Інстытута па вывучэнні вайны лічаць, што міністр абароны РФ спрабаваў запаволіць або прыпыніць ваенную дапамогу Захаду Украіне, запалохваючы калег з Альянсу ўкраінскай «бруднай» бомбай. Ваенная разведка Вялікабрытаніі мяркуе, што Расія масава выкарыстоўвае «Шахеды» ў якасці замены высокадакладнай зброі вялікай далёкасці, якой становіцца ўсё менш. Пераказваем галоўнае са зводак штабоў варожых бакоў і высноваў экспертаў на 243-і дзень вайны.
Генштаб УСУ: адбітыя атакі расійскіх войскаў і знішчэнне трох «Градаў»
«Цягам кастрычніка на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзяцца мерапрыемствы па праверцы мабілізацыі рэсурсаў. Пры мясцовых выканаўчых органах створаныя спецыяльныя групы для праверкі і ўдакладнення інфармацыі пра патэнцыйных прызыўнікоў. Працягваецца ўдакладненне роду дзейнасці мужчын прызыўнога ўзросту, ваенна-ўліковых спецыяльнасцяў і сямейнага становішча. Захоўваецца пагроза нанясення ракетных і авіяўдараў па аб’ектах крытычнай інфраструктуры Украіны з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку з выкарыстаннем іранскіх ударных БПЛА», — паведамілі ў Генштабе УСУ.
За мінулыя суткі УСУ адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў Зямлянкі і Чугуноўка Харкаўскай вобласці, а таксама Салядар, Бахмут, Андрэеўка, Кляшчэеўка, Наваміхайлаўка, Мар'інка, Невельскае, Першамайскае і Аўдзееўка Данецкай вобласці.
На Валынскім і Палескім напрамках становішча без зменаў. На іншых напрамках расіяне абстралялі шэраг населеных пунктаў. Усяго за мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 2 ракетныя і 28 авіяўдараў, здзейснілі 65 абстрэлаў. Ударам падвергліся аб’екты цывільнай інфраструктуры населеных пунктаў Бахмут, Запарожжа, Мікалаеў і Новатаўрычаскае Запарожскай вобласці.
«Пацверджаная інфармацыя пра знішчэнне трох расійскіх РСЗА БМ-21 „Град“, а таксама пра эвакуацыю блізу 70 параненых вайскоўцаў праціўніка 22 кастрычніка ў раёне Міхайлаўкі Запарожскай вобласці. Наша авіяцыя нанесла 11 удараў. Пашкоджаныя 11 раёнаў канцэнтрацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі ворага. Падраздзяленні супрацьпаветранай абароны збілі 12 БПЛА Shahed-136», — расказалі ў Генштабе.
Паводле звестак вайскоўцаў, украінскія ракетныя войскі і артылерыя за мінулыя суткі пашкодзілі чатыры пункты кіравання, пяць раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, чатыры склады боепрыпасаў, зенітны ракетны комплекс, раён агнявых пазіцый артылерыі і іншыя важныя аб’екты праціўніка.
«Паводле наяўнай інфармацыі, у РФ працягваецца навучанне часткі мабілізаванага асабовага складу на агульнавайсковых палігонах і ў падраздзяленнях спецыялістаў канкрэтных спецыяльнасцяў», — падсумавалі ў Генштабе.

Мінабароны РФ: адбітыя атакі УСУ і ўдары па тэрыторыі Украіны
У расійскім ваенным ведамстве расказалі пра адбітыя атакі УСУ:
— на Купянскім напрамку праціўнік сіламі да трох мотапяхотных рот распачаў спробы атакаваць пазіцыі расійскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў Першатраўневае, Арлянка і Бераставое Харкаўскай вобласці. Усе атакі адбітыя;
— на Чырвона-Ліманскім напрамку падраздзяленні УСУ сіламі да дзвюх механізаваных рот імкнуліся ўклініцца ў абарону расійскіх войскаў у напрамку населенага пункта Чырвонапапоўка. Ударамі авіяцыі, агнём артылерыі і абарончых падраздзяленняў праціўнік быў спынены і адкінуты на зыходную мяжу;
— на Паўднёва-Данецкім напрамку праціўнік атакаваў пазіцыі расійскіх войскаў сіламі дзвюх ротных тактычных груп у кірунку населеных пунктаў Салодкае і Уладзіміраўка. Агнём артылерыі і актыўнымі дзеяннямі расійскіх падраздзяленняў атака праціўніка была адбітая;
— на Мікалаеўска-Крыварожскім напрамку праціўнік беспаспяхова атакаваў сіламі батальённай тактычнай групы пазіцыі расійскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў Брускінскае, Пяціхаткі і Трыфанаўка Херсонскай вобласці. У выніку агнявога паражэння і канцэнтраваных удараў расійскай артылерыі забіта больш за 80 украінскіх вайскоўцаў, знішчана 11 баявых браніраваных машын і 15 аўтамабіляў.
Удары расійскай арміі па тэрыторыі Украіны за суткі:
- аператыўна-тактычная і ваенная авіяцыі, ракетныя войскі і артылерыя пашкодзілі чатыры пункты кіравання УСУ, 72 артылерыйскія падраздзяленні на агнявых пазіцыях, жывую сілу і ваенную тэхніку ў 174 раёнах. У раёне населенага пункта Двурэчная Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў УСУ;
- сродкамі супрацьпаветранай абароны збітыя тры беспілотныя лётныя апараты. Акрамя таго, знішчаныя ў паветры 21 снарад рэактыўных сістэм залпавага агню HIMARS і «Вольха».

Брытанская разведка: Украіна збівае ўсё больш «Шахедаў», якія выкарыстоўваюцца расійскім войскам
Расія працягвае выкарыстоўваць іранскія беспілотныя лётныя апараты (БПЛА), аднак Украіна збівае ўсё больш дронаў Shahed-136. Афіцыйныя крыніцы, уключаючы прэзідэнта Зяленскага, сцвярджаюць, што перахопліваецца да 85% запушчаных дронаў-камікадзэ, паведамляе ваенная разведка Вялікабрытаніі.
Ведамства адзначае, што гэтыя беспілотнікі павольныя, шумныя і лётаюць на малых вышынях, што дазваляе лёгка атакаваць адзінкавыя лётныя апараты звычайнымі сродкамі СПА. Расія, імаверна, расходуе вялікую колькасць іранскіх БПЛА Shahed-136, каб пераадольваць усе больш эфектыўную сістэму СПА Украіны.
«Хутчэй за ўсё, яны выкарыстоўваюцца ў якасці замены расійскай высокадакладнай зброі вялікай далёкасці, якой становіцца ўсё менш», — гаворыцца ў аглядзе разведкі.
Інстытут па вывучэнні вайны: баі на ўсходзе Украіны і заявы пра «брудную» бомбу
«Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу, імаверна, спрабаваў запаволіць або прыпыніць ваенную дапамогу Захаду Украіне і, магчыма, аслабіць NATO, запалохваючы міністраў абароны краін Альянсу 23 кастрычніка, расказваючы пра ўкраінскую «брудную» бомбу, — лічаць эксперты Амерыканскага інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
Ключавыя высновы ISW:
- Крэмль наўрад ці рыхтуе атаку «бруднай бомбай» пад фальшывым сцягам;
- расійскія ўлады, імаверна, адключылі доступ у інтэрнэт у Херсоне 22 кастрычніка, каб абмежаваць паведамленні пра эвакуацыю расіян на ўсходні бераг Дняпра. Расійскія крыніцы сцвярджалі, што наземныя атакі УСУ на паўночным захадзе Херсонскай вобласці былі адбітыя;
- украінскія і расійскія крыніцы паведамілі пра баі пад Северскам, Салядарам, Бахмутам, Аўдзееўкай і Мар'інкай на ўсходзе Украіны. Міністэрства абароны Расіі заявіла, што расійскія сілы адбілі ўкраінскія наземныя атакі ў заходняй частцы Данецкай вобласці;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы вялі контрнаступальныя аперацыі ў напрамку Крамянной і Сватава;
- расійскія сілы нанеслі ўдары па Запарожжы, Мікалаеве і іншых раёнах Мікалаеўскай вобласці з дапамогай беспілотнікаў Shahed і ракет С-300;
- прадстаўнік камандавання ВПС Украіны заявіў, што УСУ збілі агулам 273 дасланых Іранам беспілотнікаў Shahed-136;
- крыніца ва ўрадзе Украіны паведаміла, што іранскія інструктары ў Беларусі дапамагалі расійскім войскам у каардынацыі папярэдніх удараў беспілотнікаў «Шахед» па Кіеўскай вобласці, а таксама паўночных і заходніх абласцях Украіны;
- расійскія СМІ працягваюць пісаць пра тое, што Украіна разбурыць Кахоўскую ГЭС, якую, імаверна, знішчаць расійскія войскі, каб запаволіць прасоўванне ўкраінскіх войскаў.

Ва ўмовах ваенных дзеянняў мы не можам аператыўна праверыць дакладнасць дадзеных афіцыйных асобаў пра канфлікт. Любыя паведамленні варожых бакоў пра свае і чужыя страты варта ўспрымаць з пэўнай доляй скепсісу.