Вечарам 9 лістапада міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу на прапанову камандуючага аб’яднанай групоўкай войскаў ва Украіне Сяргея Суравікіна аддаў загад адвесці войскі з Херсона на левы бераг Дняпра. Як на гэта адрэагавалі ў Расіі і Беларусі — у нашым аглядзе. Спойлер: наймацней верыць у непераможнасць Расіі беларускі дэпутат Алег Гайдукевіч.
«Рашэнне, прынятае Суравікіным, няпростае»
Бізнесовец і заснавальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын лічыць, што важна «не аганізаваць, не біцца ў параноі, а зрабіць высновы і працу над памылкамі».
«Рашэнне, прынятае Суравікіным, няпростае, але ён зрабіў як мужчына, які не баіцца адказнасці. Зрабіў гэта арганізавана, без страху ўзяўшы на сябе ўсю паўнату прыняцця рашэнняў. Хачу падкрэсліць, што аперацыя па вывадзе войскаў заўсёды вельмі складаная. Павярнуўшыся да саперніка спінай, немагчыма пакідаць пазіцыі», — сказаў Прыгожын.
Ён таксама адзначыў, што вывад войскаў з мінімальнымі стратамі будзе «найвялікшым дасягненнем», якое чакае Суравікіна, «яно не робіць гонару рускай зброі, але падкрэслівае асабістыя якасці палкаводца».
«Ні я, ні ПВК „Вагнер“ Херсон не пакідалі. Безумоўна, гэта не пераможны крок у гэтай вайне, але важна не аганізаваць, не біцца ў параноі, а зрабіць высновы і працу над памылкамі. А пасля гэтага зразумець, хто мае рацыю, хто вінаваты і ў чым сутнасць праблемы», — сказаў Прыгожын.
Паводле яго словаў, Суравікін мусіць вывесці войскі і выратаваць расійскіх салдат, якія знаходзяцца фактычна ў акружэнні на тэрыторыі, якая цалкам адрэзаная ад шляхоў забеспячэння.
«Так што не трэба гаварыць пра „здачу“ Херсона»
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў згодны з меркаваннем Прыгожына, што Суравікін «зрабіў складаны, але слушны выбар паміж бессэнсоўнымі ахвярамі дзеля гучных заяваў і выратаваннем неацэнных жыццяў салдат».
«Так што не трэба гаварыць пра „здачу“ Херсона. „Здаюць“ разам з байцамі. А Суравікін і салдат беражэ, і займае больш выгадную стратэгічную пазіцыю — зручную, бяспечную», — лічыць кіраўнік Чачні.
Ён адзначыў, што «Херсон — вельмі складаны ўчастак без магчымасці стабільнага рэгулярнага падвозу боепрыпасаў і фармавання моцнага, надзейнага тылу», і задаўся пытаннем, чаму гэта не было зроблена з першых дзён «спецаперацыі», але лічыць, што «гэта ўжо іншае пытанне».
«Нашы хлопцы пад Херсонам падвяргаліся велізарнай рызыцы»
Сакратар генсавета «Единой России» Андрэй Турчак заявіў, што «галоўная мэта сённяшняга манеўру — абарона насельніцтва пры максімальным зберажэнні асабовага складу».
«Нашы хлопцы пад Херсонам падвяргаліся велізарнай рызыцы. У любы момант яны маглі аказацца адрэзанымі ад забеспячэння і ў такой сітуацыі ўтрымліваць абарону было б вельмі складана. З іншага боку — рэальная пагроза падрыву Кахоўскай ГЭС, што відавочна магло прывесці да вялікай колькасці ахвяраў сярод мірнага насельніцтва і вайскоўцаў», — сказаў Турчак.
«Усе мы памятаем Марыупаль, і не толькі яго. Паўтараць такое нельга. Нам патрэбныя час і цярпенне — тое, што заўсёды дапамагала нам перамагаць. Сілы, волі і баявога духу хапае з лішкам», — заявіў ён.
«Адна вялікая перамога не складаецца толькі з наступальных нейкіх актыўных дзеянняў і толькі з перамог»
Герой Расійскай Федэрацыі і першы намеснік старшыні Камітэта Дзярждумы РФ па абароне Андрэй Красаў заявіў, што адвод расійскіх войскаў дапаможа захаваць жыцці вайскоўцаў, а таксама запасы неабходных сродкаў і тэхнікі.
«Адна вялікая перамога не складаецца толькі з наступальных нейкіх актыўных дзеянняў і толькі з перамог, дзесьці неабходна весці абарончыя баі, дзесьці перагрупоўваць сілы і сродкі, чакаць дзесьці, калі нашы мабілізаваныя будуць гатовыя да вядзення баявых дзеянняў, якія цяпер рыхтуюцца ў раёнах прымянення. Па-за ўсякім сумневам Расія выканае сваю гістарычную місію, мы вызвалім ад нацызму Украіну», — падкрэсліў Красаў.
«Таму што альтэрнатыва адна — пакласці ў голым стэпе групоўку, закідаць целамі мобікаў і адкрыць дарогу на Крым»
Галоўная рэдактарка тэлеканала Russia Today Маргарыта Сіманьян параўнала адвод войскаў з Херсона са здачай Масквы французам падчас вайны 1812 года.
«Пакуль цэлая армія, ёсць надзея з гонарам скончыць вайну. Са стратай арміі не толькі Масква — уся Расія будзе страчаная» © Кутузаў. Замяніце слова «Масква» на слова «Херсон». Магчыма, стане больш зразумела", — правяла яна аналогіі.
Яна заявіла, што рашэнне пра адвод расійскіх войскаў з Херсона для тых, хто яго прымаў, было нялёгкім.
«Таму што альтэрнатыва адна — пакласці ў голым стэпе групоўку, закідаць целамі мобікаў і адкрыць дарогу на Крым», — дадала Сіманьян.
«Можна было трымаць яшчэ доўгі час Херсон, але гэта б каштавала нам велізарных высілкаў і ахвяр»
Рэпарцёр ВГТРК Андрэй Рудэнка сцвярджае, што, выйшаўшы з Херсона, расійскія войскі «скавалі вялікую групоўку» ўкраінскіх войскаў на Херсонскім напрамку: паміж расійскім і ўкраінскім войскамі Днепр, масты ўзарваныя. На яго думку, наступ УСУ ў гэтых умовах немагчымы, але адысці ад Херсона ўкраінскія войскі таксама не змогуць.
«Вядома ж, можна было трымаць яшчэ доўгі час Херсон, але гэта б каштавала нам велізарных намаганняў і ахвяр сярод як мірнага насельніцтва, так і вайскоўцаў. Але на маю думку, гэта бессэнсоўныя страты. Я ўпэўнены, што мы яшчэ вернемся ў Херсон, але ўжо з іншага боку.
Яго калега па канале рэпарцёр Яўген Паддубны назваў рашэнне пра адвод войскаў «ваеннай неабходнасцю».
«Расійская тэрыторыя, якая акупаваная праціўнікам, павялічылася, летняя кампанія не на нашу карысць, але гэта плён вясновых дзеянняў. Новы ўраджай трэба будзе сабраць», — сказаў Паддубны.
Эксперт Цэнтра ваенна-палітычнай журналістыкі Барыс Рожын, вядомы як Colonelcassad, крытычна ставіцца да рашэння аб адводзе войскаў.
На яго думку, такі крок — гэта вынік нявырашаных праблем. Ён таксама выказаў здагадку, што выхад расійскіх войскаў з Херсона «будзе мець адчувальныя наступствы для грамадскай свядомасці», таму Украіна «напэўна будзе гэта выкарыстоўваць». У тым выпадку, калі Расія не зможа заняць буйныя населеныя пункты і рушыць наперад падчас зімовага наступу, то «чарада ваенных няўдач будзе назапашваць нашмат больш сур’ёзную ўнутраную незадаволенасць, чым санкцыі».
«З ваеннага пункту гледжання гэта самая сур’ёзная чыста ваенная параза РФ з 1991 года. У нашым выпадку гэта ўжо 3-я сур’ёзная ваенная параза пасля Балаклеі і Чырвонага Лімана», — лічыць Рожын.
Ён таксама мяркуе, што на якія-кольвек наступальныя дзеянні расійскай арміі ў напрамку Адэсы і Мікалаева ў агляднай перспектыве можна на дадзеным этапе забыцца.
«Увогуле, змрочны дзень. Яго трэба будзе перажыць. Рубец на сэрцы застанецца», — падсумаваў ён.
«Мусіць быць у самай таемнай тэчцы херсонскі пераможны план»
Пісьменнік і адэпт «рускага свету» Захар Прылепін лічыць, што важна не тое, як на здачу Херсона паглядзяць жывыя, яго хвалюе, «якімі вачыма паглядзяць мёртвыя».
«Пытанне ў тым, што мы збіраемся рабіць далей. Жывыя, паўтараем, перажывуць. Для іх арганізуюць правільную падачу. Хвалюе, як на нас у выніку паглядзяць мёртвыя, якімі вачыма. Мусіць быць у самай таемнай тэчцы херсонскі пераможны план. Які прадугледжвае не толькі цяжкія рашэнні на пэўным этапе, але і наступны выхад з гэтага піке. Мусіць быць», — упэўнены ён.
А што па расійскіх каналах?
Вядоўцы федэральных расійскіх тэлеканалаў не патлумачылі гледачам, якое рашэнне было прынятае па выніках нарады з удзелам камандуючага «спецаперацыяй» Сяргея Суравікіна і міністра абароны Сяргея Шайгу. Перад паказам распаўсюджанага Мінабароны відэа журналісты выкарыстоўвалі памежна абстрактныя фармулёўкі «перагрупоўка», «манеўры» і «даклад», піша «Агентство».
Выданне адзначае, што гэта не першы выпадак, калі расійская прапаганда падмяняе паняцці, расказваючы пра адступленне расійскай арміі. Каментуючы адвод войскаў у Харкаўскай вобласці ў пачатку верасня, Мінабароны Расіі называла тое, што адбылося, «перагрупоўкай».
Абяцаны беларускі бонус
Мы таксама абяцалі расказаць, як адрэагавалі на здачу Херсона ў Беларусі. Дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА не згадала пра рашэнне кіраўніцтва расійскай арміі. Не згадалі пра гэта таксама ў эфіры тэлеканалаў СТБ, АНТ і «Беларусь 1». На сайтах тэлеканалаў пра гэта таксама не паведамляецца. Праўда, на АНТ ёсць кароткая нататка пра тое, што генеральны сакратар NATO заявіў, што Альянс чакае інфармацыі пра развіццё сітуацыі па Херсоне, але тэлеканал не патлумачыў, што за абстаноўка там склалася.
Аднак у эфіры на «Радыё-Мінск» (92.4 FM) і на YouTube-канале «Мінск-Навіны» дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч, каментуючы адвод расійскай арміі з Херсона, заявіў, што гаворка ідзе не пра вайну, а пра «спецыяльную ваенную аперацыю», не пра здачу Херсона, а пра «перагрупоўку войскаў».
«Цяпер прапагандысцкія каналы з боку Захаду будуць крычаць пра слабасць расійскай арміі, што ідзе наступ УСУ, зараз ледзь не да Масквы дойдуць, але трэба рэальна глядзець на рэчы, — лічыць ён. — Расія ніколі не прайграе — гэта немагчыма, гэта казкі».
Нагадаем, вечарам 9 лістапада міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу на прапанову камандуючага аб’яднанай групоўкай войскаў ва Украіне Сяргея Суравікіна аддаў загад адвесці войскі з Херсона на левы бераг Дняпра.