У Мінабароны Украіны паведамілі пра вызваленне яшчэ аднаго населенага пункта ў Данецкай вобласці. Гаворка ідзе пра вёску Макараўка. Намесніца кіраўніка абароннага ведамства Украіны Ганна Маляр таксама заявіла пра поспехі УСУ на Бахмуцкім напрамку.
«На Бахмуцкім напрамку нашыя войскі працягваюць штурмавыя дзеянні. Ёсць поспех у раёне Бярхоўскага вадасховішча. Прасунуліся наперад на 250 метраў, — заявіла Ганна Маляр. — На поўдні ёсць абслугоўванне на двух напрамках ад 300 да 1500 метраў. Дэакупаваныя населеныя пункты Благадатнае і Макараўка».
Пра дэакупацыю Благадатнага стала вядома днём у нядзелю, 11 чэрвеня.
Што да напрамкаў, на якіх украінскія войскі знаходзяцца ў абароне, Ганна Маляр удакладніла, што «ніводнай пазіцыі там не страчана».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў вайскоўцам з аператыўна-стратэгічных груповак войскаў «Хорціца» і «Таўрыя».
Нагадаем, у суботу, 10 чэрвеня, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў, што УСУ пачалі контрнаступленне.
— Сілы абароны вядуць контрнаступальныя дзеянні супраць расійскіх войскаў, — заявіў Уладзімір Зяленскі. Пазней у гэтым жа выступе ён дадаў, што «контрнаступальныя і абарончыя дзеянні адбываюцца ва Украіне», але адмовіўся казаць падрабязна, на якой стадыі знаходзіцца аперацыя.
Нагадаем, напярэдадні пра пачатку контрнаступлення УСУ паведаміў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны (ISW) заяўлялі, што ўкраінскія войскі працягвалі контрнаступальныя аперацыі прынамсі на чатырох участках фронту 9 чэрвеня. «Украінскія сілы працягнулі абмежаваныя контрнаступальныя аперацыі на захадзе Данецкай вобласці паблізу мяжы Данецка-Запарожскай вобласці і дамагліся тактычных поспехаў у гэтым раёне», — адзначалі аналітыкі ISW.