У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ўначы нанеслі ўдар па ўкраінскай СПА, якая прыкрывае ключавыя крытычныя аб’екты вайсковай інфраструктуры. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расійскія войскі працягваюць штурмаваць Мар'інку, наносячы па горадзе авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары. Амерыканскі Інстытут па вывучэнні вайны аналізуе новы рэйд расійскіх добраахвотніцкіх фарміраванняў, якія ваююць за Украіну, у Белгародскую вобласць і канфлікт паміж Прыгожыным і прадстаўнікамі Чачні.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 464-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Пабілі пункт кіравання праціўніка
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 12 ракетных удараў з выкарыстаннем 10 балістычных і крылатых ракет тыпу «Іскандэр» па Кіеве і дзвюх зенітных кіравальных ракет С-300 па Харкаве. Акрамя таго, нанеслі 46 авіяцыйных удараў і правялі 107 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Расіяне працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на спробах поўнай акупацыі Луганскай і Данецкай абласцей. За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны адбілі тут 25 атак.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Галаганаўкі Чарнігаўскай вобласці. З мінамётаў і артылерыі абстраляў 26 населеных пунктаў у Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцях.
— На Купянскім напрамку расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні на захад ад Масютоўкі Харкаўскай вобласці і ля Куземаўкі на Луганшчыне. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах чатырох населеных пунктаў Харкаўскай і Луганскай абласцей, абстралялі — сем.
— На Ліманскім напрамку расіяне спрабавалі наступаць у раёне Белагораўкі Луганскай вобласці і Спірнага ў Данецкай вобласці. Нанеслі авіяўдары ў раёнах чатырох населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей. З артылерыі і мінамётаў абстралялі шэсць населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку за суткі праціўнік нанёс авіяўдары ў раёнах трох населеных пунктаў. Ад артылерыйскіх абстрэлаў пацярпелі 12 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку расіяне нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах Аўдзееўкі і Вадзянога Данецкай вобласці, з артылерыі абстралялі чатыры населеныя пункты.
— На Мар'інскім напрамку УСУ ў раёне Мар'інкі адбілі ўсе атакі праціўніка. Расіяне нанеслі па горадзе авіяўдар, з артылерыі абстралялі акрамя Мар'інкі яшчэ тры населеныя пункты Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку расійскія войскі нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах трох населеных пунктаў, абстралялі таксама тры.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі працягваюць весці абарончыя дзеянні. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах чатырох населеных пунктаў Запарожскай і Херсонскай абласцей. Абстралялі 22 населеныя пункты Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай і Херсонскай абласцей і горад Херсон.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла дзевяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі, а таксама чатыры — па зенітна-ракетных комплексах праціўніка.
— Знішчаныя два ўдарныя БПЛА тыпу «Ланцэт» і разведвальны БПЛА тыпу «Арлан-10».
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі за мінулыя суткі пабілі пункт кіравання, зенітна-ракетны комплекс, пяць артылерыйскіх падраздзяленняў на агнявых пазіцыях, дзевяць раёнаў канцэнтрацыі ўзбраення і ваеннай тэхнікі расійскіх сіл.
У Генштабе заяўляюць, што на акупаваных тэрыторыях Херсонскай вобласці працягваецца прымусовая пашпартызацыя насельніцтва. У прыватнасці, расійская акупацыйная адміністрацыя прызначыла 1 верасня гэтага года канчатковым тэрмінам атрымання пашпарта грамадзяніна РФ з абавязковай адмовай ад украінскага грамадзянства. Тым, хто адмовіцца ад атрымання расійскіх дакументаў, пагражаюць спыненнем забяспечання электраэнэргіяй, дэпартацыяй, канфіскацыяй маёмасці і прымусовым высяленнем з уласных дамоў.

Мінабароны РФ: У Херсонскай вобласці збілі ўкраінскі Су-25
«Сёння ноччу Паветрана-касмічнымі сіламі Расіі нанесены групавы ўдар высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці паветранага базавання па сродках супрацьпаветранай абароны праціўніка, якія прыкрываюць ключавыя крытычныя аб’екты вайсковай інфраструктуры Украіны. Усе прызначаныя аб’екты пабітыя», — заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Бераставое і Масютоўка Харкаўскай вобласці. У раёне населенага пункта Навасёлаўскае Луганскай вобласці спыненая дзейнасць украінскай дыверсійна-разведвальнай групы.
За суткі знішчаныя да 70 украінскіх вайскоўцаў, тры аўтамабілі, баявая машына РСЗА «Град», а таксама гаўбіцы Д-30 і «Мста-Б». У раёне населенага пункта Кіслоўка Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 103-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку авіяцыяй, артылерыяй групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Кузьміно Луганскай вобласці і Тарскае Данецкай вобласці. Знішчаныя больш за 60 украінскіх вайскоўцаў, два пікапы, дзве самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Гваздзік», дзве гаўбіцы Д-20 і адна — «Мста-Б».
— На Данецкім напрамку самыя актыўныя дзеянні Паўднёвай групоўкі войскаў вяліся ў раёне населенага пункта Аўдзееўка. Падраздзяленні атрада спецыяльнага прызначэння «Ахмат» працягваюць наступальныя дзеянні на Мар'інскім тактычным напрамку.
Падчас баёў знішчаныя больш за 50 украінскіх вайскоўцаў, чатыры баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, тры гаўбіцы Д-20, дзве баявыя машыны РСЗА «Град», дзве артылерыйскія сістэмы М777, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка Paladin.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Вадзяное, Паўлаўка Данецкай вобласці, Малая Такмачка і Шчарбакі Запарожскай вобласці. За суткі на гэтых напрамках знішчаныя да 150 украінскіх вайскоўцаў, два аўтамабілі, самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab, гаўбіца Д-20, а таксама наземная станцыя кіравання БПЛА.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння страты УСУ склалі больш чым 30 вайскоўцаў, два пікапы, гаўбіца «Мста-Б», а таксама артылерыйская сістэма М777.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, пабітыя 96 артылерыйскіх падраздзяленняў УСУ на агнявых пазіцыях, жывая сіла і ваенная тэхніка ў 73 раёнах. Сродкамі СПА ў раёне населенага пункта Залатая Бэлька Херсонскай вобласці збіты самалёт Су-25 Паветраных сіл Украіны. Перахопленыя восем рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS і адна супрацьрадыёлакацыйная ракета HARM. Знішчаныя 29 беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Рэакцыя Крамля на новы рэйд у Белгародскую вобласць сведчыць пра яго ўстрывожанасць
Паводле паведамленняў, 1 чэрвеня падраздзяленні Рускага добраахвотніцкага корпуса (РДК) і Легіёна «Свабода Расіі» (ЛСР) правялі чарговы рэйд у Белгародскай вобласці і нанеслі ўдары па расійскіх пазіцыях у раёне населенага пункта Шабекіна Белгародскай вобласці (7 км ад расійска-ўкраінскай мяжы). У РДК заявілі, што пачаўся «другі этап» аперацыі, і апублікавалі кадры нібыта знятага бою на ўскраіне Шабекіна. Міністэрства абароны Расіі заявіла, што памежнікі і ФСБ не дапусцілі пранікнення на расійскую тэрыторыю дзвюх мотастралковых рот, узмоцненых танкамі. Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што «ворагаў на тэрыторыі Белгародскай вобласці не было», хоць на кадрах з геалакацыяй відаць, што прадстаўнікі ЛСР дзейнічаюць на тэрыторыі Расіі, гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны.
Расійскі ваенны блогер сцвярджаў, што 20 расійскіх памежнікаў і 20 прызыўнікоў, а таксама авіяцыя і артылерыя не далі РДК і ЛРС правесці рэйд у раёне Шабекіна. Іншыя блогеры пісалі, што фарміраванні, якія праводзілі рэйды ў раёне Шабекіна і Новай Тавалжанкі, былі памерам прыкладна з роту і мелі танкі, а таксама іншыя баявыя браніраваныя машыны, хоць адзін вядомы блогер сцвярджаў, што група, якая спрабавала прарвацца паблізу блакпоста «Шабекіна», складалася ўсяго з 10 чалавек.
Паведамленні пра тое, што ў гэтых дзеяннях удзельнічаюць падраздзяленні памерам да роты, сведчаць, што аперацыі ў Белгародскай вобласці сапраўды рэйдавыя. Эксперты ISW нагадваюць, што рэйды, згодна з дактрынай арміі ЗША, — гэта дробнамаштабныя штурмавыя аперацыі, якія прадугледжваюць хуткае пранікненне на варожую тэрыторыю з мэтай атрымання інфармацыі, разгрому варожых сіл ці знішчэння аб’ектаў. Рэйды заканчваюцца запланаваным адыходам з вузкавызначанай мэтавай вобласці і не скіраваныя на ўсталяванне доўгатэрміновага кантролю над тэрыторыяй. РДК і ЛРС не рабілі сур’ёзных спробаў усталяваць кантроль над тэрыторыяй Белгародскай вобласці ні 1 чэрвеня, ні падчас рэйду 22 траўня, нягледзячы на дэклараваную імі мэту захопу тэрыторыі Расіі, заўважаюць эксперты.
Рэакцыя расійскіх афіцыйных асобаў і блогераў на гэты рэйд сведчыць пра павышаную трывогу ў расійскай інфармацыйнай прасторы з нагоды вайны ва Украіне. Афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў 1 чэрвеня, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін увесь час атрымлівае інфармацыю пра сітуацыю ў Белгародскай вобласці і што Пуцін узнагародзіў кіраўніка Шабекінскага раёна Уладзіміра Жданава ордэнам Мужнасці за яго рэакцыю на сітуацыю на мяжы. Губернатар Гладкоў паведаміў, што ўлады Белгародскай вобласці эвакуююць дзяцей і ахвочых з’ехаць мясцовых жыхароў. Гэтыя эвакуацыі, агучаная рэакцыя Пуціна і заява МА РФ, што рэйд — гэта спроба «уварвання» на расійскую тэрыторыю, дазваляюць дапусціць, што Крэмль спрабуе выкарыстоўваць тое, што адбываецца, каб прадставіць вайну ва Украіне як экзістэнцыйную пагрозу і заручыцца ўнутранай падтрымкай для зацяжной вайны, мяркуюць у Інстытуце.
Некаторыя расійскія «ваенкары» скарысталіся сітуацыяй у Белгародскай вобласці для крытыкі расійскага кіраўніцтва, а іншыя сцвярджалі, што абмежаваныя рэйды — прадвеснікі ўкраінскіх контрнаступальных аперацый.
У Інстытуце таксама звярнулі ўвагу на канфлікт, які разгарэўся паміж Прыгожыным і прадстаўнікамі ўлады Чачні. Як адзначаюць эксперты, пасля адносна нейтральнай заявы кіраўніка ПВК Вагнера пра тое, што ён не ведае, на якіх пазіцыях размяшчаюцца чачэнскія падраздзяленні ва Украіне, і што, хутчэй за ўсё, яны будуць змагацца за асобныя населеныя пункты, а не за ўсю Данецкую вобласць, на яго абрынуліся дэпутат Дзярждумы Расіі ад Чачні Адам Дэлімханаў і камандуючы спецназам «Ахмат» генерал-маёр Аптый Алаўдзінаў. Дэлімханаў назваў Прыгожына Жэнем і заклікаў перастаць «крычаць» пра недахоп ваеннага рыштунку і выкрываць перад светам расійскія ваенныя няўдачы, заявіўшы, што Вагнер атрымаў ад Мінабароны Расіі больш ваеннай тэхнікі, «чым хто-небудзь іншы», і ўсё роўна панёс значныя страты.
Алаудзінаў падтрымаў заявы Дэлімханава, адзначыўшы, што ён паважае толькі байцоў ПВК Вагнера, а не Прыгожына. Старшыня парламента Чачні Магамед Даудаў сказаў, што Прыгожыну не трэба ведаць падрабязнасці чачэнскіх аперацый, і заявіў, што Прыгожын быў бы забіты за сваю крытыку расійскіх вайскоўцаў падчас Другой сусветнай вайны. Даудаў таксама ўскосна намякаў, што Кадыраў і Пуцін прымаюць рашэнні, а Прыгожын пераацаніў свае паўнамоцтвы.
Прыгожын адказаў на выпады, заявіўшы, што будзе працягваць выказваць сваё меркаванне, пакуль чыноўнікі Мінабароны Расіі не будуць пакараныя за «памылкі ў планаванні ўварвання ва Украіну». Камандзір Вагнера таксама сцвярджаў, што сілы «Вагнера» ўспрынялі выпады Даудава як асабістую знявагу, і паставіў пад сумнеў дзёрзкасць Даудава, які назваў Прыгожына Жэнем.
Нападкі чачэнцаў на Прыгожына могуць быць часткай намаганняў Крамля дыскрэдытаваць і падарваць аўтарытэт кіраўніка ПВК Вагнера па меры таго, як яго войскі адыходзяць з лініі фронту, кажуць эксперты. Прыгожын можа аказацца ў больш уразлівым становішчы, чым калі Крэмль спадзяваўся на яго сілы ў захопе Бахмута, і, імаверна, спрабуе заставацца актуальным у інфармацыйнай прасторы, праводзячы прэс-канферэнцыі па ўсёй Расіі, лічаць у ISW.
У ISW прыводзяць выказванні Ігара Гіркіна, які дапусціў, што Кадыраў пралічыў каштоўнасць захавання Прыгожына ў якасці саюзніка і прыйшоў да высновы, што той не можа прапанаваць яму нейкіх значных пераваг. Гіркін таксама сказаў, што Кадыраў не зацікаўлены ў поўным краху цяперашняй вайскова-палітычнай сістэмы, якая выгадная яму і яго арміі, і таму дыстанцыюецца ад Прыгожына, які яе крытыкуе.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі вялі наступальныя дзеянні на паўночны ўсход ад Купянска і на паўночны захад ад Сватава;
- тэмп расійскіх і ўкраінскіх наступальных аперацый на Бахмуцкім напрамку па стане на 1 чэрвеня застаецца нізкім, расійскія войскі нанеслі абмежаваныя наземныя ўдары на лініі Аўдзееўка — Данецк;
- расійскія войскі не праводзілі пацверджаных наземных атак на паўднёвым напрамку;
- расійскія акупацыйныя ўлады абвясцілі, што рэгіянальныя выбары на акупаваных тэрыторыях пройдуць 10 верасня;
- генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін заявіў 31 траўня, што Украіна расследуе больш за 2900 злачынстваў супраць дзяцей, учыненых расійскімі войскамі.