Федэральнае бюро расследаванняў днём у чацвер арыштавала вайскоўца разведвальнага крыла Нацыянальнай гвардыі ВПС ЗША — 21-гадовага Джэка Тэйшэйру, паведамляе CNN. Ён — імаверны вінаваты ва ўцечцы сакрэтных дакументаў Пентагона ў інтэрнэт.
Як заявіў генпракурор ЗША Мэрык Гарланд, ФБР арыштавала Тэйшэйру «ў сувязі з расследаваннем меркаванага несанкцыянаванага перамяшчэння, захоўвання і перадачы сакрэтнай інфармацыі нацыянальнай абароны».
«Агенты ФБР узялі Тэйшэйру пад варту сёння ўдзень без здарэнняў», — сказаў Гарланд на прэс-канферэнцыі.
На амерыканскіх тэлеканалах паказалі кадры затрымання: узброеныя афіцэры суправаджаюць маладога чалавека ў машыну, ён апрануты ў футболку і чырвоныя шорты, ідзе з апушчанай галавой. Цяпер агенты ФБР праводзяць следчыя мерапрыемствы па месцы жыхарства і арышту Тэйшэйры — у Норт-Дайтане, штат Масачусэтс.
The FBI arrested a suspect in the Pentagon leak pic.twitter.com/xk0NA8ufJf
— Malinda 🇺 (@TreasChest) April 13, 2023

Як паведамілі ў офісе генпракурора ЗША, у пятніцу Джэк Тэйшэйра паўстане перад судом у Бостане — імаверна, яго чакае выстаўленне абвінавачання і/або абранне меры стрымання.
У Ваенна-паветраных сілах ЗША паведамілі, што Джэк Тэйшэйра — лётчык-шараговец 1-га класа (гэта трэцяе па парадку званне, якое атрымлівае лётчык), ён паступіў на службу ў верасні 2019 года. Ён супрацоўнік падраздзялення кібертранспартных сістэм, якое займаецца сеткамі перадачы голасу, відэа і дадзеных, яго задача — забяспечваць правільную працу камунікацыйнай сеткі ВПС.
Першым Джэка Тэйшэйру як вінаватага ва ўцечцы ідэнтыфікавалі журналісты The New York Times з дапамогай расследавальнікаў Bellingcat. Іх артыкул выйшаў днём у чацвер, літаральна праз пару гадзін улады ЗША адшукалі і затрымалі вайскоўца.
Спачатку The Washington Post высветліла, што за ўцечкай дакументаў можа стаяць карыстальнік Discord пад нікам OG, які казаў, што ён супрацоўнік амерыканскай вайсковай базы. Падобна да таго, што OG зліваў файлы ў сеціва без асаблівых мэтаў і не разумеючы наступстваў — проста каб уразіць удзельнікаў невялікага чата, які ён адміністраваў (потым дакументы трапілі ў іншыя каналы Discord і затым у СМІ). Чат называўся Thug Shaker Central, у ім было 20−30 чалавек, якія абмяркоўвалі відэагульні, зброю і расісцкія мемы.
Пасля гэтага журналісты The New York Times знайшлі чатырох удзельнікаў гэтай групы, адзін з іх паведаміў, што асабіста ведае OG тры гады і сустракаўся з ім. Сябры OG апісалі яго як адназначнага лідара групы, адзін з іх пацвердзіў, што OG па працы мае доступ да дакументаў разведкі. Але імені не назвалі.
Выданне прааналізавала профілі ўдзельнікаў групы Thug Shaker Central у анлайн-гульнях і іншыя запісы і прыйшлі да высновы, што лідар групы — Джэк Тэйшэйра. У яго ў сацсетках знайшлі сямейныя фота яго дома дзяцінства — і дэталі інтэр'еру супалі з фрагментамі на палях здымкаў сакрэтных дакументаў.
Журналісты паразмаўлялі з маці Тэйшэйры — яна пацвердзіла, што ён у начныя змены працуе на вайсковай базе Кейп-Код і ў апошнія дні змяніў нумар тэлефона. Таксама журналісты самі прыехалі да дома Тэйшэйры і бачылі там маладога чалавека, падобнага да яго. На просьбу пра размову з ім сваякі адказалі, што яму, мабыць, патрэбны адвакат, а каля дома відавочна хутка з’явяцца «федэралы».
Крыніцы ў спецслужбах ужо тады пацвердзілі The New York Times, што хочуць «пагаварыць» з Тэйшэйрам.
У Пентагоне яшчэ да арышту вайскоўца заявілі, што пераацэньваюць сваю сістэму абароны сакрэтных матэрыялаў, але ў выпадку з гэтай уцечкай гаворка ідзе пра наўмыснае злачынства.
«У нас ёсць строгія правілы для абароны сакрэтнай і канфідэнцыйнай інфармацыі. Гэта было наўмыснае злачыннае дзеянне, парушэнне гэтых правілаў», — сказаў прадстаўнік Пентагона, брыгадны генерал Патрык Райдэр.
Чытайце таксама