Днямі амерыканскі навуковец-медык кітайскага паходжання Эрык Лян Фэйгл-Дынг размясціў у сябе ў твітары серыю публікацый, у якіх прадказаў катастрафічнае распаўсюджванне каранавіруса пасля нядаўняга паслаблення абмежавальных мераў па кантролі COVID-19 у КНР. Гэта, на думку навукоўца, прывядзе да заражэння «больш чым 60% насельніцтва Кітая і больш чым 10% насельніцтва планеты» і да смерці мільёнаў людзей. Асаблівую вастрыню паведамленню надае той факт, што менавіта Фэйгл-Дынг у студзені 2020 года, калі Сусветная арганізацыя аховы здароўя адмовілася абвяшчаць сітуацыю з каранавірусам надзвычайнай, пачаў біць ва ўсе званы і прадказаў узнікненне «тэрмаядзернай пандэміі» COVID-19. Тое прадказанне Фэйгл-Дынга збылося (за 3 гады каранавірусам заразіліся больш чым 650 мільёнаў чалавек, з іх больш чым 6,6 млн памерлі). Што доктар Фэйгл-Дынг прадказвае гэтым разам?
Хто такі Эрык Фэйгл-Дынг і чаму да яго варта прыслухацца
Эрык Фэйгл-Дынг нарадзіўся ў Шанхаі (Кітай) у сакавіку 1983 года. Яго сям’я эмігравала ў ЗША, калі будучаму навукоўцу было пяць гадоў. Эрык вырас у Паўднёвай Дакоце і Пенсільваніі, скончыў з адзнакай бакалаўрыят Універсітэта Джона Хопкінса ў Мэрылэндзе па спецыялізацыі «грамадская ахова здароўя», затым у Гарвардскім універсітэце (штат Масачусэтс) атрымаў двайную доктарскую ступень у галіне эпідэміялогіі і яшчэ адну — у галіне харчавання. Больш за 150 яго навуковых публікацый у галінах эпідэміялогіі, эканомікі аховы здароўя і здаровага харчавання цытаваліся ў іншых навуковых працах каля 114 тысяч разоў — дзякуючы гэтаму ў 2018 годзе Фэйгл-Дынг увайшоў у лік 1% найлепшых навукоўцаў свету і стаў адным з 186 самых цытаваных навукоўцаў Гарварда.
У Эрыка Фэйгл-Дынга засталіся сваякі ў Шанхаі. У студзені 2020 года яны падзяліліся з доктарам наяўнай у іх інфармацыяй пра распаўсюджанні смяротнай інфекцыі ва Ухані, і навуковец вырашыў, што трэба дзейнічаць. Ён меў зусім няшмат падпісчыкаў у твітары і разумеў, што пост, напісаны нуднай навуковай мовай, наўрад ці зможа прыцягнуць увагу грамадскасці. Таму яго рэзанансны пост у сацсетцы ад 20 студзеня 2020 года пачынаўся словамі HOLY MOTHER OF GOD («СВЯТАЯ МАЦІ БОЖАЯ»), утрымліваў гіпербалізаваны эпітэт «тэрмаядзерная» ў дачыненні да будучай пандэміі і спасылку на працу іншага навукоўца, якая згушчала фарбы што да ўзроўню заразнасці новага віруса.
Артыкул, на які тады спаслаўся Фэйгл-Дынг, не праходзіў рэцэнзаванне, праз што навуковец пазней выдаліў свой твіт. У сувязі з гэтым да таго, як каранавірусная інфекцыя распаўсюдзілася па свеце, доктар зазнаў рэзкую крытыку за «панікёрства». Але ўжо ў канцы сакавіка многія скептыкі прызналі, што не мелі рацыі, і пагадзіліся, што ў студзені трэба было біць трывогу. Фэйгл-Дынг са свайго боку заяўляў, што шкадуе пра некаторыя памылкі, зробленыя ў публікацыі, але не шкадуе пра асноўны яе змест, які дапамог прыцягнуць увагу грамадскасці да блізкай пандэміі.
З пачатку 2020 года колькасць падпісчыкаў доктара Фэйгл-Дынга ў твітары, дзе ён рэгулярна паведамляе пра навіны, звязаныя з каранавіруснай інфекцыяй і робіць прагнозы пра яе, вырасла з 2 тысяч да 768 тысяч чалавек.
Снежаньскі прагноз доктара Фэйгл-Дынга
Трэд Фейгл-Дынга, які пачаўся 19 снежня, складаецца цяпер з трыццаці пунктаў. «Каранёвы» твіт уключае рэпост відэа, размешчанага ў той жа дзень у твітары кітайскай праваабаронцай Джэніфер Цзэн. Кадры роліка паказваюць перапоўненую палату з падлучанымі да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх пацыентамі азіяцкай знешнасці — у асноўным пажылымі. Паводле сцверджання праваабаронцы, гэта бальніца ў Кітаі.
Сама Джэніфер суправадзіла відэа каментаром з апісаннем новай палітыкі Камуністычнай партыі Кітая (КПК) што да COVID-19 (як яна яе разумее): хай заражаецца той, каму наканавана заразіцца, і хай памірае той, каму наканавана памерці. Такі падыход («ранняе заражэнне — ранняя смерць — ранні пік эпідэміі — ранняе аднаўленне прамысловай вытворчасці пасля яго праходжання») мусіць дазволіць Кітаю, на думку Джэніфер, выканаць амбіцыйны план па забяспечанні росту ВУП у 2023 годзе на 8%.
Каментар Фэйгл-Дынга да гэтага відэа досыць эмацыйны. У ім навуковец зноў выкарыстоўвае метафару са студзеня 2020 года пра «тэрмаядзерны» характар эпідэміі і сцвярджае, што, на думку эпідэміёлагаў, цягам наступных 90 дзён каранавіруснай інфекцыяй, імаверна, заразяцца больш чым 60% жыхароў Кітая і больш чым 10% усяго насельніцтва планеты. Абедзве ацэнкі даюць лічбу каля 800 млн чалавек — падобна, тут Фэйгл-Дынг мае на ўвазе адных і тых жа людзей — то-бок 800 млн кітайцаў, якія адначасова складаюць дзясятую частку насельніцтва Зямлі. Выходзіць, што Фэйгл-Дынг папярэджвае пра праблему, з якой сутыкнецца ў першую чаргу сам Кітай.
Серыя публікацый доктара працягваецца цытатай з твітаў Джэніфер Цзэн пра метады КПК па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй і відэа, на якім відаць каля дзясятка чалавечых целаў, прыкрытых прасцінамі, а таксама адна труна. Подпіс падказвае, што відэа зробленае ў адной з медустановаў на паўночным усходзе Кітая, і на ім — целы людзей, памерлых там за адну ноч.
Далей Фэйгл-Дынг гаворыць пра тое, што час падваення колькасці заражаных каранавірусам людзей у Кітаі цяпер вымяраецца не днямі, а гадзінамі, і пацвярджае свае словы спасылкай на артыкул, які аперуе ў сваю чаргу меркаваннем кітайскіх чыноўнікаў. Ён адзначае, што афіцыйныя звесткі пра смяротнасць у Кітаі відавочна заніжаныя, і пра яе рэальны ўзровень можна толькі здагадвацца — напрыклад, ацэньваючы маштаб выбуховага павелічэння попыту на пахавальныя паслугі ў Пекіне. Крэматорыі ў кітайскай сталіцы працуюць безупынку, моргі перапоўненыя, тысяч целаў чакаюць крэмацыі. Ніжэй Фэйгл-Дынг прыводзіць прыклад найбуйнейшага ў Пекіне пахавальнага бюро «Бабаашань», у крэматорыях якога целы «чакаюць» сваёй чаргі на спаленне па 20 дзён.
Яшчэ адзін спосаб, які дазваляе ўскосна ацаніць маштаб пандэміі ў Кітаі, — ацэнка попыту на лекі. Фэйгл-Дынг ілюструе гэты тэзіс відэаролікам з кітайцамі, якія стаяць у чарзе да фармацэўтычнага завода ў горадзе Чжухай, каб купіць ібупрафен, бо ў іншых месцах ён ужо цалкам распрададзены. Навуковец папярэджвае, што з наступствамі росту кітайскага попыту на гарачкапаніжальныя і антыбіётыкі сутыкнецца і астатні свет — калі Кітай вырашыць, што задавальненне ўнутраных патрэбаў важнейшае за экспарт. Таксама доктар кажа, што наступствы выбуховага росту захворвання на COVID-19 у Кітаі могуць ударыць па астатнім свеце праз эканоміку — і наступствы гэтага ўдару будуць жудаснымі.
Фэйгл-Дынг лічыць праўдападобнымі мадэлі навукоўцаў, згодна з якімі найбліжэйшым часам пасля адмены абмежавальных мераў у Кітаі загіне 1−2 мільёны чалавек (у той час як ва ўсім свеце за тры гады ад яго памерла каля 6,6 мільёна чалавек). Пры гэтым доктар мяркуе, што колькасць ахвяраў у яго роднай краіне можа быць яшчэ большай, калі ўрад не прыме эфектыўных мераў супраць распаўсюджвання віруса. Адной з такіх мераў Фэйгл-Дынг называе паўторнае закрыццё школ і перавод дзяцей на дыстанцыйнае навучанне — гэтыя крокі ўжо зрабілі Шанхай і многія іншыя кітайскія гарады.
Навуковец задаецца пытаннем: чаму Кітай не абараніла ў поўнай меры масавая вакцынацыя — і прыходзіць да высновы, што мясцовыя вакцыны недастаткова эфектыўныя для пажылых людзей. Акрамя таго, Фэйгл-Дынг лічыць кітайскія вакцыны CoronaVac (ад SinoVac) і Sinopharm «слабейшымі», чым іх заходнія аналагі, і звяртае ўвагу на тое, што нават найноўшыя трохвалентныя вакцыны недастаткова эфектыўныя супраць апошніх разнавіднасцяў штама «амікрон». А Кітай пакуль не выкарыстоўвае нават двухвалентныя вакцыны.
Трэд Фэйгл-Дынга змяшчае не толькі крытыку ў адрас кітайскіх уладаў. Акрамя згаданага вышэй вопыту па пераводзе школ на дыстанцыйнае навучанне навуковец станоўча выказваецца наконт новай аэразольнай, або інгаляцыйнай, вакцыны (назальнага спрэю), нядаўна ўхваленай у Кітаі. Яна выклікае мацнейшы імунны адказ, чым вакцыны, якія ўводзяцца ўнутрымышачна — узровень антыцелаў пры яе выкарыстанні, паводле папярэдніх звестак, шматкроць вышэйшы (у 5,6−14,1 разу) пры ніжэйшай дозе.
Фэйгл-Дынг заклікае інвеставаць у даследаванні бустарных інгаляцыйных вакцын, якія ўводзяцца праз слізістую абалонку, і ў ЗША, бо лічыць, што яны могуць стаць ключавым фактарам для перамогі над пандэміяй каранавіруса. Тут ён крытыкуе ўжо Злучаныя Штаты, сцвярджаючы, што ў ЗША распрацаваныя свае інгаляцыйныя вакцыны (Вашынгтонскім і Ельскім універсітэтамі), але фінансавання на іх выпрабаванні няма.
Рэзюмуючы ўсё вышэйсказанае, Фэйгл-Дынг заклікае прыслухацца да яго меркавання, якое гучыць так: «COVID яшчэ не скончыўся».
Апошні, 30-ы, пункт у серыі публікацый апублікаваны 21 снежня. У ім навуковец дае спасылку на свежы рэпартаж CNN з Кітая, у якім прыводзяцца словы галоўнага эпідэміёлага КНР, які сцвярджае, што «найгоршае яшчэ наперадзе». Кітайскія ўлады чакаюць, што агулам будзе тры вялікія хвалі захворвання на каранавірусную інфекцыю, і цяпер краіна змагаецца толькі з наступствамі першай. Другая чакаецца ў канцы студзеня 2023 года.
Што «кітайскі» прагноз навукоўца значыць для астатняга свету
Расказваючы сваёй аўдыторыі пра велізарны ўсплёск захворвання на COVID-19 у Кітаі, амерыканскі навуковец акцэнтуе ўвагу на тым, што да яго прывяла палітыка «нулявой цярпімасці» да інфекцыі і раптоўная рэзкая адмова ад яе. Выключныя як на заходнія краіны меры, якія ўключалі шматмесячныя лакдаўны з забаронай на выхад з кватэраў, забарыкадаваныя жылыя дамы і ўсыпленне хатніх жывёлаў тых асобаў, у якіх знаходзілі вірус, абгрунтоўваліся смяротнай небяспекай каранавірус. Адначасова яны ставіліся ў заслугу кітайскай дзяржаве, якая, у адрозненне ад тых жа ЗША, клапоціцца пра сваіх грамадзян і іх бяспеку.
Спрабуючы даказаць перавагу ўласнай сістэмы барацьбы з пандэміяй над мерамі, якія прымаліся ў астатнім свеце, Кітай загнаў сябе ў тупік. Жорсткія абмежаванні дазволілі спыніць цыркуляцыю віруса, але нанеслі ўдар па эканоміцы і прывялі да росту пратэсных настрояў у грамадстве.
На гэтыя праблемы дзяржава адрэагавала, кінуўшыся з адной крайнасці ў іншую. Замест лагічнай паэтапнай адмены абмежаванняў, якая суправаджаецца вакцынацыяй людзей з групаў рызыкі новымі прэпаратамі, Кітай проста адным махам адмяніў большую частку каранавірусных абмежаванняў. Снежаньскія публікацыі Фэйгл-Дынга апавядаюць пра наступствы гэтага кроку для Кітая і кажуць, што ў найбліжэйшай будучыні велізарная краіна, імаверна, сутыкнецца з тым, праз што астатні свет, уключаючы Беларусь, ужо прайшоў у 2020−2021 гадах. Хутчэй за ўсё, усплёск захворвання на COVID-19 у Кітаі не выйдзе за яго межы, бо ў астатнім свеце людзі масава прышчапляліся вакцынамі ад новых штамаў віруса і хварэлі на іх.
Пры гэтым у сілу памераў Кітая і яго эканамічнага значэння для свету гэта навала напэўна апасродкавана ўдарыць і па іншых краінах. Самым відавочным уразлівым месцам выглядае рынак лекавых прэпаратаў. Калі гіганцкая фармацэўтычная прамысловасць Кітая (сукупны аперацыйны даход у 2021 годзе — 502 млрд даляраў) пераарыентуецца на першачарговае задавальненне ўнутранага попыту, астатні свет можа сутыкнуцца з дэфіцытам лекаў і ростам цэн на іх.
Добрая навіна з трэда Фэйгл-Дынга — гэта яго высокія чаканні ад новых інгаляцыйных вакцын, як ухваленых у Кітаі, так і тых, што чакаюць даследаванняў у ЗША. Іх эфектыўнасць, зручнасць і лёгкасць выкарыстання цалкам могуць дапамагчы чалавецтву справіцца з гэтай пандэміяй.
Чытайце таксама


