Каб запісаць гэтае інтэрв'ю, спатрэбіўся месяц. Амаль увесь вольны час 32-гадовай украінскай журналісткі Вікторыі Хамазы ідзе на зборы і паездкі ў гарачыя месцы — купіць і змясціць у машыну ўсё, што трэба вайскоўцам на фронце. Абодва разы, калі нам удалося стэлефанавацца, Віка была ў дарозе на пазіцыі да байцоў. Разам са сваім сябрам яна даязджае да месцаў, куды многія іншыя валанцёры дабрацца не могуць. Дзякуючы данатам украінцаў і камандзе хлопцы і дзяўчаты дастаюць для салдат і медбатальёнаў усё: ад формы і цеплавізараў да рэанімабіляў. За дапамогу вайскоўцам ва ўкраінкі нават ёсць нагрудны знак ад галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага. Увесь час, што ідуць баі за Бахмут, Віка ездзіць і туды. У яе маналогу «Люстэрку» — як адны абаронцы і жыхары там гінуць, а іншыя спрабуюць выжыць, выстаяць перад атакамі расіян і не пусціць іх у горад.
«Бахмут быў неймаверна прыгожым горадам. Быў такі жывы-жывы!»
У Бахмут мы пачалі ездзіць з канца красавіка 2022 года. Гэта для нас быў такі перавалачны пункт: тады там яшчэ не пачалося абвастрэнне і працаваў шпіталь, быў такі пункт канцэнтрацыі, прывозілі параненых з лініі фронту, з таго ж Лісічанска. Тады яшчэ ў Бахмут мы эвакуявалі людзей [з іншых прыфрантавых гарадоў], а адтуль ужо забіралі параненых і ехалі далей. Калі пайшлі жорсткія баі і вораг пачаў падступаць, мы сталі больш інтэнсіўна ездзіць у гэтым кірунку.
Да баёў Бахмут быў вельмі прыгожым горадам. Неймаверна прыгожым. Я жыву ў Чаркасах, гэта цэнтр Украіны, і ў нас быццам бы вельмі дагледжаны горад. Але калі я ўпершыню прыехала ў Бахмут, памятаю, было вельмі шмат кветак, прыгожая архітэктура, так утульна. Ён быў жывы-жывы! Вакол — алеі, людзі. Памятаю, ужо калі сітуацыя абвастрылася і туды таксама прылятала, падчас паветранай трывогі на галоўнай іх алеі, дзе самалёт, камунальнікі апрацоўвалі ружы. Людзі трымаліся да апошняга, падтрымлівалі гэтую ўтульнасць.
Апошнія месяцы Бахмут — напэўна, асноўны пункт нашых паездак. Цяпер мы завозім байцам усё: медыцыну і прадукты, амуніцыю, цеплавізары, бронекамізэлькі, каскі, абутак і форму — дзе які гарачы запыт, за тое і бяромся. Хоць пачыналі проста з ежы і нейкіх пасылак ад родных, потым прывозілі нешта толькі паводле патрэбаў хлопцаў. З часам пачалі выходзіць на сувязь з камандзірамі і браць большыя заказы. Людзі нам давяраюць — бачаць, што мы ўсё перадаем з рук у рукі. Аўдыторыя павялічылася, і мы пачалі рабіць зборы, браць вялікія заказы. Цяпер купляем беспілотнікі, рэанімабілі, перадалі некалькі джыпаў-пікапаў, а такія грунтоўныя запыты з фронту ідуць кожны тыдзень.
«Тата, мама, сын і дачка паміралі пад заваламі. Іх не дасталі дагэтуль»
Цяпер Бахмут не сціхае ні днём, ні ноччу. Калі ехаць у цёмны час сутак, над горадам — зарыва. Ведаеце, як узыход сонца, толькі без сонца. Гэта нейкі Мордар. Горад гаворыць стральбой. Пастаянна: выхад — прылёт, выхад — прылёт. І ты чуеш, як нешта бурыцца, бурыцца, бурыцца.
Ён прастрэльваецца з усіх бакоў. Яго знішчаюць, проста знішчаюць. «Грады», артылерыя, «касеты», мінамёты працуюць, СПГ, АГС (савецкі супрацьтанкавы і аўтаматычны гранатамёты. — Заўв. рэд.). Па ўскраінах танкі страляюць, там, дзе электрастанцыя (менш чым за 10 км ад Бахмута, на паўднёвым усходзе, у раёне вёскі Вясёлая Даліна, знаходзіцца электрападстанцыя «Данбаская». — Заўв. рэд.), проста скідвалі бомбы, авіяцыя моцна працавала. Максімальна ўсё разнеслі.
У мяне там быў дзядзька — іх бамбілі пастаянна. Ён казаў: «Ты бяжыш, а за табой усё разносіцца». З іх вялікага падраздзялення выжыла, можа, жменька. І так у Бахмуце 24/7. Там не бывае ціха, каб горад мог выдыхнуць хаця б на гадзіну.
Калі ты у Бахмуце, ты пад абстрэламі ўвесь час. Перасоўвацца — небяспечна. У горад заходзяць варожыя снайперы. Аднойчы яны заціснулі некалькіх нашых байцоў у нейкім падвале, а астатнія прыбеглі да нас у сховішча перачакаць, каб зняць снайпера і хлопцы маглі выйсці. Яшчэ памятаю, неяк ноччу ішлі вулічныя баі — заходзілі дыверсійныя групы, нашыя хлопцы іх абясшкоджвалі. Я не магла заснуць: чуеш нейкія перастрэлкі, потым хтосьці крычыць або стогне, потым прылёт, нейкі будынак бурыцца… Ведаеце, такі кантраст: ты спрабуеш спаць, а дзесьці блізка хтосьці змагаецца за сваё жыццё. Ці страчвае яго.
Цяпер у горадзе няма ўжо, можа, ніводнага ацалелага будынка. Кожны раз прыязджаем, і нешта мяняецца. Напрыклад, будынак, дзе мы ў падвале начавалі, шторазу ўсё меншы і меншы: то кавалачка сцяны няма, то нейкага паверха. Неяк прыляцела, калі мы былі там у хованцы. Быў такі моцны выбух, што заваліла два паверхі, зверху ўтварылася вялізная дзірка. У падвале ў нас таксама нешта трохі пасыпалася.
Калі прылятае, гэта так хутка адбываецца, што не паспяваеш спалохацца. Такі глухі гук, а потым проста шмат пылу, і ты спрабуеш пачуць дзе хто. Адразу пераклічка: усе жывыя, усё нармальна? Нас крыху падмяла, але некрытычна абсалютна — мы ўсе ацалелі. А вось нашыя хлопцы выходзілі тады ў двор, і аднаму асколкам адарвала кавалак галёнкі, іншаму выбіла вока.
Што наогул адбылося, мы ў той дзень усвядомілі, калі ўжо выехалі з горада. Тады з’явілася такое трывожнае адчуванне, што яшчэ ледзь-ледзь, яшчэ адзін паверх — і нас бы магло не быць. Але самае страшнае не тое, што цябе можа забіць. Страшней, калі засыпле, і цябе ніхто не дастане адтуль. Так у адным доме засыпала цэлую сям’ю, а ратавальнікаў туды проста не пускалі: іх жорстка абстрэльвалі, ды і засталося іх у Бахмуце мала, патрэбная была спецыяльная тэхніка. І тата, мама, сын і дачка ляжалі там пад заваламі і паміралі. Іх не дасталі дагэтуль.
«У паўмятровай зямлянцы, можна сказаць — магіле, снайпера пратрымалі тры тыдні. Малады хлопец проста звар’яцеў»
Вайскоўцы ў самім Бахмуце жывуць у асноўным у падвалах (калі яны не заваленыя, вядома). Падвалы бываюць розныя. У больш-менш абжытых або з адносным рамонтам яшчэ нармальна. Хлопцы там ставілі ноччу буржуйкі, таму што вельмі холадна, але з імі цяжка спаць: дым разыходзіцца па ўсім падвале, рэжа вочы, да раніцы ты дыхаеш толькі ім. Ад гэтага ўсе страшна кашляюць. Але ў некаторых падвалах наогул стаяла вада. Байцы кідалі на падлогу дываны з людскіх кватэр, клалі на іх турыстычныя дыванкі, спальнікі і спалі ў такіх умовах. Вакол вільготнасць, грыбок, нічога не паспявае прасохнуць — многія зарабілі сабе запаленне лёгкіх ці сухоты.
А ў акопах, асабліва на лініі судакранання, наогул страшная сітуацыя. Калі былі дажджы, хлопцы стаялі па калена, па пояс у вадзе — некаторыя акопы настолькі затапіла. У маразы там, дзе зусім гарачыя пазіцыі, яны нават не могуць маленькія буржуечкі запаліць, каб пагрэцца або чаю запарыць, разагрэць ежу, бо ідзе дым — і іх адразу крыюць, крыюць і крыюць.
Таму там працуюць з абмарожанымі пальцамі, рукамі, нагамі. Літаральна днямі да нас у Чаркасы прывезлі хлопца з-пад Салядара, там была такая ж страшная сітуацыя (25 студзеня Украіна пацвердзіла вывад сваіх войскаў з гэтага горада. — Заўв. рэд.). Іх пазіцыю накрылі, адзенне на іх абгарэла, абутку не было наогул, і яны ішлі два ці тры кіламетры басанож, пакуль не дабраліся да нейкай хаты і не знайшлі там нейкія шлёпкі гумовыя. Ногі ў іх былі цалкам чорныя, але на іх, на адрэналіне, яны яшчэ неяк дайшлі да сваіх пазіцый, а там іх ужо накіравалі ў медбат (медыцынскі батальён. — Заўв. рэд.) і перадалі далей. Але іх ногі былі настолькі адмарожаныя, што ратаваць ужо не было чаго.
Такія хлопцы у Бахмуце робяць нерэальныя рэчы. Яны трымаюцца толькі на магутных маральна-валявых якасцях. Там рэальна засталіся людзі са стрыжнем, якія трымаюцца выключна на волі да перамогі, волі ўтрымаць кожны сантыметр сваёй зямлі. Ёсць байцы, адрэзаныя ад сваіх пазіцый. Яны тыднямі могуць дзесьці там у акопах сядзець. Хтосьці згубіў каску і стаіць без яе, бо падвезці новую не могуць. Сухпайкі з’елі, батончыкі — таксама, у кагосьці няма нават вады — хлопцы ядуць і п’юць адталы снег. Гэта, па сутнасці, брудная вада, фільтраў хапае не на ўсіх, але людзям жа хочацца піць! Хаця б так ратуюцца, трымаюцца тыднямі. Праз гэтага ў Бахмуце ў байцоў вельмі шмат кішачных запаленняў, разладаў. Але хлопцы да апошняга, пакуль не паступіць загад, пазіцый не пакідаюць.

Месяц таму мы прыехалі ў батальён шэйха Мансура (чачэнскі добраахвотніцкі батальён, які ваюе за Украіну. — Заўв. рэд.), і яны расказвалі, як вызвалілі нашага снайпера. Ён прыкрываў сваіх байцоў, каб тыя змаглі адысці, і яго вораг заціснуў. Ён застаўся адзін у паўметровай зямлянцы. Толькі падымае галаву — па ім адразу страляюць. Так яго пратрымалі ў гэтай, можна сказаць, магіле тры тыдні, пакуль гэты батальён не прайшоў і не дапамог яму. Ён хадзіў пад сябе, ляжаў увесь гэты час у сваіх спаражненнях. З ежы ў яго былі нейкія батончыкі, сухпаёк — тое, што накідаў сабе ў падсумак, калі ішоў на пазіцыю. Піў тое, што заставалася з вады, а потым збіраў кроплі, калі ішлі дажджы. Так выжываў. Малады хлопец, талковы снайпер. За тры тыдні ён проста звар’яцеў. Яго не «затрохсоцілі «(не паранілі. — Заўв. рэд.), у яго няма моцных фізічных раненняў, але гэтым стрэсам чалавек псіхалагічна зламаны. Паехаў на рэабілітацыю.
І ў такіх умовах хлопцы ваююць! Пры гэтым на гарачых напрамках сітуацыя з узбраеннем цяжкая. Часам зброя ёсць, а дастатковай колькасці патронаў, ракет да яе няма. Таму даводзіцца яшчэ і эканоміць на снарадах. Байцы расказвалі, што, бывала, за дзень іх крыюць амаль кожныя дзесяць хвілін. А ў іх — усяго восем стрэлаў з чагосьці буйнакалібернага ў адказ.
«Часам хлопцаў расстрэльваюць, і ад іх нават сабраць няма чаго. Бывае — проста валяецца галава ў касцы»
Цяпер Бахмут пахне барацьбой. Заязджаеш у моцна разбураныя раёны — і там проста трупны пах. Такі страшны, яго ні з чым не пераблытаеш. На ўскраінах ёсць месцы, дзе раней былі сметнікі. Там яшчэ пасля летніх баёў засталося шмат забітых. Ведаеце, кучы «двухсотых», трупамі ўсё проста накрытае! Звычайна казалі, што гэта варожыя целы, але калі на ўскраінах праходзілі ўжо і больш жорсткія баі, там проста ўсё перамяшалася, таму могуць ляжаць і нашыя. Самы страшны пах там, дзе завалы, таму што там яшчэ і смецце. Наогул, у Бахмуце на ўзбочынах — кучы смецця, выкідваць яго няма куды, і калі ўсё змешваецца з чалавечымі целамі, якія раскладаюцца, стаіць страшны смурод.
Цяпер зіма, усё замерзла, а вось толькі пачне раставаць — будзе экалагічная катастрофа. Ужо цяпер, як цяплее, целы раскладаюцца, усе гэтыя рэшткі ідуць у зямлю. Таму на ўскраінах у людзей у прыватным сектары ў калодзежах вада ўжо непрыдатная для піцця.
Але трупы валяюцца і сярод палёў, і на пазіцыях. Як расказваюць хлопцы, калі ідзе бой — гэта вельмі страшная карціна: «Мы адных паклалі — наступныя ідуць». Расіяне наступаюць некалькі раз на дзень, адны за аднымі. Нашыя ў іх страляюць — тыя ідуць пад кулі, падаюць. За імі ідуць новыя расійскія вайскоўцы — проста па гэтых трупах далей! Зноў пад кулі! Там такія атрымліваюцца, ведаеце, трупавыя палосы (падобныя падзеі апісвалі ўкраінскія вайскоўцы, іх гісторыі тут і тут. — Заўв. рэд.).
Рускія наогул не забіраюць сваіх параненых і «двухсотых». Нават калі яны ўжо адбілі пазіцыю, усё роўна не вывозяць іх. Скідваюць у кучу або пакідаюць проста так. А целы там бываюць і разарваныя. Калі працавала тэхніка буйнога калібру — ляжаць рэшткі без вантробаў, ногі, рукі, галовы адарваныя. Бывае — проста валяецца галава ў касцы.
Але і сярод нашых вайскоўцаў таксама ёсць зніклыя без вестак, таму што ў баі часам хлопцаў расстрэльваюць, і ад іх абсалютна нічога не застаецца, нават сабраць няма чаго — усё проста разлятаецца. Яшчэ ёсць месцы — і не нашыя, і не рускіх, але яны прастрэльваюцца, ніхто туды не заходзіць. Пазіцыя настолькі цяжкая, што цела вельмі складана забраць. Напрыклад, у Забахмутцы (мікрараён Бахмута, знаходзіцца на ўсходняй ускраіне, частка тэрыторыі — пад кантролем РФ. — Заўв. рэд.) ужо не забярэш — там рускія прасунуліся, падышлі ўпрытык.
Але нашыя байцы і вываз «двухсотых» — гэта нешта неймавернае! Яны прымотваюць хлопцаў да капота, прывязваюць да сябе і так выносяць, па адным перацягваюць. Што заўгодна прыдумляюць, каб забраць сваіх з поля бою. Часам гінуць самі. У мяне брат ваюе, у іх вельмі класны медык у брыгадзе — ён заўсёды вяртаўся па загінулых. А гэта вялікая рэдкасць для медыкаў, бо ратуюць заўсёды ў першую чаргу параненых. У яго шасцёра дзяцей, ён такі вельмі самаадданы, матываваны. І літаральна нядаўна ён вывез «трохсотых», вярнуўся з целамі, пайшоў па апошняе — і яго зняў снайпер. Так ювелірна, у галаву. Проста пад каску.
Або вось пару месяцаў таму нашыя дамовіліся з ворагам забраць цела, Расія дала зялёны калідор, усё ўзгаднілі на ўзроўні кіраўніцтва. Дзесяць нашых байцоў пайшлі забіраць сваіх, а расіяне іх проста расстралялі каля тых трупаў.
Асобныя гісторыі нашых загінулых вайскоўцаў западаюць у душу. Памятаю, мы прыехалі ў адну брыгаду, а там усе хлопцы — як на падбор: маладыя, гадоў да 30, станістыя. Быў красавік. Мы стаялі з камандзірам і яшчэ адным хлопчыкам, яго памочнікам. І гэты хлопчык — у яго былі такія вялікія блакітныя вочы — усё распытваў: «Што там у Чаркасах, што там на грамадзянцы — дрэвы заквітнелі, дзяўчаты спадніцы надзелі?» Мы нешта расказвалі — яны смяяліся, жартавалі. Ім так гэтага цывільнага жыцця не хапала…
І з іншага боку, ад іх так ішло жыццё! Праз нейкі час мы ездзілі па пазіцыях і везлі ім нешта для палётаў, што яны заказвалі. Яшчэ не даехалі да іх пункту — нам тэлефануюць: ужо няма ні камандзіра, ні гэтага хлопца. Мы не паспелі зусім крыху.

Вельмі часта хлопцы прывозяць параненых да медыкаў — хтосьці ўжо памірае. З байца здымаюць форму, а за бронікам — дзіцячы ліст у файліку. Так бывае вельмі часта. Пры тым, што ў многіх яшчэ няма сваіх дзяцей. У такіх гэта проста ліст якога-небудзь школьніка. Была гісторыя, калі вайсковец загінуў, а ў яго такі ліст за бронікам ляжаў яшчэ з 2014-га — увесь гэты час ён яго каля сэрца насіў.
Усё гэта вельмі балюча, таму што ведаеш, што дзесьці там сям’я, у якой бурыцца свет. Калі бачыш форму, залатаную ўручную, разумееш, што шыла мама, ці жонка, ці сястра. Гэта з такой пяшчотай рабілася, а чалавека ўжо няма. І блізкія могуць нават не ведаць пра гэта.
Яшчэ адна праблема — з лета дыверсійныя групы пачалі пераапранацца ў форму УСУ. Бывала, проста тармазілі на краі дарогі, рабілі выгляд, што хтосьці паранены, і забівалі нашых вайскоўцаў, забіралі машыны. Нядаўна ў Курдзюмаўцы (пасёлак гарадскога тыпу за 16 кіламетраў ад Бахмута. — Заўв. рэд.) была гісторыя: вораг пераапрануўся ў нашую форму, дзесьці яны ўзялі паролі — і іх прапусцілі на блокпасце, падумалі, што свае. А яны заехалі на адну з пазіцый ноччу і расстралялі ўсіх, хто там быў. Ну і гэта ж таксама ўскладняе ідэнтыфікацыю загінулых — дзе вораг, а дзе наш. Часам хлопцы забіраюць «двухсотых», там жэтон і форма нашага вайскоўца, а цела — расіяніна.
«Не паспяваеш аднаго агледзець — яшчэ траіх прывезлі. Часам за дзень 70 параненых, а бывае — наогул паўтысячы»
У ворага праз пастаянныя атакі стратаў, у цэлым, можа быць разы ў тры больш — яны пруць колькасцю. Але і ў нас, як толькі рускія наступаюць, павялічваюцца страты. Сітуацыя мяняецца кожны дзень. Літаральна ў пачатку лютага вораг пачаў актыўна прасоўвацца, і, вядома, загінулых стала нашмат больш.
Нашыя медыкі ў Бахмуце інтэнсіўнасць баёў апісвалі па паступленні параненых: часам за дзень 70 чалавек, і нават тады дактары зашываліся, бо не паспяваеш агледзець аднаго — яшчэ траіх прывезлі. Такі канвеер. А бывае, за дзень — наогул паўтысячы. На тую ж групу дактароў. Усіх трэба аформіць, усім трэба аказаць дапамогу. Калі яны зусім перагружаныя, кажуць нам, што рабіць, а мы дапамагаем, хоць медадукацыі ў нас няма — толькі курс па тактычнай медыцыне. Уколы рабіць, ставіць кропельніцы, швы накладаць на галаву — усё гэта я ўжо рабіла.
Дактары там — наогул супергероі, робяць неверагодныя рэчы! Ім прывозілі цяжкіх байцоў, без канечнасцяў, а яны іх збіралі, стабілізавалі і перадавалі далей на эвакуацыю. Калі ў горадзе яшчэ быў шпіталь, але святла, генератараў ужо не было, — аперавалі байца проста ў налобных ліхтарыках! Як кажуць яны самі, бывае, за суткі выкурваюць адну цыгарэту. Паесці, папіць, схадзіць у прыбіральню часу зусім няма — проста мяняюць пальчаткі, стэрылізуюць рукі і не адыходзяць ад стала. Могуць стаяць і па 20 гадзін у аперацыйнай.
Цяпер шпіталя ў Бахмуце няма — ёсць стабілізацыйныя пункты, на кожным па некалькі дактароў. Іх раздзяляюць, каб, калі раптам у нейкі з пунктаў вораг трапіць, не страціць адразу ўсю брыгаду медыкаў. Яшчэ працуюць медбатальёны, але яны таксама больш не дыслакуюцца ў горадзе. Там, дзе яны знаходзяцца, — пастаянны пах металу, спірту, гумы і пальчатак.
Пры тым, што ў іх медыкаментаў не хапае, нават таго ж наркозу, абязбольвальных. Праблема з пастаўкамі, бо некаторыя моцнадзейныя прэпараты адпускаюць толькі медыкам, а часу чакаць новых паставак у іх няма. Дактары просяць прывезці нешта такое, а я як валанцёрка купіць гэта не магу. Гэтая працэдура на 12-ы месяц вайны да гэтага часу, на жаль, не прадуманая, хоць мы звярталіся ў кучу інстанцый, каб паскорыць працэс. І атрымліваецца, што на гарачых пазіцыях часта няма чым абязболіць параненага.
Літаральна тыдзень таму наш сябар у Бахмуце атрымаў раненне, яго цела пасекла асколкамі, а яны ж гарачыя! Пакуль яго давезлі да медыкаў, гэтыя асколкі проста прыкіпелі да яго. Усе бачныя з цягліц выразалі, з мясам вырывалі проста па-жывому — абязбольвальнага не было. Нават калі яно ёсць — у такіх маленькіх дозах, што дактары берагуць яго для хлопцаў, у каго зусім бяда і адарвала канечнасці.
Ці думаюць хлопцы, што могуць стаць наступнымі ў гэтым канвееры смерцяў? Так, яны гавораць пра гэта. Гавораць па-рознаму. Бывае, тыя, хто доўга без ратацыі, ты глядзіш яму ў вочы, а яны выцвілыя, як у рыбы, позірк скрозь цябе. Колькі гэтыя людзі нацярпеліся і колькіх страцілі за гэты час, што ўжо проста як робаты, не ўключаюцца ні на што?
Улетку было страшна, калі ў шпіталь прывезлі некалькіх байцоў з пазіцыі, пасадзілі іх акуратненька пад сценачку, таму што ўсё запоўнена. Дактары былі занятыя больш цяжкімі, а мы пакуль аказвалі дапамогу ім. Там мужычкі — гадоў па 50, аднаму, можа, каля 30. Ва ўсіх твары — у крыві, у роце — зямля. Вычышчаеш гэты рот ад зямлі, пачынаеш даваць ваду гэтаму байцу, а ён пачынае плакаць, як дзіця. Ведаеце, так шчыра, па-дзіцячы, проста наўзрыд: «А там жа хлопцы яшчэ засталіся!» І ты разумееш, што іх вывезлі, а хтосьці з пабрацімаў ужо ўсё. І яны гэта разумеюць.
Адзін сядзеў на прыступках (найстарэйшы, можа, гадоў пад 60), і ў яго ў нейкі момант пачалася панічная атака. Ён стаў хапацца за сэрца і паўтараць, што ў яго сардэчны прыступ. Пачаў плакаць. Яму паўтаралі, што з сэрцам усё ў парадку, што яму проста страшна, што яны ўжо выйшлі з гэтага пекла. Але гэтыя вайскоўцы ў такія моманты настолькі бездапаможныя, настолькі ўражаныя тым, што там бачылі, што няма такіх словаў, якімі можна было б іх супакоіць. І на гэта немагчыма глядзець. Вельмі страшная карціна.
«Ёсць і такія, хто рэальна верыць, што ўсё гэта скончыцца, што Бахмут адаб’юць. Ну і, вядома, нехта чакае «рускага свету»»
У мясцовых жудасная сітуацыя. Як я ўжо казала, многія таксама гінуць ад асколачных раненняў: то там прылёт, то тут людзі ішлі — іх «накрыла». Літаральна некалькі дзён таму ў доме асколкамі забіла дзядулю, гадоў 77, і хлопчыка гадоў 12. Імгненная смерць.
З цывільных у горадзе застаецца, паводле апошніх падлікаў, каля дзвюх тысяч чалавек. Многія баяцца выходзіць і ўвесь час хаваюцца ў падвалах. Пакуль мы з вамі гаворым, там разам з дарослымі сядзіць каля 200 дзяцей. Вось на мінулым тыдні вывезлі дзяўчынку — яна жыла з бабуляй і дзядулем, а маму забралі яшчэ да абвастрэння баёў, на апошніх месяцах цяжарнасці. Дзіця выехала, а бабуля і дзядуля ўсё роўна адмовіліся.
Чаму людзі ўсё яшчэ застаюцца ў разбураным Бахмуце? Не ўсім ёсць куды ехаць. Старэнькія кажуць: «А хто нас там чакае? У мяне няма ні грошай, нічога — куды мне ехаць? Вывезеце мяне ў тыя ж Чаркасы, а далей што? Мне 70, я пражыў тут з дзяцінства, тут усё маё жыццё». Некаторыя проста баяцца.
Ёсць і такія, хто рэальна верыць, што ўсё гэта скончыцца, што Бахмут адаб’юць — «трэба проста ператрываць». Ну і, вядома, хтосьці чакае «рускага свету», кажа: «Навошта вы сюды прыйшлі? Гэта ўсё праз вас. Гэта вы страляеце!» Так, яны ёсць дагэтуль. Былі і калабаранты — і вашым, і нашым. Але цяпер такіх у горадзе ўжо менш, чым было ў пачатку вайны. Усё ж ужо выразна відаць, хто з якімі намерамі туды прыйшоў.
Сувязі ў Бахмуце з канца лета няма, хоць часам у некаторых месцах прабіваецца нейкі сігнал «старлінка». Святла, вады таксама няма. Цяпер нават свідравіны, дзе бралі ваду цывільныя, разбітыя прылётамі. Людзі часам збіраюць дажджавую, снег. Фільтраваць яе таксама няма чым, таму адстойваюць і п’юць так. Часам пітную ваду мясцовым прывозяць валанцёры, сацыяльныя службы або вайскоўцы. Бывала, летам едзем, спыніліся перачакаць, пакуль дзесьці побач прылёт, падыходзіць чалавек: «У вас няма проста вады папіць?» Глядзіш — ён увесь нібыта засушаны ў гэтай спякоце.
«Калі зусім быў голад, жывёлы біліся за кроў параненых з насілак і зрэзанай з целаў формы»
Ну і яшчэ ў Бахмуце страшная карціна з жывёламі — з кінутымі і тымі, што засталіся. Цяпер іх ужо менш: вельмі шмат памерла ад голаду ці забіла асколкамі, частку вывезлі валанцёры. Але ўсё роўна там застаюцца каты, сабакі, козы, каровы. Калі прыязджаеш, проста спыняеш машыну — і яны да цябе збягаюцца. Насыпаеш ім корм, а ў аднаго — лапа адарваная, у другога — вуха няма.
Упершыню з гэтым я сутыкнулася яшчэ калі вызвалілі Ірпень. Падышла пакарміць сабаку. Вялізная аўчарка, настолькі схуднелая, што рэбры тырчаць. Відаць было, што яна вельмі хоча есці — так прагна хапае гэты корм! А потым выплёўвае. Набірае ў пашчу — і выплёўвае. Думаю, дзіўна. А потым яна паклала морду мне на калена, а калі падняла — засталася такая жоўта-зялёная слізь. Гляджу — а ў яе пад сківіцай дзірка, і ўсё, што яна есць, не даходзіць да стрававода, выпадае. Яна павольна памірала ад голаду.
У самым Бахмуце, калі мы ехалі мінулым разам, на ўзбочынах было ну вельмі шмат забітых, замерзлых жывёл — шчанюкі і кацяняты, дарослыя сабакі і каты. На краі дарогі ляжалі і паміралі каровы, сабакі іх елі.
А ў тых, хто выжыў, вельмі шмат кантузій. І ў асноўным усе яны стараюцца прыбіцца да людзей, асабліва на пазіцыі да байцоў — ужо адаптаваліся і разумеюць нават жэсты. Многія жывуць ля шпіталя. Калі зусім быў голад, яны біліся За кроў параненых з насілак і зрэзанай з целаў формы. Яны проста біліся, каб злізаць гэтую кроў, таму што ежы няма.
На ўвесь гэты жах, смерці, разбурэнні цяжка глядзець. Хоць, калі шчыра, там максімальна эмоцыі выключаюцца. Ужо пасля, калі вяртаемся, бывае, так прабірае, што гадзінамі проста едзем моўчкі. Дома ловіш флэшбэкі ад якой-небудзь дробязі, і пачынае крыць успамінамі.
Колькі разоў і нашым жыццям нешта пагражала? Ой, гэта практычна пастаянна! Спачатку было страшна, а потым гэтае адчуванне атрафавалася, ты ўжо не рэагуеш на выбухі. Толькі разумееш, выхад гэта ці прылёт, далёка ці блізка. Нядаўна нам трэба было адвезці дапамогу на пазіцыю. Дарога прастрэльвалася, і мы нават каскі і бронікі надзець не падумалі, таму што калі прыляціць — усё разарве, раскідае, застанецца проста каркас ад машыны. Ты ў такім стрэсе — хутчэй усё выгрузіць, праслізнуць пад прылётамі. Але ведаеце, цяпер мы ўжо прывыклі. Проста ведаем, што нам трэба туды даехаць, і трэба хутка. Таму па газах — і пагналі. Часам, калі з’язджаем з Бахмута, эвакуюем параненых. Звычайна — з аскепкавымі або кулявымі раненнямі, часам з пераломамі, абгарэлых. У дарозе байцы звычайна маўчаць, але ўсе яны хочуць жыць. Усе страшна хочуць жыць.
І нягледзячы на ўсе прарывы ворага апошнія некалькі дзён і страты, я ўсё адно ўпэўненая, што Бахмут адаб’юць. Гэта выключна маё суб’ектыўнае меркаванне. Шкада толькі, што такой страшнай цаной. А ўлічваючы, колькі жыццяў і сіл ужо паклалі — цяпер мы проста не можам аддаць горад.
Чытайце таксама


