У Міністэрстве абароны Расіі далі справаздачу пра ўзяцце двух кварталаў на паўночным захадзе і ў цэнтральнай частцы Бахмута. У Генштабе Украіны паведамілі, што ў эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка. У Інстытуце па вывучэнні вайны расказалі, навошта Мінабароны РФ вырашыла памірыцца з Яўгенам Прыгожыным.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 418-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: адбілі больш за 60 атак праціўніка на чатырох напрамках
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 25 ракетных удараў з ЗРК С-300 па мірных гарадах Запарожжа, Камышаваха Запарожскай вобласці і Снігіроўка, паведамляе Генштаб УСУ. Праціўнік таксама нанёс 42 авіяцыйныя ўдары і правёў 46 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і інфраструктуры населеных пунктаў.
Ёсць загінулыя і параненыя сярод мірнага насельніцтва, разбураныя і пашкоджаныя шматпавярховыя і прыватныя жылыя дамы, цывільныя навучальныя ўстановы, бальніцы, цэрквы і іншая цывільная інфраструктура.
— Расійскія войскі канцэнтруюцца на вядзенні наступаў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За суткі на названых участках фронту салдаты УСУ адбілі больш за 60 атак праціўніка.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках расіяне абстралялі 18 населеных пунктаў.
— На Купянскім напрамку праціўнік абстраляў чатыры населеныя пункты.
— На Ліманскім напрамку расіяне беспаспяхова спрабавалі наступаць на поўнач ад населенага пункта Грыгораўка і непадалёк ад Спірнага. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся шэсць населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія сілы працягваюць весці наступальныя дзеянні. Не спыняюцца баі за горад Бахмут. Таксама праціўнік правёў беспаспяховыя атакі ў раёнах Хромавага і Іванаўскага. Ад абстрэлаў пацярпелі дзесяць населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім напрамку праціўнік вёў наступальныя дзеянні ў раёнах Новакалінава, Паўночнага, Вадзянога, Першамайскага і Невельскага, поспеху не меў. Здзейсніў абстрэлы больш чым 15 населеных пунктаў.
— На Мар'інскім напрамку ўкраінскія абаронцы адбілі шматлікія атакі ў раёне населенага пункта Мар'інка Данецкай вобласці. Адначасова праціўнік абстраляў шэсць населеных пунктаў.
— На Шахцёрскім напрамку ў гэтыя дні расійскія сілы наступальных дзеянняў не праводзілі. Абстралялі пяць населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі працягваюць абараняцца. За суткі абстралялі больш чым 40 населеных пунктаў.
— Авіяцыя Сіл абароны Украіны нанесла пяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і зенітна-ракетным комплексе расіян.
— Збітыя чатыры БПЛА: два — тыпу «Арлан-10», разведвальны «Элерон» і дрон-камікадзэ «Ланцэт».
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пункт кіравання, зенітна-ракетны комплекс, раён канцэнтрацыі жывой сілы, склад гаруча-змазачных матэрыялаў і два склады боепрыпасаў расійскіх войскаў.
Мінабароны РФ: ударылі па падраздзяленнях, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 123 раёнах
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ў Харкаўскай, Луганскай і Данецкай абласцях знішчаныя дыверсійна-разведвальныя групы УСУ.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Двурэчная, Цімкаўка, Табаеўка і Бераставое Харкаўскай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Кіслаўка Харкаўскай вобласці і Стальмахоўка Луганскай вобласці спыненыя дзеянні трох украінскіх дыверсійна-разведвальных груп. Страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі да 35 украінскіх вайскоўцаў і самаходная гаўбіца «Акацыя». Акрамя таго, у раёне населенага пункта Куп’еваха Харкаўскай вобласці знішчаныя ўкраінскія радыёлакацыйныя станцыі кругавога агляду і навядзення мэтаў П-18 і 36Д6.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм групоўкі войскаў «Цэнтр» пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Церны, Грыгораўка Данецкай вобласці і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. Знішчаныя больш за 70 украінскіх вайскоўцаў, баявая браніраваная машына, а таксама самаходная гаўбіца «Гваздзік».
— На Данецкім напрамку штурмавыя атрады ў мінулыя суткі авалодалі двума кварталамі на паўночным захадзе і ў цэнтральнай частцы горада Бахмут. Паветрана-дэсантныя войскі, аператыўна-тактычная, ваенная авіяцыя і артылерыя Паўднёвай групоўкі войскаў аказвалі падтрымку дзеянням штурмавых падраздзяленняў у гэтым раёне і скоўвалі дзеянні праціўніка на флангах. Авіяцыя здзейсніла 22 вылеты, артылерыя Паўднёвай групоўкі войскаў выканала 54 агнявыя задачы.
У выніку нанесеных удараў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Багданаўка, Часаў Яр і Канстанцінаўка Данецкай вобласці. Агульныя страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі звыш 270 вайскоўцаў і добраахвотнікаў, адзін танк, баявая машына пяхоты, сем баявых браніраваных машын і пяць аўтамабіляў.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар, Вялікая Навасёлка Данецкай вобласці, Загорнае, Малая Такмачка і Каменскае Запарожскай вобласці. У раёне населенага пункта Новаміхайлаўка спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы. За суткі на гэтых напрамках знішчаныя да 60 украінскіх вайскоўцаў, два пікапы і адна гаўбіца «Мста-Б».
Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Новаданілаўка і Новаандрэеўка Запарожскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў, а таксама ангар з узбраеннем і ваеннай тэхнікай 65-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння знішчаныя звыш 55 украінскіх вайскоўцаў, тры аўтамабілі, артылерыйская сістэма М777 вытворчасці ЗША, а таксама самаходныя гаўбіцы «Акацыя» і «Гваздзік».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 95 артылерыйскім падраздзяленням УСУ на агнявых пазіцыях, жывой сіле і тэхніцы ў 123 раёнах. Сродкамі СПА перахопленыя тры рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS, знішчаныя чатыры ўкраінскія беспілотныя лётныя апараты.
Інстытут па вывучэнні вайны: для папаўнення сіл ПВК Вагнера могуць адправіць расійскіх мабілізаваных
Міністэрства абароны Расіі, нягледзячы на відавочную напружанасць паміж Прыгожыным і істэблішментам Мінабароны, імкнецца да больш цеснага супрацоўніцтва з ПВК Вагнера, каб завяршыць захоп Бахмута. Пра гэта гаворыцца ў свежай зводцы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны (ISW). Эксперты адзначаюць, што Прыгожын у апошнія дні зменшыў свае адкрытыя рытарычныя атакі на МА РФ, а да камандавання Паветрана-дэсантнымі войскамі Расіі вярнулі генерал-палкоўніка Міхаіла Цяплінскага. Той раней дэманстратыўна падтрымліваў Прыгожына ў скандале з Мінабароны РФ. Расійскія блогеры таксама паведамляюць, што сілы ПВК выкарыстоўваюць танкі Т-90 у Бахмуце, мяркуючы, што расійскае кіраўніцтва дало Вагнеру сучаснейшыя сродкі для захопу горада. Такім чынам, паўторнае прызначэнне Цяплінскага, імаверна, таксама з’яўляецца спробай Мінабароны Расіі настроіцца на супрацоўніцтва з ПВК Вагнера, каб завяршыць задачу па ўзяцці Бахмута, робяць выснову ў Інстытуце.
Што да вяртання Цяплінскага, то, на думку экспертаў, яму наўрад ці ўдасца вярнуць ПДВ іх ранейшы статус элітнай сілы з прычыны масавых стратаў, якія гэтыя войскі панеслі з пачатку вайны. Значныя страты ў раней элітных падраздзяленнях, якія цяпер папаўняюцца дрэнна навучанымі мабілізаванымі, імаверна, зробяць доўгатэрміновы ўплыў на баявую эфектыўнасць гэтых падраздзяленняў, лічаць у ISW.
Эксперты таксама адзначаюць, што ПВК Вагнера вярнула 130 украінскіх ваеннапалонных 16 красавіка, і гэта дазваляе дапусціць, што Прыгожын мог удзельнічаць у абмене незалежна ад Міністэрства абароны Расіі. Украінскія крыніцы пацвердзілі, што ва Украіну вярнуліся 130 украінскіх ваеннапалонных, але не ўдакладнілі, колькі расійскіх ваеннапалонных аддалі ўзамен. Пры гэтым Мінабароны Расіі наогул не пацвердзіла абмен палоннымі, у той час як Прыгожын апублікаваў відэа, на якім сілы ПВК рыхтуюць украінскіх ваеннапалонных да абмену. Адсутнасць пацверджання ад Мінабароны, у адрозненне ад удзелу Прыгожына ў абмене, можа сведчыць пра тое, што ПВК захоўвае пэўны ўзровень аўтаноміі ад МА РФ і змагла дамовіцца пра абмен з украінскім урадам самастойна, лічаць у Інстытуце. У апублікаваным відэа Прыгожын заявіў, што загадаў забяспечыць украінскіх ваеннапалонных ежай і вадой да іх вызвалення і асабіста пажадаў ім поспеху і здароўя. Эксперты адзначаюць, што гэта не вяжацца са звычайнымі паводзінамі вагнераўцаў, якія вядомыя сваім жорсткім стаўленнем да палонных і іх забойстваў. Рашэнне Прыгожына вызваліць так шмат украінскіх ваеннапалонных, імаверна, значыць, што ўзамен ён атрымаў каштоўных чальцоў ПВК, якіх збіраецца выкарыстоўваць на полі бою, не выключаюць аналітыкі.
У Інстытуце таксама лічаць, што папоўніць свае страты ПВК Вагнера можа паспрабаваць за кошт расійскіх мабілізаваных, прымусіўшы іх падпісаць кантракты, са згоды Мінабароны РФ.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на поўдзень ад Крамянной;
- расійскія сілы працягвалі наземныя атакі ў раёне Бахмута і ўздоўж лініі Аўдзееўка — Данецк;
- расійскія сілы ўзмацнілі артылерыйскія абстрэлы на поўдні Украіны;
- расійскі мабілізаваны персанал працягвае публікаваць публічныя скаргі на жорсткае абыходжанне з боку сваіх камандзіраў;
- расійская крыніца заявіла, што ПВК Вагнера датычная да вывазу ўкраінскіх дзяцей з Бахмута.